-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 371
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Зняў абажур, сунуў у куток пад вешалку. Заўтра ж загадаць, каб і знаку нэпманскага гэтага блуду тут не было.

На стале на заўсёдным месцы бялеў лісток. Зводка за суткі. Башлыкоў, зайшоўшы за стол, звыкла працягнуў да яго руку і раптам важка спыніў. Зводка! Устарэла, паламалася зводка! Стрымліваючы непрыемнае пачуццё, што адразу ажыло, узяў два канверты, якія ляжалі побач зводкі. На першым ён адразу пазнаў почырк Нінкі — сястры. Ліст з дому. Почырк на другім быў таксама знаёмы, пісаў гомельскі прыяцель Лёня Мандрыка. Аб гэтым сведчыў і подпіс унізе канверта: некалькі літар з адмысловымі кручкамі. Подпіс, годны, як смяяўся Лёня, таго, каб падпісваць грошы. Пісьмо было напісана пачціва, афіцыйна — «Сакратару Юравіцкага райкома таварышу…». Нават за подпісам гэтым бачыўся вясёлы таварышаў характар.

Башлыкоў адарваў край канверта: захацелася пачуць вясёлы голас. Ледзь разгарнуў сіні, шурпаты, з лінеечкамі лісток, у вочы кінулася: «Алёшка, чарцяка!» Ад гарэзнага, таварыскага ўсярэдзіне адразу пацяплела: быццам раптам аказаўся ў мілым Гомелі, сярод прыяцеляў ці дзе-небудзь у парку над Сожам. Ухапіўся позіркам у ліст: «Як ты там ваюеш? Як ты пераворваеш там старыя ўласніцкія межы? Крышы там кулацкую і ўсякую іншую нечысць! Штоб усе адчувалі тваю цвёрдую, рабоча-пралетарскую руку!.. Алёшка, я чытаю пра цябе ў газетах і — ганаруся! І проста не веру, што гэта з табой лазіў праз плот, у дзірку, на стадыён. Помніш, чарцяка?.. А цяпер я — ганаруся, ты — наша слава!..» За ўсім гэтым Башлыкоў чуў задзірысты, гарэзны голас Лёнькі, якога ён калісьці любіў, з якім так лёгка было глядзець на свет. Сёння голас гэты не толькі не весяліў, а абуджаў непрыемнае ў душы, тое, што не хацелася чапаць. «Ганарымся!.. Ты — наша слава!.. Чытаем!..» — словы гэтыя сёння быццам недалікатна дражнілі.

Ён ужо хацеў кінуць чытаць, калі позірк раптам выхапіў сярод радкоў — «Лена». Чуючы, як часта стала біцца сэрца, ён пайшоў па радках: «Зайздрошчу і ганаруся, між іншым, не толькі я. Я зараз табе напішу такое, што ты — заікам станеш! Падрыхтуйся, чарцяка, і трымайся! Не падай на падлогу! Бачыў я тут на днях, каго б ты думаеш? Век не адгадаеш! Лену!.. Іду па Савецкай і проста — твар у твар! Я аж вачам не паверыў!..» Як бы праз туман, праз гарачы звон, пранізвалася: Лена ў Гомелі. Прыехала ад мужа. Не вельмі шчаслівая — «мякка кажучы!». Хоць і выгляду не падае. Доўга, «аж сцінала ёй дыханне», распытвала пра яго. «Пра Алёшку». Сказала, што ён далёка пойдзе і што яна — «рада за яго»! А пра сябе расказваць не стала: «Нічога асаблівага. Жыву і — усё…» Кожнае слова адгукалася звонам, біла, а апошняе мацней за ўсё: «Праз дзень, сказала, паедзе назад! Нявесела сказала!.. Разумееш ты, чарцяка, што робіцца на свеце?!» — пытаўся недарэчы весела Лёня.

За гэтым Лёня пісаў пра гомельскія навіны, пра тое, якая гэта неспакойная і вясёлая служба — яго клуб. Відаць, здагадваючыся, што растрывожыў напамінкам пра Лену, зазначыў, што ў Гомелі многа паявілася дзяўчат харошых, і раіў: на свеце ёсць і іншыя важныя рэчы, акрамя спраў. Вырвіся на дзень-два, шкадаваць не будзеш!..

Башлыкову не спадабаліся пашлаватая гуллівасць апошніх радкоў пісьма і запрашэнне з намёкамі, асабліва непатрэбныя пасля ўсяго, што было пра Лену. Але гэта адзначылася мімаходзь у душы, ва ўсёй істоце было адно: Лена! Ці ад таго, што ён быў стомлены, ці ад таго, што такая навіна абрынулася так неспадзявана, Башлыкоў дзіўна не мог думаць, жыў толькі гарачым і важкім адчуваннем: Лена, была ў Гомелі, нешчаслівая, любіць. Любіць усё ж. Лена, Лена, Лена — звінела на розныя галасы…

Ён з намаганнем зварухнуўся, узяў пісьмо ад Ніны. Кожны раз, калі ён браў пісьмо з дому ці проста думаў пра дом, пра родных, яго нязменна апаноўваў складаны свет. Вярталася галоднае, у знясільнай працы маленства, цёмны, сыры барак у залінейным раёне. Уваходзіла ў пакой, станавілася побач, век у турбоце, у страху пра хлеб, пра дзяцей, маці. Пяшчотная і няшчасная на ўсё жыццё сястрычка Ніна, здаровы, пешчаны маткаю Барыс. Ажывала ў памяці даўняя крыўда, непрыхільнасць: мучыліся адны, пры жывым бацьку, які недзе, былі ўпэўнены, раскошастваваў з іншаю жанчынай. Стракатае, поўнае прагнай дзейнасці і шырокіх, на ўвесь сусвет, надзей камсамольскае юнацтва ледзь не ўвесь час хмарылі неадольныя супярэчнасці з тым, што было дома. Старыя бядоты не ўсе засталіся ў бараку, многія пераехалі ў светлы, каменны пакой каля парку, які далі Башлыкову. Пяшчота да маці, што гадавала траіх, мяшалася са шкадаваннем: не ўберагла, дала на памяць яму і Ніне сухоты. Ніну зрабіла калекай. Ніна, мілая, разумная Ніна, з вострымі плячыма, з няшчасцем-горбам…

