Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— А і гэтага ж некалі маці на руках насіла і калыхала...
Госць раптоўна павярнуўся да яе.
Ён доўга глядзеў на яе, нахіліўся амаль да самага твару і амаль са свістам прашаптаў:
— Добра пільнуйце свайго сыночка, ой, добра пільнуйце свайго Ясіка, каб ён ніколі не быў такім няшчасным...
Здзіўленая і крыху напалоханая жанчына адхіснулася ад яго. А госць хутка павярнуўся ў другі бок хаты, туды, дзе каля сцяны сядзеў за сталом гаспадар. Мікула ўвесь час маўчаў. Як звычайна, ён спачатку даваў усім хатнім магчымасць выказацца, а потым канчаў спрэчку сваім словам. Ён падняў угару руку з люлькай і паволі, спакойна пачаў:
— Правільна. Такіх і сам Бог не казаў шкадаваць. Правільна. Ужо нам добра-такі надакучылі гэтыя канакрады, рабаўнікі, махляры і іншыя злыдні. Ці ж гэта нявінныя людзі дзеля таго петуюць, каб тыя карміліся ды паіліся іхнім дабром, а то, крый Божа, і крывёю? Нявінным людзям патрэбна абарона ад усякай страты, павінна быць бяспека, а каб за такія цяжкія грахі ды не было ніякага пакарання, дык не, гэта — нельга. Годзе!
Госць так пільна глядзеў на гаспадара, з такім напружаннем слухаў, што ажно вусны яго разышліся, рысы твару акамянелі, адны толькі вейкі часта-часта міргалі над нерухомымі зрэнкамі. Стары змоўк, а той яшчэ некалькі хвілін глядзеў, глядзеў, слухаў, нібы хацеў пачуць нейкае нявыказанае слова. І раптам яго кашчавы твар пачырванеў, а вочы засвяціліся. Ён махнуў рукой.
— Годзе! — паўтарыў і коратка, рэзка засмяяўся. — Добра вам, гаспадар, казаць: годзе! А таму, каго, як дзікага звера, ганяюць па свеце, каб, дагнаўшы, збіць да паўсмерці, а потым на катаргу ўпячы, — таму годзе ці не годзе? Пра гэта ён сам толькі ведае, праклінаючы ўвесь свет, людзей і дзень свайго нараджэння! Кожнага чалавека можа бяда напаткаць, і ніводная маці не ведае, каго яна... на руках калыша...
Ён зірнуў на Хрысціну і Аленку, папярхнуўся, праглынуў сліну і змоўк.
— З кожным можа здарыцца бяда, — спакойна і паволі азваўся Мікула. — Аднак той найгаршэйшы, хто другога чалавека забівае...
— Найгоршы, найгоршы... — паўтарыў госць. — А ці ведаеце вы, пан гаспадар, што найгоршае бывае часамі побач, ойяк блізенька каля найлепшага... І калі б не выпадак які або нешта там іншае, чаго не палічыш, можа, замест найгоршага было б найлепшае...
У горле яго перасохла. Ён шырокім крокам падышоў да стала, наліў чарку гарэлкі, праглынуў яе і вярнуўся да печы.
— Годзе! — пачаў ён зноў, увесь час звяртаючыся да старога Мікулы — Добра вам гаварыць: годзе! А ці ведаеце вы, якім чынам гэты Бонк, за якім цяпер гоняцца, нібы за дзікім зверам, каб затаўчы да паўсмерці, ці ведаеце, як ён першы раз трапіў у бяду? Можа, ён першы раз папаўся за такую драбніцу, што і плюнуць не было на што! А бяда трасе таго, хто на ёй едзе. Ой як трасе, пан гаспадар! Так трасе, што душа наверх падкладкай выварочваецца. Ва ўсіх душа з падкладкай, толькі ў аднаго яна выходзіць навыварат, а ў другога не... Вось як!
Ён зноў падышоў да стала, але гарэлкі ўжо не піў. Машынальна працягнуў руку да бутэлькі, але, не крануўшы яе, зноў вярнуўся да печы. Ноздры яго захадзілі, бровы то паднімаліся, то ападалі. Увесь ён, парывісты, дзёрзкі, адчайны, бліскаў панурымі вачыма, грудзі яго часта ўздымаліся. Аднак ён зноў засмяяўся, спыніўшыся каля печы.
— Годзе! — паўтарыў ён яшчэ раз, нібы гэтае, сказанае старым Мікулам, слова вастрыём сваім упівалася ў яго, вярэдзіла рану. — Каб жа гэта кожны мог сказаць «годзе!» усім тым д'яблам, што раздзіраюць чалавечую душу, і каб яны так ужо ад гэтага аднаго слова паразбягаліся! У адным гэтыя д'яблы спяць, а ў другім прачнуцца і валакуць яго на вечныя пакуты. А можа, вы думаеце, пан гаспадар, што калі д'яблы вядуць людскую душу на вечныя пакуты, дык нехта паможа ёй выратавацца? Ха, ха, ха! Саломінкі ніхто не падасць, каб чалавек за яе ўхапіўся ды з ямы вылез. Або калі чалавек пакаўзнецца і, як тая свіння, уваліцца ў гной, ці знойдзецца на ўсім свеце хоць адзін, што злітаваўся б над ім і вывеў бы на сухое месца? Ого! Ніхто нават не азірнецца, а калі і азірнецца, дык толькі каб нагою кашкануць! Часамі і самому агоркне гэты смурод... Чалавек захоча ўцячы ад яго, але дзе там! Не дадуць! Бяры яго! Як ганчакі за лісою, панясуцца, пакуль назад у гной не загоняць, і скубуць, катуюць, пакуль той зноў не пачне кусацца да крыві! А што яму застаецца? Калі вайна, дык вайна! Калі прападаць, дык хоць спачатку добра пад'есці, напіцца, а калі і па мазгаўні каму стукнуць прыйдзецца, ну дык і што? І так і так пагібель... Дык няхай жа хоць ворагі запомняць... А хто вораг? Увесь свет вораг, калі ніхто і не падумае ратаваць, а кожны прагне загубіць...
