-->

Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 425
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Мы з Сашкам з адной вёскі… Тут… пад Брэстам… Бывала, сядзем з ім увечары на лавачцы і ўспамінаем. А пра што яшчэ казаць? Добры ён быў чалавек. Не піў, не п’яніца… Не-е-е… хоць адзін жыў. Што рабіць адзінокаму мужчыну? Выпіў — паспаў… выпіў… Хаджу па двары. Таўкуся. Хаджу і думаю: зямное жыццё — не ўсяму канец. Смерць — душы прастор… Дзе ён там? Напрыканцы пра суседзяў падумаў. Не забыўся. Барак стары, адразу пасля вайны пабудавалі, дрэва высахла і, як папера, загарэлася б, запалала. У адзін момант! У секунду! Згарэла б да травы… да пяску… Напісаў цыдулку дзецям: «Гадуйце ўнукаў. Бывайце» — і паклаў на заўважнае месца. Пайшоў у гарод… на сваю градку…

Ой-ой! А ў цэлым… у цэлым… Прыехала «хуткая», на насілкі яго кладуць, а ён з гарачкі падымаецца, хоча сам ісці. «Ты што, Сашка, утварыў?» — праводзіла я яго да самай машыны. «Стаміўся жыць. Сыну пазвані, няхай у бальніцу прыедзе». Ён яшчэ са мной размаўляў… Пінжак абгарэлы, а плячо белае, чыстае. Пяць тысяч рублёў пакінуў… Некалі вялікія грошы! Зняў з ашчадкніжкі і на стол паклаў побач з цыдулкай. Усё жыццё збіраў. Да перабудовы за такія грошы можна было купіць машыну. Лепшую! А цяпер? Хапіла на новыя чаравікі і вянок. Во як! Ляжаў на насілках і чарнеў… чарнеў на маіх вачах… Забралі ўрачы і таго хлопца, які яго ратаваў, хапаў з вяроўкі мае мокрыя прасціны (я днём памыла) і кідаў на яго. Чужы хлопец… студэнт… праходзіў міма і бачыць — чалавек гарыць! Сядзіць на градцы, згорбіўся і гарыць. Копціць. Маўчыць! Так ён нам і расказваў пасля: «Маўчыць і гарыць». Жывы чалавек… Раніцай сын да мяне пастукаўся ў дзверы: «Тата памёр». У труне ляжаў… галава ўся спаленая і рукі… Чорны… чорны… Рукі ў яго былі залатыя! Усё ўмеў. І за сталяра, і за муляра. Тут у кожнага пра яго памяць засталася — у каго стол, у каго кніжныя паліцы… этажэрачкі… Да ночы, бывала, стаіць у двары і габлюе, як цяпер бачу — стаіць і стругае. Любіў дрэва. Пазнаваў дрэва па паху, па габлюшцы. Кожнае дрэва, казаў, па-свойму пахне, самы моцны пах у хвоі: «Сасна — як добры чай пахне, а ў клёна вясёлы пах». Да апошняга дня працаваў. Справядлівая прымаўка: пакуль цэп у руках, дык і хлеб у зубах. На пенсію ніяк цяпер не пражыць. Я сама ў нянькі наймаюся, чужых дзяцей няньчыць. Капейку дадуць, дак і цукру куплю, і доктарскай каўбаскі. А што нашая пенсія? Купіш хлеб і малако, а тапачкі на лета ўжо не купіш. Не хопіць. Старыя раней сядзелі на лавачцы ў двары бесклапотна. Пляткарылі. А цяпер не… Хто пустыя пляшкі па горадзе збірае, хто каля царквы стаіць… у людзей просіць… Хто семкамі або цыгарэтамі на аўтобусным прыпынку гандлюе. Талонамі на гарэлку. У нас затапталі ў вінным аддзеле чалавека. Да смерці. Гарэлка цяпер даражэй за гэта… як яго? Ну гэты — амерыканскі долар. За гарэлку ў нас усё купіш. І сантэхнік прыйдзе, і электрык. А так — не дагукаешся. А ў цэлым… у цэлым… Жыццё прайшло… Адно што час ні за якія грошы не купіш. Плач перад Богам ці не плач, не дакупішся. Так задумана. А Сашка сам не захацеў жыць. Адмовіўся. Сам вярнуў Богу білецік… Ой, Бо-о-жа! Ездзіць і ездзіць цяпер міліцыя. Распытваюць… (Прыслухалася.) Во-о-о… Цягнік гудзе… Гэта — маскоўскі — Брэст– Масква. Мне і гадзінніка не трэба. Падымаюся, як варшаўскі крыкне — а шостай. А там мінскі, першы маскоўскі… Раніцай і ноччу яны рознымі галасамі крычаць. Бывае, усю ноч слухаю. Пад старасць сон уцякае… З кім мне цяпер размаўляць? Цяпер адна на лавачцы сяджу… Я яго суцяшала: «Сашка, знайдзі добрую жанчыну. Жаніся». — «Лізка вернецца. Буду чакаць». Я сем гадоў яе не бачыла, як яна ад яго сышла. З афіцэрам нейкім звязалася. Маладая… на шмат гадоў за яго маладзейшая была. Кахаў ён яе моцна. Білася аб труну галавой: «Гэта я Сашку жыццё паламала». Ой-ой! Увогуле… Любоў — не валасы, хутка не вырвеш. І крыжам каханне не звяжаш. Чаго тады плакаць? Хто цябе пачуе з зямлі… (Маўчыць.) Ой, Боо-жа! Да сарака гадоў можна ўсё рабіць, і грашыць можна. А пасля сарака трэба каяцца. Тады Бог даруе.

