-->

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць), Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч-- . Жанр: Классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Название: Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 319
Читать онлайн

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) - читать бесплатно онлайн , автор Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…

Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 77 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Не, гэта было такім нясцерпным шчасцем, што кружылася галава.

…Гэта быў горад — мара. Андрэй зразумеў гэта на самым першым спатканні з ім, калі, пакінуўшы ў гасцініцы спячых сяброў, выйшаў на Неўскую набярэжную. Світання, уласна кажучы, не было, бо стаяў канец мая і цямнела ўначы толькі на гадзіну-дзве.

Нява, яшчэ напаўсонная, каціла ў заліў плыні, зрэдку ўсплёскваючы грабеньчыкамі. Невядома, адкуль яны браліся: ветру не было ў бескалярова-блакітным небе, у паветры, якое пахнула ёдам і аж нясцерпна пашырала грудзі. Шпіль Петрапаўлаўкі ўпіваўся ў неба, ужо злёгку пазалочаны на самай вяршыні. Ён быў лёгкі і горды, як бессмяротны радок.

I, акінуўшы ўсё гэта, Андрэй зразумеў, што прапаў. Гэты горад быў падобны на тыя гарады, якія сняцца ў самых шчаслівых снах дзяцінства, аб якіх потым плачаш, не маючы змогі трапіць у згублены рай.

Упершыню пасля дзён дзяцінства захацелася ўзняцца і паплысці над гэтай вадою — вышэй, вышэй над будынкамі і шпілямі, над недалёкім морам.

О, толькі б жыць!

Рука апусцілася на балюстраду поруч з ім. Андрэй паглядзеў і пабачыў Ірыну, усю нейкую маленькую і ласкава-зажураную.

— Я ведала, што вам не спіцца. Нават чамусьці ведала, дзе вас шукаць.

Замест адказу ён накрыў усю яе руку сваёй вялікай далонню. Рука ляжала пакорліва, не варушылася.

Андрэй знемагаў ад цеплыні і шкадавання да яе.

Стаяла поруч з ім нейкая смешная, быццам нават трохі заспаная, моўчкі глядзела, як наліваўся золатам шпіль за ракой,

— Калi мне было цяжка, — сказаў Андрэй, — я тады хацеў выпалiць з сябе ўсё. Толькi так, таму што нiколi пачуццi не даюць нiчога, акрамя гора i болю. Але цяпер я спакойны. Вы поруч. Я пабачыў гэты горад i сустрэў вас, Нашто супрацiўляцца каханню, калi ўсё на свеце мае канец, i мы з'явiлiся аднекуль i кудысь знiкнем, i маглi нават не сустрэць адзiн аднаго за днi, адпушчаныя нам.

Бязважка дакрануўся шчакою да яе скроні:

— Я і не супраціўляюся. Дзве залатыя іскры выпадкова сустрэліся. Ёсць яны і гэты горад, — досыць…

— Не трэба, Андруша, — сказала яна. — Я не хачу аб тым, што будзе…

— Чаму?

— Які вы… Жыць трэба больш лёгка і проста… Нашто вы… Ну я вас прашу, я вас вельмі прашу — не трэба загадзя… Каму гэта вядома, што там будзе… Будзьце задаволены, што я поруч… і не хачу больш ні з кім, і вакол гэты горад, а ў нас наперадзе яшчэ дзесяць дзён, аж цэлых дзесяць дзён. Стагоддзе. Вечнасць.

Так пачалася песня песняў. Тая, што нават для самых шчаслівых гучыць толькі адзін раз.

Былі астравы, а потым мора, вялізнае, пустое, бялёса-блакітнае, бясколерна-блакітнае пад бясколерна-блакітным небам, з залатымі іскрамі сонца, якія нараджаліся і чэзнулі недзе ўдалечыні. А можа, і не было мора і неба? Можа, проста было нешта блакітнае, што заняло палову ўсяго свету? Ён не ведаў, а яна, седзячы поруч з ім у аўтобусе, казала:

— Што вы ўсё гледзіцё на мяне? Туды глядзіце.

Але ён разумеў, што ўсе гэтыя словы проста так, і разумеў, што яна ведае гэта. Яна разумела ўсё ў ім. Нават калі ён выходзіў з брамы Петрапаўлаўкі да прычала, адкуль калісьці вывозілі людзей на востраў Галадай, выходзіў занадта прамы, склаўшы за спіною рукі, шапнула яму:

— Цяжка, праўда?

Яна разумела ўсё, акрамя таго, што яму хацелася гаварыць аб каханні і аб будучым. Гэтага яна не хацела і вымаліла ў яго гэтае абяцанне, а ён з горыччу і пакорай даў ёй яго, быццам зразумеўшы, што ёсць толькі дзесяць хуткаплынных дзён, што нельга патрабаваць большага ад жыцця, што яна, калі захоча — будзе з ім, але хутчэй за ўсё не захоча.

I ён безнадзейна змірыўся, таму што ведаў: усе гэтыя дні яна аддасць толькі яму, толькі для яго. Усе. Цалкам. У гэтым быў нейкі горкі гонар, які даваў яму сілы жыць.

