Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
…І вось кош ужо адцягвае руку, а грыбоў чым далей у лес, тым болей — яны ж такія стварэнні, што так і лезуць на вочы, калі не шукаеш іх. Знойдзена палянка. Самы час паабедаць. Беларускім шашлыком (вынаходніцтва Трухана). Так гэта робіцца: не баравікі, не іншыя якіясь «высокародныя» грыбы, а звычайныя маладзенькія сыраежкі лупіш, на ражэнчык нанізваеш: сыраежка, кольца цыбулі, скрыдлік сала — і далей у такой жа паслядоўнасці. Тонкія хваёвыя лапкі пад ніз. Таўсцейшыя галіны «піянерскай» пірамідкаю…
І толькі калі падносіў у жмені да сухога нізу трапяткі агеньчык, усё не могучы прывыкнуць, што сернікі, як і соль, і мыла — раскоша, і трэба эканоміць іх, Трухановіч раптам зразумеў, чаму не зрабіў дагэтуль, і хутчэй за ўсё ніколі ўжо не зробіць, не давядзе да толку свайго плану — скласці своеасаблівую кнігу кшталту «Памяці», прысвечаную роднай вёсцы і яе ваколіцам. Да яго дайшло нарэшце, чаму ён усё адкладвае, апраўданняў шукае, усё не бярэцца за гэтую, на чужы розум несумненна карысную справу.
А не робіць ён яе, бо, як і ў выпадку з умяшаннем у гістарычны працэс, яму і не трэба яе рабіць. Бо няма нерушу. Бо і без яго на гэтай дзялянцы ўсё ўжо да такой ступені вытаптана, выкашана, выбіта, што вольнага лапіка не засталося, што проста ступіць няма куды: усе Мікіцішыны Паляны і Дальнія Логі (з дакладнасцю Ведрычавай пародыі) занятыя дзядамі і бабамі, катамі Барсікамі і баранамі Колямі, каровамі Лысухамі і Барсухамі, што ўся гэтая голая фактабіяграфічнасць, мянушкавая абазначальнасць, літаратурная фатаграфія, фальклорнаэтнаграфічналубковая натура даўнымдаўно ператворана ў сумную самамэту, таму і адваджвае запамінаць, выкарыстоўваць, ужываць — злуючы і раздражняючы з аднаго боку, а з другога — закалыхваючы, падманваючы, прымушаючы забываць, што самая незвычайная, самая цікавая, самая рэальнапраўдзівая гісторыя, чалавечая мянушка, тапаграфічная назва, любая іншая самабытная рэдкасць нічога не вартыя самі па сабе. Не тым цікавая палянка, што яна Данілава ці Мікіцішына, а тым, хто на яе ў дадзены момант пазірае, праз чые вочы, розум і душу яна перадаецца.
Гэта на адной шалі вагаў. А на другой — «Палескія хронікі» ды «Камароўскія кронікі», якія паспрабуй пераплюнь, паміж якімі як уплішчыцца?.. Асабліва яму, ТрухануТрухановічу, начытанаму, напіханаму мастацкімі творамі, набранаму, як грыб дажджавой вадою, чужымі думкамі, цытатамі, вобразамі — да таго, што толькі праз іх, бы праз шкельцы чужых акуляраў, і можа ўспрымаць усё, і ім, гэтым кніжнавыдуманым фантомам, аддае перавагу перад жыццём жывым, перад сапраўднай рэальнасцю!..
Добра. Добра! Калі гэта — побыт, этнаграфія, розныя сакавітыя каларытныя выразы, дыялогі кшталту: «Куды ты зараз?» —«Касіць у Баранні Лог», — калі гэта падаецца табе даўно адпрацаваным матэрыялам, слоўным баластам, нявартым твайго пяра, дык тады што? — пытаў сам у сябе Трухановіч. Ён ляжаў на баку, сухая ігліца калола праз гімнасцёрку, і, як зачараваны, пазіраў на агонь. «Шашлык беларускі» быў з'едзены, ражэньчыкі з астаткамі тлушчу дзелавіта, весела дагаралі цяпер у вагні.
Тады што? — пытаў ў сябе, і адказваў: усё тое ж — уласная душа. Душа, устаўленая ў рамку цела. Адпаведна, літаратура — эгаізм, узяты ў рамку стылю. Толькі такая і выжыве. Бо зменіцца сацыяльны лад, зменіцца ўсё матэрыяльнае, зменіцца клімат і ўся гэтая «пагода з прыродаю і маладзёвай модаю», але чалавек як быў некалі створаны, з усімі недахопамі і вартасцямі, так і застанецца нязменны. Як нязменны і ён, ТруханТрухановіч, і ў тым, і ў гэтым часах.
Там яму трэба пісаць пра мінулае, а тут — пра будучыню. Што ён, уласна кажучы, даўно і робіць. І, можа, акурат у гэтым і ёсць яму паратунак? Чым больш ён будзе сам у сабе калупацца, тым хутчэй сам сабе паможа, тым лягчэй яму будзе і тут, і там пражыць, ці, можа, нават так — увогуле выжыць. Улічваючы яшчэ і тое, як ашчадна, дазіравана, «па порцыях» само жыццё адпускае яму гэтыя падвойныя ўспаміны: варта толькі заблытацца яму ў адным часе, як жыццё пераносіць яго ў другі і там прымушае шукаць (і часта знаходзіць!) выйсце.
