-->

Дрэва вечнасцi

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Дрэва вечнасцi, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч-- . Жанр: Рассказ / Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Дрэва вечнасцi
Название: Дрэва вечнасцi
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 505
Читать онлайн

Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн

Дрэва вечнасцi - читать бесплатно онлайн , автор Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

Перейти на страницу:

Чалавек увайшоў у сасоннік, некалькі разоў спатыкнуўся на магілы, абсаджаныя нізкімі кустамі, прысыпаныя снегам так, што крыжы тарчалі над самай зямлёю. Нібы асілак цераз дамы ліліпутаў, пераступаў ён шырокімі крокамі цераз магілы і кусты, накіроўваючыся да нечага, што чарнелася пасярэдзіне вясковых могілкаў, значна вышэй за кусты, аднак ніжэй за дрэвы, якія цяпер, пад дотыкам ветру, голасна зашумелі, быццам працягла ўздыхнулі. Чалавек спыніўся і зблізку глядзеў на сцены каплічкі, на яе спарахнелыя, перакошаныя, аднак замкнёныя дзверы. Да подыху дрэў, што павольна пакалыхвалі ў цемры веерамі галін, як стогн, далучыўся чалавечы голас:

— А-а-а!

Чалавек паварушыўся, нешта металічнае зазвінела спачатку ў яго пальцах, потым каля дзвярэй, якія адчыніліся. Паказалася чорнае нутро каплічкі, дзе толькі ўгары свяціліся цьмяна-сярэбранымі плямамі два акенцы. Увайшоўшы, чалавек на хвіліну зліўся з цемрай, але неўзабаве каля яго грудзей засвяціўся агеньчык ліхтарыка, не кінуўшы на самога чалавека нават танюсенькай нітачкі святла. Гэта быў малы патайны ліхтарык; святло яго, што вузкім і хісткім струменьчыкам вырывалася з-за малой шыбіны, чалавек накіраваў на нізкую агароджу, за якою, на вялікіх запляснелых плямах сцяны, цьмяна вызначаліся абрысы распятага Хрыста. З драўлянага, выразанага няўмелай рукой распяцця вузкі і хісткі струменьчык святла перасунуўся крыху далей і асвяціў абраз, на якім Бог-айцец у хвалістым, пурпуровым уборы трымаў руку на белым шары. Бог-сын у выцвілым блакіце ўзняў угару два пальцы, а Бог-Дух Святы, распасцёршы крылы, белым голубам узлятаў ажно пад чырвоную раму абраза. І зноў струменьчык святла закалыхаўся ў цемры і ўпаў на вялікі тоўсты аркуш паперы, якая без рамы вісела на дошцы, што вытыркалася са сцяны. Там святы Юрый з высока ўзнятым кап'ём імчаўся на паласатым кані. У хісткім святле і постаць святога, і абрысы каня, і лінія кап'я то паказваліся, то знікалі, дзе выцягнутыя, а дзе скарочаныя, і ўсё гэта стварала нешта дзіўнае, незнаёмае, пагрозлівае, падобнае на апакаліпсічныя пачвары ці на нейкіх рыцараў. Вакол каплічкі больш працягла, з большым адчаем уздыхнулі дрэвы, вецер са стогнам уварваўся праз аконныя шчыліны, зашамацеў старым аркушам паперы, які надзьмуўся, як птушынае крыло, з шумам узняўся ўгару. Магло здацца, што гэты апакаліпсічны рыцар вось-вось сарвецца з месца, да якога яго прыкавалі, і з кап'ём, падобным на касу, на кані з ільвінай грывай паляціць у прастору. Са стогнамі ветру, што ўрываліся праз аконныя шчыліны, зліўся чалавечы шэпт, грубы, перапалоханы:

— Езус літасцівы! Ратуй маю душу!

...Калісьці вясковага падлетка, апранутага ў святочную сярмягу, за руку прыводзіла сюды маці, ён кленчыў каля дзвярэй гэтай каплічкі і з трывогай, што змагалася з захапленнем, узнімаў чыстыя блакітныя вочы на вялікае распяцце і на конніка з кап'ём, намаляванага на лісце паперы...

Чалавек патушыў ліхтарык. Выйшаў з каплічкі, пакінуўшы дзверы насцеж, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, зноў паволі пайшоў, высокі нават сярод высокіх соснаў, вялікімі крокамі пераступаючы цераз кусты і магілы.

З могільніка чалавек выйшаў на дарогу, перайшоў на другі бок і апусціў руку на брамку першай з краю вясковай сядзібы. Перш чым адчыніць брамку, ён паглядзеў напружаным позіркам на хату, што стаяла далей на панадворку, і яшчэ раз пачулася працяглае:

— А-а-а!

Чалавек паківаў галавой, нібы ён глыбока, бязмежна здзіўляўся. Рыпнулі вароты, дробны цень сабакі з гучным брэхам пакаціўся ад парога па двары; за акном, што паблісквала ў цемры чырвоным агеньчыкам, чуўся нізкі, моцны, але па-маладому свежы голас, які хутка, доўга і няспынна пра нешта гаварыў, гаварыў, гаварыў...

