Змагарныя дарогi
Змагарныя дарогi читать книгу онлайн
Уладзiмiр Арлоў. Змагарныя шляхi Кастуся Акулы (Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
Станiслаў Станкевiч. "Змагарныя Дарогi" К.Акулы (Уступ да Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кастусь Акула. Пасьля першых адгалоскаў...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Iншы тыран зь iншае зямлi карыстаць будзе зь нядолi найбяднейшага й найбольш пакрыўджанага, муцячы цёмную вадзiчку й заклiкаючы яго да нейкiх новых i яшчэ большых высiлкаў. Тыран нап'ецца больш крывi паняволеных, а ў новай вайне вырастуць новыя крыжы або й бязь iх ахутае зямля шмат бязыменных i загубленых.
IV
Мы, паважаны чытачу, зайшоўшы ў Нэапалiтанскi завулак i ўгледзеўшыся ў самае дно жыцьця людзкога, ня будзем плакаць па чужым горы, бо сваё цераз берагi пералiваецца. Ведаем, што родзiчы дома жывуць у такой самай, а мо й горшай галечы й што на Бацькаўшчыне рэдка знойдзеш сям'ю, што ўцалела ад вайны. Учора яшчэ ў беларускiх лясох i пушчах вецер разносiў попел зьедзеных пажарамi беларускiх вёсак, i вылi па начах над папялiшчамi ваўкi, што раней абжыралiся сьвежымi трупамi. Побач, у зямлянках, дрыжэлi ад гэтага выцьця галодныя сяляне. Вечны гаротнiк беларус парыць косьцi ў параскiданых па ўсёй Эўропе й маскоўскай Азii супольных магiлах замучаных i закатаваных, а iншы, яшчэ жывы нявольнiк на парозе сьмерцi трасе аковамi.
Месяцамi й гадамi, днямi й непраспанымi начамi крывавiлiся нашы сэрцы аб нядолi братоў i сясьцёр, бацькоў i матак, блiзкiх i родных. Прасiлi й далей прасiць будзем Усемагутнага, каб накiраваў моц гневу свайго супраць крыўдзiцеляў i тыранаў, панявольнiкаў i iх сьведамых слугаў, ды каб не пакiнуў нас без апекi i памог спрычынiцца да выраўнаньня крыўдаў i прыспораньня ўзнагародаў найбольш цярплiвым з усiх цярплiвых.
Мы сяньня блукаем з вамi, паважаны чытачу, па чужых краiнах, гарадах i завулках, мерачы чужую нядолю. Мы - у чужых мундзiрах i пад зяленiвам вайсковай тканiны ў сэрцах сваiх тоiм крыўду й гоiм зробленыя нам вялiкiя раны, песьцiм любоў да патаптаных i прыгнечаных, захоўваем нянавiсьць да тых, што плянуюць у будучынi iншыя няволi й iншыя бойнi.
У нас - чыстае сумленьне, бо нiкога не забiвалi й ня крыўдзiлi, ня прыгняталi i ў ланцугi не закоўвалi. Мiралюбны сялянскi народ наш вякамi араў свае гонi й сачыў, як ягонае дабро падарожнiчала на ўсход i на захад, а сам жыў у заўсёднай нястачы. Мы ганарымся ня тым, што ўпалi i вось ужо пару вякоў у чужым ярме стогнем, а лiхi вецер разганяе-растрасае нас па прасторах сусьветных, але тым, што сьмела назвацца можам сваiм нацыянальным iмем i проста глянуць у вочы кожнаму, бо не належым да нацыянальных разбойнiкаў i афэрыстаў.
Народ наш, у той навет слаўны далёкi час, калi меў сiлу й магутнасьць, калi межы ягоныя сягалi ад Балцкага да Чорнага мора, не падымаў рук на слабейшых i агрэсiяй не сягаў на чужое. Сталь ужываў на нарогi для плугоў i iншыя прылады, што прадуктавалi дабро, а ў школах нашых ня вучылi нянавiсьцi да блiжняга так, як у суседзкiх, але дбайна ахоўвалi прамень сьвятла, што зырка разганяў найглыбейшыя цемры невуцтва й нясьведамасьцi. Краiна наша славiлася тымi людзьмi, што ня толькi здабылi першыя дасягненьнi ў галiне асьветы дома, але й несьлi зьнiч веды ў суседнiя дзяржавы.
Майстры нашы й скульптары будавалi сьвятынi, каб славiць Бога, школы й дамы для людзей, а не вастрылi зброi, каб пашыраць гвалт i разбой, якi нiколi ня меў асноваў у характары беларуса. Аб абаронныя пiкi й шчыты нашы разьбiвалiся татарскiя орды, крыжацкiя ордэны й маскоўскiя палкi. Трагэдыяй народу нашага было тое, што надта даверлiвы быў да чужынцаў ды занадта вялiкае й шляхотнае меў сэрца. Не спасьцярог у пару, што сiла для абароны межаў сваiх павiнна быць такая-ж моцная, як тая, што мусiла-б быць нарыхтаваная для захопнiцтва.
