Змагарныя дарогi
Змагарныя дарогi читать книгу онлайн
Уладзiмiр Арлоў. Змагарныя шляхi Кастуся Акулы (Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
Станiслаў Станкевiч. "Змагарныя Дарогi" К.Акулы (Уступ да Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кастусь Акула. Пасьля першых адгалоскаў...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Чырвоныя макi на працягу доўгiх гадоў буйнець будуць яшчэ чырванейшымi з прасочанай наскрозь ахвярнай крывёю зямлi.
Пекла тое ня вырашыла справы вольнасьцi. Рогi iншага тырана ў той час расьлi й дужэлi ў iншым месцы, за iншымi мурамi. Яны й надалей ахоўваюць гняздо, што ад часоў Калiты было крынiцаю нязьлiчоных няшчасьцяў i няволяў.
VI
Прыехаўшы ў Нэапаль надвечар, кандыдаты ў школу падхаронжых спынiлiся ў ангельскiм пераходным абозе "Лямi Кэмп", кiлямэтраў пяць на ўсход ад гораду па дарозе ў Пампэю. Тут затрымлiвалася брытанскае войска, што чакала мараплаваў для выезду ў Ангельшчыну. Кiраўнiк мясцовае польскае каманды паведамiў, што маюць чакаць на прыезд iншых кандыдатаў ды сваю чаргу на мараплаве - усяго звыш тыдня часу. Вестка ўсьцешыла. Была нагода адпачыць, зьведаць Нэапаль i Пампэю ды, у каго ставала грошы, загуляць па-людзку. Так i рабiлi. Ужо на наступны дзень "на зайца", гэта значыць затрымоўваючы спадарожныя вайсковыя аўтамашыны, каб падвезьлi, уся група накiравалася ў Нэапаль.
"ОUT OF ВOUNDS"
I
Чытачу давялося ўжо раней, калi гэроi нашы прыехалi з палону ў Францыi, пазнаёмiцца павярхоўна з гэтым прыгожым горадам. Ад таго магло застацца ўяўленьне, што Нэапаль - найцудоўнейшы горад на сьвеце. Гледзячы зьверху - яно так. Але адно зьверху. Дзеля таго загадзя перасьцерагаем, каб ня было рашчараваньняў i нараканьняў, што аўтар уводзiць у зман. Зараз вось, давайце, возьмемся за рукi, каб ня згубiцца ў людзкiм мурашнiку, ды заглянем усярэдзiну, кiнем вокам у самыя цёмныя закануркi. Аб падарожжы нашым, запэўнiваем, ня будзем шкадаваць. Пазнаёмiўшыся блiжэй з горадам, будзем мець лепшае ўяўленьне аб цэлай краiне i ейных жыхарох.
Праменьнi вясеньняга сонца ўперлiся ў воды Нэапалiтанскае затокi. На вулiцах вельмi горача. Хуткiя машыны, пераважна вайсковыя, уздымаюць за сабой слупы пылу. Вулiцы брудныя, засьмечаныя. На тратуарах мала людзей, а дзе ўбачыце цывiльных - дык трымаюцца групамi. Ня дзiвiцеся гэтаму. У iтальянцаў i грэкаў ды iншых паўдзённа-эўрапэйскiх народаў ёсьць такая прывычка трымацца й хадзiць вялiкiмi групамi. Асаблiва-ж калi iдуць знаёмых цi сваякоў адведваць адразу дзесяткамi.
Зiрнiце вунь на гэтую ў сярэднiм веку жанчыну. Яна трымае за ручкi двое малых дзетак, дзяўчынку й хлопчыка. Апранутая ў нейкую сукенку, што даўно страцiла першапачатковы колер, а цяпер наогул цяжка гадаць, якога колеру была. Доўгi час, вiдаць, не бачыла мыла й праса. Дзеткi замурзаныя. На хлапчуку адны кароценькiя штонiкi, на дзяўчынцы - нейкi рызман. Яны - босыя, а ў маткi на нагах працёртыя туфлi. Усё гэта худое i, здаецца, даўно не бачыла сонца. Матка выцягвае руку да прахожых i нешта ўвесь час манатонна паўтарае. Падыдзем блiжэй i прыслухаемся.
- Signore, uno lire per Favore, per mio bambini...* - выцягвае худую пасiнелую руку да двух вайсковых амэрыканскiх нэграў. Яны, здаецца, не заўважылi беднай. Але вось адзiн спыняецца й торкае ў выцягнутую даланю зеленаватую паперку. Жанчына ня верыць вачам. Стараецца пацалаваць чорную руку вайсковага.
