Над Бугам: выбранае

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Над Бугам: выбранае, Лынькоў Міхась Ціханавіч-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Над Бугам: выбранае
Название: Над Бугам: выбранае
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 400
Читать онлайн

Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн

Над Бугам: выбранае - читать бесплатно онлайн , автор Лынькоў Міхась Ціханавіч

У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 110 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

- А таму, што ў цябе не чырвоныя.

- Кінь глупствы, Валечка. Я табе аб адным, а ты аб другім. Я от і думаю. І прыгожа, ведаеш, як часам падумаеш: ты адзін-адзін, малюсенькая кропачка, а навакол цябе свет, навакол блакіт неабсяжны. І сонечныя праменні ідуць, як стрэлы, напаткаюць цябе - табе цёпла. І зямля, а на зямлі людзі. І паску-у-д-ныя ж людзі, Валя, асабліва хоць бы ў нас... Ды не толькі ў нас. Вось раней за пастушка я быў - ганяў кароў чужых у поле. І былі людзі сабакамі. Не ўсе - тыя, у каго служыў. Кавалачка хлеба шкадавалі, не спускалі вачэй, пакуль не з'ем. Але толькі клопату! Выйдзеш у поле, ляжаш пад хвояй дзе-небудзь, ляжаш і глядзіш угару, не зварухнешся... І галінкі не трапечуцца, толькі ветрык шуміць у іх ці-і-ха, ці-ха... Смалой пахне, а ўгары пярынкамі лёгкімі і зыбучымі сунуцца белыя хмаркі. Ідуць і ідуць чарадой незлічонай... А то павуцінкі - плывуць, серабрацца... і хочацца ўслед за імі. Каб крылле - узяў і паляцеў бы. А вясной бярозкі такія зялёныя-зялёныя, і вечарам пах ад іх і, як пчолы, хрушчы гудуць. А то ляжаш над кручай, над Залатымі Ключамі, - недалёчка і служыў тут... У траве мурашы ды казюркі поўзаюць, куюць кавалікі. А ў вадзе сонца купаецца, і круціцца вір, круціцца, круціцца... І страшна, аж млосна робіцца. І добра... на душы адлягае.

Валя глядзіць на вір і шчыльней прыхіляецца да Яшкі. Не то страх, не то нейкае другое пачуццё, ледзь прыкметнае, трапяткое, агортвае цела, і хочацца Валі гэтых слоў Яшкавых, што льюцца ціхім струменем, ахінаюць сэрца нейкім нязведаным спакоем і ціхаю неспазнанаю радасцю. Хоць дзівак, але мілы...

- А скажы, Яшка, чаму гэта Залатыя Ключы? Чаму яны завуцца так?

- Залатыя Ключы? Бач, даўно гэта было. Мне расказвалі тут на сяле. Дзяды і тыя не памятаюць, так, паданне няйначай. Калісьці, даўным-даўно, шумеў па вакольных палях непраходны бор, па нізінах балоты цягнуліся, і на сотні вёрст не было ні душы чалавечае. Толькі і можна было чалавека ўбачыць на рацэ, бо толькі па ёй і дарога была. Вядома, параходы ж тады не хадзілі, больш на чоўнах усё, на вёслах... Прыязджалі часам і багатыя людзі, і князі там, купцы, скажам. Ездзілі ўзброеныя, бо час быў дзікі і дарога глухая. І вось над кручай гэтай у нетрах лясных пасяліліся, калі верыць старым людзям, разбойнікі. Ніводнага судна не прапускалі, заганялі на мель - і ішла тады расправа, ішла разбойніцкая пацеха. І цяпер яшчэ рэшткі суднаў часам знаходзяць ці якары старыя, старыя стрэльбы.

Дык вось, было ў разбойнікаў гэтых замчышча на гары пасярод непраходнага лесу. І жыў там вялікі разбойнік Бутрым Дуб. І былі браты яго - уся сямейка разбойная: Агап Аднавок, Каліна Зялёны, Саўла - Чорныя Вусы і малодшы брат Расціслаў - Дзявочыя Вочы. Жылі браты, грэлі рукі аб судны купецкія, цешылі сэрца крывёю, і ў замку часам баляванне ішло дзікае, разгульнае, як шалёныя лясныя навальніцы.

І вось ехаў раз па рэчцы не то князь, не то вольны чалавек купецкі, ехаў з падарункамі багатымі, бо шлях трымаў да цара маскоўскага. І з ім жонка яго - маладая красуня. Ну, як у казцы там, вочы - зоркі і, як ноч, каса чорная па калені. Ну, пайшоў князь печкуроў лавіць на зыбучае дно, за ім услед і чаляднікі яго верныя. І толькі ўзняў Агап Аднавок свой востры палаш над галавой слаўнай Кастусі - так звалі красуню, - як Бутрым цяжкай дубінай выбіў палаш з рук Аднавока і ўзяў Кастусю за чорныя косы. Ці ў яе вачах быў чаруючы зірк, ці былі косы яе пахучыя, як вясеннія лозы, ці, можа, вусны яе былі саладзей маліны, але толькі Бутрым сказаў тут: «Браты мае дарагія, каханыя. Жывём мы з вамі ні многа ні мала, а сэрца старэе. І сохне кроў. Дык прызнайце ж яе за жонку маю дарагую...»

