З людзьмi i сам-насам
З людзьмi i сам-насам читать книгу онлайн
Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
I пра шчырасць ix трэба сказаць, бо гэта ж з ёю яны накіраваліся ў такую дарогу жыцця, дзе болей працы, чым наедку ды пашаны.
* * *
Во, i яшчэ адзін пнецца быць вельмі сучасным, усё ў яго «аповедзе» на адных намёках, на глыбакадумным недагаворванні... А я, прачытаўшы цярпліва, амаль пазяхнуў: не хапала яшчэ здагадвацца, што тут у цябе да чаго!..
* * *
...сказала, што ў Куляшова лермантаўскі радок «и звезда с звездою говорит» гучыць значна лепш: «зорка зорцы голас падае». Мне было прыемна пачуць гэта, бо i самому той радок Міхаіла Юр'евіча заўсёды адчуваўся ад збегу зычных цяжкаватым.
У «Немане» разумны артыкул Бугаёва пра Куляшова, ад чаго мне цьмяна прыгадалася нядаўна прачытанае ў «Навінах» молада-цынічнае, што Куляшоў маўляў, аўтар верша «Камсамольскі білет» i яшчэ чагосьці іншага. Няўжо гэты верш, якім савецкая педагогіка доўга ды бязлітасна барабаніла па мазгах нялетніх чытачоў трэба абавязкова згадваць так, нібы ён закрэслівае ўсё іншае ў таленавітага, высокакультурнага паэта?.. Нікуды ўжо не падзецца ад тага, што i ў Купалы, i ў Коласа, i ў маладзейшых, шануючы ў ix па-сапраўднаму іхняе, галоўнае, нямала вольнай-нявольнай палітычнай рыторыкі трэба адшалушваць ды па магчымасці забываць. * * *
* * *
Абагдарыць снеданне, абед, вячэру ці так які пачастунак,— абы-як падрыхтаваць тое, што з Божага дару. Такое чуецца ў гэтым слове з маіх родных мясцін. Няма яго ні ў тлумачальным, ні ў паўночназаходнім слоўніках. А вось узяло ды само прыйшло з дал ёкай памяці.
* * *
«Пісаць для вечнасці» — гэта не з думкай пра вечнасць твайго слова, а з належнай настройкай на тое, што па-сапраўднаму жывое i застанецца жыццём.
I няма чаго кпіць з тых, хто ў гэтым паслядоўныя, не мітусяцца.
* * *
Недаперачытаная з дзён свежай жалобы кніга Навума Кісліка «Лестница лет».
Паспрабаваў нібы чапляцца: мова вывучаная, месцамі кніжная, не ўсюды ад сэрца, больш ад розуму. А потым i такое:
Льнут к стеклу любопытные листья,
тень нетерпенья дрожит на стене:
праздник предвидится в скромном жилище —
добрая книга лежит на столе.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Выключим радио, двери закроем,
ясного света побольше дадим,
чтобы ничто не мешало — запоем
праздновать встречу один на один.
Строфы — першая i апошняя, але адчуванне ўсё. I так добра, люба вядомае.
Можна i з іншых вершаў выпісаць падкрэсленае на палях. Паэзія. Немітусліва-ціхая паглыбленасць у яе. I робячы сваё, i памагаючы другім добрымі перакладамі. За што i ад мяне ў душы паўтарылася: «Дзякую!»
* * *
«Якое жыццё, такая i літаратура» — у сэнсе адлюстравання.
Значыцца, жыццё як мага ніжэй апусціць i туды ўжо цягнуць літаратуру?..
* * *
Пасмяротны Поўны збор твораў. На тое, каб пакараць маю памяць доказамі, колькі непатрэбнага i шкоднага я напісаў?..
* * *
Ноч. Уключыўшы святло.
Каб хацеў паплакаць па тых, што адышлі, дык i паплакаць няма з кім.
Апошні з найбліжэйшых — Шура, пляменнік, але амаль равеснік i блізкі, як брат, пра якога думаю, якога бачу прыступамі, зноў ды зноў. Штуршкі бываюць i такія, што ўспамінаецца евангельскае: «Душа моя скорбит смертельно». На такой ужо, здаецца, набліжанасці. I неяк нібы ненатуральна не страшна ад гэтага. Відаць, таму, што яшчэ не на ўзмежку.
* * *
Паэзію Пушкіна я любіў заўсёды. Вось перачытваю «Анегіна», упрыкуску два пераклады, Куляшова i Тувіма, час ад часу заглядваючы ў арыгінал. I адчуваецца — не перачытваю, а чытаю зноў як новае, з дакорам самому сабе, што не так, як належыцца, чытаў гэта, хоць i неаднойчы, але не ўчытваючыся ў глыбіню.