У супярэчлівы свет памяці заўсёды ўнізвалася, турбавала адчуванне віны: памагае мала. Праўда, грошы пасылае, кожны месяц усё, што можа. Але хіба даволі грошай адных ім. Ніне, якую неяк трэба было б завезці да добрага спецыяліста, паспрабаваць выбавіць з бяды. Барысу, якога трэба было б накіроўваць цвёрдай рукой. Маці, якая адна разрываецца між абаіх…

Сёння з усім гэтым неспакоем мяшалася і свежая, неспадзяваная туга пра Лену. Лена, Лена…

Нініна пісьмо, як заўсёды, пачыналася пяшчотным: «Добры дзень, любы наш Алёшка!» Пытанні, як жыве, шкадаванне, што, мабыць, работы многа. Не глядзіць сябе, недасыпае і галадае. У дарозе ўсё, на холадзе. А яна — вучыцца, і вучыцца добра. На вельмі добра. І здаровая, і вясёлая. «Дзяўчаты і хлопцы ў нас — як адзін. Дружныя і дасціпныя. На пераменку да нас прыходзяць з другіх груп — каб парагатаць! Ведаюць: у нас сумаваць не ўмеюць!» Маці таксама здаровая. Толькі ўсё перажывае за яго, за Алёшу. І наказала нават, каб напісала: няхай беражэ сябе! «Адным словам — усё ў нас па-ранейшаму», — супакойвала, цешыла Башлыкова сястра. Здаецца, сёння яна лішне ўжо старалася супакоіць яго, і ў Башлыкова ў стоме з'явілася прадчуванне, што ў іх там нешта здарылася. І праўда, за гэтым ішло асцярожнае: «Толькі з Барысам — важныя навіны. Барысік наш, здаецца, сур'ёзна сабраўся стаць дарослым! Прыбіцца, нарэшце, да берага і пачаць сталае жыццё!.. Пра тое, як гэта сур'ёзна, можна меркаваць ужо з таго, што ён цяпер усе дні ля адной прыстані… Прыстань гэта — Ліза Шэпель!.. Усе дні, усюды — разам! Проста — галубкі!.. Увесь вольны час — у яе пакоі… Мяркуючы па ўсім, у іх далёка зайшло. Ходзяць чуткі, што можа быць нейкі нашчадак… Так што ў нас, Алёшка, новы сваяк — таварыш Шэпель!..»

Як ні быў знябыты, перапоўнены ранейшымі падзеямі, Башлыкоў некалькі хвілін не знаходзіў месца ад хвалявання. Устаў, закурыў, зацягнуўся, аж зайшоўся кашлем. Нецярпліва, раззлавана захадзіў па пакоі. «Сваяк — таварыш Шэпель!» Таварыш Шэпель! Пан Шэпель! Гаспадар некалі багатай аптэкі! І моднага парфумнага магазіна! Нэпман, гандляр, вядомы ўсяму гораду!

Усяго, здаецца, можна было чакаць ад гэтага балбеса, ад Барыса. А такога не чакаў. Дадумацца не дадумаўся б! «Сваяк таварыша Шэпеля! Таварыша Шэпеля!» Сакратар райкома — сваяк Шэпеля, нэпмана, прайдзісвета!

З глузду ён з'ехаў, ці што, дурань гэты? Гэта ж дадумацца — з тысяч дзяўчат, харошых, рабочых дачок выбраць такую спадарожніцу! Нібы знарок! Ды і знарок, каб хацеў, дадумацца б трэба! Каб раней гады два-тры! Зразумець яшчэ неяк можна было б! А цяпер, цяпер!.. Зразумець можна было б, ён бачыў Лізу Шэпель, ведаў красуню. Але ён так абураны быў цяпер усім, што не разумеў, не хацеў разумець! Зрабіць такое глупства ў цяперашні час — калі ідзе такі наступ! Паставіць сябе і яго, брата, у такое становішча!

Ён падумаў, як адгукнуцца на ўсё гэта сябры там, у Гомелі. Загадзя ўявіў, што ледзь не кожны, не інакш, будзе вінаваціць яго, Башлыкова. Не выхаваў як належыць. Свайго меншага брата не здолеў выхаваць! Кіраўнік!.. Будуць вінаваціць — і будуць рабіць справядліва! Не выхаваў! Не змог!

Прыйшло ў галаву: цяпер, кожны раз, расказваючы пра сябе, ён павінен будзе паведамляць пра гэта. Тлумачыць у анкетах, у аўтабіяграфіях! Упісваць у сваё жыццё! Якое ён хацеў жыць чыстым! І быў чыстым дасюль!..

Усё так блыталася, што яго раптам узяў адчай. Чорт ведае што за ноч! Злыя твары на сходзе. Поўны правал у Глінішчах. Непатрэбная, балючая вестка пра Лену. І напаследак — гэтае: сваяк пана Шэпеля! Усё разам, сышлося адусюль!

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название