Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Памерла 09.02.1989 г.
Выступаць у друку пачала ў 1964 г. Літаратурна-крытычныя артыкулы і літаратуразнаўчыя працы прысвечаны творчасці А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, М.Гогаля, М.Лермантава, сучасных беларускіх пісьменнікаў І.Шамякіна, А.Адамовіча, Г.Далідовіча, В.Казько, І.Пташнікава, І.Чыгрынава і інш. Аўтар кніг «Духовная жажда» (Горкі, 1983), «Земная основа» (літаратурна-крытычныя артыкулы, Горкі, 1987). У 1990 г. у Менску выйшаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў аб беларускай прозе 70-80-х гадоў «Звено связующее».
Емяльянаў Алесь, нарадзіўся 20.03.1952 г. у вёсцы Забалацце Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1969-1971). У 1971-1973 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрыкам у Менску, а ў 1977 г. перайшоў на журналісцкую працу (газеты «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі»). Скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). У 1983-1986 гг. - рэдактар на Беларускім тэлебачанні. З 1986 г. - літкансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1986 г.
Першы верш апублікаваў у 1968 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар кніжак вершаў і паэм «Ранак поўніцца жыццём» (1977), «Нязжатае поле» (1982), «На падкове дарог» (1987).
Ермаловіч Мікола, нарадзіўся 29.04.1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1938 г. паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. Да вайны скончыў тры курсы. У 1941-1943 гг. працаваў настаўнікам у Мардоўскай АССР. У 1943-1944 гг. на педагагічнай працы ў Суражы Віцебскай вобласці, у 1944-1946 гг. - у Дзяржынску Менскай вобласці. У 1946 г. аднавіў вучобу ў педінстытуце. Пасля заканчэння (1947) быў залічаны ў аспірантуру пры педінстытуце. З 1948 па 1955 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця быў загадчыкам метадычнага кабінета Маладэчанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 г. па стану здароўя выйшаў на пенсію. Жыве ў Маладэчна. Сябра СП СССР з 1989 г.
Сталую літаратурную працу пачаў у 1948 г. Выступае ў друку як аўтар крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў і гістарычных нарысаў. У 1970 г. выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1989 г. - кніга «Па слядах аднаго міфа», у 1990 г. - гістарычнае даследаванне «Старажытная Беларусь».
Ермаловіч Якуб, нарадзіўся 07.08.1910 г. у вёсцы Вяшэўка Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння двухгадовых педагагічных курсаў у Мсціславе (1931) настаўнічаў у вёсцы Ўсушак Чавускага раёна, а ў 1932-1933 гг. быў літработнікам чэрвеньскай раённай газеты «Калектывіст». У 1933-1936 гг. вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце (скончыў завочна літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута ў 1959 г.). Рэпрэсіраваны ў 1936 г. Вызвалены ў 1941 г. Рэабілітаваны 26.07.1967 г. У 1944-1970 гг. працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы ў вёсцы Пагост Бярэзінскага раёна. Сябра СП СССР з 1961 г.
Памёр 12.04.1987 г.
Дэбютаваў у друку ў 1929 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Над Бярозай» (1960), «Душа чалавека» (1962), «Родная зямля» (1967), «Твар у твар» (1970), «След на зямлі» (1977), «Сіняя птушка» (1980), «Акопы не пазарасталі» (1985).
Есакоў Алесь, нарадзіўся 18.12.1911 г. у вёсцы Новікава Галіцкага раёна Кастрамской вобласці (Расея) у сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў на Менскай шчотачнай фабрыцы імя Н.К.Крупскай у 1928 г. Быў артыстам і загадчыкам літаратурнай часткі Тэатра рабочай моладзі. Вучыўся на рабфаку, у Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А.В.Луначарскага (1932-1935). Служыў у Чырвонай Арміі (1935-1936). З 1936 г. - загадчык аддзела мастацтва ў газеце «Літаратура і мастацтва», з 1938 г. - дырэктар Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1940 г. - начальнік аддзела тэатраў Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР. Удзельнічаў як ваенны журналіст у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ў савецка-фінляндскай вайне. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі, потым у партызанскім атрадзе на Меншчыне. Быў паранены. Пасля вайны працаваў начальнікам Галоўрэперткома БССР (1944-1945), загадчыкам аддзела ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1945-1951), літкансультантам у СП БССР (1951-1960). У 1960-1974 гг. - вучоны сакратар Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 13.06.1985 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1928 г. Адзін з аўтараў п'есы «Першы штандар» (1930, пастаўлена ў 1929). Выдаў манаграфічны нарыс «Уладзімір Крыловіч» (1956), нарысы «Калгасны хор сяла Азершчына» (з Б.Смольскім, 1953) і «Старэйшы самадзейны калектыў» (1958), манаграфію «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), брашуру «Янка Купала і беларускае мастацтва» (1972). У 1977 г. выйшла кніга «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы».
