-->

Над Бугам: выбранае

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Над Бугам: выбранае, Лынькоў Міхась Ціханавіч-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Над Бугам: выбранае
Название: Над Бугам: выбранае
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 390
Читать онлайн

Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн

Над Бугам: выбранае - читать бесплатно онлайн , автор Лынькоў Міхась Ціханавіч

У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 110 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

- Ну?

- Што занукала?

- Сказаць што хацеў?

- Кінь глупства... Валя, ну чаго ты? Ну, прыйшоў вось, да цябе ж прыйшоў, ні да кога.

- А мо і «да кога», адкуль жа мне ведаць?

- Чаму ж так?

- Так ды так, маё ты токала... А дзе ж учора быў, пазаўчора?

- А ты ж у канторы служыш.

- ?

- Ну дык і ведаць павінна, дзе быў, за матэрыяламі ж ездзіў у горад.

Трохі сорамна Валі. Усе нарады на работы ў канторы, і - на табе! - не заўважыла, недаглядзела. Толькі дурнем абазвала дарэмна... Якім жа цяпер мілым робіцца гэты Яшка, не хлопец, а золатка. Не, не так, - золатка маё дарагое. І не так - вяснянкі мае даражэнькія. І гэта не так... Нешта іншае, болей чым даражэнькае, болей чым золатка. Чаму ж не прыхіліцца да яго пляча.

А які ж блазан - месячык... Якая яму справа, дзе што дзеецца, бач, свеціць, вышчарыў свае срэбныя зубы, палажыў іх на паліцы воблачныя, смяецца. Бач, назола.

- Яшка, кінь... - і няведама, на што гэта «кінь»? Мо на тое, што за руку ўзяў, паклаў сваю руку на плячо, глядзіць нерашуча, мусіць, сказаць надумаўся што.

- Валя...

- Ну?

- Нічога, гэта я так сабе.

«Вось няўклюда, так і не скажа нічога...»

- Валя!

- Чаго табе?

- Ну-у... я...

- Ну, ты...

- Я-а...

«Нічога, так сабе?»

Ось жа, заўсёды так, думае нешта сказаць і не дакажа.

І сапраўды, чаму Яшка не кажа і што ён сказаць хоча?

Яшка стаіць, моршчыць лоб, адчувае сябе прыкра-прыкра.

І ліха яго ведае што! Вось ідзеш, і, здаецца, на цэлы свет у цябе гаворкі хопіць, нават словы такія прыгожыя мітусяцца, падбіраюцца адно да аднаго. Толькі, здаецца, кажы, вяжы словы ў прамовы, выкладай ды чаруй, каго хочаш. А тут на табе - замок на язык - пстрык, і гатова.

Яшка да балючай выразнасці адчувае сваю бездапаможнасць. І перад кім? Перад дзяўчатамі, у абыходжанні, у гутарках з імі. Калі яшчэ некалькі, тады нішто... А калі вока на вока - тады хоць язык пракалі: ляжыць ён, не зварухнецца, нібы прышыты да зубоў - не адцягнеш.

- Валя... Ну, ты ведаеш, што з табой цяжка гаварыць мне, не ідуць словы... І не то што не ідуць - з языка не злазяць...

Валі прыемна чуць яго кожнае слова. Яна ўважліва слухае і думае, чаму б гэта так: вось Яшка на сходзе - адкуль толькі ў яго тады бярэцца што, лепшага красамоўцы на заводзе не знойдзеш - прыемна гаворыць, люба паслухаць, і ні шуму тады, ні вэрхалу - цішыня. А вось тут - з ёй - іншы. І нават нешта падобнае на гонар, на своеасаблівы гонар дзявочы на хвіліну з'яўляецца ў думках:

«Саромеецца мяне...»

- Валя... Я не ведаю, чаму толькі з табой мне хочацца гаварыць, а не з кім іншым... Вось і цяпер. З клуба зайшоў я сюды. Ці там уседзіш, - сама ведаеш, што там дзеецца - скачуць усё. Што ні вечар - скокі, і калі ўжо даскачуцца да чаго - не ведаю. Сама ведаеш, колькі раз на ячэйцы казаў я: «Кіньма глупствы, ці мы горш ад людзей, ці ў тустэпе шчасце якое, ці што...» Дык дзе там! Застукалі і загрукалі: «Блазан ты яшчэ, а вучыць лезеш... Што мы, манахі табе або пудзілы тыя гародныя? Нам - жыццё даёш, нам - крый, гуляй, варушы нагамі, падварушвай, пакуль шчокі румяныя, насы ядраныя... А там, калі губой нос падапрэш, тады і справы другія... Таму нішкні, не разводзь анцімоніяў...»

І гэтак кожны раз. І крыўдней за ўсё - хоць бы хто сказаў, хоць бы слова закінуў, навучыў бы розуму.

Дык ніхто, ніводнай душы не знойдзеш. Неяк да дырэктара заходзіў. Як жа, камуніст, - у каго, як не ў яго, параду ўзяць. Зайшоў я па справах нашых. Разгаварыліся. І выклаў я яму пра ўсё, што дзеецца ў нас у інтэрнаце, у ячэйцы нашай камсамольскай, у клубе... Нядобра, кажу, гэтак. Нешта трэба рабіць, і што вы скажаце часам?

Вось ён і кажа: «Молад ты занадта, мой даражэнькі. Ну... а таму і выходзіць, па-твойму, усё дрэнна».

Дабавіў яшчэ:

«Ты от дзівіся: запалка - пш-шырк... І гатова. Жыццё ж - запалка, мудрэц мой вялікі... Адсюль, разумей. Як хочаш... А хлапец ты, здаецца, з розумам, казаць доўга не варта».

