-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 371
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Што? — нахмурыўся Башлыкоў.

— Я хачу пайсці ў Туманы, у калгас, — асцярожна паясніў былы старшыня калгаса. — Рахункаводам могуць узяць. Дак — ці можно?

— Ідзіце кім хочаце, — Башлыкоў упершыню падняў позірк на Чарнаштана. Позірк быў цяжкі, не зычыў дабра. — Толькі спачатку адчытаецеся за сваю «дзейнасць» камісіі з раёна…

Ён павярнуўся, пашукаў вачыма па пакоі. Важка пайшоў да Міканора і Гайліса.

— А вам прыйдзецца растлумачыць гісторыю з калгасам «Рассвет» на бюро райкома…

Ён прыслухаўся і раптам стаў хутка збірацца. Ганна падрыхтавала яму і Апейку перакусіць, папрасіла на хвіліну затрымацца. Апейка гатоў быў згадзіцца: прагаладаўся, але Башлыкоў не прыпыніўся.

За ім заспяшаўся і Апейка.

— Другім разам, — папрасіў прабачэння. — З лепшым настроем…

Раздзел пяты

1

На ганку адразу навалілася халодная, з ветрам цемра. Пасля святла вочы першы момант бачылі кепска, Башлыкоў прыпыніўся.

— Мяце! Халадзеча! — апынулася побач Параска. — Сама прырода — каб перачакалі!

— Праўда: заначуйце… — памог ёй Барыс.

Башлыкоў цвёрда кінуў:

— Не! — Прытрымліваючыся за бакавінкі, стаў рашуча сыходзіць па ступеньках.

Цяпер было відаць: не так і цёмна. У шэрым прыцемку зімняй ночы добра значыліся цёмныя абрысы коней, постаці возчыкаў, два вазкі. Башлыкоў гукнуў свайго возчыка, пайшоў на голас. Іншыя, што выйшлі са школы, пайшлі таксама, моўчкі глядзелі, як ён уладжваецца на заднім сядзенні. Было падобна, што чакалі яшчэ чагосьці.

Ён маўчаў. Возчык азірнуўся, шмаргануў лейцамі, і ўсе, хто быў побач — Дарошка, Казачэнка, Гайліс, Глушак, — імкліва пайшлі назад. Зніклі ў цемры.

Паўз самы школьны двор — зімняя дарога да шляху. На самым выездзе з двара вазок нагнаў некалькі чорных постацей, што неахвотна збочылі ў снег. Калі прамчаў міма, здалося: спіну ніжуць нядобрыя позіркі, мімаволі насцеражыўся. Насцярожанасць уздымалася, калі ўслед палезлі ў вочы гарбатыя, варожа затоеныя абрысы: справа — нядаўняя вуліца з хатамі, хлявамі, гумнамі, а злева — загуменне той, старой часткі вёскі.

Праехаў між іх — быццам вырваўся з палону. Вольна, прасторна разлеглася ўперадзе шараватая снежная шыр. Адчуваючы, як у ім не сціхае, гоніць яго нецярплівае, злое — хутчэй, далей адсюль, Башлыкоў чуў у сабе проста патрэбу падганяць возчыка, коней. Не без намагання стрымліваў ён у сабе гэта жаданне: бачыў, што возчык разумее яго, стараецца і без падгонкі. Не першы раз едуць, ведае ездака. Таму, калі ў полі вазок раптам спыніўся, Башлыкоў нервова і нездаволена кінуў:

— Ну што такое!

— Іван Анісімавіча не відно!.. — адказаў возчык, гледзячы да сяла.

А, чорт! Башлыкова ў яго нервовым неспакоі ўзлавала не толькі тое, што давялося спыніцца, але і павага, пяшчота ў возчыкавым: «Іван Анісімавіча!» Нібы папракнуў, што — Іван Анісімавіч от затрымаліся, развітваюцца па-людску. Яшчэ адзін дарадчык, інструктар знайшоўся. Нядобра падумаў пра Апейку: затрымаўся, разводзіць лагоду, каб паддобрыцца, набыць сабе аўтарытэту; выставіць сябе шырокім дэмакратам побач з башлыкоўскай рэзкасцю.

Недзе шчымела няёмкасць. Не было цвёрдасці, што зрабіў вельмі добра. Нешта далікатнае не першы раз пярэчыла грубасці. З кім-кім, а з Дарошкай, з Казачэнкам можна было б абысціся лепш. Асабліва — з Дарошкай, з жанчынаю. Але ён не даў раскволіцца, стрымаў сябе. Усё гэта — дробязі, нікчэмнасць у параўнанні з тым галоўным, што адбылося. І значэнне якога ён не будзе прытойваць ніякімі далікацтвамі, як — іншыя дэмакраты… Ён і паказваў, і будзе паказваць, як недавольны. Галавацяпы! Слоў няма такіх, якія заслужылі!..

Ён, не азіраючыся, пачуў, калі пад'ехаў Апейка. Вазок падышоў амаль упрытык: Апейкавы коні саплі ў патыліцу.

Вазок піскнуў і зноў памчаў. Хутка ён, аднак, запыніўся так рэзка, што коні ззаду ледзь не наскочылі на яго. Пад палазамі цяжка зашаргацела: пацягнулася голая, вымеценая ветрам дарога. Адолеўшы гэты адрэзак, коні былі зноў узялі лёгкі бег, але неўзабаве пільны возчык сам прытрымаў іх. Зноў шаргала ўнізе і марудна ішло амаль голае поле. Ехалі так марудна, што Башлыкову хацелася саскочыць на зямлю і пабегчы самому.

