-->

Дрэва вечнасцi

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Дрэва вечнасцi, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч-- . Жанр: Рассказ / Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Дрэва вечнасцi
Название: Дрэва вечнасцi
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 505
Читать онлайн

Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн

Дрэва вечнасцi - читать бесплатно онлайн , автор Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

Перейти на страницу:

— Жыдоў, здаецца, ці каго? — прамармытаў, узнімаючы руку да валасоў, пануры бондар.

— Але, — пацвердзіў расказчык, — двух жыдоў і адну бабу, што тады ў іх начавала, забілі, ды ўсяго толькі трыццаць рублёў знайшлі ў іх. Тады яго злавілі і ўбачылі, што гэта быў той самы Бонк, які некалькі гадоў дзесьці далёка ад нас вычвараў... Крамы рабаваў і грошы падрабляў, і толькі таго, што не забіваў яшчэ... А тут ужо і забіваць пачаў!.. Ажно тут яго ў суд і на катаргу асудзілі, навечна ў Сібір, а ён з турмы ўцёк. Уцёк, злыдзень, пераапрануўся і рабочым на нейкую хвабрыку пайшоў... Пайшоў рабочым на нейкую хвабрыку і колькі гадоў жыў там з падробленым пашпартам... Ажно і там яго злавілі і білі за тое, што ўцякаў, не на жартачкі білі, кажуць, сто бізуноў злыдзень атрымаў.

— Ай, — жаласліва войкнула маладая жанчына, што закалыхвала на руках малое.

— А-а-а! — здзіўлена паківала галавой баба. Падлетак, што пазіраў з-за бондаравых плячэй, шырока расплюшчыў вочы, яснасць і чыстату якіх замуціла трывога.

— Вытрымаў! Ах ты, Божа ж мой, усё ж вытрымаў! — заўважыла гаспадыня, не мяняючы не паставы і не разнімаючы рук.

— Але! — выгукнуў расказчык. — Чорт не ўзяў яго душы! У бальніцы трохі паляжаў, і ў Сібір яго пагналі. Загналі далёка, ажно на край свету, каб ужо другі раз не ўцякаў. А ён узяў-такі ды ўцёк...

— З катаргі ўцёк? — вымаючы з рота люльку, упершыню азваўся стары Мікула.

— Але, татка, з катаргі. Прабыў ён там год, два гады, тры гады, а потым ужо шмыгануў у свет вочы! Кажуць, па ўсёй імперыі разаслалі паперы. І губернатарам, і паліцмайстрам, і станавым, і ў валасныя канцылярыі разаслалі паперы, дзе гаворыцца, што такі-сякі ўцёк з катаргі і што загадана ўсім жывым шукаць яго і лавіць... Кажуць, па ўсёй імперыі шукалі, ды вось табе!.. Каб яго ваўкі задушылі... тут яго знайшлі...

— Ай, — азвалася з-за калаўрота Ганулька.

Гаспадыня расчапіла рукі, і ўпершыню задрыжалі ад страху яе прыгожыя, усё яшчэ чырвоныя вусны.

Дзе? — зноў аказаўся Мікула. — Дзе знайшлі? Адзін дурань гаворыць, другія дурні цешацца...

— Далібог, татка, — выгукнуў расказчык, размахваючы рукою з пугай, моцна пакрыўджаны бацькавым недаверам. — Каб на мяне хвароба, калі я лгу! Тут знайшлі.. За дзве мілі ад нас сядзеў... На невялічкай хвабрыцы зноў рабочым з падробленым пашпартам быў... Вось і фальшывы пашпарт пазналі, вось ужо лавіць меліся, а ён не дурны, узяў ды зноў уцёк... злыдзень гэты... які разумны! Ха, ха, ха!

Смяяўся ён адзін, іншыя маўчалі, а Мікула, насупіўшы бровы, спытаўся:

— А ты не брэшаш, Аляксей? А ты не выдумаў гэтага, каб баб напалохаць?.. А ты спрабаваў калі бацьку маніць? Га?

Малады мужчына, зірнуўшы на старога крыху ўстрывожана, з крыўдай у голасе адказаў:

— Калі я лгу, дык і пісар ілжэ. Ад пісара я найбольш і наслухаўся пра гэтую авантуру, бо ў канцылярыю прыйшла папера, што ён толькі што тут быў і зноў прапаў... Але, відаць, яшчэ далёка не зайшоў, дык каб яго шукаць... Такая папера прыйшла...

— Можа, і хватаграфію ў канцылярыю прыслалі? — спытаўся бондар.

Аляксей пагардліва махнуў рукою:

— З такіх, як ён, хватаграфіяў не рысуюць... З іншых рысуюць... Але пісар гаварыў, што папера прыйшла. Шукайце, кажа, калі ў Бога верыце, шукайце, а то, кажа, усяму свету вялікая бяда будзе... Разбоі будуць, кажа, зладзейства, рабункі будуць! Так і так будзе... А калі яго хто зловіць, дык зараз жа ў турму адашлём, кажа... Цяпер, кажа, ужо не сто бізуноў, як раней, а дзвесце яму ўлепяць за тое, што другі раз уцякаў. У кайданы жалезныя, моцныя закуюць і на ўсё жыццё на катаргу запрагуць... Вось як!

Ніхто не паварухнуўся, усе маўчалі. Здавалася, нібы па гэтай хаце, такой спакойнай, цёплай і люднай, праплыў пануры прывід з акрываўленай спіною. Мікула, нарэшце, выпрастаў плечы, пастукаў люлькай аб край стала, вытрасаючы попел, працягнуў руку па грошы, якія сын, прывёзшы з кірмашу, палажыў на стол.

