Каб паслухаць Белавежу,
Я пайду па цаліку,
Па марознаму бязмежжу,
Па рыпучым шарпаку,
Забяруся ў глуш такую,
Дзе пануе белізна,
Толькі рыжая мышкуе,
Ды парыпвае сасна,
Ды з вяршалін анямелых
Абтрасае
Вецер снег.
I навокал —
Бела-бела.
I зацішна —
Як у сне.
Там высокія сумёты
Паўпіраліся ў камлі,
Нібы айсбергі самоты
Прьгалылі з усёй зямлі.
Пад ялінаю кашлатай
Шышкі выслалі пасцель.
Заварожаныя шаты
Ад вачэй
Схавалі цень.
I праз выстыласць лясную,
Праз глухое забыццё
Нечакана я пачую
Сэрца ўласнага біццё.
I знайду сляды старыя,
I ў бязмоўнасці снягоў
Усхвалёвана адкрыю
Вечнасць гэтага ўсяго...
Стаміўся ад бясконцай калатні,
Ад пустазвонства заклікаў і хартый,
Ад палітычнай шулерскай гульні,
Ад мільгацення лозунгаў і партый.
Заблытаўся ў настырнай чарадзе
Празорцаў і апосталаў крыклівых,
Што на людскім даверы і бядзе
Сабе падрыхтавалі ўзлёт імклівы.
З іх кожны разбіраецца як след,
Куды дарога выведзе прамая.
I кожны кліча за сабою ўслед.
I кожны Бога новага ўзнімае.
Яны крычаць пад крыламі сцягоў
Аб волі, справядлівасці і хлебе...
Мой Бог — народ.
I больш няма багоў
Ні на зямлі бязбожнай,
Ні на небе.
Яму, як цудадзейнаму ўрачу,
Што воляй найвышэйшаю абраны,
Сваю душу збалелую ўручу
I ўсе мае абвугленыя раны.
Ён прыбярог гаючасці запас.
А тых, што зграяй лётаюць па краі,—
Я веру,
Непазбежна прыйдзе час,—
Мой Бог за святатацтва пакарае...
Адкуль нам лёс яго прынёс,
З якога пастырскага поля?
Ён горда ўзняўся,
Як Хрыстос,
Над нашай горкаю юдоллю.
У далечы,
Дзе пыл і прах,
Ён вокам праведным убачыў
Святы выратавальны шлях
З няволі нашай і нястачаў.
Ён кліча вояў да сябе.
Ён ведае, што заўтра будзе...
I кулаком рашуча б'е
У звонкія ад гневу грудзі.
Сабе палёгкі не дае,
Хоць да крыжа і не прыкуты,
Вяшчуе гучна пра свае
Выпрабаванні і пакуты.
Ужо скрывавіўся кулак,
Ужо нашчэнт разбіты грудзі...
Але Хрыстом усё ніяк
Яго назваць не хочуць людзі.
Наш парламент да дзівос ахвочы.
Гэткага, відаць, не бачыў свет:
Дэпутаты з асалодай топчуць
Яшчэ кволы суверэнітэт.
Ярлыкі расклейваюць сурова,
Распаляюць пракурорскі сверб:
То не даспадобы наша мова,
То не тыя даўні сцяг і герб...
Дабівайце край наш,
Дабівайце
Злосцю,
Раўнадушшам,
Глухатой.
Толькі аб адным не забывайце,
Што без Беларусі вы — ніхто.
Не крычыце,
Што займелі права
Выбраць для сябе і лёс такі,
Што ва ўсіх людзей —
Свая дзяржава,
Ну а мы —
Нібыта прымакі.
Так,
Для вас мы —
Смешныя тубыльцы,
Неслухі з правінцыі глухой,
Што павінны міласці дабіцца —
Жыць з суседам пад адной страхой.
Як карціць вам
Вопытнаю хваткай
Нам зламаць на ваш капыл жыццё
Ну а што вы скажаце нашчадкам?
Як вы ў вочы ім пагледзіцё?..
Разгублена ўзіраецца Айчына —
Што за дзівосы робяцца ў жыцці:
Палітыкі і ўгледзець немагчыма.
Ну а палітыкаў — хоць гаць гаці.
Паміж старымі новыя пасталі.
Аб'яўленыя, як правадыры.
Хто — на трыбуне,
Хто — на п'едэстале
Ці то ў сталіцы,
Ці ў сваім двары.
Ад закліканняў —
Розгалас шырокі.
Ад смелых выкрыванняў
Аж трасе.
Усе —
Першапраходцы і прарокі.
Пакутнікі і праўдалюбы — ўсе.
Даходзяць у запале да вар'яцтва —
З душы вылазіць бессаромны звер.
Адрынуты сяброўства і сваяцтва,
Адкінуты сумленнасць і давер.
Не могуць ні ачахнуць, ні спыніцца,
Сляпыя самазванцы-каралі.
I ўскач нясецца ўлады калясніца...
Чым скончыцца ўсё гэта
I калі?