Калі раней для яго існаваў выразны падзел на сапраўднае — «мінскае» — жыццё, і ўмоўна несапраўднае, прыснёнае — тут, у дваццатых гадах, дык чым далей, тым больш усё блыталася, перамешвалася; тым цяжэй было вызначыць, што з'яўляецца целам, а што — ценем, дзе ж ён сапраўдны, якое з гэтых двух жыццяў ёсць хваравіты сон, а якое — рэальнасць? Можа, акурат тое — будучыя васьмідзесятыя, і Мінск, і Ведрыч, і Нэлі, і ён сам, — яму проста сніцца?..
«Вось каб які знак зрабіць, зарубку пакінуць — з гэтага часу ў той!» — думаў Трухановіч, цэлы дзень у лесе праблукаўшы і дамоў вяртаючыся.
Сухія грыбы былі глупствам, канечне. Гэта каб скарб які… Гаршэчак з золатам… І закапаць яго. А адкапаць у часе сваім — у васьмідзесятых… Адно кепска: дзе яго ўзяць, гэты гаршэчак? Нешта не дужа шэнціла яму на золата — ні тут, ні там.
Вечарэла. Кульгаючы, ён крочыў вузкай, праз мокры ад расы ажыннік, сцежачкай. Плечы пашчыквала прахалода. Сонца садзілася, неба ў тым баку было пунсовым. Ахутаны сінім вэлюмам туману і сутоння лес губляў свае контурныя, кантрастныя адценні, дэталі сціраліся, згладжваліся, прападалі і, як на карцінах імпрэсіяністаў, адно толькі агульнае выступала на першы план.
Але як толькі лес скончыўся і Трухановіч выйшаў да кладкі, так адразу пасвятлела, прыцемкі не пайшлі за ім — зачапіліся за галіны апошніх дрэў, засталіся ззаду, нібы вартавыя на мяжы сваіх уладанняў. На кладцы яшчэ сядзелі дзве жабы, з вільготнай і халоднай нават на выгляд скураю. Патрывожаныя чалавекам, сярдзітыя, што не даў набраць ім апошніх рэшткаў цяпла, гучна боўтнулі ў ваду. Пырскі паляцелі на Трухановіча, ён са сваім цяжкім кашом, ды з немагчымасцю балансаваць, ды з кульгавай нагою ледзь сам не сарваўся са слізкай кладкі. Падумалася, што і гэта трэба запомніць, як сімвал: брыдкія жабы, слізкая кладка, рачная твань…
Пасля кладкі, выбраўшыся на росцераб, сцяжынка адразу пашырэла, папрамела і ўжо куды весялей павяла чалавека — паміж з аднаго боку нарытых землянымі мурашкамі купінаў, зарослых верасам, бруснічнікам і буякамі (адразу ж моцна і п’янка запахла адтуль багунам), з другога боку ўздоўж яе пацягнуліся слупкі і жэрдкі агароджы. Трохі дзіўна было бачыць уробленыя загоны, гэты ладны акультураны кавалак зямлі тут, далекавата ад вёскі, пад самым, лічы, лесам. Дарэчы, звалася ўрочышча проста Палянка, без удакладнення, чыя яна, хто яе адкрыў, рацерабіў, акультурыў.
«Ну вось, дзякаваць Богу, што даў пражыць яшчэ адзін дзень», — упомніліся словы з нейкага слабенькага амерыканскага фільміка; аднак запомнілася ж, уразіла — не раніцы дзякуюць, а вечару, не пачатку — а канцу… І зусім звязна, суладна, як бывае толькі ўвосень і толькі тады, калі вяртаешся з грыбоў, Трухановічу ізноў падумалася: дык дзе, у якім часе ён усё ж сапраўдны? Бо такім далёкім, нерэальным паўстала перад ім тое яго будучае — тыя фільмы, кнігі, цывілізацыя, Мінск і метро, палітыка і лекцыі… Больш таго — каб меў ён вось зараз магчымасць выбару, якому часу аддаць перавагу, у якім жыцці пагадзіўся б ён існаваць пастаянна — дык хто ведае, хто ведае!..
Раптам наперадзе ўбачыў ён жаночую постаць. Жанчына таксама ішла ў вёску — ад Палянкі. Крыху прыгорбленая, з вялікім кашалём бульбы за плячыма, нібы жывы дакор яму, што займаецца такім глупствам, калі людзі сама шчыруюць.
Ён запаволіў і без таго няхуткі крок, каб не даганяць яе. Але жанчына азірнулася, пачуўшы ці ўгадаўшы, што ззаду ідзе нехта, азірнулася — і пазнала яго. А ён яе — Насту. Яна спынілася.
— Я і не ведаў, што тут надзел… ну, участак, — сказаў ён, падыходзячы, — ну, палоска ваша, — заблытаўся, запаздала хацеў выправіць ваша на наша, ды не стаў: тут лепш быць самім сабою, гаварыць, як умее, бо язык забаліць кожны раз папраўляцца.
Наста і не дала ўвагі. Яны пайшлі побач. Хоць і нязручна было, і яму, і ёй даводзілася ступаць не так па сцежцы, як па траве ўзбоч. Да таго ж ён фізічна не мог ісці хутка, яна бачыла гэта і пад яго хаду падлажвалася.
