Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
«У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька! Вось уся іхняя звышлітаратура», — раптам голасна прамовіў лысы пісьменнік; атрымалася даволі дасціпна, бо акурат перад тым чыталі верш, у якім згадаўся не да месца Кіеў.
Сівы з падзякаю зірнуў на сябра і казаў далей:
«Вы можаце не верыць, але мы — нашае пакаленне — прайшлі праз усё тое ж самае. Збіраліся, адвяргалі, бралі ў рожкі старэйшых, асмейвалі... Усяго было — праўда, з адной вельмі істотнай розніцай: за гэта нас і блізка да рэдакцыяў не падпускалі, шпынялі, крытыкавалі, «рэзалі» ў выдавецтвах, а вы хочаце...»
«А, вы прайшлі праз гэта — дык абавязкова трэба і нам праходзіць? — спытаў бялявы. — Вы хочаце...»
«Не, гэта вы хочаце!— перабіў на гэты раз пісьменнік. — Хочаце, каб вас на руках насілі! А — зрэшты, няважна... Паўтаруся: у любым выпадку — вы дзеці нашыя, наступнікі, мы не жадаем вам зла, мы будзем лічыцца з вамі, якія б вы ні былі. Проста каб не перарастала гэта ў пустую гаварыльню, давайце памяркуем разам. Напрыклад, чым мы, наша камісія, канкрэтна можам вам памагчы? На першы час — выдаць альманах лепшых вашых твораў. Паверце, гэтага не мала. Мы, праўда, не настолькі знаёмыя з вашай... гм, творчасцю...»
Пісьменнік ужо зусім справіўся з сабою і гаварыў, як і ў пачатку, упэўнена і гладка. Але не такая тут сабралася публіка, каб так проста адпусціць яго.
«Яшчэ б! — пасміхнуўся Ведрыч. — Дзе вам быць настолькі знаёмымі. Вам жа няма часу нават саміх сябе чытаць, не тое што нас, маладзейшых. Вам жа тварыць трэба, пісаць палотны, эпапеі, пенталёгіі...»
Пісьменнік упершыню за вечар не тое што пакрыўдзіўся, а нібыта спалохаўся. Ён пачырванеў, дастаў насоўку і высмаркаўся, а калі ізноў загаварыў, пачаў заікацца:
«Я першы раз... у жыцці такое...»
«Вы ведаеце, што ў нас у кожным горадзе філіі? — дабіваў яго Ведрыч. — Што ўся маладая Беларусь — з намі? Вы ж нічагуткі не чытаеце, ні за чым не сочыце! Вунь, паглядзіце, сядзіць збоку хлопец — вартаўніком працуе, без вышэйшай адукацыі, а такі гістарычны раман напісаў, што вам не снілася! У Міхася вунь, — паказаў пальцам на некага Ведрыч, — даўно на зборнік апавяданняў. У Люды ўжо некалькі гадоў ляжыць кніжка вершаў у выдавецтве — баяцца выпускаць... Ды ў нас у кожнага тут, бадай, на кніжку, а то й на дзве набярэцца. Але ж вам выгадна заплюшчваць вочы. Калі б мы самі не зварухнуліся, не заявілі пра сябе — вы б і пальцам не паварушылі! Пагаманілі б паміж сабою, паўздыхалі б з самалюбаваннем, што літаратура на вас канчаецца — і за новыя палотны! Альманах... Ды выйшлі б нашыя кніжкі заўтра, гэта ж цэлы новы літаратурны пласт адкрыўся б! Але ж тады, чаго добрага, пра вас забудуць. Гэта ж пацясніцца трэба будзе, эпапеі радзей выходзіць стануць... Ды пра што казаць, калі вы нават цяпер баіцеся нас. Цяпер — калі ў нас, павашаму, у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Чаму ж вы страхуецеся, нават сюды прыходзіце з ім вось... Хто гэты чалавек? — паказаў бесцырымонна пальцам Ведрыч на маўклівага ўсмешлівага госця. — Чаму ён рэгулярна цягаецца сюды? Хто ён — паэт, празаік? Можа, драматург?»
Чалавек маўчаў. Сівы пісьменнік апусціўся ў крэсла, рукі ў яго ўздрыгвалі, а па твары пайшлі белыя плямы. Таварыш штось прашаптаў яму на вуха, сівы згодна кіўнуў. Абодва падняліся, пакіраваліся да вешалак, пачалі памагаць адзін аднаму апрануць паліто. Чалавек, сумна ўсміхаючыся, застаўся сядзець, як сядзеў.
У зале ўсталявалася цішыня. На пакрыўджаных пісьменнікаў ніхто стараўся не глядзець. Бялявы ў кутку пакашляў, звярнуўся да Ведрыча:
«Можа, сваё новае пачытаеш?»
Той замест адказу выклаў з кішэні на стол пару прабітых талончыкаў, скамечаны пусты пачак зпад цыгарэт, расклаў перад сабою, паўглядаўся:
«Пакуль сюды ехаў, у трамваі, дык запісваў на чым папала», — прамармытаў ён, ізноў выклікаўшы смех. Агульная няёмкасць адразу неяк спала. Не ўстаючы з месца, Ведрыч пачаў чытаць, і з першага радка замоўклі ўсе; нават старэйшыя пісьменнікі, што стаялі ўжо ў дзвярах апранутыя, спыніліся. А самае дзіўнае, загадкавы чалавек чамусьці перастаў усміхацца і насцярожыўся.