Вось і разумей і гадай, як хочаш. А Нютцы вунь ноччу спадніцу падралі... А гэта як, па-твойму, - запалка? Пш-шырк гэты самы? Не, нешта іншае трэба шукаць, не ў запалках справа.

- Але і загаварыліся мы з табой, давай хоць пасядзім крыху на лаўцы. А яшчэ называецца: кава-ле-е-р... Адубееш з табой тут, пад акном стоячы.

- Кінь, Валечка, глупства. Не мыслю ж я, што табе кавалеры толькі і трызняцца, ні аб чым ты болей не думаеш.

- Ну, мудрыла мой, не сярдуй, гэта ж я так. Вось скажы мне лепей, дзе ты заўтра будзеш?

- Заўтра? Дома буду. Хіба пад вечар толькі ў вёску пасуну, да чарпылёўцаў - харошыя хлопцы.

- А на чоўне часам не хочаш раніцой пакатацца?

- Чаму не.

- Дык давай разам. У Мікіцёнкавым чоўне. Тады і прыходзь да дубкоў.

- Добра... Ну, дык да заўтрага, Валя, пайду дахаты.

Яшка ўстае. Нязграбны, з рукамі-граблямі. Ён нерашуча яшчэ тупае на месцы, мусіць, нешта сказаць хоча, але ўрэшце суне на развітанне руку і, няўдала павярнуўшыся, ідзе дахаты.

Валя глядзіць некалькі хвілін услед, углядаецца ў шырокую спіну, на гэты шэры пінжак, на якім так вызначаецца пад месячыкам чорная латка, зашытая белымі ніткамі. Постаць Яшкі аддаляецца ўсё болей і болей, па ёй паўзуць чорнымі плямамі цені галінак прыдарожнае хвоі, тэлефоннага слупа, калодзежнага журава. А вось і нічога не відаць - зліўся Яшка з начною цемраю.

І сумна чамусьці крыху на сэрцы.

Золатка... Даражэнькі. Чаму ж золатка часам шэрае? Чаму месячык хаваецца ў хмары?

І чаму гэта пахне часам усё, як тая дудка лазовая, толькі-толькі скручаная, як тыя баранчыкі белыя, што вясною на вярбе распускаюцца. Гэта бывае часам, калі з Яшкам разам, бачыш яго, гаворыш з ім. Але не заўсёды. Вось і цяпер... Пуста нешта ўсё і холадна. Мудрагеліць, бачыш, а ці ты яго зразумееш заўсёды? Вунь дзяўчаты кажуць - любяць хлопцы іначай, кроў палае, кажуць... І б'юцца хлопцы і лаюцца - а дзяўчатам усё ж даспадобы каханне іхняе.

«Мо не люблю? Люблю, здаецца...»

Засмучаная Валя ідзе дахаты.

* * *

У інтэрнаце заўсёды шум, як у вуллі вясной, у цёплыя ясныя вечары. Праўда, гэты шум не пчаліны, не ціхі, не мілагучны. Тут заўсёды, асабліва ў гэтай палавіне, дзе моладзь, поўны вэрхал: пяюць, гуляюць, скачуць, крычаць, гавораць так, што аж вокны дрыжаць і мітусіцца полымя ў закураным пухіры газоўкі. Часам спрэчкі, часам буйная лаянка, часам ляціць праз ложкі, праз сталы чый-небудзь бот, пагражаюча выскаліўшы зубы, ці падушка вандруе пад столлю - усяго бывае.

Праўда, цяпер крыху цішэй. Дзіва, першая гадзіна ночы! Спяць некаторыя, як пшаніцу прадаўшы. Другія, згрудзіўшыся ў кутку на двух ложках, расказваюць анекдоты - адтуль далятаюць часам выбухі рогату, потым зноў цішыня - слухаюць. Паміж ложкаў швэндаецца з гармоняй Цімка Рубец і падпявае гармоні аб нейкім недарэчным казле і яшчэ больш недарэчным даенні яго, не даўшым асаблівых гаспадарчых вынікаў.

Але, мусіць, і казёл яму надакучыў, і Цімка садзіцца на ложак, пазяхае, нібы праглынуць хоча ўвесь пакой з усімі яго жыхарамі, і пачынае сцягваць бот. Бот мокры, слізкі ад гразі і вільгаці - мусіць, шлындаўся некуды Рубец да хутарскіх дзяўчат, - і Цімка крэкча, напружвае сілы, аж лоб чырванее і надзімаюцца на ім сінія жылы. Урэшце бот хлёпаецца аб падлогу, а з-за лішняй натугі Цімкава рука моцна выцялася аб жалезны ложак. Цімка, зморшчыўшы на печаную дулю твар, лаецца на чым свет стаіць і, каб спагнаць на кім злосць, дае «стопрацэнтнага ляшча» свайму суседу па ложку, Алесю, - той толькі-толькі сніў нешта, і прыгожы сон абарваўся раптам, а сам аж войкнуў.

- Ну-ну, нечага войкаць там. Бач, вышчарыўся... Ну што, мяне не бачыў? З'еў? На ж яшчэ, здаравей будзеш... Ну?

- Чаго табе трэба, чаго ты чэпішся да мяне смалой?

- От, пагавары яшчэ. Ну, яшчэ крыху... ну, от, слова адно... Бачыш, я злосны, а таму і цыц.

- Статуй ты кіеўскі, што з табой гаварыць і што з цябе ўзяць.

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 110 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название