(Смяецца.) Усё пішаш? Ну, пішы-пішы. Я яшчэ раскажу… У мяне гора не адзін мех… (Падняла галаву ўверх.) В-о-о… Ластаўкі прыляцелі… Цёпла будзе. Калі казаць праўду, да мяне адзін раз ужо прыходзіў карэспандэнт… Пра вайну распытваў… Я апошняе з двара вынесу, толькі б вайны не было. Страшней вайны нічога няма! Пад нямецкімі кулямётамі стаім, а нашы хаты трашчаць ад агню. Гараць і садочкі. Ой-ой! З Сашкам мы вайну кожны дзень успаміналі… У яго бацька прапаў без вестак, а брат у партызанах загінуў. Сагналі ў Брэст палонных — мора людзей! Іх гналі па дарогах, як коней, трымалі ў загародках, паміралі яны і валяліся, як смецце. Усё лета Сашка хадзіў і шукаў там з мамай свайго бацьку… Пачне мне распавядаць… і не можа спыніцца… Шукалі яны сярод мёртвых, шукалі сярод жывых. Ніхто ўжо смерці не баяўся, смерць звычайная стала рэч. Да вайны спявалі:

«От тайги и до британских морей,
Красная Армия всех сильней».

З гонарам спявалі! Увесну лёд растаў… паплыў… Уся рака за нашай вёскай была ў трупах, голыя, счарнелыя, толькі рамяні на паясах блішчаць. Рамяні з чырвонымі зорачкамі. Няма мора без вады, а вайны — без крыві. Бог дае жыццё, а ў вайну яе забірае хто хочаш… (Плача.) Хаджу-хаджу па двары. Таўкуся. І падумаю, што Сашка за спінай стаіць. І голас яго пачую. Азірнуся — нікога. А ў цэлым… у цэлым… Што ты, Сашка, утварыў? Такую пакуту выбраў! Ну, можа, адно: на зямлі гарэў, дык на небе не будзе. Адпакутаваў. Недзе ж захоўваюцца ўсе нашыя слёзы… Як там яго сустрэнуць? Калекі па зямлі поўзаюць, спаралізаваныя ляжаць, нямыя жывуць. Не нам вырашаць… не нашая воля… (Хрысціцца.)

