Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
«А я вось не ведаю іхняй творчасці. Але не адабраю».
Тут Трухан захваляваўся чамусьці, нават сказаць нешта хацеў… Ды прамаўчаў. І ўсе маўчалі, і не адыходзіў ніхто, застылі, нібы ў чаканні канцоўкі вясёлага анекдота.
«…Бо ведаю, што адгарну любую кнігу і ў соты раз прачытаю, як у Замошшы, што каля Заполля, на ўзлеску Востраверхай пушчы каля Мікіцішынага калодзежа, дзе Дзянісава палянка, Сёмкаў дуб, вячысты, рачысты, разложысты, спракавечны, караністы і гэдэ і да бясконцага тэпэ, раскінуўся гожа і высока, і шырока, і далёка, і Іванка помніць яшчэ тыя часы, калі быў малы і бацька саджаў яго на бухматы воз сена, які плыў пад дубам, і каржакаватыя яго галіны чаплялі сена і збівалі з малога шапку... Пародыя, — патлумачыў Трухану Ведрыч. — А ты, мабыць, падумаў, што гэта пачатак якогась эпічнага іхняга палатна?»
Нічога Трухан не падумаў — наадварот, у яго было адчуванне, што Ведрыч агучвае і ягоныя думкі… Вось толькі тое, што яму, Трухану, самнасам здавалася смелым, крамольным адкрыццём было, аказваецца, гэтымі людзьмі даўнымдаўно адкрыта, разабрана, асмеяна і спарадыравана.
«Гэта іхняя проза, — не сунімаўся Ведрыч. — А вось паэзія: «Я дзякую Леніну, што мову мне даў». Дык што, Ленін вынайшаў беларускую мову? Атрымоўваецца, ён быў першы беларускі нацыяналіст? Так? У цябе пытаю».
«Не ведаю...»
«Затое я ведаю. Ніводнага твора ў стол, ніводнага сапраўднага дэсідэнта не далі некалькі пакаленняў! Нонсенс!»
«Ну, ты ўжо таксама, — сказаў бялявы. — Мала нам у дваццатыятрыццатыя было ахвяраў? Ты што, прапаноўваеш…»
«Так. Менавіта гэта і прапаноўваю. Каб хтось свядома напісаў такі твор, за які як мінімум яму свяціла б турма. А як максімум — расстрэл».
Бялявы не знайшоўся, што адказаць.
Гул у фае сціхаў. Чарнявы высунуў руку з гадзіннікам на святло: — «Ого, час!» — і хутка пайшоў з балкона, а за ім і астатнія.
Другая пасля перапынку частка была нядоўгая і менш цікавая. Старэйшыя пісьменнікі даседзелі да самага канца. Яны ўжо не пераміргваліся і не перашэптваліся. Выступалі яшчэ людзі, чыталі вершы і прозу, але цяпер, пасля Ведрыча, усё гэта было нейкім прэсным, недасоленым.
Скончылі, абгаварылі час наступнага збору (тут маўклівы сумны чалавек дастаў з кішэні нататнік і штосьці хутка чыркнуў у ім), чалавек колькі яшчэ засталося ў зале, а большасць пасыпала ўніз, займаць чаргу ў гардэроб.
«Дык я вас чакаю, — не папытаў, а сцвердзіў Ведрыч, падыходзячы ў сваім кажусе да Нэлі, Церашкова і Трухана, якія стаялі апошнімі. — Куды вы потым?»
«Да мяне, — адказала Нэлі. — Тут недалёка. Хадзем і ты, калі хочаш. Праўда, я адна сёння, мае паехалі, лядоўня пустая, частаваць няма чым...»
«Во, а я сам хацеў напрасіцца! Толькі, Нэлі, адна ўмова: вершыкаў сваіх не чытаць, добра? Слабенькія ў цябе вершыкі, — і адразу ж, дзелавіта: — Трухана бярэм таксама, ён смешны».
«Як захоча», — сказала Нэлі. А Трухан прамаўчаў, адно з удзячнасцю зірнуў на Ведрыча.
Падышла чарга. Атрымалі: Нэлі сваё кароценькае, да каленяў, бэзавага колеру паліто, зпад якога яе харошыя ножкі былі відаць гэтак сама, як зпад сукенкі, Трухан з Церашковым — курткі. Адышліся, апранаючыся на хаду, да вялікіх, ва ўсю сцяну люстраў.
Яны ўсе ўчатырох адначасова падышлі да гэтых люстраў, і так неяк сталі, і ў адзін і той жа момант зірнулі на свае адбіткі, што, гледзячы збоку, можна было падумаць, яны размясціліся для здымка на групавую фотакартку.
І раптам Трухан збялеў і застыў з уздзетай адной рукою ў рукаво.
У яго ўжо даўно — ад самага перапынку, калі ён курыў на балконе, звінела ў вушах і плыла галава, і, як часта бывае ў чужым шумным месцы, сярод мноства незнаёмых твараў, пачыналі адбывацца гэтыя імгненныя зацямненні свядомасці, правалы памяці, знаёмыя кожнаму — «усё было ўжо некалі са мною, ці снілася мне», з тою розніцай, што для яго гэтая ў прынцыпе бяскрыўдная мешаніна часу з’яўлялася сігналам трывогі, сур’ёзным напамінам, што забывацца нельга: вось яна я, пошасць твая, нікуды не дзелася, заўсёды побач…
Але ж як не ў час гэта!
