Над Бугам: выбранае
Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн
У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пакуль яшчэ пад'ехаў, пазбягаліся ўсе. Пад'язджаю, трублю і крычу ўжо на станцыі: «Браткі, бандытаў хутчэй хапайце!» І што вы думалі - усіх пабралі, як міленькіх. Адзін толькі саскочыў, дый той, небарака, аб сотнік чарапянку зламаў. Бач, калі таргануў гэта я паравозам, ашаламуціліся яны ўсе. Некаторыя лататы хацелі даць, ды пасажыры скемілі, у чым справа, ды за каўнер, ды за зброю.
І пацехі ж было пасля, бо я обера лаяў, чаму за білеты не ўзяў з безбілетнікаў гэтых самых... А ён мяне крыў:
- Не меў, - кажа, - ты аніякага поўнага права без майго свістка шалёны ход пачынаць...
- А навошта ж згубіў ты, - кажу, - свісток гэты, пад лаўку хаваючыся... Смяхоцце, браткі, было... Ну, а пасля праз некалькі месяцаў мне і ордэн гэты чырвоны.
І Андрэй зноў мацае сябе за кішэню і, не знайшоўшы там патрэбнага, вінавата апускае руку.
- Не варта насіць цяпер, навошта...
На станцыю, запыхаўшыся, прыходзіць таварны цягнік. Хутка моцны, шчукінскі паравоз параўняўся з нашай «кукушкай». З паравознай будкі высунулася нечая постаць. Яе заўважыў Андрэй.
- Здароў, Каўтун!
- А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Ну, як «кукуеш»?
- Кукую, нічога, браток, не папішаш...
- Кукуй, кукуй. А да жонкі калі?
- У панядзелак з'езджу. Калі ўбачыш часам, скажы, хутка прыеду.
- Дзе ж ёй сумаваць там. Нябось, маладога знайшла, ці ж ты ёй пара...
- Ну, ты ўжо сказаў. Табе б толькі зубы скаліць. Хадзі вось шклянку чаю перахваці...
Калі таварны заскрыгатаў коламі, забуксаваў магутным паравозам і крануўся ўперад, Андрэй змоўк. Нават выгляд яго зрабіўся шэрым, бескаляровым.
- Расказаў бы ты нам яшчэ пра бронецягнік, дзядзька!
- Не, браткі, годзе. Другім разам ужо. А цяпер спаць. Бо і ў мяне ўжо косці ныюць і пазяха-а-ецца ж, здаецца, праглынуў бы і «кукушку» сваю, да таго ж спаць ахвота. Дый вам час. Нябось, заўтра а шостай гадзіне на лінію. Ну, дык і трэба вылежацца крыху, а то і штопка з рук вываліцца, калі гэта не выспацца.
- Што ты, дзядзька, каб у нас ды вывалілася.
- А яно і сапраўды: ці мне ж раўняцца з вамі. Калі б то мне вашы гады, здаецца б, плячом паравоз з дэпо выштурхнуў. Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў...
Сям'я Андрэя жыве на другой станцыі. Дый не сям'я, а так - адна толькі жонка. Кожны тыдзень Андрэй ездзіць да яе на пабыўку. І заўсёды ён садзіцца да якога-небудзь знаёмага машыніста на пасажырскі паравоз. Іначай не можа.
- Душа не прымае. Ці можна ж мне ехаць у вагоне: занудзішся там, змарнееш.
І, калі цягнік адыходзіць ад станцыі, Андрэй заўсёды просам просіць машыніста:
- Родненькі, галубок мой, дай жа я правяду крыху.
Яму не адмаўляюць.
Дрыжачай рукой націскае Андрэй на бліскучы рэгулятар, напружваецца сам, як магутны паравоз, і, радасны, прыслухоўваецца, як хліпае гарачая пара ў шырокіх паравозных трубах, як ляскочуць усё шыбчэй і шыбчэй гарэзлівыя высокія колы паравоза, як пыхкае пара з-пад бліскучых, гарачых поршняў цыліндра.
І, перагнуўшыся ў акенца, шырокімі грудзямі ўдыхае Андрэй пах палыну і мазуту, мерна ківаецца на сядзенні і ў такт усяму дрыжачаму паравознаму целу прыгаварвае часам:
- І ляцім жа, браткі! Э-эх ляцім!.. Даганяй - не дагоніш...
1928
Беня-балагол
Беня сядзіць на перадку сваёй будэ і ціха пасвіствае. Але конь хоць бы што - ні ўзад ні ўперад. Апусціў галаву і ні з месца. Нават хвастом не матне, калі цярплівы Беня асцярожна штурхане яго пугаўём па задняй назе.
- Но-но... но... вараны!
Вараны ні з месца. Беня злазіць з воза і ідзе да каня, праходзіць немаведама чаго крокаў пяць уперад, потым варочаецца назад, поркаецца нешта ля сядзёлкі, мацае супонь, ізноў прабуе пасвістаць, але ўсё гэта не мае аніякіх вынікаў.
З рагожнае будэ, сяк-так прымайстраванае на арэшкавых абручах, высоўваюцца нецярплівыя пасажыры, страціўшыя ўсякую надзею пасунуцца хоць на крок уперад.
- Чаго ты глядзіш ды дзівуешся. Ты яго па каленках, па каленках, адразу пойдзе... А то, бач, патурае каню. Так ты век з ім не зварухнешся з месца.
