Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Выступае ў друку з 1963 г. Аўтар кніг нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), «Валанцёр свабоды» (1983), раманаў «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), зборніка публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987).
Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Дом майстроў» (пастаўлены ў 1973); аднаактовую п'есу «Ці любіце вы грэчку?» (1972), драму «Пасля разводу» (1980, пастаўлена на радыё ў 1981).
Левановіч Павал, нарадзіўся 03.11.1914 г. у вёсцы Мазалава Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнік паходў Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1940) працаваў у часопісе «Іскры Ільіча». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у палон. Уцёк з Крычаўскага лагера ваеннапалонных, удзельнічаў у мсціслаўскім падполлі. У 1943 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях, быў паранены.
Памёр ад ран 20.12.1943 г.
Нарысы і апавяданні пачалі з'яўляцца ў друку ў 1934 г. Выступаў таксама з вершамі. У 1938 г. выйшла кніга апавяданняў для дзяцей «Дружба». У 1940 г. падрыхтаваў зборнік апавяданняў, рукапіс загінуў у вайну. Восенню 1943 г. змяшчаў матэрыялы ў франтавым друку.
Летка Іван, нарадзіўся 14.06.1935 г. у былым маёнтку Масаляны Гарадзенскага павета (цяпер Бераставіцкага раёна Гарадзенскай вобласці) у сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Масалянскай сярэдняй школы (1954) вучыўся ў медыцынскай навучальні ў Маскве. Служыў у Савецкай Арміі. Дэмабілізаваўшыся (1955), працаваў грузчыкам на бетонавым заводзе № 5 у Маскве, маляром-дэкаратарам у Цэнтральным тэатры Савецкай Арміі. У 1967 г. скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1960-1985 гг. працаваў на аўтазаводзе імя Ліхачова кавалём, майстрам, намеснікам начальніка цэха па вытворчасці, начальнікам участка, інжынерам па кадрах. Жыве ў Маскве. Сябра СП СССР з 1978 г.
Першы верш апублікаваў у 1959 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Тры крокі да сонца» (1967), «Тры верасні» (1970), «Грамы на зімоўцы» (вершы і паэма, 1974).
Леўчык Гальяш (сапр. Ляўковіч Ілья), нарадзіўся 20.07.1880 г. у горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці ў сям'і селяніна, які прыехаў у горад шукаць працу.
Скончыў Слонімскую павятовую навучальню і працаваў пісарам у міравога суддзі, пазней - у каморніка. З 1904 г. жыў у Варшаве. Да 1920 г. працаваў чарцёжнікам у магістраце. Памёр у верасні 1944 г. у Варшаве. Друкавацца пачаў у 1908 г. у газеце «Наша ніва». Выдаў зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912), зборнік вершаў «Беларускі жаваранак» надрукаваць не ўдалося. Друкаваўся ў заходнебеларускіх газетах і часопісах. Некаторыя вершы змешчаны ў «Хрэстаматыі беларускай літаратуры» І.Дварчаніна (1927). У 1980 г. выйшла кніга выбраных твораў «Доля і хлеб».
Лецка Яўген, нарадзіўся 20.04.1944 г. у вёсцы Пабрэззе Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1968 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. У час вучобы працаваў на Менскім шарыкападшыпнікавым заводзе (1961-1962), настаўнікам нямецкай мовы Ўшанскай СШ Бярэзінскага раёна. Пасля заканчэння ўніверсітэта - карэспандэнт-арганізатар раённага радыёвяшчання. У 1969-1971 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1971-1986 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1986 г. - старшы рэдактар, з 1987 г. - загадчык рэдакцыі крытыкі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кіраваў школай юнага літаратара пры СП БССР (1984-1986). У 1990 г. абраны старшынёй Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г.
Выступае ў друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і даследаваннямі з 1971 г. Напісаў брашуры «Беларуская літаратура за гады Савецкай улады» (1973), «Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе» (1979), манаграфію «Выхаваўчая роля літаратуры» (1980), нарыс творчасці В.Адамчыка «Хараство і боль жыцця» (1985).
Аўтар аповесцей «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981). Перакладае з польскай, нямецкай, украінскай, расейскай моў.
Ліманоўскі Янка, нарадзіўся ў 1886 г. на Дзісненшчыне ў сялянскай сям'і.
Скончыў рэальную навучальню. Вучыўся на агранамічных курсах. У 1915 г. прызваны ў армію. У 1918 г. уступіў у РСДРП(б). Удзельнічаў у баях Чырвонай Арміі з нямецкімі і белапольскімі войскамі як ваенны камісар дывізіі. У мірны час працаваў на розных пасадах у арміі і ўстановах, у тэатры. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Быў намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У час нямецкай акупацыі працаваў у Менску ў беларускім тэатры. Разам з адступаючымі нямецкімі войскамі выехаў у 1944 г. у Германію. Адтуль пераехаў у ЗША. Працаваў лесарубам, кіраваў управай Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Некаторы час быў сябрам урада БНР, але выйшаў з яго. Некалькі разоў наведваў СССР, Менск.
У друку пачаў выступаць у 1920 г. Першае апавяданне надрукаваўу 1925 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар аповесцей «Знойдзены клад» (часопіс «Полымя», 1925), «Два шляхі» (часопіс «Полымя», 1926), «Вецер з Усходу» (1929), кнігі прозы «Над абрывам» (1929).
Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі (аб творчасці М.Зарэцкага, К.Чорнага).
Ліпнёвы Алесь (сапр. Ашаровіч Абрам), нарадзіўся ў 1909 г. у горадзе Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія) у сям'і служачага.
З 1927 г. жыў у Менску. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Чырвоная змена», «Звязда», адказным сакратаром часопіса «Напагатове».
Памёр 31.03.1933 г.
З нарысамі і апавяданнямі пачаў выступаць у 1930 г. Друкаваўся ў газетах «Чырвоная змена», «Звязда», часопісах «Заклік», «Чырвоная Беларусь», «Напагатове», у калектыўных зборніках.
Ліпскі Ўладзімір, нарадзіўся 06.05.1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1960 г. скончыў Менскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (1960-1964), у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1964-1967). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). У 1967-1968 гг. - першы сакратар Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968-1976 гг. - у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976-1978 гг. - адказны сакратар праўлення СП БССР. З 1978 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1988 г. адначасова - старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду. Сябра СП СССР з 1979 г.
Узнагароджаны медалём.
У рэспубліканскім друку выступае з 1964 г. Аўтар кніг публіцыстыкі «Райкомаўскія будні» (1971), «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), «Якое яно, шчасце?» (1977), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакументальных аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пастаўлена радыёп'еса ў 1978), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Невядомы» (1990), зборнікаў прозы «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988), кніг для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974) і «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Лаўрэнавы працадні» (1984). З украінскім пісьменнікам Б.Чалым напісаў кнігу «Люби меня при всякой доле» (1982).
Ліс Арсень, нарадзіўся 04.02.1934 г. у вёсцы Вётхава Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе на Віцебшчыне, адначасова загадваў педагагічным кабінетам Шаркаўшчынскага рана. У 1957-1959 гг. працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1962 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1967 г.