Парастак
Парастак читать книгу онлайн
Новая кніга народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля — гэта своеасаблівы працяг лірычнай споведзі аўтара пра свет i пра сябе, пра людзей далёкіх i блізкіх, пра свой радавод. Прызнаны майстра прозы шчодра дзеліцца з чытачамі багаццем сваёй душы, шырока расчыняючы брамы скарбаў свайго жыцця, па якім ён ідзе з нязменнай мудрасцю i дабрынёю.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Застолле тым часам было спакваля на зыходзе, тэмы тостаў вычарпаліся, пачалі паўтарацца. Бо з тымі двума было яшчэ пяць маладзейшых сяброў-пісьменнікаў — Алесь Пашкевіч, Пятро Ламан, Барыс Пятровіч, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла. Пра тыя дубы, пра палатку паўтарылася зноў... I я дазволіў сабе такое:
— Калі тут у нас пасля дуба застаецца яго шырозна-круглы, магутна заземлены пень, то бывае i так, што нейкім цудам у яго западзе, ушчымліваецца малюпасік бярозавага насення... Ужо на працягу блізу дваццаці гадоў, вядучы новых ды новых гасцей да бацькі Немана, я паказваў ім на прыдарожным пні нявінна смелае беразанятка, пасля, праз іншыя дачныя леты, хваліў бярозку-падростка, а сёння ўжо, дарагія мае, мы з вамі палюбаваліся сталай красуняй!.. Дык возьмем яшчэ па кроплі i за бярозу на дубе. З ягонай сілай i з яе красой!.. Нічога, што я ўжо трохі надрукаваў пра гэта гадоў з сем-восем таму назад, — бяроза ж i далей расце, а новыя госці, дзякуй ім, едуць!..
Гэты, прысвечаны мне, верш Алеся Мілюця з падараванай яго кніжыцы «Паэзія баразны», датаваны 20-м жніўня 1939-га. Шэсцьдзесят пяць прайшло... Не магу, нават i не натужваюся ўспомніць, разабрацца, ці ён, Алесь, тады толькі напісаў тэты верш, ці i паспеў паслаць яго ў пісьме ca сваіх сціплых надвушанскіх Скорычаў у маю прыморскую, грозна-трывожную Гдыню, а я не атрымаў яго да выбуху вайны, ці ён паказваў мне яго, калі я вярнуўся з палону або пазней, у акупацыю ды ў партызанку, калі мы зрэдку сустракаліся, ці наогул я калі-небудзь бачыў яго ў сшытках сябравай спадчыны?.. Не памятаю, дый думаецца, што не ўспомню, бо ні ўпэўненасці, ні веры ў гэтым няма.
Толькі журботная радасць, удзячная радасць такой сустрэчы!..
Усё-такі палавіна жніўня.
З ночы пачаўшыся холадам, позні ранак i з сонцам, i з прыхмаранасцю, i з подыхамі свежага ветру, ад якога далей ад дома i пад небам уверсе паволі шугаюцца ўбакі вершаліны густога бярэзніку, a бліжэй, ніжэй, на агароднім кусце рамонку, нібы пад калыханку маладой нявыспанай матулі, чароўна, роўненька пагойдваюцца сонейкі вялікіх, у параўнанні з палявымі, кветак, лебядзіна белых, з залатымі сэрцамі.
«...Старэйшы беларускі пісьменнік. Жыве й працуе ў Мінску. Яго апошняя кніга...»
Біяграфічная даведка пра мяне ў «Arche », да змешчанага там эсэ.
Спачатку гэта трохі нязвычна, а потым можна i ўздыхнуць з палёгкай, — настолькі яно лепш за ўвесь набор эпітэтаў, якімі кішыць сённяшняя літаратурная паказуха, дзе i абстрактныя геніі, i па-савецку народныя, i па постсавецку культавыя, i на польскі лад слынныя ды выбітныя, i ад нашай правінцыйнасці эпахальныя ды сусветныя, нават «нобельскія», i па-біблейску апосталы ды прарокі... I яшчэ ж не ўсё ў пераліку!..
А яно ж, калі зусім цвяроза, дык аднаго пісьменнік, як азначэння прафесіі ці прызвання, трэба яшчэ заслужыць. A ў нас «пісьменнік» кожны той, хто што-небудзь як-небудзь напіша.
А тады ўжо ідуць эпітэты.
На жаль, нярэдка i ў тых, што пішуць добра.
Вечарэе. Пад выхадныя дні міма нас — хоць ты скажы: машына за машынай. На Нёман, у найпрыгажэйшыя, ужо далёка-шырока вядомыя, мясціны. На адпачынак i на рыбу. Электратокам яе, хоць і апошнюю, тэхнічна ў розных высокакультурных варыянтах!.. Ну, не ўсю, a толькі як сабе...
