Адна ноч
Адна ноч читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Спачатку ён таксама, вiдаць, звянтэжыўся, залыпаў вачмi, а затым, пазнаўшы байца усмiхнуўся i трохi здзiўлена азваўся:
- О, Iван, лебенд? Гут, гут.
Заўважыўшы, што Валока прыбраў сабе аўтамат, ён заклапочана варухнуў бровамi. У вачах адбiўся кароценькi неспакой, але ён зараз жа падавiў яго i зноў бадзёра, стараючыся як мага выразна вымаўляць кожнае слова, сказаў:
- Можна iдзi. Туда iдзi. Дзверы туда iх махен...
- Дзверы?
Валока хацеў усмiхнуцца, але ў. галаве ўраз балюча кальнула, i твар яго зморшчыўся ў пакутнай грымасе.
- Болна?
- Ладна, - паморшчыўся баец. - Жывы будзем - не памром.
Ён не хацеў паказваць немцу свае слабасцi - крый Божа, не застагнаць - i, дапамагаючы сабе рукамi, устаў на ногi. У галаве адразу закалола, перад вачмi расплылiся рудыя кругi. Ён асцярожна i з вялiкай натугай выпрастаўся, але не прастагнаў, стрымаўся. Трошкi пастаяўшы так, аслабела ступiў па друзе да дзiркi ў куце. Фрыц хацеў падтрымаць яго, але Валока ўпарта адняў руку.
Кульгаючы, немец падаўся туды таксама, першы далез да дзiркi i зазiрнуў угору; за iм узабраўся на друз i Валока. Яму балюча было закiдваць голаў, i баец не змог паглядзець угору. У той час недзе паблiзу пратрашчала чарга, другая, пачулiся галасы - нехта крыкнуў, пасля там, наверсе, загаварылi не цiха i не гучна, але так, што слоў разабраць было нельга. Валока сцяў скiвiцы; немец, паўразявiўшы рот, з абвостраным неспакоем у шэрых вачах паглядзеў на байца. Яны нiчога не сказалi адзiн аднаму i на нейкi час замерлi пад тою праломiнай. Зноў трывожнае, як подых пагiбелi, пытанне "хто?" секанула па iх свядомасцi.
Але гамонка наверсе спынiлася - можа, людзi адбеглi-ся, а можа, замоўклi, - яшчэ праз хвiлiну аднекуль здалёк данеслiся доўгiя кулямётныя чэргi. Нешта там адбывалася. З пачаткам новага дня ўсчыналiся новыя схваткi, i Валоку ахапiў неспакой.
- Трэба лезцi, туды, наверх, - паказаў ён немцу. Фрыц зразумеў, коратка пацвердзiў:
- Я-я, - i, пакульгваючы, замiтусiўся, шукаючы, што б падкласцi, каб зручней было дабрацца да дзiркi. З некалькiх кавалкаў бетону ён склаў невысокi падмостак, прымерыўся - трохi было нiзка, тады ён скульгiкаў унiз, прынёс каску i паклаў яе наверх. Так можна было ўхапiцца за край праломiны.
Ён i сапраўды ўхапiўся i нават, прыўзняўшыся на руках, выглянуў, але ў нерашучасцi апусцiўся зноў. Зноў на iмгненне сустрэлiся iх вельмi сур'ёзныя позiркi, але нiводзiн нiчога не сказаў другому - абодва толькi слухалi, як прастор наверсе калацiлi стрэлы, i старалiся як-небудзь угадаць, хто там. Толькi ўгадаць не было як.
Тады немец нахмурыўся, рашуча напяўся, скочыў, высiлiўшыся на руках, упёрся здаровым каленам у край i апынуўся наверсе.
Некалькi секунд ён стаяў там, азiраючыся, а знiзу на яго напружана глядзеў Валока. Баец з натугай трымаўся на нагах, у вачах хiсталася наваколле, але цяпер - адчуваў ён - рашалася найбольшае, i ён з першай жа секунды не хацеў прапусцiць яго. У Валокавай душы раптам узнялося нешта крыўдлiва-пакутнае, нейкае адчуванне сваей аслабеласцi, падумалася нават, - немец падасца адсюль, i ён застанецца адзiн у гэтай яме. Валока адчуваў у сабе ўжо выразны зачатак прыхiльнасцi да гэтага незвычайнага ворага - цяпер ён быў яму гэтак патрэбны, як бывае патрэбны ў бядзе таварыш.
Толькi немец нiкуды не бег. Ён пераступiў ботамi ля самае дзiркi, агледзеўся, з-пад абцасаў шархотка пасыпаўся ў склеп пясок, i затым з дзiркi ледзь не па локаць высунулася яго рука.
- Iван, шнэль! Быстра!..
Валока ўзлез на падмостак, падняў насустрач руку, але немец незадаволена пераступiў, махнуў кiсцю - спярша ён збiраўся пераняць аўтамат. Баец зняў ППШ з пляча, бяздумна сунуў яму i раптам спалохаўся. Аутамат апынуўся ў немца, i Валоку - кароценька, на iмгненне - здалося: абхiтрыў! Аднак немец не збiраўся ў яго страляць, а з салдацкай беражлiвасцю да зброi паклаў ППШ на дол i працягнуў у дзiрку абедзве рукi.
Напяўшыся, Валока даў свае, немец моцна ашчаперыў iх, пацягнуў, баец упёрся ботам у сцяну, да болю сцяў скiвiцы, каб не застагнаць, i бокам перавалiўся цераз край праломiны.
