Некалькі новых штрыхоў да знаёмых партрэтаў
Меней слоў і паболей справы! —
Заклікае імклівы час.
Ды ўхмыляецца
злева і справа
Бюракратаў тупая арава,
Не адпраўленая ў запас.
Затаіцца для іх — не нова.
Ціха плодзяць на даўні лад
Пастанову за пастановай,
За дакладам — чарговы даклад.
У паперы ўлягаюць зацята,
Развярэджваюць сверб стары —
Ужо з новых прамоў цытаты
Засцілаюць прывычна сталы.
Зноў стагуюць інструкцый салому
Кабінетныя бугаі.
Так ім хочацца па-старому
У бясконцых нарад гаі.
Б'юць у грудзі, наперад пнуцца —
Толькі б страціць пасад паменш
I загнаць у вятрак рэзалюцый
Свежы вецер крутых перамен.
Балабонства іх не стаміла —
Кожны ўсмак шчыраваць прывык.
I раскручваюць з новай сілай
Канцылярскі цяжкі махавік...
Час перамен нялёгкі і няпросты.
З душы змываюць ліпкі глей гады...
I чалавек, які галёкаў тосты,
Цяпер маўчыць, набраўшы ў рот вады.
Ён чуйна ловіць строгія прамовы,
Паслужліва ківае неўпапад.
I ён змяніцца, як і ўсе, гатовы.
Ды як мяняцца,— не прыйшоў загад.
Яшчэ свярбіць бяздумнасці кароста,
Пяршыць у горле зычнае «ура!»,
За перамены ён бы грымнуў тосты,
Але для тостаў адышла пара...
Як толькі новы паварот
Зрабіць наш час збіраецца,
Ён тут жа разяўляе рот
I не змаўкаць стараецца.
Сваё пагарднае ныццё
Ліе ў любую тэму,
Хвастае здзекліва жыццё,
Начальства і сістэму.
Ажно калоціцца, бядак,
За цэлы свет маркоціцца,
Што ўсё не гэтак і не так
I да адхону коціцца.
Ён бачыць хітрыкі наскрозь
I з праўдай параўноўвае.
Паслухаць гэткага —
дык вось
Хто ўрэшце сцвердзіць новае
I здолее рашуча ўраз
Усё дурное вымесці —
Адно каб атрымаць ад нас
Падтрымку і магчымасці...
Ды што за дзіва —
галубок,
Ледзь час да спраў скіроўвае,
Паціху адлятае ў бок
Зусім не той, дзе новае.
Ён, што не шкадаваў грымот
На шэры дзень аджылы,
Не хоча ліць салёны пот,
Ірваць не хоча жылы.
Незадаволена сапе
Салідна і прывычна
I па-старому пад сябе
Грабе сістэматычна.
Каб сілы захаваць свае,
Хвалюецца нячаста
I прынародна прызнае
Сістэму і начальства.
Не лямантуе, не кіпіць,
Не сніць суда суровага...
Ён будзе злосць сваю капіць
Да павароту новага.
Ах, балбатлівыя прарокі,
Бяздумна ўзрушаны атрад!
З вас кожны знае шлях шырокі,
Але чамусьці ўсё — назад.
Пра ўнукаў думайце,
Пра ўнукаў.
За імі —
Будучыні час.
Яны сумленнем і навукай
Яшчэ не раз правераць нас.
Спакойна пройдуць нашым следам
Былое правядуць праз нас...
Не дай вам Божа,
Калі дзеда
Ім будзе сорамна прызнаць...
Цяжкі застой на Беларусі
Каторы год.
I разважаюць людзі:
Мусіць,
Такі народ.
Чужым і ўласным дармаедам
Глядзіць у рот
I паслухмяна крочыць следам —
Такі народ.
Як ні гукай адчайна:
— Людцы!
Ганіце зброд!
Яны ў адказ адно смяюцца.
Такі народ.
Не хочуць мець парадак новы.
Наадварот,
Гатовы жыць без роднай мовы.
Такі народ.
Хаця прывык да ўсякай працы,
Шукае брод,
Каб не дай Бог не вытыркацца.
Такі народ.
Трываць дурныя кпіны будзе
I недарод...
Няўжо і праўду кажуць людзі —
Такі народ?..
Я ведаю:
Нядобрых моў няма,
У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла,
Якая песняроў ускаласіла
I мудра зберагла,
Каб не скасіла
Іх ні хлусня,
Ні слава,
Ні турма.
