Змагарныя дарогi
Змагарныя дарогi читать книгу онлайн
Уладзiмiр Арлоў. Змагарныя шляхi Кастуся Акулы (Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
Станiслаў Станкевiч. "Змагарныя Дарогi" К.Акулы (Уступ да Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кастусь Акула. Пасьля першых адгалоскаў...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Цяпер, пасьля сусьветнага катаклiзму, людзi й народы капаюцца ў руiнах ды, выцягваючы адтуль галавешкi, стараюцца адгадаць ня толькi прычыны пажару цi ўстанавiць iмёны й вiну падпальнiкаў, але й знайсьцi сьляды памылак, што зрабiў род людзкi, дапусьцiўшы падпальнiкаў да iхняе мэты. Нам больш, чым каму, пакапацца трэба ў папялiшчах ня толькi сусьветнага пажару, але, перадусiм, свайго роднага гнязда, каб распазнаць ды вывучыць крывулi, якiмi вандравалi нашы далейшыя й блiжэйшыя продкi. Адно такiм чынам зможам цяпер i ў будучынi правiльна стаўляць чарговыя вехi на шляху да вызваленьня й дабрабыту народу нашага.
Горкая нядоля шмат чаму нас навучыла, а - найважнейшае - тое, што народ наш вытрывалы й несьмяротны, дарма што апынуўся ў найцяжэйшым i найбольш мулкiм ярме. Адсюль у нас вера, што перад iм ляжыць сьветлы прасьцяг будучынi, а вера гэта - непахiсная. Паколькi сьветласьць будучынi той у вялiкай меры залежыць ад таго, што мы за час жыцьця свайго зробiм цi чаго ня зробiм, то будзем старацца адно, каб Усемагутны прыспорыў нам сiлаў да працы, здароўя, адвагi й вытрываласьцi. А з усiм гэтым ня будуць страшыць нас на шляху нiякiя перашкоды, й нiякай людзкой сiле ня ўдасца ўжо спынiць наш рух да народнага вызваленьня й дабрабыту.
IМГЛIСТЫЯ БЕРАГI
I
Зьзяе ўдзень блакiтнае Мiжземнае мора, пазалочанае сонечнымi праменьнямi. Яно - звычайна спакойнае. Адно лёганькi ветрык-гарэза гойдаецца на грыўках хваляў. Сонца ўглядаецца ў шурпатае люстэрка мiльёнамi кавалкаў золата. Кiнь зрокам навокал мараплава й заўважыш не адзiн статак дэльфiнаў. Гэтыя гулякi пырскаюцца вадою, быццам тыя гладка-падкормленыя парсюкi, выскакваюць над вадою, гоцкаюцца. У iхняй лянiва-павольнай гульнi прасочыш заадно бестурботнасьць i самаўпэўненасьць прыроды, уцеху ўсяго жывога - здаецца, каб наўмысьля пажартаваць зь вечна заклапочанага чалавеку. Маеш уражаньне, што няма ў iх клопатаў аб харчах цi розных сямейных справах. Мо яны належаць да марскiх гультаёў, а мо пажыва сама прыходзiць iм у адкрыты рот?
Калi сонца патоне ў блакiце хваль на захадзе, вада апранаецца ў цёмна-папялясты колер. Тады яшчэ выразьней чуваць, як мараплаў рэжа спакойныя вадзяныя грудзi i як шырокая канава ззаду зьлiваецца голасным плёскатам у гладкую плошчу, пакрытую белаватаю пенай.
Перад Сымонам Спарышом, што любiць замыкацца ў свой собскi сьвет i якi цяпер зноў, абапёршыся на апору на задняй палубе, углядаецца ў дэльфiнаў i тую канаву ззаду мараплава, адчынiўся новы сьвет невядома куды ськiраванай дарогi. Ад аднаго чужога берагу да другога, ад Нэапаля - да Лiверпуля. Так даўно, здаецца, дарога тая пачалася, так шмат прыйшлося рабiць крывуляў, ламаць перашкодаў, блудзiць. Калi-б гэты мараплаў вёз яго на вольную Бацькаўшчыну...
Але цi-ж ён адзiн? На Апэнiнскiм паўабтоку пакiнуў пяць месяцаў маладога жыцьця, адрэзак змаганьня за чужую славу й iнтарэсы. Засталiся там блiзкiя сябры. А колькi-ж было такiх, што, выкiнутыя з Бацькаўшчыны, цераз сiбiрскую тайгу й казахстанскiя стэпы ды афрыканскую спякоту прыйшлi на сонечны бераг i там засталiся спачываць навекi...