З гэтых як сабе яно ж i складаецца сёння — нашае жыццё.
Крыху здалёк ды знізу гляджу на адну з маладых, стромкіх бярозак i думаю, што каб я мог, умеў напісаць дзіцячую казку, яна пайшла б ад імя самага найверхняга лістка, — як ён глядзіць навокал, чым любуецца, што хоча сказаць...
На маім пісьмовым стале, у салатавым збаночку — кветкі, якіх учора Галя нарвала паблізу ад Міхасёвай магілы на запушчаных маласельскіх могілках. Не ведаем, нават яна, яго пляменніца, мая дачка, як яны называюцца... A калівы ix нагадваюць мне i сцяблінкі расквітнелай грэчкі, у якой гудуць патаемна пчолы, i высокія сосны, тыя, што з голым, сонечна гладкім ствалом, з вечназялёным хвойным лапнікам вакол самай вяршыні.
Журботная ўрачыстасць. Родны сум.
Учора падвечар на праходцы, сустрэўшы легкавік, сышоў на травяную абочыну. A «Жыгулі» спыніліся, i той з двух маладых мужчын на пярэднім сядзенні, які быў за рулём, спачатку прывітаўся са мною, назваўшы імя i па бацьку, а тады выйшаў i весела, прыемна парукаўся, пачаў цікавіцца маім жыццём, «фазэндай»... Я «запусціў маторчык памяці», аднак не мог уцяміць, хто ж гэта, каго мне нагадвае гэты прыстойны мужчына, як быццам недзе ды калісьці бачаны, чуты... Ён, відаць, зразумеўшы мае намаганні, напомніў, што ўпершыню мы сустракаліся калісьці ў Горках, на «Гарэцкіх чытаннях», а потым нават i намякнуў, як між іншым, што ён скульптар. I — ўсё... Развіталіся...
Ой, пара мне выкарыстоўваць права ўзросту, — папрасіўшы прабачэння, спытацца: «Калі ласка, нагадайце мне, старому, хто вы будзеце? » Па-народнаму проста спытацца... Зрэшты, падумаўшы, — мог бы ж назвацца i ён!.. Эх, беларусы...
Да безыменных кветак, якія нагадваюць мне i ніцую грэчку, i паднебна высокія сосны, сёння зноў жа мая старэйшая паставіла ў чорным збаночку тры вясёлыя бутоны шыпшыны ў моцных зялёных лістах, кветкі, што яшчэ час ад часу выядрываюцца ў нашым буйным шыпшынніку паміж драцяной сеткай агарожы і дарогай, паэтычна духмяныя кветкі, якія тут ужо дваццаць першае лета фарбамі i водарам нагадваюць тыя, што на даўно былым хутарку шчодра суправаджалі нашую з Нінай закаханасць.
Зноў жа ахні, — шэсцьдзесят два гады таму назад!.. Ды цяпер ужо з іншым сумам, — каб сказаць: прыйдзі, застанься нашае, мае найчысцейшае!..
Ёсць i ў мяне радавод, які два месяцы таму назад значна прасунуўся ў мінулае, зачапіўшы ажно канец XVIII стагоддзя.
У 1795-м, як у архіве значыцца, была вёска Загора, Zahorze на польскі лад, a ў ёй, калі па-панску сказаць, быў хлоп Jaśko Bryl, мой прапрадзед. Сымонаў Яська, па-вясковаму, дваровы пана Сўдзя ў недалёкім маёнтку «Уцеха», набытым з вялікіх землеўладанняў графа Хадкевіча.
Сыны ў Яські — Рыгор, здадзены ў рэкруты ў 1804 годзе, i маладзейшы, Ёсіп. Язэп, колькі я памятаю, быў у Загоры адзін, i той з цвёрдай літарай у канцы, — сам Язэб, жонка Язэбіха, a ўся хата — Язэбавы. А то ўсё Ёсіп ды Ёсіп. Відаць, так было i даўней. А як з польскага да расейскага ладу дайшло, дык быў ужо i Иосиф Иванович. У дакументах.
«Ревизская сказка» за 1834 год сведчыць, што ў Яськавага сына Ёсіпа, майго прадзеда, былі сыны Іван i Даніла, мой будучи дзед, які нарадзіўся ў 1833 годзе, а яго малодшы брат, яшчэ раз Ёсіп, на тры гады пазней. Івана ў 1844-м забралі ў рэкруты, a Даніла з Ёсіпам парабкавалі.
У мяне захавалася «купчая крепость», якая з важнай законнасцю сцвярджае, што браты Даніла i Ёсіп Брылі, абодва Ёсіпавічы, у 1886 годзе купілі ў нейкай гістарычнай па гучанні прозвішча пані Наркевіч-Ёдка пяць дзесяцінаў зямлі на двух.