-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 368
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Трэба рашэнне! — Нібы для таго, каб не было сумненняў, дадаў: — Ето — абязацельно.

— Абыдземся! — адрэзаў голасна, як бы з выклікам, худы, з кепачкай.

Па пакоі адразу пайшло:

— Паслухалі — і хваціць!..

— Хваціць!..

Устаў Башлыкоў. Упэўнена высіўся сярод гоману, чакаў, калі сціхнуць. Але гоман не сціхаў, нават памацнеў. Гаманілі, кідалі неспакойныя позіркі ўжо нібы да аднаго.

Ён не зварухнуўся, пакуль не наступіла мёртвая цішыня.

6

— Таварышы, тут, відаць, некаторыя думаюць, — у роўным, мерным голасе Башлыкова Ганна ўлавіла злую ўпартасць, — што мы сабраліся сюды жартачкі жартаваць. І хочуць сход наш ператварыць у вясёлую гаварыльню. У пустапарожнюю балбатню! — Голас яго ўсё стражэў, усё набіраў жорсткасці. — Дык — каб не было сумнення — аб'яўляю: мы прыбылі сюды не для вясёлых забавак, не для пустой гаварыльні! І мы выступалі, пераконвалі вас не для таго, каб дазволіць некаторым, што таксама прыйшлі сюды, са сваімі мэтамі, — сарваць сход! Мы прыбылі для таго, каб зрабіць важную справу — паправіць становішча, у якім вы апынуліся! Паправіць вашы неабдуманыя дзеянні, якія шкодзяць усяму раёну. Мы спадзяваемся, што вы зразумелі вашу цяжкую памылку і — выправіце яе!.. Я прапаную прыняць такое рашэнне: «Мы, калгаснікі калгаса „Рассвет“, усведамілі сваю памылку і аднагалосна рашылі аднавіць калгас. Для чаго вяртаем у калгас усю абагуленую маёмасць і абязуемся працаваць па-бальшавіцку!..» Вось так!

Ганна слухала яго з дваістым пачуццём: павагі да смеласці, рашучасці яго і — трывогі. Вельмі ж неасцярожна, напралом лез ён: каб не раззлаваў людзей, не сапсаваў усё. «Без падходу… Не знае нашых. Не знае — нашы не любяць такога… Да шчэ цяпер, калі ўсё так пячэ…» Яна павяла позіркам — твары былі недавольныя, зацятыя. Вочы вострыя, злыя. Не падабалася, не ўхвалялі…

Але маўчалі. Рашучасць Башлыкова, яго моцная пагроза трывожылі. Трывожылі, злавалі і — стрымлівалі. Пагроза Башлыкова — не жартачкі… Нядобрае, небяспечнае было маўчанне…

І раптам прарвалася:

— А як я — не хочу?!

Сказаў той, худы, у кепачцы, што тырчаў навідавоку. Сказаў голасна, як бы нават задзірліва. У позірку, ва ўскінутай, з паголенымі вострымі сківіцамі галоўцы быў нібы выклік. Вочы проста шалёныя адвагаю, усмешачка з-пад вусоў. «Ану, паспрабуй! Не хочу, от і не хочу!..»

— Чаго? — не зразумеў адразу Башлыкоў. Ці не чакаў такога.

Глінішчанец з тым жа выклікам заявіў:

— Вяртацца не хочу! У калгас!..

Башлыкову не далі сказаць. Спачатку беражліва, а потым усё больш вольна, злосна рынулася:

— Няма такога права!.. Застаўляць!..

— Ета так трэба?! Сілаю?!.

— Паспыталі ўжэ! Хваціло!..

— Не хочам! Не вернемся!

— Няхай другія папробуюць!

— Аге! Каторыя не булі!

— Не канешне нам адным!

— Па чарзе!..

Дарэмна Барыс загадваў, стукаў штосілы па стале — не слухалі. Гаманілі, крычалі ў пакоях, у калідоры мужчынскія пракураныя, жаночыя прарэзлівыя, звонкія маладых, хрыпатыя старых — усё шматгалоссе, сабранае з усяго сяла, гневалася, пагражала, клялося. Ганна глядзела на Башлыкова, што стаяў цярпліва побач з Барысам, і ад душы шкадавала яго: «Нялёгко, мабуць, ето яму бачыць, начальніку! Такое непаслушэнство…» Яна быццам моўчкі супакойвала: не перажывай, глядзі спакойна! Чаго было чакаць іншага, калі людзям яшчэ так баліць! Няўжо ты не прадчуваў гэта да сходу! Прадчуваў, канешне, але ж трэба было паспрабаваць! Бо і так пакідаць нельга было!

У тую хвіліну яна асабліва, усім сэрцам і розумам, адчула, што і яго абавязак нялёгкі. Цвёрды і яго хлеб. Адчула і праніклася спачуваннем да яго, як бы наблізіла яго да сябе. Стала побач з ім…

Толькі калі выказаліся, спатолілі нецярплівыя пачуцці, пачалі паволі аціхаць.

— Тут раздаваліся галасы, — адчула яна жорсткасць у голасе Башлыкова, — якія нельга інакш расцаніць, як варожыя. Як кулацкія, антысавецкія заявы. — Ён асабліва важка вымавіў апошнія словы. — Кулацкія элементы, што прабраліся на сход, і іх адгалоскі — відаць за вярсту — паставілі сабе задачу: сарваць сход, любымі метадамі не дапусціць аднаўленне калгаса!.. Але я заклікаю ўсіх сумленных жыхароў вёскі не паддацца гэтай кулацкай і падкулачніцкай вылазцы, даць належны, бальшавіцкі адпор і вярнуцца зноў на калгасныя рэйкі. Аднавіць калгас.

