Змагарныя дарогi
Змагарныя дарогi читать книгу онлайн
Уладзiмiр Арлоў. Змагарныя шляхi Кастуся Акулы (Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
Станiслаў Станкевiч. "Змагарныя Дарогi" К.Акулы (Уступ да Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
Кастусь Акула. Пасьля першых адгалоскаў...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Бывае i йнакш. Калi вайсковае аўта перакiне свой ладунак у якiм цёмным завулку цi складзе на цывiльнае, то па дарозе раптам напаткае вайсковую жандармерыю. Гэта апошняя, забраўшы тавар, акружным шляхам прадае яго iншаму спэкулянту - звычайна большай рыбцы, - а там-жа зноў i ўжо iншая, здаецца, група жандармерыi ловiць цывiльных па дарозе ды зноў канфiскуе, каб пазьней колькi разоў тое-ж самае прадаць. Ня дзiвiцеся. Гэта ня выдумка, а праўда. Гэткiя "гандлi" часта адбывалiся ў Рыме, Нэапалi, Мiлане й iншых iтальянскiх ды эўрапэйскiх гарадох. Зразумела, што з боку вайсковых спэкулянтаў, што выкарыстоўваюць тут збройную сiлу над цывiльнымi, мусiла дзейнiчаць спраўная сетка дзесяткаў людзей. Небясьпека была вялiзная, але затое-ж i мiльёны грошыкаў дармавых. Рабiлiся такiя "абароты" часта пераважна амэрыканцамi. Аб якой-небудзь маральнасьцi цi сумленнасьцi спэкулянтаў наогул, а вайсковых у асаблiвасьцi, не даводзiцца й гаварыць.
III
Iдзём вулiцай Вiя Рома. Направа ўверх пад гару цягнуцца доўгiя й вузкiя завулкi. Яны цяпер у засенi старых муроў, дарма што нядаўна прабiла поўдзень. На шэра-цёмных сьценах пры ўваходах у завулкi чарнеюць вялiкiя калы з iксамi (X) пасярэдзiне, а пад нiзом - вялiкi надпiс па-ангельску: "Оut of bounds for all military personnel" (забаронена для ўсякага вайсковага пэрсаналу). Вайсковым, значыцца, няма туды ўваходу. Там - зусiм другi сьвет, чым на Вiя Рома. Там - бяда й галеча, прастытуцыя й гнёзды зладзеяў. Там жыве чалавек, якога капiтал i вайна сьпiхнулi на самую нiжэйшую прыступку грамадзкае драбiны.
Мала хто з жаўнераў зважае на тое "аўт оф баўндс". Бывае, праўда, што загляне сюды вайсковая палiцыя ды адвядзе колькi адважных пад юрысдыкцыю палiцыйнага вайсковага сяржанта. Здараецца. Але-ж i палiцыя ведае, што немагчыма пералавiць усiх, калi-б навет i старалiся. Норы-ж там цёмныя, доўгiя й глыбокiя, сырыя й небясьпечныя. Дык i йдуць жаўнеры, пераважна з адной думкай у галаве, звычайна сьпяшаць за малым басаногiм замурзаным хлопчыкам. Хто там будзе ўвагу браць на тыя знакi...
Уваходзiм у завулак. Ён вузкi й цесны. Шэрыя сьцены муроў дзесяткi гадоў ужо, напэўна, ня нюхалi вапны цi якой фарбы. Каля самага нiзу яны падзёўбаныя, быццам паабгрызаныя, месцамi шчарбатыя, з павыпаданай цэглай, быццам шчарбатыя. Брук даўно забыўся, як выглядае мятла. Каля сьцен ляжаць кучы сьмецьця, у якiх капаюцца замурзаныя, апранутыя ў рызьзё, а то й зусiм голыя малыя дзеткi. Тырчаць дзесяткi галоваў з шырокiх паадчыняных дзьвярэй. Адтуль цягне змрокам i сырасьцю. Вось пры адных такiх дзьвярах жанчына з бязладна апалым на худыя плечы й на бледны твар валосьсем дае дзiцяцi грудзi. Малое зусiм голае. Яго не падманеш сухiмi грудзьмi. Крычыць на найвышэйшай ноце слабенькiм, ад частага плачу надарваным галаском. Матка трасе яго, каб супакоiлася, i штось крычыць на падлеткаў, што непадалёк паднялi зь нейкай прычыны вэрхал.
