Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Недарэмна ліў ты слёзы, бо дамогся спачування;
Дык не плач і не журыся, прэч гані ты чорны жаль!
Спрэчка — хто красой з нас першы — толькі часу марнаванне.
Той убор, з якім прыехаў, падары ты мне на шаль.
Ён чало тваё ўпрыгожваў, той убор на дзіва рэдкі;
Як на мне яго пабачыш, будзеш радасцю цвісці.
Ад мяне ж вазьмі на памяць дар мой сціплы — бранзалетку.
Хай такой, як гэта, ночы не спаткаць табе ў жыцці!»
ПЛАЧ ТАРЫЭЛЯ І ЯГО НЕПРЫТОМНАСЦЬ
Тут, як рык звярыны, ўзнікла Тарыэлева рыданне.
Гаварыў: «Вось дар каханай — ён і радасць, ён і боль!»
Зняў з рукі ён бранзалетку — неацэнны знак кахання —
І прыклаў яе да вуснаў, і, самлеўшы, ўпаў на дол.
Так ляжаў ён нерухомы, як мярцвяк у дамавіне,
На грудзях яго цямнелі два вялікіх сінякі,
І ад гора быў скрываўлен кіпцюрамі твар дзяўчыны,
І на твар яго сцякалі з рук Асмат вады цуркі.
Непрытомнасць друга, брата засмуціла Аўтандзіла;
Град агнёвых слёз дзяўчыны прапякаў граніт наскрозь.
Ачуняў ён, бо вадою той агонь яна згасіла.
«Я ажыў,— сказаў,— каб нанаў кроў смактаў абрыдлы лёс!»
Ён устаў, прысеў на ложак, паглядзеў навокал дзіка;
Быў, як ружа, твар юначы, стаў жаўцейшы, чым шафран.
Не прамовіў ён ні слова, скуты ўвесь тугой вялікай,
Бо шукаў збавення ў смерці, не прайшоўшы лёсу грань.
Ён сказаў: «Даслухай, дружа, гэту сумную аповесць
Пра мяне, пра дзеву тую, што ў труну мяне звядзе;
Хоць не бачыўся ты з ёю, сэрца друга ўчуе споведзь.
Я дзіўлюся, як застаўся я жывы сярод людзей?!
Так Асмат сястрой мне стала і загойвала мне раны.
Аддала мне бранзалетку ў дадатак да пісьма.
На руку яе надзеў я і ў адказ паслаў каханай
Чорны шаль, які прасіла ў развітальны час сама!»
ПІСЬМО ТАРЫЭЛЯ Ў АДКАЗ СВАЁЙ КАХАНАЙ
«Напісаў ёй: «Сонца свету, ты праменнем апаліла
Крылы мужнасці і спрыту, сэрца зраніўшы наскрозь;
Ты красой і зграбным станам паланіла розум, сілу,—
Чым аддзякую за шчасце, што мне погляд твой прынёс?!
Ты аднойчы ласкай мілай адвяла ад сэрца згубу.
Гэты дзень з тым днём шчаслівым ці ж магу не параўнаць?
Атрымаў я бранзалетку, на руцэ нашу, а губы
Шэпчуць словы дарагія, дзе са мною ты адна!
Чорны шаль, што ты прасіла, шлю табе з Асмат-сястрою,
Шлю ўбор чароўны — ў свеце больш такога не знайсці.
Ты прыйдзі, мой дзень наступны асвятлі сваёй красою!
Ты адна — маё каханне, зорка ясная ў жыцці!»
Адаслаў з пісьмом Асмат я. Сон заплюшчыў мае вочы.
Вобраз любай непаўторны растрывожыў сны мае,—
Я прачнуўся — светлы прывід знік раптоўна ў цемры ночы,—
Не заснуў я, не пачуўшы гукаў голасу яе».
НАРАДА НАКОНТ ЖАНІХА ДЛЯ НЕСТАН-ДАРАДЖАН
«Рана, толькі развіднела, у палац мяне пазвалі.
Я пайшоў; і адляцелі мараў чары пакрысе.
Цар з царыцай, тры вяльможы засядалі ў троннай зале,
Запрасілі на размову, я наводдаль іх прысеў.
Цар сказаў: «Гады мінулі, час ісці на адпачынак,
Непапраўныя прыкметы бачым старасці сваёй.
Бог паслаў дачку-красуню, ды не даў для ўцехі сына,—
Мы не тужым: як за сынам, наглядаем за дачкой.
Дзе знайсці царэўне мужа — вось што нас турбуе сёння,—
Каб да нас ён быў падобен, каб не спляміў царскі трон,
Каб дзяржавай уладарыў згодна з мудрасцю закона,
Каб на страх варожай сіле меч трымаў высока ён».
Я сказаў: «Хоць сэрцу прыкра, што няма ў вас спадкаемца,
Але ёсць дачка-царэўна — сонцам ёй над намі ззяць!
Хто з цароў аддасць вам сына — таму сонца ўсміхнецца.
Што яшчэ скажу? Глядзіце, хто для вас найлепшы зяць».
Пачалі нараду. Сэрца разрывалася ад болю.
Я падумаў: «Што зраблю я? Без мяне знайшлі тут лад».
Цар сказаў: «Калі з Харэзма шах да нас увойдзе ў долю
І аддасць у прымы сына, буду я бязмерна рад!»
Не было між імі спрэчак, гаварылі ўсе дарэчы,
Бачыў я па іхняй згодзе: ўсё дамоўлена раней.
Што я мог? Пярэчыць — значыць страціць гонар чалавечы.
Прах і попел — вось што ў час той засталося ад мяне!
Тут прамовіла царыца: «Над вялікаю дзяржавай
Мае ўладу шах. Найлепшым зяцем будзе сын яго».
Хіба ж мог я перашкодзіць, калі вырашана справа?
Гэты дзень паклаў пачатак дню канца жыцця майго.
Цар паслаў ганца да шаха, каб хутчэй прыслаў той сына.