Ні з таго ні з сяго пачаў аддаляцца, рабіцца ватным ў вушах гоман людзей за спіною, тады зусім сціхла ўсё, і Трухан аглух. Людзі, якіх відаць было ў люстры, расплыліся, расталі, акрамя іх чатырох, і сцены, і столь, і бачная частка гардэробных вешакоў таксама расталі — знікла ўсё, а ў люстры перад імі чатырма з'явілася толькі нейкага бруднаматавага колеру палатно, як экран, як фон на чорнабелых фотаздымках; але і фон гэты не быў аднародны, а змяняўся на вачах — на ім праступалі і рабіліся ўсё больш выразнымі як бы дэкарацыі нейкага вясковага двара, непрыбранага, як нежылога, скрозь парослага счаўрэлай восеньскай травою... Патрэсканая, пабітая смалянымі сучкамі і паточаная шашалем сцяна хаты з вялікімі вокнамі, са складзенымі ў штабель бярвеннямі пад сцяною... Далей — саламяны дах пуні, каля якой стаіць запрэжаны ў калёсы конь, а Ведрыч корміць яго з рук пуком сена... Аброслы доўгімі валасамі, з бародкаю, у злінянай бруднай гімнасцёрцы і ў галіфэ з нашытымі накаленнікамі і латкамі на задніцы, Церашкоў нагнуўся і, прытрымліваючы адной рукой кабуру, што вісіць на баку, другой папраўляе на нагах абмоткі... Каля хаты на краі тоўстага бервяна прымасцілася Нэлі, абвязаная па вочы белай хусткаю, падобная на сястру міласэрнасці, у шэрым андараку, у лапціках; на руках у яе немаўля, спавітае ў латунне... Побач сядзіць ён сам, Трухан, і пстрыкае над немаўлём пальцамі — забаўляе, нібы гэта яго дзіця…
Трухан скалануўся. Усё гэта было імгненным кадрам з нямога чорнабелага кінафільма, ці фрагментам аднаго з тых дзіўных сноў, што апошнім часам пачалі сніцца яму так часта, а вось ужо і на яве пайшлі…
«Ты што?» — Ведрыч стаяў перад ім, ва ўпор на яго пазіраючы.
Вярнуўся гул, вярнуліся знаёмыя адбіткі сцен, столі і вешакоў у люстры… Такі ж самы, знаёмы быў Ведрыч, у сваім новым кажусе, у джынсах і тупаносых чаравіках. На выступ пад люстрамі прысела Нэлі, папраўляючы блішчастыя спражкі на боціках. Бокам да люстраў стаяў Церашкоў, павярнуўшы, бы певень, галаву. Ніхто, акрамя Ведрыча, не звяртаў на Трухана ўвагі.
«Нічога, гэта бывае, — выціраючы з ілба паскудны пот, адчуваючы, што пот гэты праступіў па ўсім целе, вінавата прамовіў Трухан. — Бывае са мною, — дадаў, прыходзячы ў сябе. — Падалося проста».
«І часта?»
«Так, не вельмі… Бывае».
«Тады пайшлі», — загадкава неяк сказаў Ведрыч; прагучала як — пайшлі разбірацца.
На вуліцы — пабялелай і, здавалася, пачысцелай, прыгожай і светлай ад ліхтароў, усе як па камандзе сышліся і разам глыбока ўдыхнулі марозны водар першага ў гэтым годзе снегу.
Ведрыч нацягнуў на галаву сваю рабую шапку з адпушчанымі вушамі, прытупнуў снег падэшвамі моцных чаравікаў. Усё пасавала яму, было да твару: і гэты доўгі кажух, хоць ніхто яшчэ ў кажухах не хадзіў, і зімовая шапка, хоць ніхто яшчэ зімовых не надзяваў, і гэтыя чаравікі, якія моцна, як злітыя, і, відаць, зручна сядзелі на яго нагах і не баяліся ні марозу, ні снегу, ні гразюкі.
«Чым ехаць?» — спытаў Ведрыч, прытупваючы. Прытупваў ён не ад марозіку, а ад таго нецярпення, з якім перабірае нагамі малады застаялы конь у прадчуванні новай, нязведанай дарогі.
«Якое ехаць, тут прайсці крыху, — адказала Нэлі.— За «падкову», на Берасцянскую».
«Што ж, будзе яшчэ адна свая хата ў цэнтры».
Пайшлі — уперадзе Церашкоў з Нэлі, якая ўзяла яго пад руку, Ведрыч з Труханам ззаду.
«Ну што, акрыяў? Дык што з табою было? Чаго спалатнеў?»
«Так… Падалося», — неахвотна адказаў Трухан, адчуваючы, што з такім, як Ведрыч, змяніць тэму будзе няпроста. Да таго ж ён быў абавязаны Ведрычу — з сабою ж узяў, таму вымушаны быў адказваць.
«Ты хворы? — Трухан кіўнуў, але Ведрычу хацелася пачуць: — Я не бачу. Хворы?»
«Ну».
«Лячыцца трэба».
«Усё жыццё толькі тое і раблю…»
Са смехам, гоманам іх абагнала купка моладзі.
«Во дажыўся, — сказаў, гледзячы ўслед, Ведрыч. — Быў час, калі па пальцах мог пералічыць усіх, хто ў Беларусі пабеларуску гаворыць, а цяпер дажыўся — нікога не ведаю! Добра. Што баліць?»
