Як з тайнай смерці стане сувязь крэўнай,
Спакойна зразумееш спакваля:
Нявечныя і курганы, і дрэвы,
Нявечная, напэўна, і зямля.
I ўжо не будзеш з крыўдаю і страхам
Пратэставаць, што ў вечнай барацьбе
Усё памрэ і стане лёгкім прахам
З табою,
Пры табе
Ці без цябе.
Таму ці варта плакаць над сабою,
Над свечкаю былога пачуцця,
Над кволаю галінкай,
Над слабою
Крупінкаю нявечнага жыцця?..
Ад Чарнобыля ў небе плыве аблачынка.
А па лузе ідуць хлапчанё і дзяўчынка.
Вецер шастае колкі.
Ліпкі дожджык імжыць...
I хто ведае,
Колькі
Засталося ім жыць.
Дзеўчанё яснавокае
I хлапчук светла-русы —
Па вясновай зямлі ідуць беларусы.
Узіраюцца ў неба зусім без апаскі,
Каля сцежкі зрываюць паніклыя краскі.
I прагрэс перад позіркам іхнім дрыжыць.
«А ці будзем мы жыць?»
«А ці будзем мы жыць?!»
З хронікі бяды
... Перазвоньваліся начальнікі:
— Што чуваць?
Што казаць?
Што рабіць?..
— Вы галоўнае там — без панікі.
Не надумайцеся трубіць...
— На палях — трактары і людзі.
Пасяўною занята сяло...
— А што будзе, тое і будзе.
Толькі б панікі не было!
— Ходзяць чуткі...
— Спыніць рашуча!
— Кажуць фізікі...
— Абвяргаць!
I галоўнае — не накручваць
I залішне не думаць...
маць!..
...Над загадамі і сакрэтамі,
Быццам зрэбныя ніткі бяды,
Працягнуліся між кабінетамі
Тэлефонныя правады.
А ўжо стома гняце свінцова.
А ўжо ў горле засохлым пяршыць.
I падумаць бы, як не прамову,
А жыццё сваё завяршыць...
Трубка стала перагравацца,
Як гарматнае джарало:
— Што вы лезеце з радыяцыяй?!
Толькі б панікі не было!!!
Той чарнобыльскай ноччу,
Як у жудасным сне,
Напамінам прарочым
Скаланула мяне —
Бліскавіцай урану
Можна свет спапяліць.
I пякельнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.
Больш не радуюць кветкі
I не клічуць грыбы.
Не магу я
Быць гэткім,
Як да гэтага быў.
Роздум змрочным тыранам
Будзе роспач цвяліць.
Незагойнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.
Што пакіну я ўнуку?
Што я сыну скажу?
На людзей і навуку
Я іначай гляджу.
I віной дараванай
Гора не адбяліць.
Невылечнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.
Як ва ўсім разабрацца
Нам без жудасных сноў,
Каб агонь радыяцый
Не ўзвіхурыўся зноў,
Каб не слалі праклёну
Нам ні лось, ні мядзведзь?.
Будзе, будзе да скону
Мне Чарнобыль балець...
А пад раніцу глуха зямля задрыжала,
I вятрыска не змог мерны гул пагасіць —
Па маўклівых прасеках, палянах, прагалах
Праімчалі задыханым статкам ласі.
Хто ім значыў у шэрым тумане дарогі?
Што на ногі ўзняло іхні кемлівы род?..
Аб старыя яліны ламаючы рогі,
Гнаў важак іх няспынна на ўсход і на ўсход.
У празорлівым воку ягоным сышліся
Вечаровыя здані і пачварныя сны:
Двухгаловыя рыбы, аблезлыя рысі
I сляпыя бяздзюбыя бацяны.
Ён інстынктам спрадвечным высочваў
сцяжыны,
Ад знаёмых азёр ласянят адганяў,
Вёў і вёў у дрымучыя нетры чужыя,
Быццам гналася следам ваўкадаваў гайня.
Не даваў перадыху няўцямнаму спеху,
Хоць халоднай расой спакушала трава,
Вечнай памяццю продкаў адчуваў
небяспеку,
Ад нязнанай пагрозы статак свой ратаваў,
Нёс па лесе
На капытах
Чарнобыльскі пыл
I чарнобыльскі страх...
Вось і прымусіў
Раскуты, раз'юшаны атам
На развітанне расстайнае
Кланяцца пуням і хатам,
Кланяцца студням,
Дрывотням,
Тынам,
Азяродам,
Зазелянелым садам
I засеяным агародам.
Вось і настала пара
Развітацца
З сабакам
I з пеўнем,
Гэткім вясёлым,
Чырвонабародым
I спеўным,
Моўчкі пагладзіць —
Ці ўдасца пабачыцца зноўку? —
Дужа слухмяную,
З чорным цяляткам,
Кароўку...
Нехта галосіць.
А нехта бязладна ляпеча...
Бабка ж Аўдоцця
Ніяк не расстанецца з печчу.
Перамаўляецца з ёй напаўголаса,
Нібы з жывою,
I да ляжанкі хінецца
Сваёю сівой галавою.
— Як жа ты будзеш адна,
Без мяне,
Мая любка?
Ты ж не пліта,
Не камін,
Не буржуйка,
Не грубка.
Я ж цябе
Толькі сухімі дрывамі
Паліла
I перад святамі
Свежаю крэйдай
Бяліла.
Столькі гадкоў
Мы жылі з табой
Дружна і міла.
Ты мяне грэла,
Карміла,
Не дужа дыміла.
I засланіла не раз
Перад смерцю самою.
I засталася са мною
Сяброўкай маёй
I сям'ёю.
Мужа забіла вайна,
А блакада дзяцей загубіла.
У галадуху
Радню ўсю
Забрала магіла.
Толькі з табой
I падзелішся
Скрухай і горам.
Мы і паплачам удзвюх,
I паскардзімся,
I пагаворым.
А вось цяпер
I зусім
Давякую
Адна я.
Хто будзе з нас шчаслівейшы,
I Бог сам не знае.
Перахрышчу я,
Дазволь,
Цябе тройчы
На ростань
I абагрэю
Здавён прыхаванай
Бяростай...
Двор свой пакінула бабка
Спакойна і смела.
Толькі з аўтобуса
Доўга
На родную вёску глядзела.
Бачыўся ёй
Пачарнелы ад часу дамок
I, як дыханне,
Над комінам
Сіні дымок.