Вячэрняе
Вячэрняе читать книгу онлайн
У новую кнігу Я. Брыля, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій увайшлі лірычныя запісы і мініяцюры, напісаныя ў розныя гады. Большасць іх у свой час не пабачыла свету з меркаванняў ад аўтара не залежных. Лірычныя запісы — гэта роздум аб часе і чалавечых лёсах, роздум над самымі вострымі праблемамі сучаснасці. Яркая народная мова, назіральнасць, уменне адбіраць трапныя дэталі — усё гэта робіць кнігу цікавай для чытачоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ножкамі можна захапіцца нібыта і незалежна ад усяго іншага. Убачыў такую на аўтобусным прыпынку, калі заходзілі, а потым яшчэ раз, калі разам выйшлі і яна пайшла перада мной. Высокая, элегантная, а ножкі ў белых туфельках стройныя, з назаўсёды правільнай, як пад нячутную музыку, хадой.
* * *
З аднаго боку чыстае каханне, з другога — разбэшчанасць, а ўсё разам цяпер называецца секс. Нават і «сіняя панчоха», даруй Божа, уся ў сваіх нудных «творчых» пошуках, знаходзіць тут вельмі новае, навукова-культурнае асэнсаванне. Сам чуў, як яна перад пачаткам нарады гутарыла з яшчэ старэйшым навукоўцам і трошкі заслінена шапялявіла пра тое, якія сёння ў свеце найважнейшыя праблемы: міру, дэмакратыі і тэксу...
* * *
Позні вечар перад тэлевізарам. Чакаеш чаго-небудзь цікавага, а дыктарка, сімпатычная маладзіца, аб'яўляе з дзяжурнай усмешкай:
— А цяпер, паважаныя таварышы, мы вам пакажам...
І называе другую ці трэцюю серыю нейкага нуднага кінафільма. Пакуль выключыць тэлевізар — само сказалася:
— Паказала б ты, дарагая, што-небудзь іншае!..
Бо і ёсць жа што паказаць.
* * *
Маладзенькая, прыгожанькая тэледыктара гаворыць завучанае хутка і чотка. Закончыла доўгі, сухі інфармацыйны сказ гулліва — словам Бан-Кок, ды з клічнікам і падлеткавай усмешкай, слова тое раздзяліўшы і падкрэсліўшы, асабліва Кок. Магла б тут і пальчык узняць.
* * *
«Што ты скалішся, слова не прылажыўшы?!» Хоць ты вазьмі ды так, па-вясковаму, спытайся ў здаравеннай музыказнаўчыхі, якая, абы з'явілася на тэлеэкране — адразу шырокая ўсмешка.
Можа, такое з вучобы, дзе вымуштроўваюць і так. Некаторыя дыктаркі так гэта моцна засвоілі, што і некралог, здаецца, гатовы пачынаць з выдатна засвоенай усмешачкай: «Савет Міністраў з глыбокім жалем паведамляе, што...»
* * *
Суседава нявестка, руская маладзіца, дзякуючы за паслугу:
— Иван Антонович, миленький, выйду на пенсию — прочитаю все ваши произведения!
А самой трыццаць, і здаровая, аж свіціцца.
Што ж, пачакаем.
* * *
Энтузіястка арганнай музыкі на канцэрце. Апладзіруе і крычыць: «Біс!» — проста як у гарачцы якой. І зноў, і зноў... За свой рубель і душу з таго маэстра выняла б!..
А ў нас, відаць, наогул першае месца па воплесках?
Пры Брэжневе кожны дзень амаль уся тэлепраграма «Час» складалася з масавых апладысментаў. Ва ўсёй краіне толькі засядаюць, толькі ў ладкі пляскаюць...
* * *
Старая пані Генавефа, хатняя работніца ў вядомага пісьменніка. Дзеці гаспадара, вясёлая малеча, паігралі ў карты на яе ложку, ды яшчэ ж у час святое імшы, пакуль яна была ў касцёле. І вось усю ноч ёй не давала спаць нячыстая сіла. Пакуль яна добранька не памалілася.
* * *
У міжгароднім аўтобусе маладзенькая, худая, быстрая, шыракаротая дзяўчына энергічна, размашыста жуе амерыканскую жвачку. Так плямкае, што цётка, якая сядзіць побач са мною, не вытрымала: «Во, як сячкарня якая!» Вёска наша сіганула па культуру аж за акіян. Плям, плям, плям... А потым яшчэ тую жованку-недажованку белым пухіром пакажа ў губах. Хоць ты блюнь у адказ. А яна ўсё жуе — за ўвесь білет не даплямкае...
* * *
І сярод нямкіняў ёсць пляткаркі. Таксама спяшаюцца,— бачыў я неяк,— і мімікай, і жэстамі, і смехам.
* * *
Немаладая ўжо выкладчыца так забегалася пасля інстытута па гастраномах, што, зайшоўшы ў кафэ пры хлебным магазіне ўзяла шклянку кавы з аўтамата, булачку, прыладзілася да круглага, высокага стала, а тады — замест цукру — апусціла ў шклянку з рукі... другія пяць капеек. Засаромелася, што нехта ўбачыў такое, і пайшла, не перакусіўшы,— на яшчэ адну лекцыю.
