Вячэрняе
Вячэрняе читать книгу онлайн
У новую кнігу Я. Брыля, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій увайшлі лірычныя запісы і мініяцюры, напісаныя ў розныя гады. Большасць іх у свой час не пабачыла свету з меркаванняў ад аўтара не залежных. Лірычныя запісы — гэта роздум аб часе і чалавечых лёсах, роздум над самымі вострымі праблемамі сучаснасці. Яркая народная мова, назіральнасць, уменне адбіраць трапныя дэталі — усё гэта робіць кнігу цікавай для чытачоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
* * *
У трамваі — дзве дзяўчынкі гадоў па сем-восем з рудзенькімі, чарнапысенькімі ды чарнавокімі шчанючкамі на каленях. Міла няўрымслівых сябрукоў сур'ёзныя сябровачкі вязуць да ветэрынара на нейкую прывіўку. Спыталіся ў мяне, ці хутка будзе іхні прыпынак.
* * *
Пажылая жанчына расказвае:
— Мама наша рана памерла, і засталіся мы адны, як казяняты...
З мамінай казкі?
* * *
Суседка па санаторным стале, салідная дамачка, загадчыца атэлье. Успамінае, як у вайну ёй і дваюраднаму брату было па сем гадоў, як яны з бабуляй і суседзямі ў бамбёжку сядзелі ў сутарэнні і брацік прасіўся: — Бабушка, ты молись! Молись!.. І плакаў.
* * *
На дачы. Малая ўнучка:
— Ой, у Мінск ехаць страшна! Там жыве баба-яга!
— Ну? — здзіўляюся.
— Жыве, жыве!
— Няўжо-такі?
— Я ведаю. Дануся сказала мне пра гэта шэптам!..
* * *
У Майданаку мітынг. Хмарны, халодны лістападаўскі поўдзень, восемдзесят трэці год. На гасцявой трыбуне, нават схаваўшыся ў густым начальніцкім гурце, золка, сцюдзёна.
А побач, на вальнейшым месцы, малая гарцэрачка сінее і дрыжыць на ганаровай варце.
Стоячы побач з самім таварышам люблінскім ваяводам, я шапнуў яму, паказаў на дзяўчынку — прастудзіцца... Ён загадаў паклікаць нейкага меншага кіраўніка, у гарцэрскай «рагатывачцы», недарэчнай на яго вусатай ды патлатай галаве. «Змяніць малую!» Той пайшоў, даўгавата недзе тоўкся, а потым падышоў і далажыў, што «змяна варты ест пшэвідзяна» — прадбачыцца...
А дзяўчынка ўсё дрыжыць. Пакуль гучаць даўжэзныя, штампаваныя прамовы іхняй і нашай арганізаванай моладзі...
* * *
Маё маленства — як далёка гэта ад майго сына: на цэлае чалавечае пакаленне! Ад унучкі — на два пакаленні. І як гэта блізка,— у нашай агульнай любасці да прыроды, да жывых істотаў, у шчырасці раскрывания таямніцаў.
Як ён, мой сын, лавіў на траве маленькіх жабянят — у два гады, як пасвіў, летуючы ў любай цёткі, свіней — у чатыры, як злавіў першую рыбіну — у сем...
Як я яе, амаль трохгадовую ўнучку, пераносіў бродам цераз імклівую і чыстую раку. Як яна весела, шчасліва смяялася з мураша, што ўцякаў ад яе пальчыка на сыпкім беленькім пяску высокага надрэчнага адхону...
Шчасце дакрануцца старой, абветранай дарогамі шчакой да шчочкі дзіцячай, далучыцца да несмяротнасці, якая ў вечным абнаўленні пакаленняў.
* * *
У суседа па дачы непрыкметна для мяне вырас у горадзе ўнучак. Спыніўшыся каля чародкі малых на траве, працягваю яму руку:
— Здароў!
А ён вітацца не хоча. Чаму? Адказвае:
— У мяне і так ёсць свой дзед! Асабліва гэтае «і так».
* * *
Бабуля і мама, якіх я ведаю больш за пятнаццаць гадоў, з тых дзён, калі бабуля была яшчэ саракагадова прыгожай, а маме было сем без хвосціка. Апоўдні, карыстаючыся перапынкам паміж дажджамі, яны капаюць бульбу. Каля іхняга поля, на прылясной дарозе, па якой я іду, зеўрае адна з найбольшых лужынаў. Знаёмы сабачка, чорны, і вушы смешна тырчаць, які так нядаўна быў шчанючком, цяпер ужо на службе — заядла мяне абрэхвае. А да лужыны, каму вялікай, а каму вялізнай, як мора, пацешна тэпае тое казачна маленькае, пра каго я толькі чуў, якога яшчэ не бачыў. І паліцечка, і шапачка, і боцікі — усё маленькае, чыстае, а тое ступае сабе, тэпае проста да лужыны, за якой — вялізны дзед, ці як ёй мяне назваць. Я нахіляюся са свайго паднябесся, прашу даць мне ручку. Тое дае мне цёпленькія пальчыкі, і я вяду яе да бабулі і мамы. Падлетку цюціку ўжо сорамна на нас брахаць, і ён разгублена матлошыць хвастом. А мне прыемна яшчэ і таму, што ў лялькі імя маёй маці — Настуля.
