Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Аўтар рамана «Падвышанае неба» (1978). Лаўрэат прэміі СП СССР (1976) за кнігу «Прага духоўнасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у стварэнні даследавання «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».
Кавалёў Дзмітры, нарадзіўся 17.06.1915 г. у горадзе Ветка Гомельскай вобласці ў сям'і каваля.
У 1939 г. скончыў вячэрні рабфак у Нова-Беліцы (цяпер Нова-Беліцкі раён Гомеля), працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Раманавіцкай сярэдняй школе Гомельскага раёна і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Ленінградскага ўніверсітэта. У студзені 1941 г. прызваны служыць на Паўночны флот. У час Вялікай Айчыннай вайны - стралок марской пяхоты, падводнік, адказны сакратар газеты брыгады падводных лодак «Боевой курс». Пасля дэмабілізацыі (1946) дзевяць год жыў у Менску, працаваў у рэспубліканскім друку. У 1957 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1956 г. жыў пастаянна ў Маскве. Быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Смена», загадчыкам рэдакцыі расейскай прозы і паэзіі выдавецтва «Молодая гвардия», выкладчыкам і кіраўніком паэтычнага семінара ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 05.03.1977 г.
Першы верш апублікаваў у 1937 г. (газета «Палеская праўда»). Пісаў на расейскай мове. Выдаў у Менску зборнікі паэзіі «Далекие берега» (1947), «Стихи» (1950), «Мы не расстаемся» (1953), «Рябиновые ночи» (1958), «Кому что дорого» (выбранае, 1982), аповесць «О мальчике Женьке из села Нижние Деревеньки» (1955). У Маскве выйшлі кнігі вершаў «Солдатские думы» (1958), «Тишина» (1958), «Студеное солнце» (1961), «Солнечная ночь» (1963), Молчание гроз» (1964), «Рожь» (1964), «Ветреный день» (1967), «Зеленый дым». (1968), «Озимь» (1968), «Тревожный мир» (1970), «Зябь» (1971), «Годы» (выбранае, 1971), «Чуткая глубина» (1973), «Тревожная совесть» (1975), «Мечты н память» (выбранае, 1977), «Мое время» (выбранае, 1977), «Лирика» (1979), «Дороги жизни и любви» (выбранае, 1985). У Мурманску выйшаў зборнік вершаў «Море, море!..» (выбранае, 1976). Выйшла кніга крытыкі і публіцыстыкі «Наедине с жизнью» (Масква, 1979).
Пераклаў на расейскую мову зборнікі паэзіі Н.Гілевіча «Песню бярыце з сабою» (1959), А.Лойкі «Мая планета» (1971), М.Сурначова «Адна любоў» (1971), А.Грачанікава «Зоркі і курганы» (1976), С.Данілава і С.Джуры, раман І.Мележа «Подых навальніцы» (1967), кнігі прозы Я.Брыля «Жменя сонечных промняў» (1968), «Акраец хлеба» (1977), дакументальную кнігу А.Адамовіча, Я.Брыля і Ў.Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» (1977), паасобныя вершы беларускіх паэтаў.
Кавалёў Павал, нарадзіўся 18.11.1912 г. у вёсцы Склімін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1930 г. скончыў педагагічныя курсы і настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Пожар. З 1931 г. быў сакратаром рэдакцыі клімавіцкай, затым смалявіцкай раённых газет. У 1936 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя. С.М.Кірава ў Менску. Працаваў у газетах «Звязда» (1936-1941), «Савецкая Беларусь» (1941-1943), у Цэнтральным штабе партызанскага руху (1943-1944), памочнікам сакратара ЦК КПБ (1944-1946). З 1946 г. - адказны сакратар праўлення СП БССР, з 1955 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вожык», у 1967-1972 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Полымя». У 1966 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1945 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).
Літаратурную працу пачаў з нарысаў у 1929 г. Выйшлі нарысы «Герой Савецкага Саюза Аляксей Антоненка» (пад псеўданімам Павал Віхроў, 1943), «Герой Савецкага Саюза Уладзімір Лабанок» (1945), «Калгас імя Янкі Купалы» (1948), «Сярод людзей калгасных» (1959). Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Прага бою» (апавяданні і нарысы, 1945), «Аповесці пра добрае сэрца» (1950), «У новы дзень» (1952), «Каб шчасліва жыць» (1953), «Апавяданні» (1956), «Сонца ў вокны» (1962), «Падзенне Хвядоса Струка» (1967), «Пакінь нас, трывога» (1977), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Пісьмо ў два адрасы» (1959), «Павер, кахаю...» (1969) і «Як здароўе, доктар?» (1972), а таксама аднаактовых п'ес «Подзвіг. Родная кроў» (1945).
