Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Гаварыў ён голасна, яшчэ больш голасна смяяўся. Кій высунуўся з-паміж каленяў і ўпаў. Чалавек вельмі ж хутка і спраўна нахіліўся і падняў яго.
Усе маўчалі. Ніхто тут апрача бацькі нічым не распараджаўся. Мікула абыякава глядзеў на госця, а потым павольна павярнуў галаву ў бок старэйшай нявесткі.
— Хрысціна! Маеш што есці? Калі маеш, дык пачастуй госця...
— Камякі з макам ёсць, — адказала яна.
Стары ахутаўся дымам.
— Здалёк? — спытаўся.
Госць напружана глядзеў на яго.
— З Прусаў, — адказаў.
— Відаць, на нейкую хвабрыку. Бо найбольш немцаў ідзе на хвабрыкі...
— Вы немец? — тонкім голасам, вельмі зацікаўлена спытаўся пятнаццацігадовы падлетак.
— Я не немец, аднак іду з Нямеччыны... На фабрыку іду... Дзе палатно робяць, бо, кажуць, заработак добры... А недалёка адсюль, кажуць, казармы будуюць, можа, туды наймуся, бо я і ў мулярстве кемлю... Абы зарабіць, абы жыць беднаму чалавеку. Абы зарабіць, абы жыць...
— Ой, праўда гэта! Беднаму чалавеку — абы зарабіць... абы жыць, — з поўным разуменнем пацвердзіла некалькі галасоў.
Хрысціна паставіла на стол поўную місу камякоў, шэрых ад дамешанага туды маку, такіх застылых, зацвярдзелых, што хоць нажом іх рэж. Яна палажыла каля місы нож і добрую лусту чорнага хлеба. Хадзіла па хаце павольна, з сур'ёзным тварам, горда ўзняўшы галаву. Можа, становішча галоўнай у гэтай люднай хаце, можа, зладжанае жыццё з мужам і шчаслівае мацярынства прыдавалі ёй рысы сур'ёзнасці і асабістай годнасці. Да таго ж яна была і ветлівая.
— Ешце, калі ласка, — запрашала госця.
Доўгія, худыя рукі схапілі спачатку хлеб, паднеслі яго да рота, але неспакойныя вочы, здавалася, шукалі яшчэ нечага на стале.
— Не гневайцеся, пан гаспадар, але я вельмі ж змёрз... Каб гэта гарэліцы чарачку... Гарэліцы!
Прагна жуючы хлеб, ён зноў, нібы вяселы жартаўнік, пачаў паціраць рукі.
— Чаму ж нельга? Можна! — спакойна адказаў гаспадар. — Хрысціна! Дай гарэлкі!
Бондар узняў галаву ад работы, і вочы яго прагна заблішчалі.
Хрысціна прынесла бутэльку і чарку з тоўстага, зеленаватага шкла. Гаспадар наліў да палавіны і, несучы яе да рота, пакланіўся госцю.
— За ваша здароўе! — сказаў і выпіў, цягнучы павольна, як па кропельцы.
Калі госць узяўся за поўную чарку, яго агрубелыя пальцы дрыжалі.
— На шчасце! — адказаў ён і ўліў у горла шчодрую мерку.
Бондар паглядзеў на старога і крыху нясмела працягнуў руку па бутэльку. Стары маўчаў. Бондар выпіў і падаў бутэльку брату.
— Пі, Аляксей!
— Не хачу, не буду піць, жонка забараніла, — адмовіўся малады мужчына і голасна, на ўсю хату зарагатаў. — Далібог, забараніла! Як прычапілася: «Не пі, Аляксей, не пі! Калі ты мяне хоць трошкі любіш, калі Бога святога баішся, не пі! Пакляніся, што не будзеш піць, перад крыжыкам пакляніся!» Бачу я, што нельга адчапіцца ад бабскага языка, узяў ды пакляўся, і ўжо, мусіць, з год будзе, як гарэлкі не каштаваў. Можа, не так, Аленка, га? Ці, можа, я зманіў?
Маладзіца сардэчна засмяялася, паказваючы белыя зубы, і пагладзіла мужа па твары:
— Каб ты скіс, калі ты праз мяне піць перастаў!.. Сам такі вялікі вырас, дык і розуму набраўся...
Баба ўстала з ночваў, падышла да стала.
— Пі! — сказаў ёй стары.
З чаркай у руцэ яна пакланілася ўсім навокал і, выпіўшы, выцерла рукавом кашулі ўпалыя вусны. Госць утаропіў у яе вочы, быццам намагаючыся ўспомніць, распазнаць рысы яе твару. Ён хапаў вялікія кавалкі камякоў, ссыпаў у рот жменяю крошкі, і, па меры таго, як аціхаў голад, чалавек усё больш цікаўна і настойліва прыглядаўся да ўсяго і да ўсіх. Часамі здавалася, што ён як быццам нешта ці некага шукае. Пазіраў на тапчан, потым на печ, потым зноў на тапчан. І раптам спытаўся:
— А жонка ваша, пан гаспадар, жыве?
— Даўно памерла... Гадоў ужо з дзесяць будзе, як памерла... — ахвотна пачала баба, падмацаваная чаркай. — У тое лета якраз памерла, як мяне з маёнтка адправілі... Тады мяне Сымон прыгарнуў, хай яму Бог ва ўсім памагае. «Хрысціне, кажа, гаспадарыць памагай...»