— Правільна, — сказаў стары. — Так з кожным злыднем трэба рабіць. Няхай не сваволяць; чужога не чапаюць, нявіннай крыві не марнуюць, бо так рабіць забараніў сам пан Бог Найвышэйшы, а ўсім нявінным людзям павінна быць абарона ад крыўды і несправядлівасці, павінна быць бяспека. Годзе!

Ён засунуў пад кашулю некалькі памятых асігнацыяў, абвёў сыноў, нявестак, дачку і ўнўкаў сваімі бліскучымі вачыма, і позірк яго стаў суровы і цвёрды. Высокі лоб перарэзалі глыбокія маршчыны. Увесь ён, здавалася, быў пранізаны адной нявыказанай думкай, што калі б хто-небудзь з тых, на каго ён глядзеў, узышоў на такі ганебны шлях, дык ён, Мікула, першы і няўмольны апусціў бы на яго вось гэтую вялікую, жылістую, нібы з бронзы выкаваную, руку...

Годзе! — сказаў ён і працягнуў руку па капшук з тытунём.

Усе маўчалі, бо ведалі, што калі ўжо стары сказаў гэтае слова, то ўсе спрэчкі і справы, як сямейныя, так і іншыя, лічацца поўнасцю вырашанымі.

Аляксей прысланіў пугу да сцяны, падышоў да жонкі і, нахіліўшыся, адной рукой гладзіў яе па плячах, а пальцам другой рукі вадзіў то па сонным тварыку, то па чырвонай шапцы на галоўцы немаўляці. Бондар правёў гэблікам па недагабляваным зубе ад бараны; затарахцеў Ганульчын калаўрот; гаспадыня даставала з печы чыгун з гарачай вадой...

Рыпнулі дзверы, у хату спачатку ўварваўся з брэхам кудлататы сабака, і неўзабаве з парога пачулася прывітанне:

— Хай будзе пахвалёны!

Голас быў нізкі, хрыплы, чалавек дыхаў цяжка.

— На векі! — адказалі прысутныя.

Мікула, прысланіўшы рукою вочы, пазіраў на дзверы; гаспадыня адвярнулася ад агню, застыў бондараў гэблік, спыніўся Ганульчын калаўрот.

— Пан гаспадар і пані гаспадыня, — гаварыў з парога нізкі і хрыплы голас, — я падарожны, ласкі вашай прашу. Дазвольце гадзінку пасядзець у цёплай хаце. Пагрэюся і далей пайду... Не надакучу вам.

— Калі ласка! Уваходзьце і пасядзіце, — адказаў стары.

— Чаму ж нельга? Уваходзьце, калі ласка, пагрэйцеся, — ветліва запрасіла гаспадыня.

Чалавек ступіў наперад, у шырокую, асветленую агнём паласу. Гэта быў рослы, плячысты мужчына, аднак вельмі худы. На ім былі грубыя порткі, засунутыя ў боты, і сурдут з даволі тонкага сукна, моцна парваны на адным плячы. Вопратка гэтая не надта падыходзіла для падарожжа ў завірушную зімовую ноч. І таму, можа, доўгі касцісты твар чалавека быў бледны, падобны на тонкую жаўтлявую паперу. Таксама падобны на пакамечаную паперу быў і высокі, з залысінамі лоб, над якім блішчалі рыжаватыя валасы. Рыжаватыя вусы прыкрывалі тонкія вусны; прадаўгаватыя вочы адлівалі такім блакітам, што здалёк прыцягвалі да сябе ўвагу. Быстрым позіркам ён акінуў усё ў хаце.

— Сядайце, калі ласка, адпачніце! — не адыходзячыся ад печы, сказала гаспадыня. — Ясік, — паклікала яна сына, — падай пану зэдлік.

Яна назвала яго панам, бо на ім быў сурдут, і хоць з парога чалавек загаварыў на мове, на якой гаварылі ў гэтай хаце, адчувалася, што звычайна ён ёю не карыстаўся.

Госць сеў на зэдліку, паставіў паміж каленяў тоўсты, з жалезным наканечнікам кій і пачаў расціраць вялікія, чырвоныя, з агрубелымі пальцамі далоні. Прыўзняўшы галаву, ён усміхнуўся, і ўсмешка гэтая, хоць і вясёлая, здавалася недарэчнай.

— Ой, холадна, холадна... — заенчыў. — І голадна! — дадаў, аднак жартаўлівая ўсмешка не сышла з яго твару. Можна было падумаць, што наракае ён жартам.

— Вецер сёння такі, што не дай табе Божа, — сказаў Аляксей.

— Хочаце есці? — спытаўся бондар, адарваўшыся ад работы і з цікаўнасцю разглядаючы госця.

Той зноў пачаў расціраць рукі:

— З'еў бы, вядома з'еў бы, калі б што было, але нічога з сабою ў дарогу не ўзяў...

Ён пасміхаўся весела, нібы жартаўнік, што хоча развесяліць кампанію і сваёй весялосцю заваяваць яе прыхільнасць, але яго хрыпаты голас рыпеў, як непадмазанае кола, а вочы прагна ўглядаліся ў печ.

— Два дні ў дарозе... — зноў загаварыў госць. — Ды дзе там!.. Памяць мая ў галаве замерзла, ці што? Ужо два тыдні ў дарозе... Іду вось, іду ды шукаю, чаго не згубіў, і невядома толькі, ці знайду... Ха, ха, ха!

Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название