Я слаўлю мову,
Што яднання дар
Дала і акадэміку, і цеслю.
I ў думках нават я не перакрэслю
Чужую споведзь і чужую песню,
Якія зразумець мне лёс не даў.
Як самая дакладная з навук,
Нам мова праз стагоддзі захавала
Пах палыну
I тонкі звон металу,
Арліны клёкат,
Гулкі гул абвалу —
Усё, што пераліта ў кожны гук.
I правіла прыдумалі не мы,
Што там,
Дзе не шануюць роднай мовы,
Мялеюць рэкі,
Нішчацца дубровы,
Каля магілак пасвяцца каровы,
Народ там мёртвы,
А той край — нямы.
Быць у пустэльні не жадаю я.
I не хачу я мець сяброў бязмоўных,
Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных,
Малення поўных
I здзіўлення поўных,
Усіх пявучых
I усіх — галоўных.
I толькі так —
Як роўная між роўных —
Жыць можа мова родная мая...
Бязбожнікі былыя ўсё часцей
Прыходзяць да царкоўнага парога.
(Калі дабра не бачыш ад людзей,
Знайсці спагаду спадзяешся ў Бога.)
Няўмела свечкі ставяць за ўпакой,
Гатовы сарамліва прычасціцца.
Баяцца вочы ўзняць —
Над галавой
Увысь анёлы ўзносяць таямніцы.
Нязвыкла словы даўнія гучаць,
Аж халадок перапаўняе грудзі,
Нібы спыніўся і змяніўся час —
Ці то ўжо ўсё было,
Ці толькі будзе.
З даверам,
Без папрокаў і маны,
Са сцен глядзяць прасветленыя твары.
I ў сэрцы будзяць гулкія званы
Раскаянне і прадчуванне кары.
А Ойча бласлаўляе ўсё смялей
Свавольную надзею маладую...
Быць можа, не паможа Бог,
Але
I выслухае ўсіх, і пашкадуе.
Непрыкметна падступіла восень —
Хутка пацямнела неба просінь,
Выстылі маўклівыя прасторы,
Не гарыць касцёр на касагоры
I плывуць ад лесу і з прылукі
Сумныя, прыцішаныя гукі.
Гэта, змыўшы жнівеньскія цені,
Несуцешна плача свет асенні.
Плача вецер над зламанай слівай.
Плача неба над нязжатай нівай.
Над свінцовай роўнядцзю затокі
Горка плача лебедзь адзінокі.
А між іх душа мая няйначай
Над самой сабой журботна плача.
Ад цякучкі бяздарнай,
Ад будзённай трухі
Сталасць клікне ўладарна
На былыя шляхі —
Поўны шчасця і болю,
Я прайду па гадах,
Па бацькоўскаму полю,
Па юначых слядах.
Па туманах і росах,
Па траве,
Па вадзе
Юнай памяці посах
Зноў мяне павядзе.
Прыпынюся на полі,
Дзе стаялі сябры,—
Хай мне ногі наколе
Іх іржэўнік стары.
У службовых замотах
Я не страціў правоў,
Каб паслухаць самотна
Іх сівых журавоў,
Каб у хісткім спляценні
Напамінаў і дат
Іх знаёмыя цені
Між рабін угадаць...
Чмыхне спуджаны вожык,
Нібы ўчуўшы бяду...
Я ўжо даўняга, можа,
Больш нідзе не знайду.
Ды хіба гэта мала,
Калі там пасяджу,
Дзе вясёлая мама
Серп схавала ў мяжу,
Дзе я мчаў з хлапчукамі
Да надрэчнай грады,
Дзе стаяў з васількамі
Бацька мой малады?..
Шырока вокны расчыні —
Хай лёгкі вецер уварвецца.
Такой густой гарачыні
Ніколі не было, здаецца.
Ля сонца —
Белыя кругі.
Далёка хмаркі адляцелі.
Вось-вось расплавяцца мазгі.
I ліпкі пот цячэ па целе.
На прызбе хоць абед вары —
Так спёка дыхае нязвыкла.
Замоўклі птушкі на двары.
Трава сасмяглая панікла.
Нясцерпнай духаты напал
Не выпускае цень за дзверы
Няўжо і ў небе — радыкал,
Які не адчувае меры?..
Чэрвень 1991 года. Карпаты.