Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Здавалася, нават хаты некаторыя можна пазнаць было… Хаця не — падман зроку, ілюзія паўтору. Якразтакі хаты ўсе былі чужыя. І стаялі ў іншым парадку, чым у яго часе. Гэтыя як бы ад чужога вока хаваліся, да зямлі прыпадалі, падалей ад вуліцы ўцякалі… Дык і не дзіва: пажары, войны, пярэбары… Не раз, не два ўсё тут мянялася, перабудоўвалася, калі тыя ж хаты па звёнах разбіраліся, на іншае месца пераносіліся… Потым, з часам, патроху багацеючы, гаспадары будаваліся ўжо бліжэй да вуліцы, каб чужаку бачны быў дастатак, а старая хацінка так і заставалася — пад сцёбку, пад хлеўчык, трухлець і дагніваць на далёкім задворку, і часта толькі пагорак, зарослы маліннікам, бур’янам ды ваўчкамі, абазначаў след яе…
Не без цяжкасці Трухановіч адшукаў месца будучай сваёй хаты. Бацькі перабраліся ў гэтую мясцовасць і пачалі будавацца тут позна, пасля вайны. Прыблізна вось тут, на гэтым дзікім дзірване каля рэчкі, — вунь і мост, вунь і граб (ад якога ў будучым жыцці Трухановіч застане толькі вялікі, гладкі і цвёрды, як жалеза, пень, на якім добра будзе гуляць у карты і ў капейкі)…
Так дабраўся ён да рачулкі. Радасць мая, каханне маё, толькі цябе я заўсёды ўспамінаю і ўспамінаць буду. Колькі разоў, калі жыць не хацелася, вечарамі і «начамі, чорнымі ад роспачы, лавіў у яве, ці то ў сне» — цябе, ты стаяла ў мяне ў вачах, я праходзіў тваімі берагамі, праплываў тваімі водамі ў чоўне; раскінуўшы рукі, буслам завісаў над табою… Бульканне перакатаў тваіх было мне музыкай, шэпат сухой асакі і чаратоў тваіх — калыханкаю, і лягчэй станавілася, як ад рукі матчынай, і сэрца балець пераставала, і слязьмі выганяўся страх, і жыць хацелася, і цябе бачыць… Недзе вычытаў Трухановіч, што колькі ні спрамляй раку, яна, як вена на жывым целе, упарта будзе старацца паўтарыць натуральнае сваё рэчышча, свой шлях, свае ўсе павароты і звіліны. Так што рэчка — рачулка яго маленства і юнацтва — была, бадай, адзіным, што практычна не змянілася. У сэнсе, месца знаходжання яе не змянілася. А так — канечне: тут яна была жвавая, з прыткай плынню, з вольхамі, вербамі па берагах… У ягоным часе ўжо не тое: амаль стаячая, мелкая, з мазутнымі плямамі на вадзе, дзе з лысымі, нават без травы берагамі, дзе зарослая лазняком настолькі, што да вады і не падступіцца.