Расказвае мне пра гэта і смяецца.
* * *
У аўтобусе, пакуль ён стаіць на вясковым прыпынку. Пад белай кофтачкай — пяшчотныя грудзі і плечыкі. Валасы сабраныя ў акуратны «хвост». Носік курносы. На скроні — прышчыкі невыкарыстаных магчымасцей. І дзве дзяўчынкі, па маме міла курносенькія.
Старая спрацаваная свякроў просіць у меншай унучкі яшчэ адну «буську». А мама-нявестка не толькі вельмі сур'ёзна не звяртае на гэта ўвагі, але вось-вось, здаецца, скажа: «Хопіць ужо, наразвітваліся...» І чытай у гэтым яе валявую зацятасць, нейкую незадаволенасць мужавай маткай...
А муж — прасцецкі, светлы здаравіла. Пацалаваўся са старэнькай і зайшоў, калі аўтобус ужо загыркаў маторам.
* * *
Западозрыла, што Коля яе ходзіць да другое, да Ганны, скучкі гэтай. Клуб якраз падмятала, а тут прыбягае суседка дый кажа: «Твой да Ганны пайшоў, сама на свае вочы бачыла! Дальбожачка!..» Пабегла яна з венікам туды. А яны там і праўда — у ложку, без агню. Ганна ўсхапілася першая, дык яна ёй тым венікам па мардах, па мардах!.. А той уцякаць, хап-лах адзеўшыся. Жонка і выехала на ім. Ён спатыкнуўся ў градах, упаў. Ну ж і давала, і венікам, і нагамі. Ажно самой стала страшна, што ён жа дома яе за гэта заб'е. Кінула і пайшла дахаты. Прыходзіць, а Коля яе — сядзіць сабе ды з дзецьмі забаўляецца...
«Каго лупіла — і сама не ведаю... І той жа любоўнік маўчаў, каб я не пазнала, хто гэта... Ну, а з Ганнай мы — хоць бы што, падругі, як і былі. Яна ўжо рада, што я хоць маўчу. І мне казаць няма чаго. Гэта я толькі, дзядзечка, як вам гаворачы...»
* * *
Бабка на рынку вельмі ж старанна важыць свае яблыкі. Гарадская пакупніца ўсміхаецца:
— Ну, вы ўжо, цётачка, як у аптэцы!
— А што ж, мілая, свая ручка — не сучка, за так не даець!..
* * *
Модна рыжая і распатланая артыстачка два тыдні прадстаўляла ў далёкай братняй рэспубліцы наша беднае кінамастацтва.
Толькі ўсмешачкай, маладосцю ды кожны раз свабоднымі расказамі пра свае, нікому там не вядомыя, дэбюты ў слабых фільмах.
Начальства любіла гэтага коціка — і прыезджае, наша, і мясцовае.
У апошні дзень да самалёта яна прыехала не разам з усімі ўдзельнікамі выступленняў, а ў машыне начальства.
Ужо развіталіся госці з гаспадарамі, гаспадары з гасцямі, яшчэ раз, і яшчэ, сядзім у самалёце, а ён чамусьці марудзіць са стартам.
Артыстачка звяртаецца да мужа, таксама модна прыгожага, але маўклівага і нібы лішняга пры ёй:
— Ты посиди, а я пойду еще немножко попрощаюсь.
Але дзверы нарэшце зачыніліся. Самалёт пашумеў, патрашчаў і крануўся.
Артыстачка паспела толькі вылузаць у акно яшчэ адну завучаную ўсмешачку. Потым села. І задрамала, даволі кісла развесіўшы свае пухлыя губкі.
Да новага сігналу.
* * *
Лістапад восемдзесят трэцяга, Польшча.
Сакратарачка ваяводскага партыйнага камітэта — жанчына не толькі крывароценька сімпатычная, але самаадданая, шчырая ў працы, пра што на ўрачыстым абедзе расказаў мне адзін з ветэранаў вайны. «Толькі сынок у яе, дый таго няма калі глядзець. Ідзе раз малы па калідоры, на яе рабоце, і плача: «Ма-му-ся!» — «А хто твая мамуся?» — пытаюся ў яго. А ён адно толькі: «Бася!..»
У пані Басі сястра, што чакала яе, калі мы развітваліся на выхадзе. Таксама сімпатычная, нават больш, бо з незалежным выглядам. І мне зусім па-польску падумалася, што яна сваёй Басі ў спрэчцы можа сказаць і так: «Я ў дупе мам твон парт'ен!» Вельмі па-сучаснаму, тым больш па-нядаўняму, да ваеннага становішча.
* * *
Улетку сорак сёмага мне прапанавалі «творчую камандзіроўку» на граніцу з Польшчай, каб напісаць для часопіса «Пограничник» нарыс пра камандзіра аднаго з пагранучасткаў. Згадзіўся,— і цікава ж гэта, і лепш, чым сядзець у спёку ў горадзе, штодня хадзіць у свой «Вожык».