Час second-hand
Час second-hand читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Жарсна глыталі газеты і часопісы, перыёдыку больш, чым кнігі. Тыражы «тоўстых часопісаў» падскочылі да мільёнаў асобнікаў. Раніцай у метро з дня ў дзень на вачах адна і тая ж карціна: увесь вагон сядзіць і чытае. Тыя, хто стаяць, таксама чытаюць. Абменьваюцца адзін з адным газетамі. Незнаёмыя людзі. Мы з мужам выпісвалі дваццаць найменняў, адну зарплату цалкам трацілі на падпіску. З працы я бегла хутчэй дамоў, каб залезці ў чырвоны халат і чытаць. Нядаўна памерла мая мама, яна казала: «Я паміраю, як пацук на сметніку». Яе аднапакаёвая кватэра нагадвала чытальную залу: часопісы, газеты — стосікамі на кніжных паліцах, у шафе. На падлозе і ў вітальні. Шматкаштоўныя «Новый мир» і «Знамя»… «Даугава»… усюды — скрынкі выразак. Вялікія скрынкі. Я адвезла ўсё на лецішча. Выкінуць шкада, аддаць — каму? Макулатура цяпер! А ўсё чытана-перачытана. Шмат падкрэсліванняў — чырвоным алоўкам, жоўтым. Чырвоным — найважнейшае. Паўтоны, я думаю, у мяне ляжыць. Усё лецішча заваліла.
Вера была шчырая… наіўная вера… Паверылі, што вось зараз… ужо стаяць на вуліцы аўтобусы, якія павязуць нас у дэмакратыю. Будзем жыць у прыгожых дамах, а не ў шэрых «хрушчоўках», пабудуем аўтабаны замест раздзяўбаных дарог, станем усе добрымі. Рацыянальных доказаў гэтаму ніхто не шукаў. Іх і не было. А навошта? Верылі сэрцам, а не розумам. І галасавалі на выбарчых участках сэрцам. Ніхто канкрэтна не казаў, што трэба рабіць: свабода — і ўсё. Калі ты сядзіш у закрытым ліфце, то марыш аб адным — каб ліфт расчыніўся. У цябе шчасце, калі яго адкрыюць. Эйфарыя! Ты не думаеш пра тое, што ты цяпер павінен нешта рабіць… ты нарэшце дыхаеш на поўныя грудзі… Ты ўжо шчаслівы! Мая сяброўка выйшла замуж за француза, ён працаваў у маскоўскай амбасадзе. І вось ён увесь час ад яе чуў: паглядзі, маўляў, якая ў нас, у рускіх, энергія.
«Ты мне растлумач, для чаго гэтая энергія?» — пытаўся ён у яе. Ні яна, ні я не маглі нічога яму растлумачыць. Я яму так і адказвала: прэ энергія — і ўсё. Я бачыла вакол сябе жывых людзей, жывыя твары. Якія ўсе былі ў той час прыгожыя! Адкуль узяліся гэтыя людзі? Учора ж іх яшчэ не было!