Тут замілоўваў мосцік — такі слаўны, з круглых бярвенцаў, гарбатавыпуклы пасярэдзіне і ніжэйшы на канцах, — куды да яго іхняму пазнейшаму, калі зноўтакі ў сувязі з Чарнобылем, будуючы дарогу, узяліся і за мост — перапнулі рэчку двума бэлькамі, на іх цяпляп накідалі бетонных пліт, усё гэта нязграбна, непрыгожа, крыва, коса, і паехалі, пакінуўшы за сабой, як пасля баявых дзеянняў, пад адхонам насыпу і ў самой рэчцы кучы бетону, кавалкі пліт, шчацінне арматуры…
І ўсё адно гэта была ягоная рэчка! А ўсё астатняе — усё, што змагло дацягнуць да ягонага будучага часу, чамусьці не ўзрушала, не радавала, нічога ў душы не краналася. Струны настальгіі маўчалі. Больш логікі, чым душы, больш халоднага цікаўнага розуму, чым шчымлівага трапяткога сэрца… Замест захаплення ад сустрэчы з усім гэтым — як з першым каханнем, як з маладою маці, як з самім сабою малым (а Трухановіча неаднойчы спакушаў варыянт, не раз яму марылася, што пры такіх тэмпах, калі ўдасца яму ацалець і дажыць да сваіх семідзесятых, гэта значыць, да даты свайго ўласнага нараджэння, і да больш позніх часоў, калі будучы двайнік яго пачне гаварыць, і ў школу пойдзе, — дык цалкам магчымая сітуацыя, што ім удасца ўбачыцца; сустрэча самога з сабою — вось было б здорава! Гэта ж ад колькіх памылак можна было б застрахавацца, папярэдзіць іх, які харошы, надзейны закласці стартавы падмурак для далейшага жыцця!) — замест, словам, радасці спаткання з мілым, дарагім мінулым было будзёнае бясколернае статычнае адчуванне, што проста прыехаў ён у якуюсь цудам захаваную, цывілізацыяй амаль не кранутую, патрыярхальную чужую вёску. Усё было яму тут чужое, і ён быў чужы ўсяму — жывому і нежывому, — прыезджы, часовы госць, заблукалы паміж стагоддзямі, кватарант, дачнік, студэнт «на бульбе»…
Яшчэ ў шпіталі, дзе вольнага часу было хоць адбаўляй, Трухановіч часта думаў, і ўсё даўмецца не мог: чаму лёс, ці нейкая іншая вышэйшая сіла, так пасмяяліся з яго? Чаму закінулі ў гэтую глушэчу, бядоцце, рэзрух, а не ў якісь спакойны, ціхі час, у якуюсьці багатую еўрапейскую краіну, дзе няма войнаў, дзе іншая прырода, іншая псіхалогія, дзе сытыя, шчаслівыя людзі не дбаюць пра вечную скарынку хлеба і таму перад імі не стаіць вечнага пытання, як бы шляхам рэвалюцыйнай калатнечы адабраць лішнюю скарынку ў багацейшага суседа?
Ды справа нават не ў гэтым. А ў тым, што якая — пры іншым раскладзе — магла б атрымацца цудоўная магчымасць «бясплатна» свету белага пабачыць! Зрэшты… А хто яго прывязаў тут? Не позна ж яшчэ. Мо і праўда — не сядзець тут сіднем? Дарогі яму адкрытыя, ён вольны... Дакументы нейкія ёсць. У крайнім выпадку Міканор паперу ў валрэўкаме выправіць… Станцыя чыгуначная блізка… Ну, а там? Далей куды? У Гомель эрэсэфэсэраўскі? У Менск — да Купалы? У Маскву — да Горкага? У Вільню — да Гарэцкага? І што ён ім скажа? Пры ўмове, калі яшчэ дабярэцца да іх, ды калі яны яго самі да сябе дапусцяць. Якія такія светлыя перспектывы перад імі намалюе?
Тады, можа, у супрацьлеглы бок? На захад? Праз Варшаву, якую акурат у гэты момант аблажылі войскі Тухачэўскага, — у Германію, Францыю, Англію? Да сваіх жа братоўбеларусцоўэмігрантаў, бо хто яшчэ, акрамя іх, прыме яго — не Керзан жа з Пуанкарэ ці дэ Голем (які, да таго ж, сам пакуль яшчэ дужа дробная фігура)… Ды і свае, эмігранты, — ці прымуць? Ці паціснуцца, ці вызваляць месца для яшчэ аднаго няшчасніка? Які толькі тое і ўмее, што «каркаць» пра лёс іхні незайздросны, перакаціполеўскі… Дык яны гэта лепш за яго ведаюць, такіх аракулаў і без яго нямерана.