Ж
Жалязняк Рыгор, нарадзіўся ў верасні 1914 г. у горадзе Віцебску ў сям'і рабочага.
Вучыўся ў Віцебскай фабрычна-заводской навучальні чыгуначнікаў (1930-1931), працаваў у дэпо, літсупрацоўнікам у газеце «Віцебскі рабочы» (1931-1932), займаўся ў Віцебскім кінатэхнікуме на сцэнарным аддзяленні (1932-1933). Паступіў у Ленінградскі дзяржаўны інстытут гісторыі, філасофіі, літаратуры і лінгвістыкі, а ў 1936 г. перавёўся на філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1938) вучыўся тры гады ў аспірантуры. Напісаў у 1941 г. кандыдацкую дысертацыю на тэму «Паэзія М.А.Багдановіча».
Загінуў у 1942 г. пры абароне Ленінграда.
Першыя творы надрукаваў у 1931 г. У сааўтарстве з Г.Люгоўскім выдадзены ў Віцебску ў 1933 г. зборнік паэзіі «Першы вытап». У 1934 г. у Віцебску выйшаў зборнік вершаў «Вясновыя будні». Шэраг вершаў надрукаваны ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949) і «Крывёю сэрца» (1967). Пісаў таксама нарысы.
Жалязоўскі Анатоль, нарадзіўся 05.02.1943 г. у вёсцы Крапіўна Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння сярэдняй школы № 5 у Воршы (1962) паступіў у Беларускі інстытут фізічнай культуры. З другога курса прызваны ў Савецкую Армію (1963-1965). З 1965 г. працягваў вучобу ў інстытуце (скончыў у 1968), працаваў у спартыўнай школе моладзі ў Воршы (1968), загадчыкам аддзела Віцебскага абкома камсамола (1968-1971), інструктарам ЦК ЛКСМБ (1971-1974), інструктарам па турызму і экскурсіях у сістэме Белсаўпрофа (1974-1975), намеснікам дырэктара Менскага экскурсійнага бюро (1972-1979), загадчыкам лабараторыі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі (1975-1983), начальнікам аддзела прапаганды і выхаваўчай работы Спорткамітэта БССР. З 1987 г. - дырэктар Дома літаратара, з 1989 г. - сакратар праўлення СП БССР, з 1990 г. - намеснік старшыні СП Беларусі. Сябра СП СССР з 1986 г.
Першае апавяданне апублікаваў у 1975 г. Аўтар дакументальнай кнігі «Озеро Палик помнит» (1976), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Пералом» (1981), «Горкі хлеб» (1985), аповесці «Іду на канфлікт» (часопіс «Маладосць», 1990).
Жамойцін Алесь, нарадзіўся 17.08.1955 г. у вёсцы Малахоўцы Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння Пружанскай сярэдняй школы-інтэрната (1972) працаваў слесарам на заводзе «Гомсельмаш». У 1973-1975 гг. служыў у Савецкай Арміі. Зноў працаваў слесарам (Наваполацак), матарыстам цеплахода «Днепра-Буг» (Пінск). У 1982 г. скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1976-1977 гг. - лабарант Малахоўскай сярэдняй школы, у 1977-1978 гг. - апілоўшчык (Баранавічы), у 1978-1985 гг. - настаўнік беларускай мовы і літаратуры Доцішскай васьмігадовай школы Воранаўскага раёна, у 1985-1987 гг. - механік на Прыбалтыйскай чыгунцы (Вільня). З 1988 г. - навуковы супрацоўнік, з 1989 г. - загадчык літаратурна-мемарыяльнага музея Ф.Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна. Сябра СП СССР з 1989 г.