Выдаў для дзяцей кнігі прозы «Андрэйка» (1948), «Згублены дзённік» (1954), «Сябры мае, дзеці» (1959), «Лёнька Гром» (1961), «Малы мужчына» (1966), «Чырвоны лядок» (1969), «Жыві сабе, зайчык» (1975). У 1972 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 г. - «Выбранае».
Выдаў брашуры «Беларуская савецкая літаратура ў пасляваенны перыяд» (1950), «Беларуская савецкая літаратура ў барацьбе за мір» (1951).
Пераклаў на беларускую мову раман А.Гуляшкі «МТ станцыя» (1955), аповесці С.Шляху «Таварыш Ваня» (1957), С.Баруздзіна «Пажарная дружына» (1982), п'есы А.Гоў і д'Юссо «Глыбокія карэнні» (1948), В.Мінко «Не называючы прозвішчаў» (1954), паасобныя апавяданні А.Чэхава, М.Горкага, А.Аверчанкі, Г.Рыкліна, В.Ардава, А.Вішні, І.Ле, Ю.Збанацкага. М.Ібрагімава, І.Шыхлы, Мірмухсіна, Х.Назіра, Б.Каюмава, А.Тодарава, А.Нэнсіна, Д.Джуравіча, І.Потрч і інш.
Кавалёў Сяргей, нарадзіўся 20.06.1963 г. у горадзе Магілеве ў сям'і рабочых.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1985), аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта (1988). З 1988 г. там жа выкладае гісторыю старажытнабеларускай літаратуры, Сябра СП СССР з 1989 г.
У друку выступае з 1980 г. як крытык, паэт, аўтар твораў для дзяцей. У 1988 г. выдаў падборку вершаў «Шыпшына» ў калектыўным зборніку «Лагодны промень раніцы», кнігу казак «Мэва». Аўтар кнігі пра маладую беларускую паэзію 80-х гг. «Як пакахаць ружу» (1989).
У 1989 г. на Беларускім тэлебачанні пастаўлена п'еса «Падарожжа з Драўляным Рыцарам».
Каваль Васіль (таксама Кавалёў Васіль), нарадзіўся 17.08.1907 г. у вёсцы Сава Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1925 г. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і восенню паступіў у Магілеўскі педагагічны тэхнікум, але неўзабаве вярнуўся ў родную вёску. Вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1926-1927, 1928-1929). Працаваў у рэдакцыі часопіса «Маладняк». Службу ў Чырвонай Арміі праходзіў як ваенны журналіст у Смаленску. У 1936 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
У друку пачаў выступаць у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі. Выйшлі зборнікі апавяданняў «Як вясну гукалі» (1927), «На загонах» (1928), «Крыніца» (1929), Выбраныя творы (1932) і «Выбранае» (1959), а таксама аповесці для дзяцей «Санька-сігналіст» (1936) і «Следапыты» (1961).
Кавальскі Ўладзімір, нарадзіўся 21.10.1912 г. у сяле Варонеж Карукаўскага раёна Чарнігаўскай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.
Пасля смерці бацькі (1925) працаваў на цукровым заводзе, у фасфарытных шахтах (Ярмолінскі раён), кур'ерам у банку (г. Хмяльніцкі), сакратаром сельсавета (вёска Зарэчча Праскураўскага раёна). У 1929-1930 гг. вучыўся ў польскай тэатральнай студыі ў Кіеве. З 1930 г. - загадчык польскага сектара Камітэта радыёвяшчання пры Саўнаркоме БССР. Адзін з арганізатараў і кіраўнік польскай секцыі СП БССР. У лістападзе 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 18.09.1979 г. ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 28.12.1937 г.
З першымі публікацыямі выступіў у 1929 г. у газеце «Орка» («Ворыва»). Пісаў на польскай мове. Друкаваўся ў цэнтральных польскіх газетах СССР і ў часопісе «Культурная Масква». Аўтар зборнікаў «Паэзія» (1934), «Дзве паэмы» (1934), «Дарога на Поўнач» (1935), «Вершы пра Грузію» (1936).
Напісаў п'есы «Штурм чарнаводаў» (пастаўлена ў польскім тэатры ў Кіеве, 1931), «Сям'я Варанцовых» (рыхтавалася да пастаноўкі ў польскім тэатры ў Менску, 1935).