Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
«Я якраз сягоння збіраўся ехаць па білет. Дык што — па білеты? Калі ты не…»
«Нічога не я. Сказала ж. Проста не думала, што так хутка».
«Нэлі, можа, ты мне проста паслугу робіш? Глядзі. У цябе сваіх справаў хапае».
«Сказала ж!»
Ён чытаў па ёй, як па разгорнутай кнізе: па твары, па сярдзіта падціснутых губках, па наіўным прыжмуры вачэй; стараўся ўгадаць ход, паслядоўнасць, чаргаванне яе думак і, здавалася яму, не без поспеху —угадваў, «уваходзіў» ў яе хоць такім чынам…
Ёй, да сцяны прыпёртай, цяпер не было як адступаць. Ад жадання зрабіць наперакор — ён не сумняваўся ў гэтым — яна паедзе. Білеты. Можа, кветкі. Вагонрэстаран, пятаедзесятае… Каб можна было на дзень назад перанесціся! Табе ж давалі ўчора грошы.
Увечары ён паехаў да Ведрыча.
Паехаў на авось, не ведаючы адраса, памятаючы толькі назву вуліцы. Аднак пачварную аблупленую будыніну інтэрната нельга было не знайсці і без адраса. Толькі цяпер, да ганка падыходзячы, Трухан апамятаўся, што студэнцкі білет не ўзяў, і могуць не пусціць, а нумару пакоя ён таксама не ведае. Як і не ведае, дзе можа быць сам Ведрыч. Тактакі зараз сядзіць ён на месцы, са сваім характарам, і чакае яго...
Ды калі ўжо лёс возьме пад сваю апеку, то ўсур’ёз і надоўга. Не давялося ні ў кога прасіцца, нікому нічога тлумачыць, нават ў вестыбюль Трухан не зайшоў, бо сутыкнуўся з Ведрычам нос у нос на ганку, у дзвярах, над якімі цьмяна свяцілася ўзятая ў сетку лямпачка. Ведрыч быў з сумкаю ў руцэ. Пабачыўшы Трухана, ён не ўзрадваўся, а як бы засаромеўся нечага. Перакінуў сумку ў левую руку, каб павітацца. Паздрадніцку звякнулі парожнія пляшкі.
«Трохі парадак вырашыў навесці, — знайшоўся, што патлумачыць, Ведрыч.— А ты чаго тут? Па грошы прыйшоў?»
«Ды не — так…»
«Не хлусі. Бачу, што па грошы. Спахапіўся. Табе ўчора давалі? Дык трэба было браць… Добра, насупіўся ўжо. Знайду я. На, сумку патрымай», — і пайшоў, не запрасіўшы Трухана нават у вестыбюль, не тое што да сябе.
Пакуль чакаў, Трухан тупаў на ганку, каб ногі не замёрзлі.
«На, — сказаў, з'яўляючыся, Ведрыч. Трухан запіхнуў скручаныя трубачкай купюры ва ўнутраную кішэню курткі. — Бяда мне з вашым каханнем. Па вачах бачу, навошта яны табе спатрэбіліся. Трухан, хочаш параду? Не разлічвай на Нэлі. Гэта дохлы нумар. Яна не па табе дзеўка. Не строй планаў, бо пасля толькі горш будзе. Як сябар табе кажу!»
«Ды мне… доўг аддаць…»
«Ведаю я! Пасля ўчарашняй кухні табе гэты доўг спатрэбіўся».
Такім чынам праблема з грашыма была вырашана.
У суботу ўвечары Трухан таксама, як на ганку Ведрычавага інтэрната, прытанцоўваў на пероне каля цягніка, які восьвось павінен адправіцца. Смех смехам, але гэта было яго першае ў жыцці спатканне, з усімі атрыбутамі: хваляваннем, непакоем, гаданнем: прыдзе — не прыдзе, зіркамі на гадзіннік то на руцэ, то на вялікі вакзальны… З букетам кветак і са смутнай здагадкаю, што неўзабаве можа адпомсціцца яму гэтая фармальнасць, гэтае жаданне «быць як усе»: дзе і ў чым зімою ў цягніку іх паставіць, гэтыя кветкі, і як у цесным купэ будуць яны лезці ўвесь час пад рукі — замінаючы, перашкаджаючы…
Час бег. На пероне дакурвалі цыгарэты апошнія пасажыры. Правадніца прасіла лішніх «пакінуць вагон». Трухан убачыў Яе, калі вяртаўся ад сметніцы, куды хадзіў выкідваць букет.
Румяная, задыханая… Мілая — яна спяшалася да яго. У спартыўным касцюме. Дзіўна, як гэта ён раней не заўважаў, што пры мініяцюрнай постаці ў яе такія доўгія, роўныя ногі. Дык вось яно як бывае. Вось ты якое, каханне, эпізоды твае, дэталькі — такія значныя… Пераходыперагрузкі твае — то ў жар, то ў холад, то ў сум, то ў радасць…
«Малайчына, што здагадалася так апрануцца, — яшчэ нічога не разумеючы, шчаслівы, сказаў ён. — І пасуе табе, і для дарогі…»
«Алесь, я не змагу, — хутка перабіла яна. — Не крыўдуй».
«… практычны», — па інерцыі працягваў ён, і пакуль дагаворваў канец сказа, тады толькі да яго дайшло, што ніхто ні з кім нікуды не едзе.
«Білета шкада — прападзе…»
«А ты гаспадарлівая, — сказаў ён, крыва пасміхнуўшыся. — Эканомная».
