Над Бугам: выбранае
Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн
У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- Не ведаю... - І дадаў пасля хвіліннай паўзы: - У першы раз бачу.
- Вы ўпэўнены ў гэтым?
- Так... Та-а-к...
- Гэтая рэч знойдзена ў вашым гаражы, нашто ж залішне адпірацца?
- Я крыху слабы на вочы, недабачу... Пакажыце бліжэй, - гаварыў, адцягваючы час, каб жа прыдумаць і сказаць нешта такое, што пераканала б іх, што ён тут ні пры чым, што гэта нейкае прыкрае непаразуменне, нейкае д'ябальскае насланнё...
- Ну, глядзіце бліжэй!
Яму падсунулі патрон пад самы нос. Ён доўга разглядаў яго, нават паспрабаваў кіпцем налёт зялёнага вокісу медзі, узважыў патрон у руцэ.
- Так, я цяпер магу вам сказаць, што гэта такое. Гэта дынамітны патрон. Яго ўжываюць у рудніках, падрываючы пароду.
- Усё правільна. Але чаму апынуўся ён у вашым гаражы?
- Я некалі працаваў на рудніку. Гэта рэч выпадкова засталася ў мяне ў кішэні, ну... і аказалася ў гаражы.
- Навошта ж яна была вам патрэбна?
Сузан доўга думаў. Урэшце загаварыў хутка-хутка:
- Бачыце, адзін знаёмы фермер скардзіўся мне, што ў яго на ўчастку вялікія камяні... Я збіраўся дапамагчы яму, узарваць іх...
- І ўзарвалі?
- Не, што вы! Ён жа застаўся, патрон, цэлы...
- І больш вы не мелі патронаў?
- Вядома...
- А з гэтай рэччу вы знаёмы? - І следчы вынуў з шуфлядкі стала рэшткі другога пакарабачанага патрона, а з ім яшчэ некалькі пазелянелых медных аскепкаў.
- Гэта рэшткі ад узарваных патронаў...
- Вашых патронаў?
- Што вы ад мяне хочаце, Божа, мой Божа! - залямантаваў Сузан. - Мяне пыталіся пра полісы, а пры чым тут гэтыя патроны? Пры чым я, нашто гэта? - І Сузан зайшоўся ў істэрычным плачы.
Яму далі вады, супакоілі. І калі найшла на яго поўная абыякавасць да ўсяго, аб чым у яго пыталіся, ён стаў пакорна, як авечка, адказваць на пытанні. І аб дынамітных патронах, і аб гэтым праклятым будзільніку. Праўда, ён спрабаваў, хаця даволі вяла, супраціўляцца спачатку, але, выслухаўшы, што жонка яго сапраўды расказала аб нейкіх яго практыкаваннях з тым гадзіннікам, адказаў, што такі будзільнік сапраўды быў, але ён недзе выкінуты, і ён добра не ведае, дзе, урэшце, ён. Ды і ці варты ён увагі, гэта ж быў сапсуты, такі стары, стары механізм... І яму паказалі тады кавалачак пакарабачанага цыферблата і сказалі, што жонка яго апазнала гэты кавалачак як рэшту цыферблата былога будзільніка.
- Можа, гэта і так... Але ж я кажу, што забыўся, куды выкінуў тое ламачча...
І яму напомнілі, што рэшткі будзільніка, які быў часткай самаробнай бомбы, былі там жа, дзе і рэшткі дынамітных патронаў, дзе і рэшткі ад загінуўшага самалёта.
Сузану засталося адно: маўчаць. Ён сядзеў ссутулены і паціраў лоб, нібы сілячыся ўспомніць, як жа гэта ўсё адбылося. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. І толькі адна думка была ясная, акрэсленая: не бачыць яму, як воч сваіх, запаветных долараў. І ці толькі долараў?
Быў суд. Сузану далі належную кару за яго шчыры падарунак маці. Увесь час - і калі быў суд, і калі сядзеў ён у турме - ён быў пануры, абыякавы, маўклівы. Ён не захацеў нават пабачыцца перад апошнім часам сваім з сям'ёй, з былымі прыяцелямі. І тады, калі прапанавалі яму гэтую сустрэчу, ён катэгарычна адмовіўся:
- Мне нічога не трэба, нічога не трэба... Не, не... нічога...
І толькі калі падвялі яго да дзвярэй газавай камеры, ён стаў сутаргава ўпірацца нагамі і нема закрычаў на ўсю турму:
- Нашто? Я не хачу! Не трэба! Я нічога не зрабіў вам благога... Я хацеў толькі долараў, толькі долараў...
Гэты крык паволі заміраў за жалезнымі дзвярамі камеры.
1960
АПОВЕСЦІ
Апошні зверыядавец
Сэрца ў Валі - маленькае сэрца. Таму ў ім не знойдзеш ні вялікіх таямніц, ні крыўд балючых, ні жыццёвага суму. Усё гэта ўласціва людзям, якія працярэбілі сцежкі доўгія па зямлі, заслалі іх дзесяткамі год.