Iншыя доўга вастрылi свае зубы й прагнулi нашай крывi. За неасьцярожнасьць мы дорага заплацiлi, бо кроў гэта паплыла рэкамi, i вось стагодзьдзямi ўжо ня высыхае акрываўленае рэчышча нашых цярпеньняў. Зямелька наша дарагая ўсеяна сьвятынямi ахвяраў у абароне вольнасьцi - курганамi-магiламi, руiнамi абаронных цьвярдыняў, магiльнымi камянямi. Скарбы нашы народныя спачываюць у музэях, галерэях i банках Масквы, Бэрлiну й Варшавы, а пракляты нашчадак няслаўнага Iвана Грознага й Пятра Першага апляваў i апаганiў пасад Рагнеды й Вiтаўта.
Мы не выхваляемся вялiкiмi цярпеньнямi, бо вялiкi ня той, хто слынны ў перамозе й разбойнiцтве, а плача ў нядолi, а той, хто сьцiплым i велiкадушным патрапiць быць на шчыце свае магутнасьцi ды захавае вернасьць iдэям сваiм i мужнасьць ды вытрываласьць у прадоньнях фiзычных i духовых цярпеньняў. Мы цешымся й ганарымся тым, што нiякiя лiхалецьцi й прылады чужога гвалту над нашым народам ня перарэзалi асноўнай тканiны ягонае жывучасьцi й што сяньня непераможны беларускi арганiзм расьце новымi маладымi парасткамi, якiя ў будучынi выцягнуцца да сонца каронай пышнае вяршынi сярод чужога пустазельля.
Нам варта ўжо раз i назаўсёды навучыцца, што дабрата, вялiкадушнасьць i любоў да iншых маюць сваю меру, асаблiва калi тымi iншымi могуць быць патэнцыяльныя нашы ворагi. Колькi-б даброцi нi мелi мы ў народным сэрцы сваiм, як моцна нi трымалiся-б законаў Валадара Зямнога й Нябеснага, мусiм не забывацца анi на хвiлiну, што знаходзiмся на зямлi й жывём сярод ваўкоў. Пастух ня хвалiць авечак сваiх за тое, што яны, зьбiўшыся ў кучу й не парупiўшыся аб абароне, бездапаможна сочаць, як пражэрлiвыя ваўкi цягаюць жывёлiн зь iхняга статка. Гэтак i Бог не пахвалiць бездапаможных з прычыны iхняе незараднасьцi. Калi на недахоп зараднасьцi ў народзе нашым наракаць не даводзiцца, то трэба адзначыць, што на этапах гiсторыii часта адкiдалi мы ўбок зброю, каб узяцца за ручкi плуга тады, як надыходзiла грозная хмара, а сяньня гаруем цераз меру з прычыны неасьцярожнасьцi ў мiнулым.
Дбайлiва гартаць мусiм бачыны мiнуўшчыны нашай, аналiзаваць-ператрасаць памылкi продкаў, каб не паўтарыць iх цяпер i ў будучынi. Са скарбнiцы людзкой культуры й навукi мусiм здабываць пэрлы й дыяменты ведаў, карыстацца iмi, бесьперапынна шлiфаваць й песьцiць, каб яшчэ ўлепшанымi перадаць наступным нашым пакаленьням.
Не забываймася, што акрамя прысуду Валадара Зямнога й Нябеснага будуць судзiць нас i нашыя нашчадкi. Жыцьцё наша ёсьць адно кароценькае злучво ў ланцугу бязьмежнага часу, й шкадавата трацiць яго на гадоўлю тоўсьценькага сытага жывата цi выключна на памножаньне свайго матэрыяльнага багацьця. Няма нiчога цяжэйшага для разумнага чалавека, як пры адыходзе ў магiлу мучыцца сьведамасьцю, што згнаiў жыцьцё сваё й не прыдбаў у скарбнiцу сямейную й народную нiякага духовага й матэрыяльнага, асаблiва-ж духовага, капiталу. Цяжка таму, хто пападзе ў няволю й хто ведаў вольнасьць, але не лягчэй таму, хто ў няволi родзiцца й якому не даюць расьцi й нармальна разьвiвацца. Ён не пачне капацца ў прычынах, чаму дзед ягоны цi прадзед выпусьцiў з аслабленае рукi меч, а больш парупiцца аб тым, каб памяць продкаў зганiць праклёнамi.