Тэлевізар у нас у доме не выключаўся… Праграму «Новости» глядзелі кожную гадзіну. У мяне якраз нарадзіўся сын, я выходзіла з ім у двор і абавязкова брала з сабой прыймач. Людзі сабак выводзілі гуляць і радыё бралі. Смяёмся цяпер з сына: ты ў нас змалку — у палітыцы, а яму гэта нецікава. Слухае музыку, вучыць мовы. Хоча ўбачыць свет. Іншым жыве. Нашыя дзеці не падобныя да нас. Да каго яны падобныя? Да свайго часу, адзін да аднаго. А мы тады… Ой-ой! Зараз Сабчак на з’ездзе выступае… Усе кідаюць справы і бягуць да экрана. Мне падабалася, што Сабчак у нейкім прыгожым, здаецца, аксамітным пінжаку, гальштук завязаны «па-еўрапейску». Сахараў на трыбуне… Значыць, у сацыялізму можа быць «чалавечы твар»? Вось яно… Для мяне гэта быў твар акадэміка Ліхачова, а не генерала Ярузельскага. Калі я казала «Гарбачоў», то мой муж дадаваў «Гарбачоў… і Раіса Максімаўна таксама». Упершыню мы ўбачылі жонку генеральнага сакратара, за якую было не сорамна. Прыгожая фігура, добра апранутая. Кахаюць адно аднаго. Нехта прынёс нам польскі часопіс, дзе пісалася, што Раіса — шык! Як мы ганарыліся!.. Бясконцыя мітынгі. Вуліцы патаналі ва ўлётках. Заканчваўся адзін мітынг, пачынаўся наступны. Людзі ішлі і ішлі, кожны думаў, што ён прыйдзе туды і пачуе штосьці новае. Вось цяпер правільныя людзі знойдуць правільныя адказы… Наперадзе чакала невядомае жыццё, яно ўсіх прыцягвала. Здавалася, што царства свабоды ўжо на парозе… Але жыць станавілася ўсё горш і горш. У хуткім часе, акрамя кніг, нічога ўжо не прадавалася. У крамах толькі кнігі…»
Алена Юр’еўна:
— Дзевятнаццатага жніўня дзевяноста першага… Прыязджаю ў райкам. Іду па калідоры і чую: ва ўсіх кабінетах, на ўсіх паверхах уключана радыё. Сакратарка перадае просьбу «першага» зайсці да яго. Заходжу. У «першага» гучна працуе тэлевізар, сам ён, змрочны, сядзіць каля прыёмніка, ловіць то «Свабоду», то «Нямецкую хвалю»… «Бі-бі-сі»… Усё, што даступна. На стале спіс членаў Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы… ГКЧП… як яго потым назавуць. «Адзін Варэннікаў, — кажа ён мне, — выклікае павагу. Усё ж такі баявы генерал. Ваяваў у Афганістане». Заходзяць другі сакратар… загадчык аргаддзела… Пачынаецца ў нас размова: «Які жах! Будзе кроў. Зальёмся крывёю». — «Усіх не зальюць, а зальюць каго трэба». — «Даўно пара ратаваць Савецкі Саюз». — «Гара трупаў будзе». — «Ну ўсё, Гарбач даскакаўся. Нарэшце нармальныя людзі, генералы, прыйдуць да ўлады. Бардак скончыцца». «Першы» абвясціў, што ранішнюю планёрку вырашыў не праводзіць — пра што дакладваць? Ніякіх указанняў не паступіла. Пры нас ён патэлефанаваў у міліцыю: «Што ў вас чуваць?» — «Нічога». Яшчэ пагаварылі пра Гарбачова — ці то хворы, ці арыштаваны. Усе больш схіляліся да трэцяга варыянту — уцёк з сям’ёй у Амерыку. А куды ж яшчэ?
Так увесь дзень і праседзелі каля тэлевізараў і тэлефонаў. Трывожна: чыя там, наверсе, возьме? Чакалі. Я вам шчыра скажу, чакалі. Усё гэта трохі нагадвала падзенне Хрушчова. Мемуараў ужо начыталіся… Размовы, зразумела, пра адно… Якая свабода? Свабода нашаму чалавеку — як малпе акуляры. Ніхто не ведае, што з ёй рабіць. Усе кіёскі гэтыя, рыначкі… ну не ляжыць да іх душа. Я ўспомніла, як пару дзён таму сустрэла свайго былога кіроўцу. Такая гісторыя… Да нас у райкам хлопец трапіў адразу пасля войска. Па нейкім вялікім блаце. Быў цалкам задаволены. Але пачаліся перамены, дазволілі кааператывы, і ён ад нас пайшоў. Заняўся бізнесам. Я з цяжкасцю яго пазнала: стрыжаны нагала, скураная куртка, спартыўны касцюм. Гэта ў іх, як я зразумела, уніформа такая. Пахваліўся, што за адзін дзень зарабляе больш, чым першы сакратар райкама партыі за месяц. Бізнес бяспройгрышны — джынсы. Арандавалі з адным сябрам звычайную пральню і там робяць «варонкі». Тэхналогія простая (галота на выдумкі хітрая): звычайныя, банальныя джынсы кідаюць у раствор адбельвальніка або хлоркі, дадаюць туды бітай цэглы. Пару гадзін «вараць» — на штанах палосы, разводы, малюнкі… Абстракцыянізм! Прасушваюць і прыляпляюць лэйбл «Мантана». У мяне адразу з’явілася думка: калі нічога не зменіцца, яны, гэтыя прадаўцы джынсаў, будуць неўзабаве намі камандаваць. Нэпманы! І накормяць усіх, і апрануць, як гэта ні смешна. У падвалах заводы пабудуюць… Так яно і выйшла. Вось! Цяпер гэты хлопец — мільянер або мільярдэр (для мяне мільён і мільярд аднолькава шалёная сума), дэпутат Дзярждумы. Адзін дом на Канарах… другі — у Лондане… Пры цары ў Лондане жылі Герцэн і Агароў, цяпер яны… нашыя «новыя рускія»… Джынсавыя, мэблевыя, шакаладныя каралі. Нафтавыя.