Спарыш асягнуў ранейшае, iм-жа пастаўленае "абы перажыць i выжыць". Дый дарога тая некалi-ж паверне на Беларусь.
II
Мараплаў "Самарыя", што ў лiку iншых прыблiжаўся да Лiверпуля, познай травеньскай ранiцою шукаў дарогi, плыў быццам вобмацкам, часта дрыжэў густым сiгналам. Памалу абмацаўшы сьцежку, уехаў у шырокую паласу мiж "боямi" (навiгацыйнымi знакамi). Гэта былi малыя сьпiчастыя плаўкi-вежы, што трымалiся на якарах i жаласна-манатонна, быццам тыя авечкi цi козы ў гарах, пабрыньквалi невялiчкiмi званкамi. Боi-плаўкi вызначалi трасу да порта, былi бар'ерам мiж глыбейшым i мялiзнаю. Мокра-густая iмгла тоўстаю павалокаю засланяла ўсё навокал. Дзесьцi ўверсе, на ўсходзе крышку паясьнела. Там мусiла падняцца ўжо вясеньняе сонца, што прамянямi, быццам дзiдамi, старалася пранiзаць тоўстую й шэрую мглiстую сярмягу. А сярмяга тая рухалася i, здавалася, то радзейшымi, то гусьцейшымi слаямi пасоўвалася на ўсход.
Як пчолы перад выраем увесну суцэльнаю масаю пакрываюць вулей, так усё, што жывое было ў мараплаве, карабкалася з ягоных нетраў на палубы, дзе ледзь можна было працiснуцца. Зялёны натоўп зрокам упiваўся ў сiвую мокрую сярмягу, стараўся ўгледзець абрысы адным блiзкага, а мо й роднага, iншым - чужога порта. Чырвона-рудыя, загарэлыя пад паўдзённым сонцам твары не гарманiзавалiся з капрызным iмглiстым надвор'ем. Кнiгаўкi ватагамi кружылi навокал, напаўняючы паветра журботнымi, аднатоннымi крыкамi. Здавалася, што й крыльлямi лянiлiся махаць, адно якраз колькi было патрэбна, каб у лёце ўтрымацца.
Неба пачало праясьняцца, й навокал вырасталi першыя партовыя ды гарадзкiя аб'екты. Былi гэта цёмныя сiлуэты высокiх партовых алеватараў, доўгiх складоў пры прыстанях, далей-жа - будынкi самога гораду. Шмат мiiнула часу, пакуль адзiнаццаць пасажырскiх мараплаваў, у тым лiку й "Самарыя", знайшлi адпаведныя месцы ля прыстаняў i пазакiдалi якары. Ваенныя караблi, што праводзiлi iх праз Атлянтычны акiян, раней яшчэ павярнулi назад, у ваенныя парты.
Выладоўваньне дзесяткаў тысяч жаўнераў ды iхняга багажу трывала цэлы дзень. Жаўнеры пераходзiлi на чыгуначную станцыю, званую "Рывэрсайд стэйшн", што знаходзiлася тут-жа пад носам, ды разьяжджалiся ва ўсе кiрункi Ангельшчыны.
Сымон Спарыш, таксама як i iншыя кандыдаты ў школу падхаронжых, уважна сачыў за ўсiм, што адбывалася вавокал. Перадусiм цiкавiлi яго людзi. У кожным сустрэчным цывiльным стараўся ўгледзець ня толькi твар i характар гэтага новага для яго народу, але, здавалася, i сваю будучыню на iхняй зямлi. Тое, што бачыў, не падабалася. Людзi выглядалi страшэнна бледнымi, худымi, халоднымi й шэрымi, да гэтай iмглы падобнымi. Здавалася, што калi яны сустракаюцца з роднымi й блiзкiмi, якiх даўно ня бачылi ды якiя вяртаюцца ўцалелымi й здаровымi з вайны, уся iстота iхная мусiць быць перапоўненая непамерным шчасьцем. Радасьць мусiла-б пералiвацца цераз берагi, проста ня мець межаў. А тут яно ўсё неяк ня так, як мусiла-б быць - здавалася Сымону. Праўда, вiдаць на тых бледных i загарэлых тварах сьляды радасьцi й чуваць галасы ўцехi, вiдаць цалункi жонак з мужамi, матак з сынамi. Але ўсё гэта надта-ж стрыманае, нейкае над меру асьцярожнае, сказаў-бы хтосьцi, аж залiшне абмежаванае. Цi-ж гэтак вiтаюцца беларусы, калi радня вяртаецца з далёкае ды яшчэ ваеннае дарогi?