Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Узнагароджаны орданам Айчыннай вайны I ступені, медалямі.
У друку выступіў у 1949 г. Напісаў для дзяцей кнігі апавяданняў «На начлезе» (1958), «Шэсць кароткіх гісторый» (1965), «Лясны ўрок» (1973), нарыс «Падарожжа трох сяброў» (1963), аповесці «Ён быў піянерам» (1960), «Дарога бяжыць насустрач» (аповесці і апавяданні, 1964), «Над ярам» (1966), «Шумеў Нягневіцкі лес» (аповесць і апавяданні, 1968, 1989), «Над ціхай Свідаўкай» (1972), кнігу аповесцей «Насустрач жыццю» (1974).
Пераклаў на беларускую мову казкі народаў СССР, паасобныя творы К.Чапека, Э.Раўда, Ш.Бейшаналіева, Т.Цыруліса, Л.Імерманіса і іншых пісьменнікаў.
Курылёва Святлана, нарадзілася 25.04.1928 г. у горадзе Жытоміры (Украіна) у сям'і ваеннаслужачага.
Скончыла расейскае аддзяленне філалагічнага факультэта Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950). Працавала выкладчыцай расейскай мовы і літаратуры ў школе гарадскога пасёлка Камянец Берасцейскай вобласці (1950-1983). Жыве ў Камянцы. Сябра СП СССР з 1980 г.
У друку пачала выступаць у 1950 г. (берасцейская абласная газета «Заря»). Піша на расейскай мове. Друкавацца пачала з 1960 г., калі ў часопісе «Юность» (Масква) было апублікавана апавяданне «Дорога». Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Жаворонки на улице» (1965), «И нелегко и непросто» (1975), «Формула успеха» (нарысы, 1979), «Доброта» (1983), «Самый короткий день» (1987) і кнігі-дыялога «Совхоз-комбинат «Беловежский»: сегодня и завтра» (з Ю.Марозам, 1990).
Кусянкоў Мікола, нарадзіўся 11.02.1935 г. у вёсцы Перарост Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
У 1953 г. скончыў Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум. Працаваў у лясгасах Калінінградскай вобласці, лесаўпарадчыкам на Беларусі і ў Сібіры. У 1969 г. паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР. Пасля заканчэння курсаў (1971) - намеснік адказнага сакратара абласной газеты «Гомельская праўда». З 1977 г. - рэдактар дакументальных фільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». У 1980-1985 гг. - рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». З 1985 г. - загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура», з 1986 г. - намеснік галоўнага рэдактара гэтага выдавецтва. Скончыў завочна факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1982). Сябра СП СССР з 1967 г.
Першы верш надрукаваў у 1955 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990). Выдаў кнігу апавяданняў «Завязь» (1987).
Кухараў Сцяпан, нарадзіўся 31.07.1919 г. у вёсцы Стайкі Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1939 г. скончыў Гомельскую педагагічную навучальню. Да жніўня 1941 г. працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Горскай сярэдняй школы Краснапольскага раёна. З 1942 г. - партызанскі сувязны, з 1943 г. - на фронце. Прайшоў баявы шлях ад Беларусі да Берліна. Дэмабілізаваны ў 1945 г. У 1946-1950 гг. быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1950 г. скончыў завочнае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў у рэдакцыях газет «Мінская праўда», «Рудзенская праўда», «Настаўніцкая газета». З 1955 г. - літсупрацоўнік, у 1957-1981 гг. - рэдактар аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1972 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Першы артыкул апублікаваў у краснапольскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» у 1934 г. Аўтар зборнікаў нарысаў «Незабыўныя сустрэчы» (1959), «Людзі крылатага ўзросту» (1961), «Ад вашага карэспанданта» (1966), «Жыццё-легенда» (1971), «Светлая пара» (1978), аповесці «Бацькавічы» (1974), зборнікаў аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Бацькавічы» (1980), «Суніцы для сына» (1986), «Сцішанае поле» (1986).
Кучар Алесь (сапр. Кучар Айзік), нарадзіўся 27.06.1910 г. у вёсцы Прудзішча Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачага.
Працоўны шлях пачаў у 1926 г. у Смалявіцкім райвыканкоме справаводам. У 1927-1929 гг. вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1929-1932 гг. - студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску. У 1932-1936 гг. працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, на Беларускім радыё. Вучыўся ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры (1937), У 1938-1940 гг. - старшы выкладчык Менскага педінстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны - пісьменнік франтавых газет. З 1945 г. - намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», з 1948 г. - загадчык аддзела ў «Настаўніцкай газеце», з 1951 г. - рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, з 1960 г. - літкансультант СП БССР. У 1960-1968 гг. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
З рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі выступае з 1928 г. Выйшлі кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Вялікая перабудова» (1933), «Літаратурна-крытычныя артыкулы» (1953, 2-е выданне, 1980), «Аб мастацкай прозе» (1961), «Аблічча часу» (1971), а таксама брашуры «Творчасць М.Багдановіча» (1939), «Янка Купала» (1948). У 1943 г. выдаў кнігу нарысаў «На партызанскай зямлі» (Масква).
Аўтар п'ес «Заложнікі» (1946, пастаўлена ў 1944), «Гэта было ў Мінску» (1950, пастаўлена ў 1949), «Неспакойныя сэрцы» (1953, пастаўлена ў 1952). Напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1963), «Усходні калідор» (з В.Вінаградавым, 1968), а таксама дакументальнага фільма «Мы жывём у Мінску» (1968). У 1962 г. выйшаў зборнік выбраных п'ес і кінасцэнарыяў «Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй».
Л
Лазарук Міхась, нарадзіўся 05.07.1926 г. у вёсцы Ўшаловічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля вызвалення Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1944) прызваны ў Савецкую Армію. Дайшоў да Берліна. У 1951 г. скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута і паступіў у аспірантуру пры гэтым інстытуце. Пасля заканчэння аспірантуры (1954) - выкладчык, потым дацэнт кафедры беларускай літаратуры, з 1968 г. - дэкан філалагічнага факультэта, з 1971 г. - прарэктар Менскага педінстытута. Паўтара года (1959-1960) працаваў на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У 1978 г. прызначаны дырэктарам навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства народнай адукацыі БССР. Акадэмік АПН СССР. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1972 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Выступае ў друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1949 г. Аўтар даследаванняў і манаграфій «Пімен Панчанка» (1959), «Пытанні тэорыі літаратуры» (з А.Ленсу, 1964), «Станаўленне беларускай паэмы» (1968), «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX - пачатку XX стагоддзя» (1970), зборніка крытычных артыкулаў «Часу непадуладнае» (1981), навучальных дапаможнікаў і падручнікаў для філалагічных факультэтаў ВНУ «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (з А.Ленсу, 1970, 2-е выданне, 1982), падручніка для 9 класа «Беларуская літаратура ў школе» (з В.Івашыным, 1979, 8-е выданне, 1990), дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1967, 2-е выданне, 1971), «Слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў» (з А.Ленсу, 1983). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры» (ч. 1-2, 1981, ч. 3, 1983, ч. 4, 1985), працы «Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской» (1988).
Займаецца таксама даследаваннем пытанняў методыкі выкладання літаратуры, гісторыі школы і педагагічнай думкі ў Беларусі.
Ламан Пятро, нарадзіўся 11.07.1949 г. у вёсцы Маласельцы Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1966 г. скончыў Ярэміцкую сярэднюю школу, працаваў трактарыстам у калгасе імя Чарняхоўскага Карэліцкага раёна. У 1967 г. паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1971) - акцёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Сябра СП СССР з 1983 г.