З людзьмi i сам-насам
З людзьмi i сам-насам читать книгу онлайн
Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Так проста i так змястоўна. Народнасць пажаночы.
* * *
Пішу пад ліпай. Сёлета ўпершыню.
Добра было б — на ветрыку, у цяньку, каб не камарэча, незвычайна ўвішная ды куслівая, ад процьмы якой не схавацца ні ў доме, ні на дварэ. Добра было б таксама, нават вельмі добра, каб вецер, даволі пругка адчувальны, нарваў нарэшце дажджу.
Падкрэсленае слова — маміна. Часта думаецца, асабліва цяпер, старому, як багата рознага пачута змалку найперш ад яе.
* * *
Заходзіць сонца — цэлы бяздымны пажар, далека за рэдкімі дрэвамі. Яшчэ ўсё салавей.
A ўдзень ляцелі невысока два жоравы, курлыкалі — хоць ты бяжы за імі. Няўжо гэтага мала?
* * *
Худы, заганяны калгасны каняга, як быццам нейкі маўклівы змоўшчык.
Колькі праз яго прайшло нелегальных паўлітраў? Конюху адзін, аратаму другі. I ўсе яны — міма каня, на радасць тым, што пілі, i тым, што ўдала ўправіліся з дачнымі соткамі.
А ён хоць бы пырхнуў!..
* * *
Быць сучаеным i разам з тым верыць, што тое, чаго не змог надрукаваць цяпер, у свой час, выдасца потым. Ужо не ў сваім часе? Зробленае з надзеяй на час лепшы?
* * *
Колькі я страціў часу, пакуль не пісаў!..
А можа, якраз i нічога не страціў, але набыў,— якасна, дзеля таго, у тое, што вось пішу, як быццам наўздагон.
* * *
Калі чытаеш цікавую, таленавітую рэч, дык i жыццё мае разумны сэнс.
Як у мяне цяпер, чытаючы ў «Крыніцы» незнаёмага дагэтуль немца Зюскінда — «Басэтля».
* * *
I гэта ж трэба разумець, як дзве ластаўкі, блізенька седзячы на драціне, на фоне блакіту, проста сабе шчасліва маўчаць.
* * *
Нехта піша інакш, чым я, чым мне хацелася б. Ну i што? Спытаемся з адчуваннем прасторы, свабоднай i для яго, i для мяне. Прасторы i свежасці, як пасля задухі перад дажджом.
* * *
На ўчарашнім тэлеэкране з Косава.
Маці-сялянка, па-пажылому тоўстая, бежанка ў дарожнай стоме. Спыненая «грушай» замежнага карэспандэнта, i з нейкай адчайнай усмешкай, i ca слязьмі сказала яму,— усё роўна мне, па-сербску ці па-албанску,— што ў яе з сынам толькі й багацця, што ў клунках, а яшчэ ж i не ведаюць, ці дома, куды вяртаюцца, што-небудзь засталося ад пажару або разбурэння.
Сын — крыху воддаль за ёю. Стомлены i маўклівы юнак. Цераз нашага Антося я адчуў яго горкую долю заўчаснага гаспадара, апекуна маці, у якога ні сродкаў якіх, ні вопыту.
Да болю шкада. Хоць боль гэты i мімалётны, здалёк.
* * *
У «Супружеской жизни» Эрвэ Базэна, у пачатку рамана, дзе маладое каханне, прыемна думалася, як гэта можна пра ўсё гаварыць культурна i хвалююча, без хамскага «сексу», якім некаторыя нашы, што неўпрыцям перасталі быць маладымі, намагаюцца сцвердзіць сваю еўрапейскасць.
I ўсюды ў яго натуральны, неназойлівы гумар, жыццядайная іронія, адзнака дабрадушнай сілы.
* * *
Што так — нягожа, што трэба стрымлівацца, паводзіць сябе заўсёды годна, прыстойна,— я ведаю гэта i сам, аднак, на жаль, усведамляючы яго тады, калі йене дый сарвуся. Найпрасцей сказаўшы — нервы. I адчуванне такое, нібы не сам я гэта зноў зрабіў.
* * *
У старасці па-дзіцячы здзіўляцца, як гэта вечна, нравечна цякуць па зямлі розныя па велічыні, па красе ды такія шматлікія рэкі...
* * *
Пакуль зайсці ў жахлівы пераход, я быў паблізу, сядзеў на прыпынку, чакаючы патрэбнага аўтобуса, доўга сядзеў i прыглядаўся да выпадковых дзяўчат, суадносячы ix з тымі сарака чатырма, што былі два месяцы таму назад задушаныя амаль побач з гэтым людным прыпынкам, светлым у спякоце,— задушаныя пад зямлёй... То больш, то менш прыкметныя, то лепш, то горш адзетыя ў спакусліва загарэлай аголенасці, усе прыгожыя ранняй маладосцю, дзяўчаткі то з'яўляліся перада мной, то знікалі, у клопаце, у шчэбеце сваім, здавалася, вельмі далёкія ад таго пякельнага моманту, тых крыклівых касталомных мінутаў. I ўяўлялася вельмі прыблізна, як пад нагамі людскога ахмялелага табуна хрумсцелі, ламаліся ножкі i ручкі, раздушваліся тварыкі i грудкі...
