Вячэрняе
Вячэрняе читать книгу онлайн
У новую кнігу Я. Брыля, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій увайшлі лірычныя запісы і мініяцюры, напісаныя ў розныя гады. Большасць іх у свой час не пабачыла свету з меркаванняў ад аўтара не залежных. Лірычныя запісы — гэта роздум аб часе і чалавечых лёсах, роздум над самымі вострымі праблемамі сучаснасці. Яркая народная мова, назіральнасць, уменне адбіраць трапныя дэталі — усё гэта робіць кнігу цікавай для чытачоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У адзін з тых пагранічных дзён давялося, між іншым, папрысутнічаць і на перадачы з таго боку рэшткаў нейкай «банды», якая прарвалася з боем глыбей у Польшчу, але і там была ліквідавана савецкімі ўнутранымі сіламі. З нашага боку маёр Васільеў, што павінны быў стаць героем майго нарыса, а з польскага — падпаручнік Барбурскі цырымонна сустрэліся каля пагранічнага шлагбаума на гасцінцы, а неўзабаве ад Кузьніцы падышоў «студэбекер» з салдатамі і аўчаркамі, сярод якіх сядзелі цывільныя, тры мужчыны і дзве кабеціны. Іх узялі на «джып», на якім мы прыехалі з заставы, пад ахову аднаго аўтаматчыка і адной аўчаркі. Калі ад'ехалі ад мяжы, «джып» спыніўся, мой герой дастаў з багажніка сырамятныя рамяні, а падпалкоўнік, што прыехаў надоечы з Гродна, сказаў мне: «Это — не для печати». Як толькі мужчынам пачалі вязаць рукі (сам маёр з вадзіцелем), адна з жанчын зусім па-вясковаму расплакалася. А другая, маладзейшая, устала і працягнула рукі, склаўшы іх накрыж запясцямі. «Сядьте,— сказаў маёр,— мы женщин не вяжем». А яна ўсё стаіць. Сама прыгожая і поза гістарычная, няхай сабе толькі на фоне даўно не аранай пустэчы.
І так стаіць у маёй памяці — вось ужо больш за дваццаць гадоў.
У той невялікай групе вайскоўцаў я тым «бандытам», а перш за ўсё, хочацца думаць, дзяўчыне той бачыўся найбольшым ворагам: адзін толькі не ў форме і маўчыць... Куды там падумаць, што я — былы абаронца яе радзімы і чалавек, якому найдаражэй штосьці іншае, чым уся гэтая варажнеча...
* * *
У вестыбюлі падмаскоўнага Дома творчасці добра-такі пажылы пісьменнік звоніць у горад сыну ад папярэдняй жонкі, віншуе з днём нараджэння.
Цяперашняя жонка, больш падобная на дачку, чуе — не чуе тую размову, пахаджаючы побач. Хрумсціць, трашчыць арэхамі ў моцных зубах — на ўвесь вестыбюль. Відаць, нават пасынак недзе там чуе...
* * *
Муж-настаўнік пасля лагера быў у ссылцы і займеў там, на Урале, сына. Паспеў і аўдавець, пакуль прыйшла, ужо і не чаканая, воля. Вярнуўся туды, адкуль быў узяты, з хлопчыкам. Жонка тутэйшая, што столькі чакала яго, таксама настаўніца, нават з ордэнам за сумленную працу, зразумела мужа, даравала яму, аднак усё роўна жыве ў ёй прыкрая бабская рэўнасць.
— Дзеці,— пытаецца цераз акно на вуліцу, дзе чуваць дзетвара,— а ці там наш касавокі?..
Хоць хлопчык той і падобны на бацьку. Хоць сама яна і бяздзетная.
* * *
Чалавеку сорак шэсць гадоў, а ён, выпадковы сусед па купэ, расказвае мне ветліва, няпрошана, як бацьку яго зрабілі інтымную аперацыю. І заключае: «Зрэшты, у семдзесят гадоў яны яму ўжо не патрэбны».
Прыкра такое чуецца — ад сына.
А вось і яшчэ падобнае.
Разведзеная ці пакінутая дамачка, у якое малы сын, шэрая журналістка, хоча быць перада мною сучасна свецкай. Расказвае, як была на нейкай сустрэчы з касманаўтамі. На пытанне, што чалавек адчувае пасля бязважкасці, адзін з іх сказаў: «Ну, як жанчына, якая толькі што пабыла з мужчынам, але разоў у дзесяць мацней!..» Ідзем мы па талым снезе, яна такая тоўста-нярослая, нехлямяжа апранутая і, спяшаючыся, расказвае такое старому і, калі верыць ёй, паважанаму чалавеку.
* * *
Дзяўчыну выдалі за нялюбага. У наш час, пасля вайны, ды ў горадзе. Яна нарадзіла дзве дачкі. Старэйшая падобная да бацькі, і маці яе за гэта неўзлюбіла. Глядзела толькі меншую, падобную да яе.
І старэйшая вырасла з адчуваннем затоенай крыўды і злосці... нібы нават на ўсіх людзей. Ужо і ў самое дзеці, жыве ў добрай, прыязнай сям'і, а да ўсіх насцярожаная, з недаверам, ад усіх чакае дрэннага.
І выраз твару такі.