* * *
...Плачу ад Танінай закаханасці, ужо з дарослай унучкай, з яе чыстай красою параўноўваючы тую, душой паэта народжаную барышню, якая сутыкаецца юнай душой з суровай ды глыбокай, мудрай пяшчотнасцю нянінай народна-жаночай душы, якую Пушкін даваў нам, напэўна ж, бачачы сваю Арыну Радзівонаўну. Недзе ж чытаў я, што Радзівоніха была беларускай, што зусім верагодна ў тым этнічным паграніччы. А памятаючы яшчэ i пра эфіопскае паходжанне Аляксандра Сяргеевіча, чытаючы цяпер яго на трох мовах адразу, хораша адчуваецца агульналюдское.
Вельмі шкада, што якраз на тым XV раздзельчыку, дзе маэстра Тувім усклікнуў, як на развітанне: «Tatiano, o Tatiano miła!», пераклад яго незваротна абрываецца, а далейшы, Важыкаў, гучыць не так дасканала ў паэтычнай адэкватнасці.
* * *
Інтэграцыя, аб'яднанне пагражае нам не толькі цынкавымі трунамі ды «отдельными фрагментами тел» з гарачых пунктаў недаразваленай імперыі, але i раепраеторамі Поўначы i Сібіры, якія засумавалі па новых «нацдэмах» — катаржанах ды ссыльных...
* * *
Цытаваць належыцца звычайна класікаў, а мне вось спадабалася ў маладзейшага ды знешне нягучнага рускага сябра па прафесіі такое, што нават i перакладу:
«Для таго, хто піша, што б ён ні пісаў, самае цяжкае — не сацыяльны прыгнет, не цэнзура, не безграшоўе, не пахворванне, а час, калі не пішацца. A калі пішацца — няма ні хваробаў, ні безграшоўя, ні цэнзуры ці сацыяльнага прыгнёту, цяпер яму — дарогу дай! — ён зноў шчаслівы».
Паэт Федзя Яфімаў. Калі я званіў яму, мы гэтай мудрасцю, гэтым крэда падзяліліся весела, кожны, вядома ж, успомніўшы ў душы сваё.
* * *
Адчуваючы патрэбу i абавязак сказаць пра тое добрае ў бліжнім, што не павінна разам з ім пайсці ў нябыт, трэба ці ўмець, ці вучыцца асцярожна абыходзіць ягоную гразь, ці моўчкі, цярпліва перабрыдаць цераз яе, i думаючы пра блізкі надзейны бераг, зямлю, апору пад сабой, i падмацоўваючыся разуменнем, што гразі, такой самай ці большай, нямала i ў цябе самога, але ж не ўвесь ты ў ёй, а ёсць яно, добрае, светлае i ў табе, як i ў тым другім, пра каго ты хочаш сказаць неабходнае. Памагай табе Бог у цярплівым маўчанні!
* * *
«Мы далі б вам большую аўтаномію, чым даюць рускія». З такой нахабнай прыязнасцю гаварыў мне гэта пан Я., польскі прафесар, увосені 1987-га, ідучы побач па нашай зямлі.
Так думаюць дый гавораць i рускія дэмакраты, на свой лад, лічачы не менш нахабна, што i яны маюць нейкае права камусьці даваць або не даваць, грубай, бязлітаснай сілай не дазваляючы яму па боскаму, па чалавечаму праву браць належнае самастойна.
Такая ўжо доля слабейшых, калі ix няхай сабе i дзесяць мільёнаў, як нас, або значна менш, як лужыцкіх сорбаў ці кашубаў, або i значна больш, як украінцаў ці курдаў.
* * *
Два маладыя беларусы, журналіст i ксёндз, адказваючы па радыё на пытанне перыферыйнага слухача, ці муж i жонка, якія ў каханні ды згодзе пражылі сваё на зямлі, i на небе будуць таксама разам, доўга i цьмяна блытаюцца ў біблійных цытатах, богведама куды падзеўшы сваё юначае, здаровае адчуванне гумару. Ну i што там старый праведнікі будуць рабіць на тым небе, у штодзённым бясконцым святкаванні — у «дурня» гуляць, глядзець тэлевізійныя серыялы, маліцца ўдзячна за вялікапанскі догляд?..
* * *
Чытаючы па-польску славенца Драга Янчара, «Terra inkognita», успомніў пляменніка Шуру, як ён, маладзенькі тэхнік-лейтэнант у танкісцкім камбінезоне, абараніў ад магутна-нахабнага казака дзяўчынку з венгерскай сям'і, у якой спыніўся. Казак з лаянкай страшыў яго аўтаматам, а Шура сказаў, што «пісталет у мяне бліжэй», бо ў кішэні камбінезона, а не за плячыма, як у цябе... Злосць на злосць, аднак пасля абаронца быў вельмі рады, калі тая казацкая часць у той самы дзень пакінула вёску, у якой танкісты яшчэ заставаліся.