Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Зноў грыбоў набраў… Цягаеш ты іх кожны дзень!
— Ды поўна ж іх. Дзіця малое набярэ.
— Як жа! Мяне пусці ў гэты лес, дык толькі патапчу. Як варона сляпая. Ды і страшна адной у лесе.
Ну як было не адзначыць пад гэтымі грубаватымі, вясковымі словамі пэўнага такту, далікатнасці, магчыма нават спагады да яго, скалечанага чалавека? Трухановіч даўно ўжо заўважыў, што яна, гэтая Наста, пры рэдкіх іхніх сустрэчах заўсёды стараецца падкрэсліць, што ён — звычайны, нармальны хлопец, роўня ёй, Міканору і ўсім астатнім людзям. Як і цяпер — хваліць яго за самую абвыклую рэч, за грыбы гэтыя, нібы нейкі асаблівы спрыт трэба, каб набраць іх цяперашняй парою, калі іх поўны лес…
Далей пайшлі яны моўчкі.
Сцежка вілася сярод лазовых кустоў, высокага, мокрага купіння сітняку. Вераснёвы дзень астываў. Шоргалі крокі. Пахла расой, травой, туманам і грыбамі, і аддалёку — ад вёскі — цягнула, так натуральна дапаўняючы гэты водар восені, дымком ад спаленага картаплішча… Ці мо то ўжо запальвалі ў печах? Як бы яшчэ раз перажыць усё гэта, вярніце мне яго… Бо толькі і ёсць у жыцці сапраўднага, што адзін гэты момант, тое, што перад вачыма, — а потым скончыцца сцежка — яна заўсёды канчаецца, прычым там, дзе ёй, а не нам, трэба, і не паўторыцца больш ніколі, ні з кім і нідзе менавіта такога вось вечара, такіх малюнкаў і такіх пахаў, — хаця будзе, будзе, магчыма, яшчэ і лепшая сцежка, у іншым месцы, дзенебудзь у Францыі, у Германіі або ў Лунінецкім раёне, і яшчэ маладзейшая і прыгажэйшая жанчына будзе ступаць побач, і ўмовы, і абставіны, і наваколле — усё, словам, будзе лепшае; ды толькі вось такія, як цяпер — нідзе і ніколі!..
Але пакуль рана было думаць аб гэтым. Пакуль не канчалася сцежачка. Нямала яе яшчэ наперадзе, а значыць, быў час і ў Трухановіча з Настаю.
Абое ісці стараліся марудна, нібы змовіліся як мага расцягнуць гэты шлях, падоўжыць гэтую магчымасць удваіх астацца. За чатыры дні ўпершыню выпала такая нагода. А пабыць ім адным даўно трэба было б, штосьці звязвала іх… А што? Адзінае, вынесенае Трухановічам яшчэ са шпіталю, было такое ўяўленне іхніх ранейшых нібыта адносін: жыла гэтая Наста, і жыў папярэднік яго, нейкі Трухановіч, разам яны раслі, гадаваліся, потым сябраваць пачалі, потым — пагульваць, потым ён служыць пайшоў, а яна пабралася з Міканорам… Вось і ўся няхітрая гісторыйка. Не рэдкасць — хутчэй правіла, чым выключэнне, калі дзяўчына выходзіць замуж за твайго брата, ці ты жэнішся з сястрою сваёй каханкі — у многім толькі зза іх фізічнага падабенства; а ён тварам якразтакі падобны на Міканора, бачыў гэта і на фотаздымках, і ў люстэрку, калі ўяўляў сябе без барады…
Цяпер самы час быў высветліць, ці так гэта, ці правільныя яго здагадкі. Толькі Трухановіч не ведаў, як пачаць. Наста выручыла яго.
— Добра восенню, — сказала яна.
— Чым?
— Камароў няма. Я іх так цярпець не магу…
— А па мне дык кожная пара добрая. Восенню грыбы, бульба… Ёсць, дарэчы?
— Няма ні халеры. Убілася, пакуль гэты кашэль накапала…
— Цяжка нясці? А я і памагчы не магу…
— От ідзі сабе! Ты ж грыбы нясеш.
І то праўда: што ёй гэтая ноша — так, забаўка. Маладзіца ў самай сіле, пародзістая, рослая — за Міканора, прынамсі, вышэйшая… Такія сем’і, дзе чалавек меншы за жонку, звычайна шчаслівыя, і яшчэ ў такіх (заўважыў Трухановіч) чамусьці часцей нараджаюцца дзяўчынкі.
Гуляючы, несла яна свой цяжкі кашэль. І прытрымліваць не трэба — высокія выпнутыя грудзі не давалі апусціцца шлейцы, рукі вольныя былі; відаць, па сялянскай звычцы, каб не гулялі яны, на хаду адламала яна галінку і абмахвалася, нібы тыя ж ненавісныя камары дакучалі ёй. Пазіркваючы на яе збоку, такую ладную, дужую, Трухановіч упершыню за гэтыя дні адчуў зайздрасць да Міканора. І яшчэ — зразумеў, што зусім не прырода, не цёплы і пахкі вераснёвы вечар і не абставіны ствараюць гэты ягоны лірычны, нейкі ўзнёслы настрой — а яна, Наста, блізкая, амаль інтымная прысутнасць яе.
