Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Зарыцкі Аляксей, нарадзіўся 22.03.1911 г. у гарадскім пасёлку Хоцімск Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1928 г. скончыў сярэднюю школу ў Бабруйску, працаваў электраманцёрам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1936 г. скончыў Маскоўскі інстытут замежных моў. З 1938 па 1946 г. служыў у Савецкай Арміі. у 1941-1942 гг. удзельнічаў у баях пад Арлом і Масквой, будучы памочнікам начальніка разведаддзела штаба аднаго з паветрана-дэсантных карпусоў. Затым у якасці інструктара армейскага палітаддзела прымаў удзел у баявых аперацыях на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Быў супрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1935 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Памёр 29.10.1987 г.
Першы верш надрукаваў у 1927 г., а ў 1932 г. выйшаў першы зборнік вершаў «Эпічныя фрагменты». У пасляваенны час выдаў кнігі паэзіі «Дняпроўскае рэха» (1946), «Арліная крыніца» (1947), «Наш сын» і «Світанскія сады» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Залатое дно» (1955), «Праз бурныя парогі» (1957), «Пасылка ў рай» (1960), «Размова з сэрцам» (1961), «Вяртанне на зямлю» (1966), «Мая асяніна» і «У дарогу» (1973), «Талоны на бяссмерце» і «Пераклічка гадоў» (1974), «Каля вячэрняга кастра» (1979), «Трывожная госця» (1986). У 1965 г. выдадзена кніга апавяданняў на расейскай мове «Вересковый мед», У 1985 г. - кніга ўспамінаў, крытычных артыкулаў, нарысаў «За словам-падарункам». У 1969 і ў 1981 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Перакладаў з расейскай, украінскай, летувіскай, нямецкай, польскай, лужыцка-сербскай моў. Асобнымі кнігамі выйшлі зборнік А.Туманяна «Казкі і легенды» (1958), паэма К.Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), балада А.Міцкевіча «Свіцязанка» (1976) і кніга выбраных перакладаў «У свет па песні» (1978).
Зарэмба Міхась, нарадзіўся 02.01.1941 г, у вёсцы Знаменка Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.
Пасля заканчэння Лагойскай сярэдняй школы № 1 - калгаснік, памочнік брыгадзіра калгаса «Перамога» (1957-1960). У 1965 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1965 г. - літсупрацоўнік, з 1968 г. - загадчык аддзела школьнага і піянерскага жыцця газеты «Піянер Беларусі». З 1989 г. працуе загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дзяцей малодшага школьнага ўзросту выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1989 г.
Узнагароджаны медалём.
Першы верш апублікаваў у 1956 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў для дзяцей «Камандзір зялёнага патруля» (1967), «Загадка без адгадкі» (1972), «Бі, барабан!» (1972), «Хто каго?» (1978), «Пераправа» (1987), «Сакрэт тэлепата» (1989).
Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхаіл), нарадзіўся 20.11.1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і дзяка.
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. У 10 год аддадзены ў Аршанскую духоўную навучальню, а затым - у Магілеўскую духоўную семінарыю, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілеўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1926 гг. - палітработнік Чырвонай Арміі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», з 1927 г. - у аб'яднанне «Полымя». Да лістапада 1936 г. працаваў у АН БССР. 03.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. адменены Вярхоўным судом БССР 07.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1922 г. у газеце «Савецкая Беларусь». У 1925 г. выйшлі з друку два зборнікі апавяданняў «У віры жыцця» і «Пела вясна». Услед за імі - «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы»), апавяданне «Бацькаў сын» (1932), аповесць «Голы звер» (1926), раманы «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжкі нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця». У 1975 г. выдадзены зборнік выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989-1991 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах. Выступаў і як крытык.
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Ф.Гладкова (1930), «Прыгода ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака (ч. 1, 1931).
Засім Мікола, нарадзіўся 19.11.1908 г. у вёсцы Шані Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Працаваў па найме, на Пружанскім лесапільным заводзе. У 1924 г. уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, затым у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады яго не раз арыштоўвалі. У 1925 г. зняволены ў пружанскую турму. Пасля ўз'яднання (1939) абраны старшынёй Шанеўскага сельсавета. У час Вялікай Айчыннай вайны - партызан, інструктар Берасцейскага абласнога антыфашысцкага камітэта. У 1944-1946 гг. - загадчык аддзела Пружанскага райвыканкома. Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ (1948) працаваў у берасцейскай абласной газеце «Заря» (1948-1957), затым - у раённай газеце «Заря над Бугом». Кіраваў абласным літаб'яднаннем. Сябра СП СССР з 1945 г.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 19.07.1957 г.
Вершы пачаў друкаваць у 1928 г. у часопісах «Маланка», «Літаратурная старонка», «Асва», газетах «Наша воля», «Наша праца», у Айчынную вайну - у падпольных газетах «Заря», «За Родину». Выйшлі зборнікі паэзіі «Ад шчырага сэрца» (1947), «Вершы» (1954), «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (вершы і паэма, 1984).
Звонак Алесь (сапр. Звонак Пётар), нарадзіўся 14.02.1907 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.
Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». Узначальваў полацкую філію «Маладняка». З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 г. - у часопісе «Маладняк». У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1934 г. - аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у АН БССР (1934-1935), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935-1936). У лістападзе 1936 г. арыштаваны, у 1937 г. асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам аб'екта, галоўным геолагам прадпрыемства (Магаданская вобласць). 29.12.1954 г. Вярхоўным судом рэабілітаваны. З 1955 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1936 г.
Узнагароджаны медалём.
З вершамі ў друку выступіў у 1925 г., а ў 1926 г. разам з Я.Бобрыкам і Я.Туміловічам выдаў зборнік «Пунсовае ранне». Аўтар зборнікаў вершаў «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935), «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961, вершы і паэмы), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (вершы і паэма, 1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), паэм «Каршун» (1930) і «Загай» (1931). У 1977 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 г. - «Сябрына: Выбраныя творы».
Выступае ў галіне крытыкі, драматурпі тэатра і кіно. Аўтар п'есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (1960, пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). У 1973 г. выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы».
Пераклаў на беларускую мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з удэге» А.Фадзеева (з М.Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з М.Хведаровічам, 1966), зборнік лірыкі Д.Кугульцінава «Святло жанчыны» (1975), асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, М.Святлова, У.Лугаўскога, А.Пракоф'ева, Я.Смелякова, М.Галоднага, М.Рыльскага. М.Бажана, П.Тычыны, А.Малышкі, У.Сасюры, Т.Масэнкі, Р.Гамзатава, А.Туманяна, І.Бехера, У.Кавальскага, Ю.Славацкага і інш.