* * *
— Дзед, а што гэта айсберг?
— Вялікая ледзяная гара.
— Дзед, а што гэта акіян?
— Вельмі вялікае мора.
— Ну, ёсць рэчка, возера, мора, а навошта яшчэ акіян?
Ёй трохі больш за чатыры гады. І яна хварэе. А мама доўга не вяртаецца з работы. Весялім яе з бацькам. Што мама едзе сёння не ў тралейбусе, а на восліку, які спыняецца каля гастраномаў. Булачку хоча, ды яшчэ і капрызнічае — то з макам яму нясі, то з разынкамі...
* * *
Маці расказвала, як нешта ў нас не даілася карова, дык млая Ганна, наша найстарэйшая, усё хныкала, прасіла малака. А потым параіла:
— Вы, мамо, наліце вады, а потым пакруціце збанком! Бачыла ж, і не раз, як маці рабіла раней: круціла няпоўным збанком, каб не ліць ёй у кубак смятанку, вяршок, а каб усё малако было роўнае.
* * *
У шчаслівым местачковым доміку — першы сынок. Тры месяцы, а ён ужо сем кілаграмаў. Бабуля задаволена смяецца:
— Прыдсядацель калхоза!
* * *
У Мінску, на аўтобусным прыпынку,— суседка з поўнай сумкай.
— Да ўнучкі трэба,— кажа мне.
— І правільна,— адказваю.— Цяпер жа не Чырвоныя Шапачкі да бабуляў ходзяць, а наадварот.
Смяемся, падумаўшы і кожны пра сваё, і пра для ўсіх агульнае.
* * *
Калі пасля ад'езду малых пачынаю цешыцца цішынёй і парадкам у дачным доме і на двары, само па сабе, спакваля прыходзіць бачанне іх зводдаль, пачынаецца дзедаўскі сум...
Зноў тады ўспамінаецца наш даваенны казёл, якога трымалі каля коней з прычыны яго казлінага паху. Любіў ён забаўляцца з малечай на зімовай вуліцы. Як яны здзекаваліся з яго — і верхам ездзілі, і за бараду цягалі, і «кучку-невялічку» на ім рабілі, і ў санкі яго запрагалі... А назаўтра, калі яны былі ў школе, ён хадзіў па вёсцы адзін і сумна-жаласна мекаў, не могучы дачакацца...
Літаратурнае
Петруся Броўку я ўпершыню ўбачыў у ліпені сорак чацвёртага, калі мы са Смолярам прыехалі на партызанскі парад, і Гірш, паколькі быў яшчэ час, павёў мяне да пісьменнікаў, якіх мы цэлы гурт знайшлі ў нейкім часовым доме ЦК партыі, куды іх склікалі на высокі прыём, што меўся хутка пачацца.
Потым у «Чырвонай змене», ужо ў сваім Міры, я прачытаў яго «Ясны кут», убачыў здымак аўтара ў вайсковым.
Гэта і дапамагло мне пазнаць паэта, ужо крыху знаёмага і па слове, калі неяк у жніўні перад разбураным касцёлам спыніўся грузавік, якому далей не трэба было, і з кузава на пыльны брук разам з іншымі выпадковымі пасажырамі злез цераз борт сам аўтар нядаўна прачытанай паэмы. У адзенні тым самым, што і на здымку, але без пагонаў, затое з пакоўным «Сідарам» за плячыма.
І ён мяне пазнаў, бо я, вядома ж, быў у тых самых лясных неданосках і пад пілоткай, толькі без карабіна, як было тады, калі мы... от, паздароўкаліся за руку ў незнаёмым для мяне пісьменніцкім гурце.
Ён расказаў, што едзе ў Нягневічы, куды ў акупацыю пераехала з Мінска іх даваенная хатняя работніца, самотная, сумленная «баптыстка», якая захавала сёе-тое з іхняга набытку, пра што вось і паведаміла пісьмом. Трэба наведацца, бо сама яна, пажылая ўжо, занемагла там, у сваякоў, трэба больш распытацца і падзякаваць. (На гэта і «Сідар», няцяжка было здагадацца.) Ужо быў адвячорак, ехаць яму кіламетраў пад сорак, а транспарту ніякага не відно... І я запрасіў шаноўнага госця пераначаваць.
У самым канцы доўгай вуліцы, ды яшчэ наводшыбе, у доме «святога Ката», як называлі гэтага чалавека ў мястэчку, кватаравала нас чатырох: мой брат Міша, начальнік райканторы ЦСУ, загадчык райза Багамазаў, невельскі русак, аграном, у партызанах палітрук атрада, сакратар райгазеты Нікішын, разваротлівы прымак з акружэнцаў, і я, з лесу яшчэ «выконваючы абавязкі» рэдактара.
З гаспадаром, пажылым, рухавым Уладзімірам Андрэевічам, мы з Мішам былі прыязна знаёмыя больш за дзесяць гадоў. (На чвэртку веку пазней я напісаў пра яго эсэ «Добра быць маладым».) Гаспадыня, шматвопытная Марыя Іванаўна,— і па знаёмстве з намі, і з меркаванняў часу,— накрыла ніштаваты стол.