A ў дзень ад'езду я падаўся туды спецыяльна, адзін, каб з таго самага прыпынку, толькі ў падхмарным пахаладанні, пасля надоешняй грымотнай навальніцы прайсці пад зямлёю насупраць таго табуна, толькі ўяўляючы яго шалёна-крыклівы націск, нават, як гаварылася пасля, i з дзікім рогатам. Доўгі тунель, пераход пад шырокай вуліцай. На выхадзе, які тады быў уваходам, убегам, унаціскам маладога натоўпу з плошчы, з-пад дажджу i граду,— мноства прыступкаў, на якіх спатыкаліся i падалі ад слізготы таропкія, бездапаможныя ногі i ножкі, дзе ў жудасным крыку навалам клалася востра, гвалтоўнапакутная смерць. Гледзячы знізу на тыя высокія сходы, з папярэчнай паласою неба, як спадылба шырознага прычолку, балюча падумалася, якая была тут жахлівая пастка...
На сценах надпісы, фота, іконкі, свечачкі. Пад сценамі, з абодвух бакоў перахода, насцілы свежых i нясвежых кветак. Выхад пад хмарнае неба ўнізе амаль запоўнены людзьмі, у большасці маладымі...
Яшчэ ў самым пачатку трагедыі, у нашай дачнай далечы, чытаючы на тэлеэкране пералік задушаных, я ў нейкім цьмяным прадчуванні спыніўся на адным прозвішчы. Прозвішчы добра знаёмага, які нейкі час быў блізкі аднаму з маіх родных. Мог бы i сёння быць блізкім, каб не развод з яго дачкой. Памятаю — мой родны любіў зяця, разрыў перажываў бы нялёгка, калі б не памёр да гэтага. I зяць любіў цесця, пра што я спачатку здагадваўся збоку, а потым яшчэ больш упэўніўся, калі гэты прасцецкі, шчыры вясковы хлапчына, змалку бязбацькавіч, з бядой сваёю прыйшоў да мяне, шукаючы развагі i палёгкі. Пасля палёгка прыйшла ў другім жанімстве, тым больш — у нараджэнні дачкі.
I вось яна, тая дачка,— я вылічыў прыблізна: гадоў пасля шаснаццаці,— на фота ў кветках, а другім вянком вакол яе прыемнага тварыка — надпісы на сцяне. Няхай наіўныя, недаўгавечныя, але ж i поўныя шчырага жалю. Ад якога i я дзергануўся міжволі ў нячутным для кагосьці плачы...
А як жа тым, у каго найбольшая роднасць, дружба, каханне?..
Цяжка ішлося адтуль.
* * *
У кнігу пра Неман мне было прыемна парэкамендаваць два невялікія ўрыўкі з Калеснікавай аповесці «Доўт памяці». Як яму з мамай i татам чароўна плылося супраць быстрай позневячэрняй плыні ў чайцы, на ўсяночную ў Ярэмічы, як зімою Нёман ператвараўся ў выдатны каток, i трэба было самому ладзіць канькі. Драўляныя, на канце падкаваныя кавалкам тоўстага дроту. Гэты другі ўрывак з Валодзевай аповесці выходзіў на школьныя вершы Якуба Коласа, што так хвалявалі майстра канькоў i лыжаў родным словам, i я не стаў там лішне скарачацца,— такое нам трэба ды трэба...
Відаць, ад гэтага сутыкнення з сябравым малечым светам у памяці маёй замільгала даволі настойліва, прыемна ажыло i сваё. Наш загорскі сусед, вясёлы ды ўпарты дзядзька Паўлюк, прыйшоў да мяне, шасцікласніка, з польскім «элементажам» іхняй Любы i абураным здзіўленнем:
— Скажы, Іван, як гэта можна, каб такое ды ў буквары: «Папуга хцэ сера»?!
Прыйшлося растлумачваць, што ён, па-нашаму папугай, хоча сыру, а не таго, пра што дзядзька падумаў не ведаючы, што наша «е» — гэта польскае «э».
Пасмяяўшыся разам са мною i тымі, хто быў тады ў хаце (не памятаю), дзядзька пайшоў з «элементажам» дахаты, а мне вось помніцца цэлых семдзесят гадоў
Па малако ў пасёлачак я штодня прыходжу ў сем з мінутамі. A гарадскі гаспадынін унучак, шасцігадовы Валодзька, ужо або забаўляецца ca сваім чорным шчанюком, або штосьці майструе на панадворку. Калі я першы раз здзівіўся з гэтага перад яго бабуляй, яна засмяялася:
— А Бо-о, дык ён жа спаць лажыцца ў пяць гадзін!..