***

Гэта была сядзіба старога Сымона Мікулы, які цяпер, у прасторнай і нізкай хаце, сядзеў на зэдліку і прытрымліваў каля рота вялікую гліняную люльку з кароткім цыбуком. Было яму, відаць, за шэсцьдзесят, аднак зусім не быў ён падобны да тых бацькоў, якіх б'юць сыны, або да тых, каго, як ужо непатрэбнага, выганяюць з хаты. На фоне задымленай сцяны, да якой ён прыхіліўся шырокімі, толькі крыху ссутуленымі плячыма, у цьмяным святле лямпы з высокім шклом, што стаяла на стале, вырысоўваліся магутныя абрысы чалавека, апранутага ў белую вопратку; густыя клубы дыму, якія ён раз-пораз выпускаў з рота, то засланялі, то адкрывалі вялікую, над ілбом палыселую, а ззаду сівую галаву, буйныя рысы прадаўгаватага, румянага твару, на якім тапырыліся густыя пругкія вусы і паблісквалі мудрыя вочы, што пазіралі з-пад абвіслых броваў са спакойнай энергіяй, востра, пранізліва. Рукі яго, адна засунутая пад чырвоны паясок, якім была падперазана кашуля, а другая з люлькай каля вуснаў, былі вялікія, моцныя, жылістыя, яны выдатна захавалі і здольнасць да працы, і жалезную хватку. Лёгка было здагадацца, што калі гэты стары ўстане на ўвесь рост і скажа сваё слова, усе прысутныя паспешліва і старанна зробяць усё, што б ён ім ні загадаў.

А людзей у хаце было многа, і ўсе яны ў гэты момант сядзелі або стаялі, нерухома застыўшы ад цікаўнасці і ўвагі да таго, пра што расказвалася.

Старэйшы Мікулаў сын, бондар, мужчына каля сарака, абапёрся на лаву рукою з гэблікам, якім толькі што абгладжваў зуб ад бараны, унурыў галаву, а быў такі аброслы, што толькі чорныя агністыя вочы паблісквалі, як іскры ў зарасніку. Яго жонка, амаль у тых жа гадах, стаяла каля камінка, на якім гарэў агонь, асвятляючы ўсю яе — высокую, дужую, з горда ўзнятай галавой і складзенымі на грудзях рукамі. Адразу ж за гэтай самавітай, з прыгожымі рысамі, статнай гаспадыняй, крышку далей, у ценю за высокай прасніцай калаўрота, сядзела Мікулава дачка. Яна толькі што прала, а цяпер застыла, узняўшы руку да жаўтлявай кудзелі, чырвоныя вусны яе раскрыліся, і ўся яна, прысадзістая, з цёмнымі рукамі, кірпатым носам, румянымі шчокамі, блакітнымі вачыма і трохі рыжаватымі валасамі, што рассыпаліся па нізкім ілбе, уся замерла, нібы зачараваная, ад здзіўлення і жаху. Такі самы жах, але яшчэ большая цікаўнасць ахапілі невялікую, шчуплую бабулю, што нізка сядзела на перавернутых ночвах, а перад ёю стаяла поўнае рэшата струкоў фасолі. З недалушчанымі струкамі ў касцістай, моцнай руцэ, яна павярнула да святла галаву ў круглым, нібы прыклееным, чырвоным чапцы, а водбліскі агню дзіўна румянілі яе зморшчаны лоб і твар, запальвалі мігатлівыя іскры ва ўпалых, але быстрых вачах. Таксама ахопленая здзіўленнем, сядзела маладзенькая, свежая, стройная, як бярозка, жонка малодшага Мікулава сына. Сядзела яна ў святле, насупраць панурага бондара, і каля грудзей, прыкрытых сіняй кофтай, калыхала немаўлятка. Вялікі лазовы кошык, у якім спала яшчэ адно малое, звісаў з задымленай бэлькі на тоўстых вяроўках, побач з шырокім тапчаном, засланым па сене дзяругай. Дзве дзявочыя галоўкі, аслоненыя пасмамі льяных валасоў, схіляліся з высокай і шырокай печы. З-за шырокіх бондаравых плячэй высунуўся светлагаловы падлетак, на каленях якога ляжалі клубкі шнура, а ў руках была ігліца, якою плятуць венцяры. Хто ў поўным асвятленні, хто ў хісткім прыцемку — усе гэтыя дванаццаць чалавек, жанчыны і мужчыны рознага веку, нерухома застылі ў нізкай хаце, у якой шмат месца займаў гаспадарскі посуд, рыбацкія прылады і шырокія кросны.

Пасярод хаты стаяў той, хто расказваў. Гэта быў маладзейшы з двух Мікулавых сыноў, высокі, статны трыццацігадовы мужчына. Яго пастава і вопратка гаварылі пра ўпэўненасць і імкненне да некаторай элегантнасці. Ён, відаць, толькі што вярнуўся з дарогі, бо яшчэ не скінуў спраўнага кажушка, над чорным авечым каўняром якога рэзка выдзялялася рыжаватая, коратка пастрыжаная барада і румяны твар. Залатыя, з рыжаватым адлівам валасы, адкінутыя назад, адкрывалі святлейшы за твар лоб, смелы і разумны. У руках мужчына ўсё яшчэ трымаў пугу, якой падганяў у дарозе коней, і вось, размахваючы рукамі, ён расказваў:

— Далібог, праўду кажу! Каб я здох, калі лгу! Увесь свет быў сёння ў мястэчку, і ўсе так пра гэта гаварылі, што і гандлю ніякага не было. Усе гавораць, што гэта Бонк, той самы, які дзесяць гадоў таму назад разам з супольнікамі, каб ім дабра не было, зарэзаў траіх чалавек...

Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название