— Памерла, — перапыніў яе госць, а нерухомыя вочы яго зноў утаропіліся ў твар балбатлівай бабы. — А вас, маці, Настуляй завуць... Вы ў маёнтку служылі.
— Але ж, — усцешана згадзілася баба.
— А вы адкуль пра гэта ведаеце? — спытаўся Аляксей.
Але госць не пачуў гэтага пытання, а можа, не захацеў на яго адказаць. Ён вадзіў вачыма па сценах...
— А вы, пан гаспадар, даўно пабудавалі гэтую хату? — спытаў ён.
Стомлена, абыякава Мікула адказаў, што хата старая, а толькі нядаўна ён падняў яе трохі, падлажыў новыя падваліны, выразаў большыя вокны...
— Я ж гляджу, што хата быццам не зусім такая, як была...
— А вы што — былі тут калісьці? — спытаўся бондар.
Госць зноў не адказаў. Ён прагна еў, азіраўся навокал. Доўга глядзеў на бондара, на Аляксея і раптам неяк дзіўна сказаў:
— Вось яно як. Старое ўжо няма!
А пачакаўшы — зноў спытаўся:
— І Ясіка няма?
— Якога Ясіка? — спытаўся стары, вымаючы з рота люльку і востра пазіраючы на госця.
— Якога! — засмяяўся госць. — Ды вашага ж трэцяга сына, пан гаспадар!
— Вы, мабыць, тутэйшы, што так пра ўсё ведаеце? — абазвалася Аленка.
— Мусіць, вы тут былі калісьці! — загаварыла баба, утаропіўшы ў яго бляклыя, пад чырвонымі павекамі, аднак цікаўныя вочы.
— Відаць па ўсім, вы тут не ўпершыню, — азваўся Мікула.
Госць, закіданы гэтымі пытаннямі, нахіліўся да стала, а потым глуха, неяк злосна прабурчаў:
— Ну, быў, быў... Ну, дык што з таго, што быў?
Аднак хутка пераадолеў сваю злосць ці нецярплівасць і ўжо спакойна загаварыў:
— Быў я тут, працаваў, наймаўся, калі будавалі новы панскі дом... Я працаваў на будове новага панскага дома...
— Даўно гэта ўжо было, гадоў, можа, з дваццаць таму назад, — заўважыў Мікула.
— Больш за дваццаць, — паправіў яго госць.
— Многа тады чужых людзей прыходзіла на гэтае будаўніцтва... — умяшаўся бондар.
— Ды шмат. І я прыходзіў.
Стары ўважліва паглядзеў на госця.
— Нешта мне мроіцца ў вачах, — то здаецца, што я вас ведаю, а то здаецца, што не ведаю...
— Далібог, — загаварыла баба, — каб я з гэтага месца не ўстала, калі ў мяне не таксама... То здаецца, што я вас ведаю, то здаецца, што не ведаю... Відаць, вы калісьці са мною гаварылі, як былі на будаўніцтве новага дома.
Госць усміхнуўся і з дзіўнай настойлівасцю глядзеў на яе высахлыя, маршчыністыя, жоўтыя, нібы воск, рукі.
— Ой, гаварылі вы са мною, маці, — пачаў ён, — гаварылі не раз, не два і не дзесяць разоў. Ой, прыносілі вы мне вось гэтымі сваімі рукамі хлеб, памазаны мёдам ці маслам, якія вы крадком бралі з панскага свірна. Ха, ха, ха!
Госць голасна смяяўся, задраўшы галаву, а вочы яго гарэлі.
— Каб мяне сёння ноччу ўдушыла, калі я што памятаю. Не памятаю... ці я з вамі гаварыла, ці не гаварыла, ці вам калі хлеб давала, ці не давала — нічога не памятаю. Толькі мне здаецца, што быццам я вас ведаю. Ці не — не ведаю... А ўсё ж ведаю! А ўсе ж не ведаю!.. Ах, ды што ж гэта?
Дзве пары вачэй пазіралі на госця, адна нібы пранізвала з-пад сівых, навіслых броваў, а другая — паблісквала ад цікаўнасці, жыва бегала пад чырвонымі павекамі. Госць занепакоіўся, зноў стаў паціраць рукі, неяк бяздумна засмяяўся і, падняўшыся з зэдліка, пайшоў шырокім крокам да печы. Тут ён выпрастаўся на ўвесь свой рост, залажыў рукі за спіну і зверху зірнуў на дзяўчыну. А тая, перастаўшы прасці, ці то ад страху, ці ад сораму апусціла рукі на калені. Пазіраючы на яе зверху, госць спытаў:
— А ты гаспадарова дачка?
Адварочваючы ад яго пачырванелы твар, яна прашаптала:
— Але. Дачка.
— Відаць, наймалодшая? Табе, мабыць, дваццаці яшчэ няма...
— Ды няма.
— А старэйшая сястра, Марыська, жыве ці памерла?
— Жыве.
— Яна замужам?
— Замужам.
— Дзе яна? У гэтай вёсцы?
— У Дубраўлянах, у мужавай хаце сядзіць...