Склаўшы на грудзях рукі, ён зноў падышоў да стала і, крыху нахіліўшыся, зірнуў у Мікулавы вочы. Стары ўжо некалькі хвілін, падаўшыся наперад усім сваім магутным корпусам, так пранізліва глядзеў на свайго госця, што ажно рука, у якой была люлька, апала на лаву. Яны ўпершыню паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Стары адхіснуўся назад, прыхіліўся плячыма да сцяны. Госцеў голас сарваўся, нібы парваная струна. Чалавек адвярнуўся, зноў падышоў да печы, але ноздры яго ўжо не рухаліся. Значна цішэй, чым дагэтуль, ён пачаў гаварыць:
— Хіба ж кожны так ужо адразу і ляціць у глыбокую яму? Не, не кожны. Можа, і гэты Бонк не адразу забіваў людзей. Цікава, што там у яго за жыццё? Дзе ён нарадзіўся, у якім кутку свету маці яго насіла на руках і калыхала? Відаць, тады ён яшчэ не быў разбойнікам, відаць, ён па нейкіх драбінах спускаўся, пакуль не спусціўся туды, адкуль ужо ні бог, ні чорт яго не выцягнуць. Не ведаю, што ён там такое рабіў, пакуль праліў чалавечую кроў, аднак, кажуць, калі праліў, дык самога сябе спалохаўся і, уцёкшы з турмы, на хвабрыку працаваць пайшоў. А ці далі яму спакойна працаваць? Не далі. Злавілі і зноў у смурод загналі... Ён зноў уцек, а ўцякаючы, калі яму хто наўпоперак дарогі стаў, можа, ён і другі раз, хто яго ведае, праліў чалавечую кроў... А потым, казалі, на хвабрыцы зноў два гады спакойна прасядзеў. Вельмі, відаць, спужаўся самога сябе і той кары, што яго чакала. А ці хто калі цікавіўся, пра што ён там думаў, куды імкнуўся? Чорт хіба цікавіўся, больш ніхто...
Дагэтуль усе слухалі моўчкі, здзіўленыя і зацікаўленыя тым, што ён гаварыў, спачатку дзёрзка і палка, а потым усё больш ды больш жаласліва. Ды Аляксей ужо не змог больш маўчаць.
— Гэй, гэй, панок! — выгукнуў ён. — Нешта ж вы ўжо занадта абараняеце разбойнікаў!
Госць зноў выпрастаўся і зірнуў маладому мужыку проста ў вочы.
— Ой, ой! — сказаў ён з'едліва, ківаючы галавою. — Улез у цёплы кажух і рады, што яму добра! А таго, з якога і скуру хутка здзяруць, дык ужо і зусім пашкадаваць не трэба?
Стары Мікула адняў люльку ад рота і, насупіўшы густыя, касматыя бровы, цвёрда, коратка, сурова сказаў:
— Не трэба.
Здавалася, што стары кінуў два гэтыя словы госцю проста ў твар, і госць адчуў гэта, бо вельмі хутка павярнуўся ўсім целам да Мікулы, ступіў некалькі шырокіх крокаў і з ціхім смехам сеў побач з ім.
У гэты момант зноў рыпнулі дзверы, увайшло некалькі чалавек, і каля печы пачалася гутарка. Аднак госць як быццам і не заўважыў гэтага; ён сеў на зэдліку побач з гаспадаром, павярнуўся на хату спіною, шырокаю, але надта худой, ажно лапаткі вытыркаліся з-пад сурдута; успёршыся на стол локцем, ён наблізіў свой твар да твару старога. Каля іх нікога не было. Аленка з дзіцем, якое прачнулася і заплакала, села насупраць каля сцяны, Аляксей голасна верхаводзіў каля печы, бондар на другім канцы стала корпаўся з тым зубам ад бараны. Толькі баба Настуля, у бяззубым роце якой непрыкметна для ўсіх знікла тры чаркі гарэлкі, хуценька падсунулася амаль пад самую госцеву руку і з прагнай цікаўнасцю падставіла вуха.
Неўзабаве яна пачула словы, сказаныя амаль шэптам:
— Пан гаспадар, а што чуваць пра вашага Ясіка?
— Пра якога Ясіка? — суха спытаўся стары.
— Ды пра сына вашага, трэцяга... Два вось тут, а трэцяга няма. Ці вы ўжо зусім пра яго забыліся, пан гаспадар?