Трухан адчуў, як па спіне ў яго прайшла хваля дрыжыкаў, як бывае пры тэмпературы…
Гэта была не проста дэкламацыя, а відовішча, — як сказалі б цяпер, «тэатр аднаго актора». Вялікія, крыху прыпухлыя, страшнаватыя, бо зусім не міргалі, вочы Ведрыча пранізвалі кожнага, на кім спыняліся, і кожнаму было зразумела, што Ведрыч цяпер не тут, не з імі, а недзе, што ён аддаліўся, увайшоў у словы, сам стаў словам…У яго вершы таксама прамільгнулі «дзіды» і «рамёны», але выйгрыш яго чытання ад іншых быў не столькі нават у словах, колькі ў самім выглядзе, у зацятым бляску гэтых страшнаватых вачэй, у паставе, калі ён раптам рэзка ўстаў, выпрастаўся і паакторску пафасна прыціснуў да сэрца руку…
«Ну, як?» — прашаптаў Церашкоў Трухану.
Ведрыч адсунуў ад сябе талоны і пачак і чытаў ужо іншы верш — па памяці, магчыма нават экспромтам. З кожнай новай страфою яго выразны, з надрывам голас сягаў усё вышэй і вышэй і, здавалася, пры канцы сарвецца зусім, «выдасць пеўня»: так сочыш і міжволі пачынаеш перажываць за саліста, які выцягвае арыю, звыкаешся з ім, недзе сам у сабе пачынаеш «памагацьпадцягваць» яму і баішся, што калі ты — сам у сабе — «сарвешся», дык і ён не вытрымае... І вось, у той крытычны момант, калі б далейшае павышэнне голасу хоць на паўноткі ўсё сапсавала б, Ведрыч нібы спатыкнуўся, замоўк, вытрымаў прафесійную паўзу і тады звычайна, без аніякай інтанацыі закончыў — бы проста даверліва падзяліўся:
— Бо ў гэтай краіне
Не маю я долі.
Аб’явілі перапынак і ўсё прыйшло ў рух, зноў стала шумна. Многія, тоўпячыся ў дзвярах, пачалі выходзіць у фае. Трухан, які ўсё збіраўся кінуць курыць і не мог, таксама падаўся да дзвярэй. Стаў там, перамінаючыся з нагі на нагу, не ведаючы куды рук падзець, паперадзе ўсіх прапускаючы, — вялікі, нерашучы, цельпукаваты ў заношаным сваім касцюме, з якога даўнымдаўно вырас…
Нэлі ўрэшце села свабадней, дастала з касметычкі люстэрка, падціснула маленькія прыгожыя вусны, паправіла валасы, хоць што там было папраўляць — кароткая хлапечая стрыжка; «як і няма патрэбы, — думаў Церашкоў, краем вока за ёй назіраючы, — лішні раз любавацца сабою», і без таго вядома, што ўсё ў яе на месцы і да месца, што яна дагледжаная, чысценькая, ахайненькая… І бездакорная, як жывая лялька. Прыемна з такою час бавіць, па горадзе, за ручкі ўзяўшыся, паблукаць, у калідоры універсітэцкім пашаптаццапажмакацца, каб іншыя пазайзросцілі… Але ўявіць яе жонкаю!..
Церашкову няцяжка было зрабіць гэта. Ён быў жанаты. Праўда, жонка з маленькім сынам жылі цяпер далёка, дзесь на поўдні Беларусі ў яго бацькоў, і маглі толькі здагадвацца, чым займаецца на волі іхні лёгкі на язык і на пад’ём, з залішне кампанейскім характарам і са знешнасцю маладога Штырліца галава сямейства.
«Самой перакурыць пайсці, ці што», — сказала Нэлі і пстрыкнула замком касметычкі, зачыніўшы яе.
«Схадзі, канечне».
«Ну вось, — уздыхнула яна. — Не каб сказаць, не трэба, дарагая, шануй здароўе — дык ён яшчэ і канечне!»
Такія цяпер былі паміж імі адносіны — у стадыі затухання, ці, дакладней, у тым яе перыядзе, які Церашкоў пра сябе называў «расплата за грахі». Усе гэтыя папрокі, уздыхі, падпусканне шпілек з яе боку і скаванасць, угодлівасць, перабольшаная ветлівасць — з яго… Усё тое, што горш за любыя сваркі, бо з’яўляецца нават не прадвесцем блізкага фіналу, а ўласна ім — канцом яшчэ аднаго хуткацечнага кахання, асуджанага на нешчаслівасць ад пачатку; мо таму смерць яго так адносна лёгка і перажываецца?
Ведаў гэтыя перыяды Церашкоў, тонка ўгадваў іх наступленне, не любіў іх, не хацеў, адцягваў як мог, але вымушаны быў мірыцца з імі, як з непазбежнасцю, як з тым, што дзень абавязкова змяняецца на ноч. Тут трэба было ўсяго толькі перачакаць. Перажыць. Перацярпець. Што ён на дадзены момант паспяхова і рабіў.
«…Дык табе ўсё роўна, куру я ці не?» — дапытвалася Нэлі, і змоўкла, убачыўшы, што да іх ідзе Ведрыч.