«Шчасліва з’ездзіць».
Цягнік ужо кранаўся. Правадніца саступіла з падножкі і ўпусціла Трухана. У тамбуры ён азірнуўся. Нэлі прыклала да вуснаў палец, усміхнулася яму і памахала рукою. Правадніца гэта бачыла, яшчэ іншыя людзі на пероне... Дзяўчына сама паехаць не можа. Але прыйшла на вакзал, каб правесці хлопца. Усё так проста.
Ён прайшоў у купэ. Тры месцы былі вольныя. Прайшла правадніца, забрала білет. Ён пасядзеў крыху, затым узяў сумку і — праз тамбур, праз хісткі пераходны масток, на якім кідала, як на караблі падчас шторму, праз гэты вецер, свіст, лязгат —прайшоў у агульны вагон. Хвілін праз пятнаццаць, у Мачулішчах, ён выйшаў на куды больш людны, чым у Мінску, перон. Людзі чакалі электрычку. Зрэшты, ў гэты час бегалі яны адна за адной. Трухан прапусціў адну, бо не захацеў выкідваць недапаленую цыгарэту. Другая падышла… І вось ізноў мінскі вакзал плыве за вакном.
Інтэрнат. Пакой. Ігара няма, не трэба нічога тлумачыць. Хаця слабенькае апраўданне было ім падрыхтавана: спазніўся на цягнік.
Ён уключыў святло. Сеў на ложак. Добра, круцілася ў галаве, хоць кветкі выкінуў. Варта было пазычаць грошы, рыхтавацца, турбавацца, каб праз якую гадзіну сядзець тут, на гэтым ложку, дзе мог бы і нікуды не збіраючыся сядзець… Вялікая дурасць з яго боку!
Гарэла святло, а ён усё сядзеў: ці то спаў з расплюшчанымі вачыма, ці проста задумаўся… Сціхла за сцяною музыка, адно патрэсквала, шамала штосьці — ціха, бы іголка па краі плацінкі. Ён падняў галаву і ўбачыў, што гэта… прусак шастае пад газетаю. Не пад газетаю нават, а пад стосікам жоўтай паперы. І не свяцільнік гарыць, а газовачка — гільза з кнотам, патрэсквае сабе, амаль не даючы святла... І не ў інтэрнацкім пакоі ён сядзіць, а — у сваёй каморцы, і на ім не касцюм, а гімнасцёрка і старое галіфэ, а на нагах — зручныя, хоць і дзіравыя, кірзавыя боты. Вакенца расчыненае насцеж. На дварэ — не зімняя ноч, а хутчэй летняя: такая цёплая, густачорная, і ціхаяціхая… Нядзіва, што чуваць шкробат прусака і трэск кнота.
Частка чацвёртая
Трухановіч зусім не здзівіўся гэтаму перамяшчэнню. Плаваючы паміж эпохамі, жывучы адначасова двума жыццямі, ён спакваля — сон за сном, запіс за запісам — падрыхтаваў сябе да таго, што два гэтыя жыцці, як дзве няроўныя, непаралельныя прамыя паступова будуць усё больш выраўнівацца, рабіцца паралельнымі, збліжацца — пакуль не сальюцца, не злучацца нарэшце ў адну…
Іншае было цікава: і ў тым, і ў гэтым часах ён помніў толькі да нейкай пэўнай мяжы — у тым, «будучым», успаміны абрываліся на вяртанні свайго двайніка з Мачулішчаў у Мінск, у гэтым, «мінулым» — на прыбыцці ў вёску, на знаёмстве з сямейнікамі і ў камору ўладкаванні.
Ён пстрычкаю і цытатаю з ранняга Коласа:
— Куды сабраўся? А пачпарт у цябе ёсць? — прагнаў прусака (той схаваўся ў шчыліне стала), прабег вачыма, як бы пераправерыў яшчэ раз асноўныя этапы прыгодаў свайго мінскага цёзкі з прозвішчам без «іч»… Потым запіхнуў пажоўклыя аркушыкі пад сяннік тапчана, патушыў газоўку і ў поўнай цемры, памалу, звыкла выставіўшы наперад руку, выбраўся ў сенцы, а адтуль — у двор. Было позна. Усё жывое і нежывое спала даўно. Толькі адзін з сабак ціха бразнуў ланцугом недзе блізка, але нават з будкі не вылез, — за гэтыя тры дні, што прайшлі ад часу яго прыезда сюды, сабакі паспелі прывыкнуць да яго.
Ён хацеў выйсці з двара, пайсці далей, на тое месца, якое днём відаць было з акенца каморы — дзе поплаў, і каля рэчкі алешнік. Але пабаяўся заблудзіцца ў цемры.
Прысеў на калоду каля сцяны. З усіх бакоў яго атуляла ноч. Цемра, густата яе, парная цеплыня яе адчуваліся ім фізічна, здаваліся ватнымі, вязкімі, вадкімі — нібы ён, як рыбіна, нарэшце апынуўся ў роднай воднай сваёй стыхіі, у цёплым начным акіяне.
Ён глядзеў перад сабой, амаль нічога не бачачы, прыслухоўваўся, амаль нічога не чуючы, усміхаўся сам сабе і думаў, што вось ужо тры дні пражыў ён тут, і гэтага часу было дастаткова, каб агледзецца, абнюхацца, асвойтацца, каб утрамбавалася ўсё ў галаве і каб можна было пачынаць рабіць нейкія высновы. Першая з якіх — усё зусім не так і кепска, як уяўлялася ў шпіталі.