А дзявятай вечара «першы» яшчэ раз сабраў усіх у сябе. Дакладваў старшыня раённага КДБ. Распавёў пра настроі сярод людзей. Паводле яго, народ падтрымліваў ГКЧП. Не абураўся. Гарбачоў усім надакучыў… Талоны на ўсё, акрамя солі… гарэлкі няма… Хлопцы з КДБ пабегалі па горадзе і запісалі размовы. Сваркі ў чэргах: «Пераварот! Што будзе з краінай?» — «А што ў цябе перавярнулася? Ложак на месцы стаіць. Гарэлка — тая самая». — «Вось і скончылася свабода». — «Ага! Свабода па ліквідацыі каўбасы». — «Камусьці захацелася жуйкі. «Мальбара» паліць». — «Даўно пара! Краіна на мяжы краху!» — «Іудушка Гарбачоў! Хацеў прадаць Радзіму за даляры». — «Крывішчы будзе…» — «А без крыві ў нас нельга…» — «Каб выратаваць краіну… партыю… патрэбныя джынсы. Прыгожая жаночая бялізна і каўбаса, а не танкі». — «Добрага жыцця захацелі? Хрэн вам! Забудзьце!» (Маўчыць.)
Словам, народ чакаў… як і мы… У партбібліятэцы дэтэктываў да канца дня ўжо не было, усе разабралі. (Смяецца.) Леніна б нам усім чытаць, а не дэтэктывы. Леніна і Маркса. Нашых апосталаў.
Запомніла прэс-канферэнцыю ГКЧП… У Янаева дрыжалі рукі. Стаяў і апраўдваўся: «Гарбачоў заслугоўвае ўсялякае павагі… ён — мой сябар…» Вочы бегаюць… спалоханыя вочы… У мяне ёкнула сэрца. Не тыя гэта людзі, якія б маглі… якіх чакалі… пігмеі… звычайныя партапаратчыкі… Ратаваць краіну! Ратаваць камунізм! Няма каму ратаваць… На экране: маскоўскія вуліцы — мора людзей. Мора! На цягніках, прыгарадных электрычках народ ірвануў у Маскву. Ельцын на танку. Раздае ўлёткі… «Ельцына! Ельцына!» — скандуе натоўп. Трыумф! (Нервова торгае край абруса.) Абрус вось… кітайскі… Увесь свет запоўнены кітайскімі таварамі. Кітай — краіна, дзе ГКЧП перамог… А дзе мы? Краіна трэцяга свету. Дзе тыя, хто крычаў: «Ельцын! Ельцын!»? Яны думалі, што будуць жыць, як у Амерыцы і Германіі, а жывуць — як у Калумбіі. Мы прайгралі… прайгралі краіну… А нас, камуністаў, у той час налічвалася пятнаццаць мільёнаў! Партыя магла… ёй здрадзілі… На пятнаццаць мільёнаў не знайшлося ніводнага лідара. Ніводнага! А на тым баку лідар быў. Быў — Ельцын! Бяздарна ўсё прайгралі! Палова краіны чакала, што мы пераможам. Адной краіны ўжо не было. Ужо было — дзве.