Увесь час налятаў вецер, сыпаў снегам у твар, усё намагаўся насыпаць за каўнер. Пасмы снегу раз-пораз перабягалі цераз дарогу, праносіліся ў паветры перад вачыма — ад гэтага ўсё выглядала варухлівым, неспакойным і нібы няпэўным. Уражанне неспакойнасці і няпэўнасці яшчэ ўзмацняла цьмяная шэрань, што атульвала ўсё поле, давала больш-менш добра бачыць толькі блізкае. Неспакойнае было ў бегу коней, у няспынным дзікім варушэнні быльнягу абапал дарогі, на межах, у самім няроўным, кідкім ветры…

Злева, трохі наводдаль, штосьці зачарнела, Башлыкоў не так разгледзеў, як успомніў — невялікі гаёк у полі. Калі цёмная пляма трохі наблізілася і стала няпэўна акрэслівацца, Башлыкоў раптам праз варушэнне снегу заўважыў там, пад покрывам цемры, дзіўныя постаці. Ён прыгледзеўся, і разважлівае сумненне пацішэла: тое, што ён хацеў бы лічыць прывідамі, жыло, варушылася, рыхтавалася. Адчуваючы, як халадзее спіна, ён нервовым рухам палез у кішэню, сціснуў цёплую, цвёрдую рукаятку нагана. Рашуча пералажыў наган за пазуху паліто. Павярнуўся назад крыкнуць Апейку, папярэдзіць, але вазок, нібы знарок, плёўся далёка.

«Не паслухаўся!.. Не застаўся!.. Дурная нецярплівасць!.. Даказаць хацеў нешта!.. — хутка, хваравіта, горача білася ў галаве. Апякло крыўднае: — Як гэта мог не бачыць, што і сляпы пабачыў бы! Прагныя, злосныя позіркі. У якіх вачавідкі гарэла: разлічыцца! Кончыць!.. — І горкае, кволае: — Так па-дурному ўліпнуць! Так кончыць! Не ўправіўшыся нічога!..»

Пальцам адвёў курок, другі паклаў на спускавы кручок і ўсё ўглядаўся ў цемру ўзлеску, да рэзі ў вачах. Ад напружання вочы завалакло, ён нецярпліва выцер вочы, нязводна сачыў. «З абрэза ці з вінтоўкі пекануць, — прайшло ў свядомасці. — Хутчэй — з вінтоўкі. З вінтоўкі — больш дакладна…» Як гэта цягуча было: ехаць, адчуваючы сябе пад прыцэлам вінтоўкі, наведзенай вопытнай рукой. Ехаць і чакаць, калі грымне стрэл, які кончыць усё. «Так рана! Калі толькі пачаў!.. І так па-дурному!..»

Стрэлу не было. Ужо ад'ехалі нямала, а сэрца гулка грымела. Супакаенне прыходзіла паволі і няпоўнае: трывога па-ранейшаму гняла грудзі. Быў там хто ці не было? Няўжо толькі здалося?.. Не можа быць, што здалося!.. Ён жа добра бачыў: постаці, рухі нават!.. Чаму ж не стрэлілі? Пабаяліся ў апошні момант?..

З радасцю, што жыве, з супакаеннем — не стрэлілі, абышлося пакуль, увёў сабе клопатнае, значнае: сказаць Харчаву, загадаць, каб прыгледзеўся, высветліў. Няпрошанае ўзяло сумненне: а можа, не варта казаць — стары, грубы рубака, можа, не паверыць. Палічыць, што — усё прывіды багатай фантазіі. Страху. Гэта — можа быць. І Апейку не гаварыць, відаць. Гэты наогул мог праспаць і заявіць, што нічога не было. І не дакажаш нічога. Відавочца… Адужаў прыкрую няёмкасць, пакпіў з сябе: а брыдкая была хвілінка! Аж у пот, ліха яе, увагнала!..

За белым поплавам дарога вывела да шляху. Па баках у сухім шорсткім пошуме адна за адной пайшлі старыя бярозы. Вушы зноў востра лавілі гукі, сярод якіх супакойвалі толькі тупат і пырханне ззаду Апейкавых коней; вочы падсцярожліва сачылі за ценямі, за ўсякім рухам. Бярозы за бярозамі, з аднаго боку і з другога, і за кожнай можа чакаць небяспека. А тут злева насунуўся, узняўся чорнай сцяной усутыч лес. Лес да засценка, і далей, да Прыпяці. На многія кіламетры — балота і лес. Райскі прытулак для бандытаў.

Пакуль сунуўся лес, Башлыкоў насцярожана цікаваў яго цемру. За роўняддзю шлях пачаў сыходзіць уніз, уціснуўся ў крутыя берагі. З аднаго боку бераг і з другога — усё закрылі. Знізу не відаць, што на іх, за грэбнем. А стуль усё — як на далоні. Берагі блізка — нейкія тры крокі ў бакі. Сціснулі так, што і развярнуцца з вазком няпроста. От дзе пекануць зручна!.. Добра адно, што коні, як бы разумеючы небяспеку, з горкі падбавілі бегу. Непрыемнае, цягучае чаканне. Увага адначасна ў адзін і другі бок. Рука аж нямее, сціскае наган.

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название