-->

Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 425
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Там стаялі выдатныя! Там стаялі выключныя людзі! Цяпер шмат пра гарэлку пішуць і наркотыкі. Маўляў, якая гэта рэвалюцыя? П’яныя і наркаманы пайшлі на барыкады. Хлусня! Усе насамрэч прыйшлі паміраць. Мы ведалі, што гэтая машына перамолвала людзей у пясок семдзесят гадоў… ніхто не думаў, што яна так лёгка зломіцца… Без вялікай крыві… Чуткі: мост замініравалі, хутка пусцяць газ. Хтосьці са студэнтаў медыцынскага інстытута тлумачыць, як паводзіць сябе пры газавай атацы. Абстаноўка змянялася кожныя паўгадзіны. Страшная навіна: трое дзяцей загінулі пад танкам… Але ніхто не завагаўся, не сышоў з плошчы. Так важна гэта для твайго жыцця, як бы потым усё ні склалася. Колькі б ні было расчараванняў. Але гэта мы перажылі… Мы такія — былі! (Плача.) Пад раніцу над плошчай: «Ур-ра! Ура!» Зноў мат… слёзы… крыкі… Па ланцужку перадалі: армія перайшла на бок народа, спецназаўцы з атрада «Альфа» адмовіліся ўдзельнічаць у штурме. Танкі сыходзяць са сталіцы… А калі аб’явілі, што путчыстаў арыштавалі, людзі кінуліся абдымаць адзін аднаго — гэта было такое шчасце! Нашая ўзяла! Мы адстаялі сваю свабоду. Разам мы гэта змаглі! Значыць, можам! Брудныя, прамоклыя пад дажджом, доўга яшчэ не хацелі разыходзіцца па дамах. Запісвалі адрасы адзін аднаго. Кляліся памятаць. Сябраваць. Міліцыянты ў метро былі вельмі ветлівымі, ніколі ні да таго, ні пасля таго я не бачыла такіх ветлівых міліцыянтаў.

Мы перамаглі… Гарбачоў вярнуўся з Фароса ў зусім іншую краіну. Людзі хадзілі па горадзе і ўсміхаліся адзін аднаму. Мы перамаглі! Доўга не пакідала мяне гэтае пачуццё… Я хадзіла і згадвала… перад вачыма сцэны… Як нехта крыкнуў: «Танкі! Танкі ідуць!» Усе ўзяліся за рукі і сталі ў ачапленне. Гадзіны дзве ці тры ночы. Мужчына побач са мной дастаў пачак печыва: «Хочаце печыва?» — І ўсе бяруць у яго печыва гэтае. Чамусьці рагочам. Хочацца печыва… хочацца жыць! Але я… дагэтуль… Я шчаслівая, што была там. З мужам, з сябрамі. Тады ўсе былі яшчэ вельмі шчырымі. Шкада нас тагачасных… што мы ўжо не такія… Асабліва раней было шкада.

Развітваючыся, пытаюся: як ім удалося захаваць сваё, як я даведалася, яшчэ ўніверсітэцкае сяброўства?

— У нас дамова — не закранаць гэтыя тэмы. Не рабіць адна адной балюча. А калісьці мы спрачаліся, рвалі стасункі. Гадамі не размаўлялі адна з адной. Але гэта прайшло.

— Сёння мы гаворым толькі пра дзяцей і ўнукаў. Што ў каго на лецішчы расце.

— Збяруцца нашыя сябры… Таксама ні слова пра палітыку. Кожны сваім шляхам прыйшоў да гэтага. Жывём разам: паны і таварышы. «Белыя» і «чырвоныя». Але ніхто ўжо не хоча страляць. Досыць крыві.

ПРА БРАТОЎ І СЯСЦЁР, КАТАЎ І АХВЯРАЎ… І ЭЛЕКТАРАТ

Аляксандр Парфіравіч Шарпіла — пенсіянер, 63 гады

з аповеду суседкі Марыны Ціханаўны Ісайчык

— Чужыя людзі, што вам трэба? Ходзяць і ходзяць. Ну… смерць без прычыны не бывае, прычына заўсёды ёсць. Смерць знойдзе прычыну.

Гарэў чалавек на сваіх градах агурковых… Абліў галаву ацэтонам і падпаліў. Сяджу, тэлевізар уключыла, чую — крыкі. Стары голас… знаёмы… Сашкаў, быццам, голас, і нейкі малады. Ішоў міма студэнт, тэхнікум у нас тут побач, і бачыць — чалавек гарыць. Ну, што ты скажаш! Падскочыў, стаў тушыць. Сам абгарэў. Калі я прыляцела, Сашка ўжо на зямлі ляжаў, стагнаў… галава жоўтая… Чужыя людзі, ну што вам… Што вам чужая бяда?