І ў знак згоды нахілілі браты свае буйныя галовы. З таго часу стаў сумным замак. Цешыў Бутрым маладую жонку і нічым нацешыць не мог - сумавала красуня за жалезнымі дзвярамі, за мураванымі сценамі... І быў Бутрым злосны заўсёды, бо нічым не мог дагадзіць Кастусі: ні каменнем самацветным, ні шаўкамі, ні заморскімі вінамі шыпучымі.

Хадзілі браты сумныя, павесілі галовы. А малодшы брат Расціслаў узрошчваў у сэрцы крыўду на жыццё і патаемную думку аб прыгожых вачах Кастусі, аб яе грудзях лебядзіных.

Раз паехаў Бутрым са старэйшымі братамі, каб разагнаць нуду, развесяліць змарнелае сэрца ў бойках крывавых, у пацехах рукапашных. І калі ад'язджаў, аддаў ён ключы залатыя малодшаму брату Расціславу. Гаварыў яму:

- Браце ты мой каханы Расціслаў - Дзявочыя Вочы. Даю ключы табе залатыя ад запаветных дзвярэй, ад шчасця майго, адзінага шчасця... Толькі... Глядзі! Не спазрыся на белыя плечы - не быць тады тваёй галаве на плячах. Глядзі! І памятай...

Дзень праходзіць, за ім другі, ходзіць Расціслаў, вартуе запаветныя дзверы. І ўсё бліжэй да дзвярэй, усё неадчэпней узнімаюцца, варушацца думкі: «Толькі б раз, адзін раз зірнуць у яе дзіўныя вочы, выпіць мёд з малінавых вуснаў...»

Ціснуць цяжарам пякучым залатыя ключы, залажыць бы ў замок - адамкнуць.

Да дзвярэй памкнуўся. Але памятны словы Бутрымавы.

Далей ад дзвярэй, далей ад граху, ад спакусы.

Выйшаў Расціслаў на бераг, сеў над кручай, заглядзеўся ў вір ды і кінуў туды залатыя ключы...

А тут і браты падаспелі, падплылі іх чаўны гонкія, з вострымі размалёванымі насамі...

І пытае Бутрым Расціслава:

- Ключы... Дзе ключы, кажу, давай хутчэй!

Кіўнуў галавой Расціслаў:

- Шукай вунь там, на дне. Мо і знойдзеш, а я ні пры чым...

І ўскіпеў тут Бутрым. Узяў Расціслава, падняў яго па-над кручай і кінуў у хвалі:

- Шукай, без ключоў не вяртайся...

Не выплыў Расціслаў. Спадабалася яму, мусіць, пясчанае дно жоўтае, што блішчыць пад сонцам бурштынавымі іскрамі.

Кінуўся Бутрым да замка. Да дзвярэй запаветных. Але ці іх жа адчыніш? Надзейныя дзверы былі, надзейныя муры.

І з таго часу кожнага, хто пападаўся ў Бутрымавы рукі, ён кідаў з высокае кручы ў вір, кідаў і злосна смяяўся:

- Знайдзі залатыя ключы, адшукаеш - памілую...

Многа людзей, кажуць, загінула ў Залатых Ключах, ды і сам Бутрым, калі верыць паданню, знайшоў у іх свой вечны адпачын. Стары ўжо быў. Кінуўся са сваім чоўнам у бойку, не здужаў ворага і захліпнуўся ў віры, пайшоў на дно шукаць сваё шчасце. Вось чаму і вір празываецца Залатымі Ключамі...

Валя сядзела і нічога не адказвала. Паданне навеяла ціхія думкі. І так добра было сядзець, маўчаць і прыслухоўвацца, як шархаціць асака пад вадзянымі струменямі, як абарвецца каменьчык з высокае кручы і боўтка ўпадзе ў ваду, як прыўскочыць шчупак з вады ў пагоні за палахлівай уклейкаю.

Яшкава шчака была блізка, зусім блізенька. І добра так сядзець, прыхіліўшыся адно да аднаго, адчуваць, як б'ецца сэрца ў кожнага, і ўгадваць думкі другога.

Але дзесьці галасы чутны, чуюцца ўсплёскі вёслаў. Рыбаловы, мусіць...

- Паедзем, Яшка, бо і татка зажджэцца, палуднаваць час...

- Ну, едзем...

* * *

Хоць і нядзеля, хоць і адпачын, але на заводзе поўна народу, асабліва старых. Маладым - тым што! А вось старым - холадна. Холадна ў хаце, холадна на вуліцы, на сонцы. Не грэе звычайнае цяпло старыя косці, якія прызвычаіліся да пякельнага жару ванных печаў, у якіх варыцца шкло.

Таму і ў вольны час, у нядзелю, у дзень адпачынку, збіраюцца старыя рабочыя на завод, садзяцца дзе-небудзь на мастках ля печаў і грэюцца. І ўзімку грэюцца, і ўлетку. Якое б ні было надвор'е - ці сцюжа, ці спякота - грэюцца. Паварочваюць да печы спіны, грудзі і вядуць бясконцыя гутаркі.

Гавораць аб старым, гавораць аб новым. Корпаюцца ва ўспамінах, перасейваюць у памяці даўно пражытыя гады, гавораць аб сённяшнім, аб штодзённых клопатах, аб неадкладных справах.

Дзед Андрэй, які даўно ўжо не працуе і які ведае цяпер толькі адны венікі - імі зарабляе на хлеб і на табаку, - апавядае звычайна аб старым, такім жа сівым і абамшэлым, як яго шырокая, з пляшывінкай, барада.

Апавядае паважна, паволі, заправіўшы наперад свой шызы цыбукаваты нос добрай порцыяй самаробнай цяртухі.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 110 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название