У Амерыку — з папярэджаннем пра «вялікую дэпрэсію»? А туды як патрапіць? І дзе знайсці там багатага «спонсара», што пагодзіцца арганізоўваць і аплачваць яму выступленні, на якіх ён будзе баяць заакіянскай, ад цвярозасці ашалелай публіцы пра Другую сусветную вайну, ды пры «Трэцюю — халодную», пра перападзел Еўропы, СталінскаГітлераўскі пакт, пра капіталістычны ды сацыялістычны лагеры…
А самае галоўнае, калі дапусціць дзіва, і раптам знойдзецца якісь, выбачайце, наіўны дурань, і захоча выслухаць яго, і «памагчы матэрыяльна», г.зн. укласці грошы ў яго — чым ён дакажа свае прароцтвы? Чым пацвердзіць, што ён — пасланец будучыні? Ён хоць штонебудзь можа? Акрамя слоў? Можа разбурыць савецкі лад у зародку? Не даць адбыцца калектывізацыі? Папярэдзіць гібель Купалы з Гарэцкім? Не дапусціць вайны, голаду, Чарнобыля? Ён можа намаляваць план канструкцыі касмічнай ракеты? Звышгукавога, ці любога іншага, самалёта? Кампутара, тэлевізара, халадзільніка, магнітафона?..
Ды ў тым і справа, што нічога гэтага ён не можа! Нават простай схемы аўтамата Калашнікава ён не ведае! Нічога ён не можа. Таму не варта пераацэньваць сябе. Не трэба быць вялікім мудрацом, каб зразумець, што нічога добрага не прынясуць яму ні вандроўніцтвы па свеце, ні спробы змяніць ход «гістарычнага воза», а тым больш старанні перакуліць яго, падсеўшы, як тая кандраткрапівінская жабка, пад яго кола…
І тут вось яшчэ што. Такая вымалёўваецца справа — а трэба яму яно? Гэтыя намаганні змяніць нешта, паўплываць на штосьці, умяшацца кудысьці, папярэдзіць кагосьці… Калі ясна, што любое, нават самае нязначнае ўмяшанне ў гістарычны працэс элементарна прывядзе да таго, што… бацькі яго некалі не сустрэнуцца, і ён проста не народзіцца! Во парадокс. Зусім адваротны цяперашняму «хочаш жыць — умей круціцца»; тут, у ягоным выпадку — «хочаш жыць — не варушы нават пальцам!»
…А навокал буяў, адцвітаў сваім запозненым, апошнім ужо колерам ціхі верасень, і ніякай справы не было яму да метафізікі.
Раніцамі доўга трымалася на сівай, жорсткай травеціпцы раса, і акропленыя ёю карункі белага ліпкага павуціння пад раннімі сонечнымі промнямі блішчэлі, пераліваліся, а ў нізінах, дзе павуціння было найбольш, яно здавалася інеем. Неба яшчэ не страціла свайго летнеблакітнага колеру, але вада ў рэчцы, у якой яно адбівалася, была ўжо свінцовасіняя. На поплаве адрасталі па трэцім разе канюшына і дзятлаўнік — галоўкі іх набіваліся між пальцаў, калі ісці босым, а пяты калола нядаўняя пакоша… Бульба амаль уся была выкапана; цешылі вока, абяцаючы неблагі ўраджай, пустыя шэрыя загоны, толькі з дзенідзе чорнымі кругамі на месцах спаленага картапляніку, ды паўз разоры — рады буракоў са свежазялёным, а знізу фіялетавым бацвіннем, ды яшчэ гарбузы дабіраюць апошняе цяпло, валяюцца панамі на пляжы — калі перавярнуць такога нагою, дык адкрыецца белая, як сыр, незагарэлая скура, а ў зямлі застанецца ладная ўмяціна. Доўгія вяроўчыны гарбузніка з агароду запаўзалі на поплаў, блыталіся з травою, пускалі карэньчыкі, урасталі ў зямлю — паспрабуй выдзяры! — і цвілі, цвілі сабе як ні ў чым не бывала буйнымі жоўтымі кветкамі, а потым, дзякуючы познім руплівым пчолам, усяго за якіх пару дзён стваралася завязь — маленькія, з яйка, гарбузікі, якім, канечне, так і не наканавана вырасці.
