Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1970 г. (часопіс «Маладосць»). Першая кніжка вершаў «Споведзь агню» надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Аўтар зборнікаў вершаў «Зерне імгненняў» (1983), «Стары млын» (1988), кнігі аповесцей «Астравы» (1989). Напісаў тэлеп'есу «Мая душа як ястраб дзікі» (пастаўлена ў 1990).
Ларчанка Міхась, нарадзіўся 14.11.1907 г. у вёсцы Хварасцяны Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Княжыцкай школе сялянскай моладзі, у Магілеўскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1929 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1931 г. педфак пераўтвораны ў Вышэйшы педагагічны інстытут). Скончыў яго датэрмінова (1932). З 1935 г., пасля заканчэння аспірантуры пры АН БССР, - супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Бранскім фронце, улетку 1942 г. быў цяжка паранены. З 1943 г. - загадчык кафедры і дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1952-1955 гг. - дактарант Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР, у 1955-1971 гг. - зноў загадчык кафедры беларускай літаратуры і адначасова (да 1957) дэкан філалагічнага факультэта БДУ. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1939 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1977).
Памёр 31.07.1981 г.
Як крытык і літаратуразнавец выступаў з 1932 г. Выйшлі манаграфіі «На шляхах да рэалізму» (1958), «Па шляху рэалізму» (1959), «Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.» (1958), «Жывая спадчына» (1977), зборнікі літаратуразнаўчых прац «Славянская супольнасць» (1963), «Яднанне братніх літаратур» (1974), «Літаратурнае пабрацімства славян» (1984), а таксама брашуры «Творчасць М.Багдановіча» (1949), «А.М.Горкі і беларуская літаратура» (1951), «Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры» (1952).
Складальнік хрэстаматыі для сярэдняй школы «Беларуская літаратура» (1945), адзін з аўтараў дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» (1966), «Старажытная беларуская літаратура» (1968), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979).
Ласкоў Іван, нарадзіўся 19.06.1941 г. у горадзе Гомелі ў сям'і рабочага.
У 1953-1958 гг. выхоўваўся ў Магілеўскім спецыяльным дзіцячым доме. Скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964). Працаваў у г. Дзяржынску Горкаўскай вобласці. У 1966-1971 гг. вучыўся ў Літаратурным інстытуце (Масква). У 1971-1977 гг. - літсупрацоўнік, загадчык аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газеты «Молодежь Якутии», старшы рэдактар аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва. З 1977 г. - старшы літаратурны рэдактар часопіса «Полярная звезда» (Якуцк). Сябра СП СССР з 1979 г.
Першыя вершы апублікаваў у беларускім рэспубліканскім друку ў 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Піша на беларускай і расейскай мовах. На расейскай мове выдаў зборнікі паэзіі «Стихия» (1966), «Белое небо» (1969), «Хромец» (паэма, Якуцк, 1975), зборнік апавяданняў «Ивановы» (Якуцк, 1979), на беларускай - зборнік вершаў «Кружное лета» (1973), паэму «Кульга» (1985), зборнікі апавяданняў для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй - справядлівы чалавек, або Беларусь на полюсе холаду» (1978), «Чароўны камень» (1983).
Ластоўскі Вацлаў, нарадзіўся 01.11.1883 г. у засценку Калеснікі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і беззямельнага шляхціца.
Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы ў Вільні, канцылярыстам у Шаўляі (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўніверсітэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Летуве. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху. У 1906-1908 гг. уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. З 1909 г. - сакратар рэдакцыі «Нашай нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (Вільня), у 1916-1917 гг. - рэдактар газеты «Гоман», у 1918 г. выдаваў газету «Крывічанін» (Вільня). У канцы 1918 г. узначаліў Беларускае прадстаўніцтва ўрада БНР пры летувіскай буржуазнай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры летувіскім пасольстве ў Берліне. З 1919 г. - у партыі беларускіх эсэраў, са снежня ўзначальваў Раду міністраў БНР. Быў зняволены польскімі буржуазнымі ўладамі, у 1920 г. яму дазволена вярнуцца ў Летуву. У красавіку 1923 г. выйшаў з урада БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923-1927). У 1927 г. урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, у Інстытуце беларускай культуры, у АН БССР. У 1930 г. пазбаўлены звання акадэміка і высланы на 5 год у Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. У 1937 г. зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 10.06.1988 г.
Расстраляны 23.01.1938 г.
Выступаў у друку як крытык і літаратуразнавец. Аўтар першай «Кароткай гісторыі Беларусі» (Вільня, 1910), «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926). Склаў «Руска-беларускі слоўнік» (Коўна, 1924). Ім напісаны ўспаміны пра нашаніўскі перыяд. Выступаў як паэт, празаік, публіцыст. Выйшлі «Творы» («Мюнхен, 1956).
Лаўшук Сцяпан, нарадзіўся 28.07.1944 г. у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочых.
Пасля заканчэння Васілевіцкай сярэдняй школы № 2 (1961) працаваў рабочым у Пермскай вобласці і ў Васілевічах. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1967). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара ў Дзятлавіцкай, Лахвенскай сярэдніх школах, загадчыкам аддзела арганізацыйна-камсамольскай работы райкама камсамола, дырэктарам Бродніцкай васьмігодкі Лунінецкага раёна. У 1970-1973 гг. займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля заканчэння якой працуе навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1982 г.
З 1972 г. выступае як крытык, літаратуразнавец. Даследуе праблемы развіцця беларускай драматургіі. Аўтар кніг «Сучасная беларуская драматургія» (1977), «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я - пачатак 30-х гг.)» (1984), «Кандрат Крапіва і беларуская драматургія» (1986), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989), брашур «З думкай пра сучасніка: Агляд сучаснай беларускай драматургіі» (1977), «Першы народны артыст БССР» (1982) і «Высокія арбіты грамадзянскасці» (1984). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1-2, 1981-1982), калектыўных даследаванняў «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «У.І.Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (1987).
Складальнік кнігі «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), зборніка Ў.Галубка «Творы» (1983), зборнікаў «П'есы» (1984), Збору твораў у 5 т. А.Макаёнка (1986-1990), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989).
Левановіч Леанід (таксама Лявонаў Леанід), нарадзіўся 14.09.1938 г. у вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Магілеўскую культасветнавучальню (1956). Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў (1956-1958). У 1957 г. паступіў на завочнае аддзяленне факультета журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце (1958-1961). Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянар і скончыў універсітэт у 1963 г. Працаваў у рэспубліканскіх газетах «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва» (1963-1971). У 1971-1974 гг. - рэдактар аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман». З 1974 г. - адказны сакратар, з 1975 г. - рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1980-1982 гг. - галоўны рэдактар літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1975 г.