* Сiньёр, адну лiру для майго ўлюбёнца, для майго дзiцяцi - (iтал.)
- Gracie, amico, molto gracie, Dio te benedice!* - вырываюцца словы падзякi.
* Дзякуй, сябра, вялiкi дзякуй, няхай блаславiць цябе Ўсявышнi! (iтал.)
У нэгра на твары ледзь заўважная ўсьмешка задаваленьня. Магчыма, што прыпомнiў галечу сваiх людзей у цесных паўразваленых кварталах Чыкага цi Сант-Люiса. Магчыма, й сам мае дома бедную старэнькую матку.
Iтальянка далей дакучае прахожым. Мо яна ўдава, мужа дзесь страцiла на вайне? Хто-ж ведае? Цывiльныя iтальянцы не зьвяртаюць на яе ўвагi. Вось вылезьлi зь лiмузiна два добра апранутыя пузатыя дзядзькi й кiруюцца ў рэстаран. Адзiн зь iх курыць дарагую цыгару. Не спасьцерагаюць выцягнутай рукi й бледных тварыкаў. Адзiн касавурыцца на жанчыну, што загарадзiла дарогу й просiць падачы. Для iх гэта бедная, вайной пакрыўджаная iстота, роўная назойлiвай мусе, якую трэба адагнаць, калi не забiць. Адзiн зь iх голасна апавядае нешта вясёлае, раптоўна абодва выбухаюць рогатам ды хаваюцда за дзьвярмi рэстарану.
Але чакайце. Хто-ж гэта тузае нас за край вайсковай кашулi? А вось ён! Бачыце? Малое замурзанае хлапчанё, гадоў мо восем цi сем. Ён босенькi i ў кароценькiх заношаных штанах. На iм вiсiць аж нiжэй за каленi расшпiлены зашмальцаваны вайсковы "батледрэс". На галаве цывiльная шапка зь вялiкiм казырком апаўзае аж на вушы й вочы, i хлопчык бруднаю рукою падцягвае яе на шыю.
- Signori, volete спаць, спаць? Volete una bella Signorina?* - прапануе мурзаты.
* Сiньёр хоча ... Хоча прыгожую сiньярыну? (iтал.)
Чуеце? Ён ужо й слова з нашай мовы ведае. Мусiць, не пяршыня яму такi занятак. Ня дзiвiцеся. Гэта дасьведчаны агент i, нягледзячы на дзiцячы век, экспарт у сваiм рамясьле.
Там дзесьцi ў бочных вулiцах чакае адна, а мо дзьве цi тры прыгажунi, для якiх гэты малы шукае клiентаў. Яму мо яшчэ дзевяць гадоў, але жыцьцёвай практыкай цi ня будзе на гадоў паўтузiна старэйшы. Заложымся з вамi, што ведае цэлы сьцяг розных таямнiцаў найбольш цёмных закануркаў Нэапалю. Не гаворачы аб тайнiцах каханьня, ведае, пэўна, дзесяткi розных прастытутак, цэны, якiя бяруць за адну вiзыту й за цэлую ноч, знае цэны на рынку й масу спэкулянтаў, гнёзды зладзеяў i крымiнальнiкаў. Хто ведае, колькi-б дала палiцыя за iнфармацыю, што мае гэты хлапчук, але-ж ня ўдасца ёй. Бо як-бы жылi тады дзесяткi сем'яў, бацькi й родныя, а мо й дзецi тых дзевак цi жанчын, што гандлююць целам, не гаворачы аб зладзеях i крымiнальнiках. Не! Хлапчанё гэта нiчога не перакажа палiцыi. Гэта пагражала-б i ягонаму iснаваньню.
Мы з вамi, ясная рэч, людзi высокамаральныя, дык нас прапанаваны малым тавар ня цiкавiць. Дадзiм яму вось пару цыгарэтаў, каб не дакучаў, бо нас цяпер цiкавiць штось iншае.
Зiрнiце вунь налева. Бачыце гэтага белага амэрыканца, якога вядуць, узяўшы пад рукi, дзьве прыгожыя паненкi? Вось ён. Прыгледзьцеся. П'янаваты. Набок апаўзла яму шапка з двума рагамi - адным сьпераду, а другiм ззаду. Ногi ягоныя няроўна неяк iдуць. Усе трое перакiдваюцца словамi й сьмяюцца. У дзевак аж грудзi пад тонкай тканiнай падскакваюць. Апранутыя-ж яны не абы-як. Вось праходзяць мiма. Чуе нос ваш пахi парфумы? Эгэ, гэта цi ня з тых лепшых, найдаражэйшых? Мо iхнi агент непадобны да таго хлопчыка, а сыты й дагледжаны...