Усплыла ў памяці Нэлі, тое, як яго мінскаму двайнікуТрухану заўсёды было неспакойна, трывожна з ёю, які ён быў з ёю напяты, увесь час у чаканні нейкай каверзы, падману, непрыемнасцяў… І як — у параўнанні з Нэлі — проста, лёгка, спакойна было цяпер Трухановічу з Настаю.
Яму раптам захацелася вось зараз, бо іншага такога моманту магло і не быць, адкрыцца ёй, адзінаму і ў тым, і ў гэтым яго жыццях чалавеку, якога можна не баяцца, з якім можна адчуваць сябе самім сабою. Расказаць ёй усёусё, як на споведзі, проста і шчыра, без заўсёдных сваіх хітрыкаў і перастраховачнай вечнай асцярогі. Бо так ужо надакучыла насіць усё ў сабе, так жывой, спагадлівай душы захацелася!
— Дык мы даўно знаёмыя з табою, Наста? — без падрыхтоўкі, без дальніх падыходаў адразу пачаў ён.
— А то ты не ведаеш…
— Каб ведаў, не пытаў бы. Ты адно нагадай, дапамажы мне ўспомніць. Мы гулялі з табою — перад тым, як у войска я пайшоў? Між намі было штонебудзь? Мы хоць цалаваліся з табою?
Яна толькі хмыкнула. Знайшоў пра што пытацца. І як адказваць на такое?! Калі сам не можаш успомніць, дык толку табе з таго, было штосьці, або не?
— Наста, зразумей. Я з вялікай ахвотай і радасцю ўспомніў бы, каб мог! А тым больш такую прыемную рэч, як нашыя… нібыта нашыя! — бо на самой справе то ж быў не я, — адносіны. Прыкрага, саромнага не хочацца ўспамінаць, а тут — цябе, дзяўчыну! Ты стань на маё месца. Нейкі, выбачай, гад, пра якога нават згадваць не хочацца, гэты нібыта Я, ад майго імені ціскаў цябе да плота, шаптаў розныя словы, да вуснаў тваіх прысмоктваўся…
Адказам яму быў смех — нягучны, дзявочы, той самы, які так многа ў сабе тоіць. Яна паказвала гэтым смехам, што разумее яго, нават апраўдвае яго, што ёй цікавы яго маналог.
Падахвочаны, Трухановіч працягваў:
— А можа ён, гэты нібыта Я, карыстаўся табою, тваім целам, вабнотамі тваімі, распранаў цябе, мацаў, дзе хацеў — такую голенькую, белую, цёплую, падатлівую…
Яна ўсё смяялася.
— А мне, у каго нават успамінаў, якія сагравалі б, няма — мне цяпер за кагосьці адказваць!
Дасюль Трухановіч гаварыў як бы жартуючы, з іроніяй. А тут пачаў сур'ёзна:
— Хаця ўсё адно ж ты мне не верыш. І я б на тваім месцы не верыў…
— Я даўно гэта ведаю ведаю, — сказала яна раптам. Спакойна ў яе гэта атрымалася, нават абыякава. — Ты не той. Ты — іншы.
Ён спатыкнуўся, ледзь грыбы не рассыпаў. Вось табе маеш! Варта было ў адчыненыя дзверы ламацца, даказваць штосьці… «Бацька» з «маткаю» не пазналі, і «брат родны» Міканор, а яна — Настачка, першае каханне… Не маё нават, чыёсьці, чужое, а адразу ўгадала, сэрцам адчула… Ён быў і ўзрадваны, і ўзрушаны, і азадачаны.
— Дык… а чым іншы? Чым мы рознімся?
— Проста інакшы ты. Тварамі аднолькавыя, а так… Не ведаю!
— Ну, добра. Тады — а з кім табе лепш?
Наста пазірнула на яго. Неахвотна сказала:
— З тым прасцей неяк было…
— Дзякую.
— А з табою — цікавей.
— Чаму мы раней не пагаварылі так? — шчыра пашкадаваў ён. — Ці ты не хацела?
— Я баялася, — адказала яна проста. — Вінаватая ўсё ж… Не дачакалася, за Міканора выйшла…
— Дарэчы, а чаму не дачакалася? Зацяжарыла? Ці мо Міканор шантажыраваў (выбірай ты словы!)… ну, пагражаў табе? Можа, казаў — не пойдзеш, дык…
І Трухановіч пачаў пералічвацьперасыпаць вядомыя шаблонныя «вечныя» матывы, не заўважаючы, што заносіць яго, што пара спыніцца ўжо, бо не дзяўчынкааднакласніца перад ім, а чужая замужняя жанчына, маці.
— Пайшла чутка, што ён… ну, я — загінуў? Ці што кантузіла, і ты з калекам звязвацца пабаялася?
Ён зразумеў, што яна пачырванела, хоць у прыцемках і не бачыў гэтага.
— Каб быў дзеўкаю, дык сам пабачыў бы! Паказаў жа, як гэта робіцца… Паспрабуй пасля такога, вытрымай, пажыві без мужчыны! — адказала яна ўсё з тою ж вясковай грубаватай шчырасцю. Відаць, і сорамна ёй было прызнавацца, і сердавала яна на сябе самую, што інакш не ўмее. Але ёй і ў галаву не прыходзіла, што можна быць хітраю, жыць, як Трухановіч жыве, заднімі думкамі, хлусіць, акторстваваць…