Так абодва яны апынулiся наверсе ў руiнах вялiзнага дома, канец якога, задраўшы ў неба ўцалелую тарцовую сцяну, стаяў, нiбы агромнiсты помнiк разбурэнням вайны. На сцяне другога цi трэцяга паверха коса вiсела карцiна ў пазалочанай раме, неяк трымаўся яшчэ пасечаны асколкамi габеленчык з ласямi; зачапiўшыся за нешта, тырчаў дагары нагамi ложак з металiчнаю сеткай. У выбiтым, недарэчным цяпер на выгляд, акне варушылася на ветры фiранка. Ад вулiцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома i вялiзнаю плахай касабочылася ўгору з-пад самых iх ног. Там, недзе за вулiцай, у праяснелым ужо ранiшнiм небе цiха краталiся верхавiны лiп, у скверы ля якога ўчора хаваўся ад бомбаў Валока.
Яны трошкi аддыхалiся, услухалiся: зноў стала выразна чуваць, як блiзка на вулiцы, страляючы, беглi людзi. Данеслiся i крыкi, толькi Валока не разабраў слоў, а немец, раптам устрапянуўшыся i размахваючы рукамi, кiнуўся па друзе ўгору. Аднак бегчы ў ламаччы было не дужа зручна, ды ён яшчэ i кульгаў, але ўсё ж далёка адарваўся ад байца, якi, ледзьве перастаўляючы ногi ў грудах цэглы, брыў следам. Фрыц першы дабраўся да таго месца, адкуль можна было саскочыць на вулiцу, выпрастаўся ўсёй сваёю паджарай постаццю на фоне нябеснае яснасцi, i тады Валока вельмi выразна i непапраўна, як смерць, пачуў узрадаваныя галасы ворагаў:
- Хагеман! Хагеман! Ком! Ком! Хагеман!
Валока чакаў iх, увесь ранак быў гатовы на горшае, i ўсё ж у гэтую хвiлiну яны абрынулiся на байца неспадзявана. Ён асеў у дол, а Фрыц, крутнуўшыся да яго на цагляным абрыве, з радасцю на раптоўна ажыўленым твары крыкнуў:
- Iван! Iван! Ком!
I памкнуўся скочыць, каб бегчы туды, куды звалi яго таварышы.
- Стой! - не так гучна, але з няскоранай рашучасцю прамовiў Валока. Стой!
На момант на немцавым твары мiльганула разгубленасць, нават боль, а можа, спалох, затым ён узмахнуў у паветры рукамi i знiк па той бок руiн.
Валока таксама на момант быццам самлеў, разгубiўшыся ад такой нечаканасцi, а затым, не зважаючы на сваю знямогу, прыпадаючы на рукi, бягом кiнуўся наверх, туды, дзе знiк Фрыц.
Хагеман далека не адбег, вулiца таксама скрозь была завалена рэшткамi дамоў, i ён пералазiў цераз цагляныя глыбы якраз пад тым месцам, дзе з'явiўся Валока. Насупраць, па-над чыгуннай агароджай скверыка, адстрэльваючыся i прыгiнаючыся, беглi немцы.
- Стой! - крыкнуў Валока, убачыўшы яго. - Фрыц! Стой!
Немец аж скалануўся ад яго голасу, прыўзняў галаву - твар яго, здалося Валоку, зморшчыўся, нiбы ад болю. I немец на момант спынiўся, зiрнуў на байца, затым - на скверык, дзе немцы - усе, колькi iх было, - прымарудзiлi хаду, некаторыя выпрасталiся, здзiўлена ўгледзелiся ў iх двух. Але гэта толькi на iмгненне. Зараз жа там загаварылi, i зычны камандзiрскi голас, як бiзуном, ляснуў па руiнах:
- Хагеман, ком! Шыссен!
Фрыц кульнуўся цераз глыбу, што перагароджвала яго шлях да сваiх, а Валока, адчуўшы, што зараз усе скончыцца, але ўжо не думаючы пра сябе, а толькi з усяе свае ўпартасцi не жадаючы аддаць ворагам гэтага чалавека, стрыкнуў па-над iм чаргою. Кулi з пералётам i недалётам у розных месцах абсыпалi навокал яго руiны.
Тады немец яшчэ раз ускочыў, крутнуўся, зiрнуў угору на Валоку - у яго вачах адбiўся ўжо страх i азвярэлая лютасць чалавека, у якога не было выйсця. Баец, сцяўшыся, упаў мiж ламачча, не зводзячы з немца позiрку, i ўбачыў, як той лiхаманкавым рухам выхапiў нешта з кiшэнi, iрвануў другою рукой i, коратка размахнуўшыся, шпурнуў у яго. Яно, гэтае невялiкае i iмклiвае, чорнаю птушкай мiльганула ў ранiшнiм небе i, не даляцеўшы да Валокi, гулка-коратка шчоўкнула.
"Граната!" - чамусьцi са спазненнем блiснула здагадка, i Валока, адчуўшы канец i не маючы нi сiлы, нi якое магчымасцi ўратавацца, iрвануў да пляча аўтамат.
Чаргi ён, невядома чаму, не пачуў, у нейкую долю секунды згледзеў толькi, як апруцянела хiснуўся Фрыц Хагеман, i ў той жа час вышэй ад Валокi, ударыўшыся ў прасценак, аглушальна рванула граната. Гарачы iмпэтны ўдар сцебануў яго па плячы, i зараз жа ўсё патанула ў пыле, якi ўдушлiвым воблакам накрыў байца.