Давеку я вайну не забуду… Немцы ўвайшлі ў вёску… Маладыя, вясёлыя. І такі быў шум! Яны заехалі на вялікіх-вялікіх машынах, і матацыклы ў іх былі на трох колах. А я да гэтага ні разу не бачыла матацыкла. Машыны ў калгасе былі паўтаратонкі, з драўлянымі бартамі, нізенькія машыны. А гэтыя! Як дом! Я ўбачыла іх коней, не конь, а гара. На школе яны напісалі фарбай: «Чырвоная армія вас кінула!» Пачаўся нямецкі парадак… У нас жыло шмат габрэяў: Абрам, Янкель, Мордух… Іх сабралі і павезлі ў мястэчка. Яны былі з падушкамі, коўдрамі, а іх адразу ўсіх пабілі. Сабралі з усяго раёна і пастралялі ў адзін дзень. Звалілі ў яму… Тысячы… тысячы людзей… Расказвалі, што трое сутак кроў ішла наверх… Зямля дыхала… жывая была зямля… На тым месцы цяпер парк. Зона адпачынку. З труны голасу няма. Ніхто не крыкне… Та-а-ак… Я думаю так… (Плача.) Не ведаю… як яно было? Самі яны прыбіліся да яе, або яна іх у лесе знайшла? Суседка наша хавала ў хляве двух габрэйскіх хлопчыкаў, прыгожых-прыгожых. Анёлачкі! Усіх расстралялі, а яны схаваліся. Уцяклі. Аднаму — восем, а другому — дзесяць гадоў. І нашая мама ім малако насіла… «Дзеці, ні-ні… — прасіла яна нас. — Нікому ні слова». А ў той сям’і быў стары-стары дзед, яшчэ тую вайну з немцамі памятаў… Першую… Ён іх корміць і плача: «Ой, дзеткі, зловяць вас і будуць мучыць. Змог бы, дык лепей бы я сам вас забіў». Такія словы… А чорт усё чуе… (Хрысціцца.) Прыехалі тры немцы на чорным матацыкле з вялікім чорным сабакам. Хтосьці стукнуў… Заўсёды ёсць такія людзі, у іх душа чорная. Жывуць яны… як без душы… і сэрца ў іх медыцынскае, а не чалавечае. Нікога ім не шкада. Хлопчыкі пабеглі ў поле… у жыта… Немцы нацкавалі на іх сабаку… Збіралі людзі іх потым па кавалачках… па анучцы… Не было чаго хаваць, і ніхто не ведаў, пад якім прозвішчам. Суседку немцы прывязалі да матацыкла, яна бегла, пакуль сэрца не разарвалася… (Ужо й не выцірае слёзы.) У вайну чалавек чалавека баяўся. І свайго, і чужога. Скажаш днём — птушкі пачуюць, скажаш ноччу — мышы пачуюць. Мама вучыла нас малітвам. Без Бога цябе і чарвяк праглыне. На Дзявятага мая… у наша свята… Вып’ем з Сашкам па шкляначцы… паплачу… Цяжка слёзы глытаць… А ў цэлым… у цэлым… У дзесяць гадоў застаўся ён у сям’і і за бацьку, і за брата. А мне, калі скончылася вайна, споўнілася шаснаццаць гадоў. Пайшла працаваць на цэментны завод. Трэба маме памагаць. Цягалі мяхі з цэментам па пяцьдзясят кіло, грузілі на бартавую машыну пясок, друз, арматуру. А я хацела вучыцца… баранавалі і аралі на карове… карова раўла ад такой працы… А што елі? Што елі? Жалуды таўклі, шышкі ў лесе збіралі. Усё роўна марыла… Усю вайну марыла: скончу школу, стану настаўніцай. Апошні дзень вайны… Было цёпла-цёпла… мы з мамай пайшлі ў поле… Прыскакаў на кавалерыйскім кані міліцыянт: «Перамога! Немцы падпісалі капітуляцыю!» Скакаў па палях і ўсім крычаў: «Перамога! Перамога!» Людзі беглі ў вёску. Крычалі, плакалі, лаяліся. Больш за ўсё плакалі. А назаўтра сталі думаць: як далей жыць? У хатах — пуста, у адрынах — вецер. Конаўкі, зробленыя з бляшанак кансервавых… бляшанкі пасля нямецкіх салдат засталіся… Свечкі са стрэляных гільзаў. Пра соль за вайну забыліся, хадзілі, і ва ўсіх косткі гнуліся. Немцы, калі адступалі, парсюка ў нас забралі, апошніх курэй палавілі. А перад тым партызаны ноччу кароўку звялі… Кароўку мама не аддавала, дык адзін партызан стрэліў уверх. У дах. Склалі ў мех яны і швейную машынку, і маміны сукенкі. Партызаны то былі ці бандыты? Са зброяй… А ў цэлым… у цэлым… Чалавек жыць заўсёды хоча, і ў вайну таксама. У вайну шмат чаго пазнаеш… Няма звера горшага за чалавека. Гэта чалавек чалавека забівае, а не куля. Чалавек чалавека… Мі-і-лая ты мая!!

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название