Усім на смерць паглядзець хочацца. О-ой! Увогуле… увогуле… У нашай вёсцы, дзе я ў дзеўках у бацькоў жыла, быў стары, ён любіў прыходзіць і глядзець, як паміраюць. Бабы саромілі, гналі яго з хаты: «Ідзі, чорт!», а ён сядзіць. Жыў доўга. Можа, і сапраўды чорт! Што глядзець? Куды… у які бок? Пасля смерці нічога няма. Памёр — і ўсё, закапалі. А жывы, хай і нешчаслівы, і па ветрыку паходзіць, і па садзе. А калі дух выйшаў, няма чалавека, ёсць зямля. Дух — гэта дух, а ўсё астатняе — зямля. Зямля — і ўсё. Адзін у калысцы памірае, іншы да сівых валасоў жыве. Шчаслівыя людзі не хочуць паміраць… і тыя… тыя, каго любяць, таксама не хочуць. Адпрошваюцца. А дзе яны, шчаслівыя людзі? Па радыё калісьці казалі, што пасля вайны ўсе шчаслівыя будзем, і Хрушчоў, памятаю, абяцаў… што хутка камунізм наступіць. Гарбачоў кляўся, так прыгожа казаў… складна. Цяпер Ельцын клянецца, на рэйкі абяцаў легчы… Чакала і чакала я добрага жыцця. Малая чакала… і калі падрасла… Цяпер ужо старая… Калі карацей, усе падманулі, жыццё яшчэ горшым стала. Пачакай-пацярпі ды пачакай-пацярпі. Пачакай-пацярпі… Муж памёр. Выйшаў на вуліцу, упаў і ўсё — сэрца. Ні метрам не перамераць, ні на вагах не пераважыць, колькі мы ўсяго перажылі. А вось — жыву. Жыву. Дзеці раз’ехаліся: сын — у Новасібірску, а дачка ў Рызе з сям’ёй засталася, цяпер, лічы, за мяжой. На чужыне. Там па-руску ўжо не гавораць.

Абразок на куце ў мяне, і сабачку трымаю, каб было з кім пагаварыць. Адна галавешка і ўночы не гарыць, а я стараюся. Во-о-о… Добра, што Бог даў чалавеку і сабаку, і ката… і дрэва, і птушку… Даў для таго ён гэта ўсё, каб чалавек радаваўся і жыццё не здалося яму доўгім. Ці не надакучыла. А мне адно, што не надакучыла, — глядзець, як пшаніца жоўкне. Нагаладалася я за сваё жыццё так, што больш за ўсё люблю, як збажына спее, каласы калышуцца. Мне гэта — як вам карціна ў музеі… І цяпер не ганюся за белай булкай, а смачней за ўсё чорны пасолены хлеб з салодкай гарбатай. Пачакай-пацярпі… ды пачакай-пацярпі… Ад усякага болю адзіны ў нас сродак — цярпенне. Так і жыццё прайшло. Вось і Сашка… наш Парфіравіч… Трываў, трываў, ды не вытрымаў. Прытаміўся чалавек. Гэта целу ў зямлі ляжаць, а душы на адказ ісці. (Выцірае слёзы.) Во як! Тут плачам… і калі сыходзім, таксама плачам…

Зноў людзі сталі ў Бога верыць, бо няма іншай надзеі. А калісьці мы ў школе вучылі, што Ленін — Бог, і Карл Маркс — Бог… Збожжа ў храмы ссыпалі, буракі звозілі. Так было, пакуль вайна не пачалася. Пачалася вайна… Сталін цэрквы адкрыў, каб малітвы правілі за перамогу рускага штыка, і звярнуўся да народа: «Браты і сёстры… сябры мае…» А да таго — хто мы былі? Ворагі народа… кулакі і падкулачнікі… У нас у вёсцы ўсе моцныя сем’і раскулачылі; калі два кані і дзве каровы ў двары — ужо гэта кулакі. У Сібір іх вывозілі, кідалі там у голы лес, у тайгу… Бабы душылі сваіх дзяцей, каб тыя не пакутавалі. Ой, гора… слёз чалавечых… было больш, як вады на зямлі. А тут Сталін папрасіў: «Браты і сёстры…» Паверылі яму. Даравалі. І Гітлера перамаглі! А Гітлер у брані да нас прыйшоў… у жалезе… Усё роўна перамаглі! А цяпер — хто я? Мы? Электарат… Я тэлевізар гляджу. Навіны не прапускаю… Цяпер мы — электарат. Наша справа — пайсці прагаласаваць правільна — і годзе. Я раз хварэла, не пайшла на ўчастак, дык яны самі да мяне прыехалі на машыне. З чырвонай скрыначкай. У гэты дзень пра нас успамінаюць… Та-а-ак… Як жывём, так і паміраем… Я і ў царкву хаджу, і крыжык нашу, а шчасця як не было, так і няма. Не сабрала я шчасця. І ўжо не дапросішся. Хутчэй бы памерці… Хутчэй бы царства нябеснае, надакучыла цярпець. Так і Сашка… Ляжыць цяпер на могілках… адпачывае… (Перахрысцілася.) З музыкай пахавалі, са слязамі. Усе плакалі. У гэты дзень шмат плачуць. Шкадуюць. А чаго каяцца? Пасля смерці хто пачуе? Засталося: два пакойчыкі ў бараку, адна градка, чырвоныя граматы і медаль «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва». У мяне такі ж медалёк у шафе ляжыць. І стаханаўкай была, і дэпутатам. Паесці не заўсёды хапала, а чырвоную грамату дадуць. Сфатаграфуюць. Нас тут тры сям’і ў гэтым бараку. Пасяліліся маладымі, думалі — на год-два, а пражылі ўсё жыццё. У бараку і памром. Хто дваццаць, хто трыццаць гадоў… стаялі ў чарзе на кватэру, чакалі… Цяпер аб’явіўся Гайдар і смяецца: ідзіце — купляйце. За якія шышы? Грошы нашы зніклі… адна рэформа, другая… абабралі нас! Такую краіну спусцілі ва ўнітаз! У кожнай сям’і — два пакойчыкі, хляўчук і градка. Аднолькавыя мы. Во зарабілі! Пабагацелі! Усё жыццё верылі, што калі-небудзь будзем добра жыць. Падман! Вялікі падман! А жыццё… лепш і не ўспамінаць… цярпелі, працавалі і пакутавалі. А зараз ужо не жывём, а дні праводзім.

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название