* * *
Добры хлопец узяў нядрэнную дзяўчыну. Жылі, жылі сабе, і раптам ён стаў... ну, няхай не начальнікам, але ж пры вялікім начальстве. А яна — у душы — падрасла-падскочыла да рангу начальніцкай жонкі. Такою і ўзялі яе ў выдавецтве рэдактарам. Слабенькая, аднак...
Аднак вось на працу прыйшла не ў 8.30, як усе, а недзе каля дзесяці, а ўжо ў адзінаццаць з мінутамі апранаецца, выходзіць.
Старшы рэдактар, таксама жанчына, што часова замяняе загадчыка рэдакцыі, пытаецца:
— Вы яшчэ будзеце?
Тая — томна, з прыкрытай важнасцю:
— Хутчэй за ўсё не.
І сама ўжо не ведае.
* * *
У адным з дакументальных фільмаў па кнізе Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» ваенная баба хваліцца з экрана, як яна перад строем расстраляла «труса». Мужчыны не захацелі, а яна выступіла сама. Хваліцца гэтым подзвігам і выпендрываецца перад вялікім люстрам ды перад уяўнымі гледачамі, надзеўшы пранафталіненую форму з калодкамі на старое, ужо бясформенна-шчодрае сала.
Чаму ж, аднак, тыя мужчыны, салдаты — «не захацелі»?..
* * *
У жніўні пяцьдзесят чацвёртага, у Адэсе, калі мая Ніна, ратуючы дачку, утапілася сама, а потым, выратаваная двума студэнтамі і, на беразе, лекарам, які шчасліва трапіўся, вельмі хацела спаць, я ўсё прасіў, не даваў ёй заснуць, бо сказана было, што гэта вельмі небяспечна. Мы з ёю сядзелі на лаўцы пад дрэвамі, чакалі выкліканую з горада «хуткую дапамогу».
І тут падышла незнаёмая курортная, кажучы па-адэску, мадам у яркім халаце, пад шырокім капелюшам, спынілася каля нас і выдала:
— Обычно в таком случае умирают на третий день.
У адказ я змог выдушыць толькі два словы:
— Пошла вон!
Пазней даведаўся, што гэта жонка саліднага, ветлага раманіста. А ён, відаць, не ведае пра той наш абмен думкамі, бо колькі ўжо разоў за трыццаць год запрашае мяне ў госці. І свой вялізны раман прыслаў, ужо таксама даўно.
Я быў пачаў яго — не пайшло. І ў госці таксама не пойдзеш.
* * *
Настолькі ўжо ва ўсім сама, што і пра смерць сваю гаворыць так:
— Не хачу я з нашымі маладымі жыць. Хіба што потым ужо буду пры сыне ці пры дачцэ.
Нібыта і мужавым адыходам таксама распарадзіцца яна: спачатку ён, а потым ужо сама.
* * *
Партызаны злавілі шпіёнку. Пасля допытаў расстрэльваць яе павёў бязносы гугніла, асобааддзелец, узяўшы з сабой байца.
Шпіёнка маладая, гладкая, і гугніла пачаў угаворваць яе... ну, даць. «Усё роўна ж табе гнісці, што ты шкадуеш!..» Яна згадзілася, легла, падрыхтавалася. Калі ён, аддаўшы свой аўтамат байцу і загадаўшы яму адысціся за куст, пачаў апускацца на калені — яна спрытна і моцна кашканула яго нагамі ў жывот, а сама прыпусцілася лесам наўцёкі...
Каб не баец — уцякла б.
Як ні страшыў начальнік байца, той усё-такі не вытрываў, расказаў пасля. А да мяне гэта дайшло праз трыццаць гадоў.
* * *
Прадвесне сорак пятага, драўляная ацалелая ўскраіна Мінска. Сусед па кватэры — капітан тылавое службы, мужчына пажылы, трохі вахлакаваты, як на афіцэра, хоць і з белымі пагонамі. А жоначка... іменна жоначка, так хочацца сказаць, была зусім маладая, бялявая, усмешлівая красуня. Разы са тры было так, што мы выпадкова сустракаліся з ёю на двары, я ішоў у дом, яна выходзіла... з тазікам зафіялечанай марганцоўкай вады. Міла ўсміхалася, без аніякай збянтэжанасці або якога-небудзь сораму...
Недаўменне праяснілася, калі гаспадыня дома нашаптала маёй жонцы тое, што капітан, таксама па сакрэце, расказаў ёй.
У красуні быў... «толькі трыпер», капітан не жыў з ёю сам, а бярог яе для сына... А ў пакойчыку, які яны займалі, стаяў толькі вузкі жалезны ложак, квадратны столік і табурэтка.
* * *
І ў раі, і ў пекле анёлы і чэрці, «падшие ангелы»,— адны мужчыны. Поўны патрыярхат.
Поле пераходзячы
Такога сюжэту як быццам і не прыдумаеш.
Швагерка — баба не проста звяглівая, шкодная, але атрутна варожая да яго, нашмат старэйшага, паважанага чалавека, у мінулым сталінскага пакутніка,— цяжка захварэла. Камусьці трэба неадступна быць каля яе. І сястра яе, энергічная жонка гэтага неаднойчы аблаянага швагеркай, збрыджанага ў вочы і за вочы чалавека, у сумленнасці сваёй безабароннага, як малое, вырашыла, што на сядзелку найбольш падыходзіць ён. І ён сядзіць, пакуль жонка на дачы,— і цэлы дзень, і цэлымі днямі...