Туды й сюды снуюцца цёмныя ценi людзей. Пасярод вулкi курыцца малое вогнiшча. Над кароткiмi языкамi агню ў дыме стаiць на чатырох ножках рашотка. На ёй - пара гаршкоў, а побач - у адкрытых вайсковых кансервных пушках грэецца фасоля. Няцяжка пазнаць, адкуль яна: гэта - амэрыканскi "порк энд бiнс". Хто ведае, якiм шляхам сюды трапiла - мо праз рынак цi зладзейскiя кiшэнi, а магчыма, й пры пасярэднiцтве таго маленькага хлопчыка-агента. Навокал вогнiшча - згорбленыя фiгуры старых. Дзецi выглядаюць iм цераз плечы й зачаравана сочаць за пажывай у бляшанках. Паморшчаная гадамi старэчая сiняватая рука выцягвае з катла развараную, калiсьцi сушаную рыбу. Павольна пачынае кратацца й жаваць бяззубы, аброслы шчацiнаю рот. Рызман споўз зь пляча. Збоку ляжыць жабрачая кавяла, якую часамi падымае касьцiстая худая рука, каб адагнаць зьвяглiвых i назойлiвых малых.
- Вiя! А вiя! - ледзь чутна сярод агульнага вэрхалу. Дзесьцi з глыбiнi нары-завулка захлiпаецца надарванымi i паржавелымi гукамi шарманка. Вунь здалёк зблiжаюцца з раўнамерным рытмам па каменьнях дзьве цяжкiя пары жаўнерскiх чаравiкаў, а мiж iмi тупаюць дробненькiмi крокамi ня зусiм ужо новыя, але добра яшчэ ўтрыманыя жаночыя туфлi.
Быццам вiхор, пранёсься мiма нас басаногi малы хлапчук наўцёкi ад падлетка, якi нешта крычыць i лаецца на малога. Уверсе на шнурках сохне латаная бялiзна. Дзесьцi зь верхняга вакна жаночы голас клiча сына цi дачку. З кутка зноў далятае плач дзiцяцi. Чуваць гоман у шэрых цемнаватых сырых падвалах. Там цэлыя сем'i жывуць ва ўмовах, якiя цяжка было-б апiсаць.
Гэта - дно жыцьця, нара, у якую ўваход забаронены - "аўт оф баўндс". Продкi гэтых беднякоў некалi пад загадам магутнага Рыма тапталi iншыя дзяржавы й народы, вышчэрблiвалi й бурылi чужыя абаронныя муры, кiравалi моцнымi людзьмi тагачаснага сьвету. Iншыя служылi ў сваёй-жа дзяржаве нявольнiкамi, даглядалi гаспадаркi й прыслужвалi пры багатых сталах патрыцыяў. Ня так даўно ганялi па пустынi абiсiнцаў, дужалiся з грэкамi й парадавалi па вулiцах са зброяй у руках пад загадам Мусалiнi. Прыйшла новая вайна - зноў-жа ня iхняя. Тысячамi забiралi iх у палон у Афрыцы ў той час, як дзецi шукалi па сьметнiках скарынак хлеба i аранжавых шалупiнаў, а маткi, жонкi, сёстры й дочкi аддавалi апошняе на продаж за сродкi для мiзэрнага iснаваньня.
Вайна прынесла яшчэ большую галечу, сьпiхнула на яшчэ нiжэйшую прыступку. Пэўна-ж, бальшыня з гэтых пралетараў нiколi ня чула пра барадатага Маркса. Адылi сяньня рукi iхныя пэцкаюць чырвонай фарбай сярпы й молаты ды камунiстычныя клiчы па сьценах i платох цэлае краiны. Ня ведаюць, што хаця-нехаця зьяўляюцца шчупальцамi самага большага тырана, што ўслаў касьцямi мiльёнаў ахвяраў Эўропу й Азiю. Крывадушныя й зманлiвыя клiчы тыранавых служкаў не гарманiзуюцца з сэнсам казаньняў слугаў рымскага намесьнiка сьвятога Пятра. Ды хто зь iх, гэтых бедных i пакрыўджаных, ужо заўтра жадае лезьцi ў замагiльны рай? Як можа чалавек мацавацца духова, калi занадта дакучае сяньня ненакормленае й неапранутае цела?
Вунь у тысячах сьвятыняў па цэлай краiне застылi ў мармуры i ў фрэсках статуi й воблiкi, абразы й фiгуры сьвятых i самога Валадара Нябеснага. Зьзяюць у вясеньнiм сонцы купалы й вежы касьцёлаў, енчаць, заклiкаючы на малiтву, цяжкiя званы. На стварэньне сьвятыняў вякамi адкладвалася найбольшае багацьце. Вунь стальныя жаролы й шматпрапелерныя бамбавiкi зраўнялi з зямлёю кляштар й сьвятынi Монтэ Касыно. Адылi ўцалелi валадары стальных жаролаў i самалётаў, таксама як уцалелi й собсьнiкi кляштару. Першыя спажываць будуць плёны перамогi, iншыя на руiнах кляштару пабудуюць яшчэ мацнейшы й прыгажэйшы. Адно доўгiмi гадамi сьлязьмi будзе выплакваць вочы гаротная матка цi малая сiрата, гараваць будзе ўдава цi з кавёламi цягацца па жыцьцёвых сьметнiках ваенны калека.