— А калі хто не хоча? — дапытліва, быццам думала ўголас, і настойліва сказала цётка Маня.

— Вам гаварылі ўжо, — рэзкавата прамовіў Башлыкоў. Ён, адчула Ганна, траціў цярплівасць. Канчалася вытрымка. Выразна, з непрытоенай зласлівасцю ён аб'явіў: — Таму, хто не хоча вярнуцца ў калгас, трэба будзе вярнуць у калгас маёмасць!

— Ето чаму? — не так запытаў, як запярэчыў недавольны мужчынскі голас з задніх радоў. Яго адразу падтрымалі гоманам.

— Вы ведаеце, — Башлыкоў і тонам гаворкі, і выглядам паказваў, што не хоча гаварыць попусту.

— Ведаем-то ведаем. Ды — не разумеем! — Дзядзька закрычаў злосна: — Ужэ сваім не распараджайся!

— І нашае ўжэ — не нашае!

Башлыкоў адужаў гоман:

— Вы абагулілі яе. Яна належыць калгасу.

Хтосьці запярэчыў зларадна:

— Няма ўжэ калгаса!

Башлыкоў коратка, непахісна адрэзаў:

— Гэта — калгасная маёмасць!

— Калгасная! Аге! — Хтосьці мацюкнуўся на ўвесь пакой. Гарачыя галасы прарэзаў нахабны свіст.

— Не вернем!!! — пачуўся крык.

— Не аддадзім!

— Нашае!..

Башлыкоў не стрымаўся. Паддаючыся агульнаму крыку, адужваючы яго, поўны гневу, распарадзіўся:

— Маёмасць усю неабходна вярнуць! — Відаць, адчуў, што гэта не падзейнічала. Падмацаваў сябе, пагразіўся: — Усе, хто не верне, будуць адказваць! Прыцягнем да строгай адказнасці!

Яго пагроза падліла масла ў агонь.

— Засудзіце? За нашае ж добрае!

— Арыштуеце! За што?

— За тое, што ўступалі!

— Усіх не арыштуюць! — крыкнуў нахабна, са здзекам пярэдні, з кепачкай.

Башлыкоў, разгневаны непаслушэнствам, заўважыў гэты крык. Ледзь Барыс прыцішыў галас, Башлыкоў накінуўся на дзядзьку:

— Гэта — варожы голас! Кулацкі голас! Вы — хто?..

— Я — Свердзел, — адказаў дзядзька. У вусах затаілася ўсмешка.

— Гэта — што, прозвішча? — Башлыкоў прыціх, раптам страціў упэўненасць.

— Так імянуюць. — Дзядзька адчуў увагу на сабе, яшчэ пасмялеў. Як бы насміхаўся. — Свердзел. Значыць, свердзел…

— Празвалі так, — памог Башлыкову Барыс. — Прозвішча яго — Чарняк Змітро.

Башлыкоў момант вагаўся. Непрыемная выйшла сітуацыя. Стараючыся паказаць сябе па-ранейшаму ўпэўненым, аб'явіў:

— Я пазбаўляю вас голасу!

Ганна пачырванела: нашто гэта ён! Разгубіўся, зусім страціў разважнасць. «Не трэба! Не так!» — проста хацелася сказаць яму. Так захацелася паправіць, памагчы. І так раптам адчула: малады, зялёны зусім! І гарадскі, зусім не ведае нашых!..

Дзядзька азірнуўся, усе глядзелі на яго, чакалі. Ён раптам адкрыта засмяяўся проста ў твар Башлыкову:

— Дак, можа, мне дадому можно? А то ж цярпення ўжэ няма!

Башлыкоў жорстка прыплюшчыў вочы.

— Ідзіце! — Паабяцаў пагрозна: — А пасмяецеся потым!

Свердзел патаптаўся лапцямі, не пайшоў адразу. Спадабалася роля.

Паспрабаваў яшчэ:

— Дак, можа, і другіх адпусціце? А то ж — утаміліся ўсе…

— Ідзіце! — загадаў Гайліс Свердзелу.

Калі Свердзел выйшаў, устаў Апейка. Паспрабаваў памагчы Башлыкову вывесці сход з тупіка. Загаварыў, што адразу цяжка ўсё рашыць, што ён і яго таварышы спадзяюцца, што калгаснікі абдумаюць усё спакойна, разважліва. І вернуцца ў калгас…

Але і яго не хацелі слухаць.

— Падумалі ўжэ! Хваціць!..

Калі Апейка, Башлыкоў і іншыя ішлі з класа, у калідоры дзядзькі і цёткі прыпыніліся, моўчкі прапусцілі іх. У Парасчыным пакоі было чуваць, як яшчэ доўга, сумна тупалі, шаргалі боты і лапці. У пакоі маўчалі, нібы слухалі гэты тупат і шарганне.

Башлыкоў стаяў адасоблена ад іншых, засяроджаны, затоены з невядомымі, нядобрымі думкамі. Ён быў так паглыблены ў сябе, што не адразу зразумеў, што яму гаворыць Чарнаштан, які нясмела падышоў да яго.

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название