Ну хоць бы татка Валі - стары гутняк Антось. У яго і вочы не свецяць - няма бляску ў іх. Дзіва, дзе ж яму быць - не год і не два выдзьмухвае Антось бліскучыя, як жар, і залатыя, як сонца, бутэлькі. Залатыя таму, што гарачыя, гарачыя, як тое пекла аграмадністай печы, дзе варыцца шкло.
Дзе ж бляску тут быць у вачах, калі шосты дзесятак сеў на стары каршэнь, сагнуў хрыбет дугою нягнуткай?
А Валі што...
Вы бачылі лён на палях, калі ён цвіце? Ветрык ціхі павее - усходзяцца сінія хвалі, сыплюцца пялёсткі сінія на пахучыя межы. Такія ж Валіны вочы. Сінія-сінія. А калі засмяецца Валя ці гляне гэтак трошачкі злосна - тады, здаецца, сыплюцца з воч яе пялёсткі сінія ці сінія іскры. Такія ўжо вочы...
А льняныя валасы Валіны, асабліва калі сонца заблытае ў іх свой прамень? Яны ззяюць тады агняцветнымі карункамі, будзяць радасць у старога таткі, гоняць з твару жыццёвы сум усмешкаю цёплай, айцоўскай. І калі пасля полудня пацалуе Валя знянацку татку ў шчаку і пабяжыць, заскача па старым пакойчыку, Антось усміхнецца, галавой паківае дый скажа:
- Ах ты мая каза-дераза, непаседа ж ты мая дарагая. Непаседлівая, неўгамонлівая... - І, памаўчаўшы крыху, дабавіць: - Ёрзкая ты ў мяне, браце, дзяўчына. Не нажыць бы бяды часам... Молада-зелена.
Так, молада-зелена...
Молада, як пахучыя вятры вясновыя, поўныя гуду жыццёвага, перазвону палёў і лясоў - перазвону птушынага, срэбнага. Зелена, як тыя лісточкі прыбярыхі-бярозкі, як тыя лугі-мурагі са сваімі мядовымі кветкамі... Вунь яны, палі-лугі, параскінуліся за ракой неабдымным абрусам, а на ім узоры: цвітуць-расцвітаюць раннія лугавыя краскі - жаўтацвет, кураслеп... Аж уваччу ад яго пярэсціцца.
«Як у Яшкі вяснянкі - гараць, не згасаюць... А дурань Яшка...»
Гэтак думае Валя, седзячы ў канторы завода, паклаўшы пальцы на абшарпаныя клавішы «Ундэрвуда». Яна машыністка. У канторы служыць, у канторы гуты. Кантора вокнамі глядзіць на раку, на шырокі луг. А там вясна, там сонца сее жменямі свае шчырыя ласкі, абуджае зямлю да жыцця, да цвіцення. І жыве зямля. Паглядзі на далёкае поле і заўважыш - трапяткое дыханне зямлі струменіць паветра, нібы разлілі гарачае шкло, і павісла яно над зямлёй, празрыстае, трапяткое, жывучае.
І ў кантору лезе сонца назолай, забіраецца ў Валіны косы, пускае зайчыкі ад «Ундэрвуда» на шэрыя сцены, на столь, на плакаты, партрэты. Добрае сонца, ды далёка. Яно - за акном, за ракой, на неабсяжных блакітных прасторах.
А тут «Ундэрвуд». Зафарбаваны пальцы. І клавішы спіс выбіваюць. Бач, палучка хутка, трэба ведамасць для канторы, па ёй атрымліваюць грошы і татка, і рабочыя ўсе, і... Яшка.
«Дурань Яшка...»
Няхай сабе і так, няхай сабе Яшка і дурань, але ўсё ж ткі ён Яшка, і імя яго так старанна выбіта на машынцы і нават падкрэслена крыху.
«Трэба ножычкам падчысціць пасля. А то яшчэ падумае, што... у голаў сабе чаго забярэ... Дурань».
Вядома, дурань... Колькі дзён ужо, а на вочы - ні разу... Хоць бы слова, ці што - анізвання. Падумаеш, хіба толькі ён адзін - хлапцамі плот гарадзі. На заводзе не адаб'ешся ад іх, не адчэпішся. Праўда, у Яшкі вочы... Ат, што там вочы, ну шэрыя вочы, звычайныя. Голас... і голас звычайны. А рукі? Барані Божа, што за рукі - на граблі падобны... Ат, дурань, чысты дурань. А гаворыць, ах, як ён добра гаворыць, і словы такія - так прыемна іх слухаць... Тады цёпла неяк робіцца на душы і хочацца паглядзець яму ў вочы, у цёплыя шэрыя вочы. А ён паглядзіць так, крышачку вока прыжмурыць, і затрапечацца сэрца, маленькае Валіна сэрца... Ну дурань, ясны дурань...
- А як у вас ведамасць?
Гінуць зайчыкі на сцяне, за вясновыя хмаркі хаваецца сонца, па спіне халадок прабягае.
- Ведамасць? От зараз...
- Ну-ну, запрацаваліся? Аб чым гэта вы думалі, Валя? Я ж бачыў, заглядзеўся на вас тут.
- Толькі і справы вам, таварыш дырэктар, на мяне глядзець... Гэта я вось аб чым... Па якому разраду паставіць рабочага новага?