- Навошта жывёлу біць? Конь сам ведае, калі яму трэба пабегчы. І навошта біць, а мо жывёліна застудзіла жывот і не можа пайсці.
- Які там жывот, і ці можа конь застудзіць жывот? І наогул ты, Беня, жулік. Ты ж толькі казаў, што мы праз тры хвіліны будзем на месцы і што конь твой - віхор.
- Ну тры хвіліны, ну дзве гадзіны. Але пры чым тут я, калі конь не хоча ісці?
Паміж пасажырамі і Бенем пачынаюцца доўгія спрэчкі аб конскай прастудзе, аб розных конскіх хваробах і норавах, аб кепскай дарозе ды іншых падобных рэчах. Беня спрачаецца неахвотна, і з усяго відаць, што яму ўсё роўна: і пасажыры, і іхнія словы, і спрэчкі гэтыя самыя, і лаянка.
Урэшце Беня зусім маўчыць і, прысеўшы ля дарожнай канавы, круціць паволі цыгарку, не спяшаючыся раскурвае яе і лена сплёўвае на прыдарожны камень.
Вараны, якому надакучылі, мусіць, спрэчкі, раптам сцепануўшы вушамі, крануў з месца і ціха пасунуўся ўперад.
- Ну што, ці я не казаў вам: жывёліна ведае, калі ёй трэба пабегчы...
Але паспеў толькі Беня зноў усесціся на перадок, як жывёліна стала.
- Э, халера на яго, - нечакана злуе Беня, - жывёліна не любіць залішняга цяжару.
Беня злазіць і заходзіць наперад каню.
Вараны раптам паварочвае назад і выказвае яўныя намеры кінуцца з усіх ног назад у горад.
- Трымайце... Трымайце лейцы, ды мацней, мацней... Стой, стой, тпр-р, вараны...
Сяк-так павярнулі зноў на дарогу, і вараны, раздумаўшы, мусіць, што ад дарогі ўсё роўна не выкруцішся, пайшоў ціхім трухам па траскай шашы. Магчыма, што ў конскай галаве былі і другія якія-небудзь меркаванні, мо аб вячэрняй мерцы аўса і аб прытульным родным хляве ці аб чым іншым, што прымусіла яго канчаткова ісці ўперад. Але як бы там ні было, усе былі задаволены. І пасажыры, што ўткнуліся ў салому, і Беня, што прыліп да перадка і пачаў мармытаць пад нос нейкую ціхую песню без слоў.
Рагожная будэ зыбалася з боку ў бок, стукаючы паломаным абручом па драбінах калёс і падымаючы ўсярэдзіне вялікі вецер, ад якога нудныя пасажыры хуталі свае насы ў каўняры і забіраліся з нагамі ў салому. Праз будэ, праз падраныя парудзелыя мяхі і выветраную рагожку ўсміхаліся зоркі. Зыбалася будэ, гойдалася ўніз і ўгару - і тады скакалі зоркі ў рагожных дзірках і месяц блытаў свае белыя пасмы між арэшкавымі абручамі.
Будэ і зоркі рагожныя няслі думку далёка-далёка, і здавалася, што не будэ скрыпіць па дарозе, а плывуць па эгіпецкіх дарогах у пыле вякоў паходныя шатры жыдоўскія, зыбаюцца шатры, а ўперадзе нязмерная дарога і далячынь - нязведаная будучыня. І цвітуць над шатрамі надзеі, і бурліць жыццё, і, здараецца, нават песні чуеш, што плывуць-выплываюць з-пад белых шатроў.
- ...Нішто. Чатыры. Дзякаваць Богу. Да самага Глуска...
Нібы скрозь сон пазнаеш голас Бені. І праўда, задрамалася крыху. Побач з намі яшчэ з паўдзесятка будэ - па дарозе нагналі. Беня гутарыць з балагольшчыкамі, ідзе недзе ззаду.
- Анішто? - пытае нечы голас.
- Ат, так сабе, лепей, як паражняком.
Балаголы ідуць купкаю па абочыне шашы. Гучна гавораць паміж сабою, размахваюць рукамі, часам над нечым рагочуць. Адзін расказвае:
- І... толькі гэта я пад Залатую горку, пад сухі дуб пад'ехаў, як з-за куста тыц два чалавекі. «Стой, - кажуць, - рукі ўгору!..» Я як еў каўбасу, так і выпала яна з рук, і сам чуць не падавіўся. Вось табе, думаю, і зарабіў на шабас. І невялічкае багацце там у мяне на калёсах - усяго два мяшкі мукі для кааператыва вёз, ну з дробязі там сёе-тое... Ну, да ў кішэні трохі было, дый то чужыя грошы... Хуценька гэта я рукі ўгору, а сам у дрыжыкі, гляджу, чакаю... Чакаю і думаю: забіць мо і не заб'юць, бо за апошнія часы не было ўжо такіх выпадкаў, а што абяруць за мілую душу - гэта ўжо як цот - не адчэпішся. Ато, думаю, як і каня адбяруць - без ног пасадзяць. А яны навялі гэта ўрэзы і, дзіўна мне, мнуцца нешта, справы не пачынаюць. Што за праява, думаю. А адзін тым часам і пытае: «Хто ў цябе там на возе?» Тут нібы чорт мяне падкінуў з калёс, куляй гэта на дарогу ды да іх.