-->

Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990, Гардзіцкі Аляксей-- . Жанр: Справочники. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Название: Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 334
Читать онлайн

Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн

Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 - читать бесплатно онлайн , автор Гардзіцкі Аляксей

Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 130 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

У друку з літаратурна-крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі выступае з 1949 г. Аўтар манаграфій «Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905-1907 гг.» (1953), «М.Горький и белорусская литература начала XX века» (1956), «У истоков социалистического реалнзма» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), брашур «Янка Купала - вялікі народны паэт» (1952), «Рэвалюцыя 1905-1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры» (1955), дакладаў на Міжнародных з'ездах славістаў «Асноўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры» (з Н.Перкіным, 1958), «Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (з В.Барысенкам, 1963). Сааўтар падручнікаў для 8 класа «Беларуская літаратура» (з В.Барысенкам, 1959-1978), для 9 класа «Беларуская літаратура» (з М.Лазаруком, 1979-1990), кнігі «Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской» (з М.Лазаруком, А.Ленсу, 1988) і іншых прац па метадалогіі і методыцы выкладання літаратуры ў школе.

Іверс Анатоль (сапр. Міско Іван), нарадзіўся 15.05.1912 г. у вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Наваградскай (1931) гімназій. Пасля ўз'яднання Беларусі працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты «Вольная праца» (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны - адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху, з лістапада 1943 г. - партызан брыгады імя Ракасоўскага, у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Выдаваў антыфашысцкую газету «Беларусь». У пасляваенныя гады працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты «За перамогу камунізму», у лесахімічнай прамысловасці. У 1976-1984 гг. - сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Жыве ў Слоніме. Сябра СП СССР з 1940 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Выступаць у друку з вершамі пачаў у 1934 г. У 1939 г. у Вільні выйшаў зборнік вершаў «Песні на загонах». Апублікаваў зборнікі паэзіі «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987).

Іпатава Вольга, нарадзілася 01.01.1945 г. у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956-1961). У 1961 г. скончыла ў Горадні сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (скончыла ў 1967). Настаўнічала ў вёсцы Руба на Віцебшчыне, працавала таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гарадзенскім гаркоме камсамола (1965-1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968-1970). У 1970-1973 гг. - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», затым літкансультант газеты «Чырвоная змена». У 1975-1978 гг. - аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. Зноў працавала літкансультантам у «Чырвонай змене» (1978-1979). У 1985-1989 гг. - галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 г. - загадчык аддзела, з 1990 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». Сябра СП СССР з 1970 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалём Францыска Скарыны.

Друкуецца з 1959 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Парасткі» (1976), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вецер над стромай» (1977, расейскае выданне, Масква, 1980, адзначана на Ўсесаюзным конкурсе імя М.Горкага, 1981), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «За морам Хвалынскім» (1989), кніжак для дзяцей «Снягурка» (1974) і «Казка пра Паўліна» (1983). Напісала тэлеп'есу «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988).

К

Кабаковіч Ала (сапр. Кабаковіч-Тычына Ала), нарадзілася 07.03.1943 г. у в. Гутава Драгічынскага р-на Берасцейскай вобл. у сялянскай сям'і.

Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964), аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). У 1964-1966 гг. - рэдактар на Беларускім радыё, у 1971-1985 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук.

Памерла 11.02.1985 г.

У друку выступіла ў 1970 г. з вершамі (часопіс «Неман»). Аўтар кніг па крытыцы і літаратуразнаўству «Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978), «Беларускі свабодны верш» (1984), «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» (1989). Сааўтар манаграфіі «Паэзія абнаўлення свету» (з І.Шпакоўскім, Н.Шукліной, 1981). Перакладала на расейскую мову творы беларускіх паэтаў.

Кабржыцкая Таццяна, нарадзілася 15.08.1941 г. у горадзе Кіеве (Украіна) у сям'і служачых.

У час Вялікай Айчыннай вайны была эвакуіравана ў Алма-Ату. У 1946 г. сям'я пераехала ў Львоў. Скончыла філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964). Працавала завучам Вязаўскай сярэдняй школы на Львоўшчыне (1964-1966), рэдактарам выдавецтва Львоўскага ўніверсітэта (1966-1967), вучылася ў аспірантуры пры гэтым універсітэце (1967-1971). У 1971-1980 гг. - навуковы супрацоўнік навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1980 г. - дацэнт кафедры расейскай савецкай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.

У друку выступае з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі з 1963 г. З В.Рагойшам выдала кнігі «Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976), «Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна» (1990) і падрыхтавала да публікацыі кнігу С.Палуяна «Лісты ў будучыню» (1989).

На ўкраінскую мову пераклала творы М.Багдановіча, У.Караткевіча, асобным выданнем выйшлі аповесці В.Быкава «У тумане», «Аблава», раман «Мёртвым не баліць» (Кіеў, 1990). З украінскай мовы пераклала кнігу для настаўнікаў Д.Тхаржэўскага і Ў.Гекта «Праблемнае навучанне...» (1986).

Каваленка Віктар, нарадзіўся 21.07.1929 г. у вёсцы Сакаўшчына Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1948 г. скончыў Лідскую педагагічную навучальню. Працаваў настаўнікам Дабравольскай сямігадовай школы на Гарадзеншчыне. У 1949-1953 гг. вучыўся на факультэце мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў у Свірскім раёне выкладчыкам мовы і літаратуры Сырмежскай СШ, дырэктарам Кемелішскай СШ. У 1955 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Пасля заканчэння аспірантуры (1958) - навуковы супрацоўнік, з 1982 г. дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1962 г. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1981). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

У друку выступае з 1952 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Пошукі і здзяйсненні» (1963), «Давер» (1967), «Голас чалавечнасці» (1970), «З пазіцый сучаснасці» (1975, 2-е выданне 1982), «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» (1975), «Прага духоўнасці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, 1975), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977), «Жывое аблічча дзён» (1979), «Иван Шамякин: Очерк творчества» (Масква, 1979, на беларускай мове ў 1980), «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» (1981), «Общность судеб и сердец: Белорусская проза о Великой Отечественной войне в контексте русской и других литератур» (1985), «Покліч жыцця» (1987), «Веліч праўды: Выбранае» (1989). Напісаў на VIII Міжнародны з'езд славістаў даклад «Некаторыя асаблівасці параўнальнага вывучэння славянскіх літаратур запозненага развіцця» (1973). З'яўляецца сааўтарам кнігі «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (з М.Мушынскім, А.Яскевічам, 1972), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории советской многонациональной литературы» (1974), «Истории белорусской советской литературы» (1974).

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 130 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название