Ірына сапраўды ўсё аддавала яму: кожны позірк, кожны рух, кожнае слова. Нават калі расказвала ў Эрмітажы аб "Старым у чырвоных адзеннях" — усе яе словы нейкім дзівоснык чынам былі накіраваны да Андрэя, адказвалі на самыя таемныя з яго думак, мацавалі ў добрым і суцяшалі ў дрэнным.

Гэта былi дзiўныя адносiны, якiх пакуль што амаль не бывае на зямлi. Быццам сама душа каханай перайшла ў душу каханага. Напэўна, калiсь, калi на зямлi пакiнуць крыўдзiць, калi не будзе моцных i слабых, калi знiкнуць хлусня i непаразуменнi i брыдкая гульня ў хiтрыкi, калi змагацца за жанчыну будуць толькi з ёю самой — менавiта такiмi будуць адносiны тых, хто захоча быць адзiн з адным. Нi ценю непаразуменняў, дабрыня да кожнага выгiба думкi другога, добразычлiвае iмкненне ўсё аддаць для яго, нiчога не патрабуючы ўзамен, вера ў тое, што ён таксама зробiць гэта.

А вечарамі яны ўцякалі ад усіх і гадзінамі блукалі па горадзе, на які ўсё больш упарта наступалі белыя ночы з іх замрэяным святлом. I тут ужо маглі казаць шчыра, словамі або без слоў.

Пётр імкнуўся ў свой вечны палёт над ракою.

— Усё як наканавана для нас, — сказаў Андрэй, трымаючы яе за тонкую руку. — Памятаеце, пры Напалеоне рускі салдат і беларускі мужык затрымалі корпус, які ішоў на Пецярбург.

— Ну…

— Каб я верыў, я ўвесь час маліўся б за іх. Колькі ўсяго яны збераглі! Гэты палёт Пятра і гэтых сфінксаў. Што яшчэ?

— I юнацтва Пушкіна ў ліпавых алеях, — напомніла яна.

— Так. I ўсё астатняе… I збераглі гэтыя дні. Для нас.

Дзіўна, яны не адчувалі, што іх словы занадта высокія. Яны не дзівіліся б нават, абое загаварыўшы вершамі. Усё было іншым у гэтыя дні.

На гарбатым мосціку, дзе струмень чыстай неўскай вады ўліваўся ў Зімнюю канаўку, у час, калі за Стрэлкаю на алым фоне захаду ўстаюць цені рагатых калон, яна ў адзін з вечароў сказала яму:

— Ты робіш мяне такой высокай, што мне страшна, мне брыдка за многае ў жыцці. Няўжо не так, як трэба? Як жа тады вымаліць дараванне за ўсё, родны?

— Мы за ўсё вымалілі дараванне. Усім гэтым.

Яму так было шкада яе, што дрыжалі рукі, якімі ён саграваў яе пальцы. А пад мостам змяіліся і беглі кудысь у чыстай вадзе тонка-зялёныя пасмы водарасцей. Была толькі адна хвіліна, калі яны адчулі нейкую насцярожанасць. Ён прызначыў спатканне ля Казанскага сабора, прыйшоў зарана. Сядзеў, гледзячы на тое, як дзеці малююць нешта на пяску. Малявалі ружу, і малявалі дрэнна, гэткія смешныя пульхныя дзеці, карапузы з ільнянымі валосікамі. Нельга было не дапамагчы ім. I таму, прыйшоўшы на месца спаткання, Ірына са спіны пабачыла Андрэя, які сядзеў на кукішках і дапамагаў дзецям.

— Лісцікі ў ружы не такія, лапа. Яны ледзь-ледзь вызубленыя. Вось такія… Вось… Вось…

А калі яны сустрэліся позіркамі, пайшлі адзін да аднаго і дзеці кінуліся за Андрэем, нават подбегам, Андрэй раптам пабачыў дзіўны выраз, з якім вочы Ірыны глядзелі на іх, і сказаў:

- Ідзіце, любыя. Ну чаго вы, сапраўды? Мы заўтра яшчэ тут будзем.

Супакоілася яна толькі ў кафейным доміку. Ён амаль ужо зачыняўся, і іх з хвіліну не хацелі пускаць. Андрэй з жартаўлівым адчаем умаўляў афіцыянтку, і тая, паглядзеўшы ў яго вочы і на Ірыну, сказала з уздыхам:

- Ідзіце ўжо.

Залацілася віно ў келіхах. Шэрыя вочы спагадліва і стомлена глядзелі на Андрэя. З Фантанкі, заснаванай маладой зелянінай дрэў, даляталі ўсплёскі вёслаў, мяккая вячэрняя песня.

…Дзесяць дзён здаваліся вечнасцю. Дзесяць дзён прайшлі. За два дні да тэрміну яна атрымала выклік з Масквы. Андрэй збялеў, пачуўшы аб гэтым. А яна расказала гэта вельмі вытрыманым, вельмі спакойным голасам, быццам адбыла нешта, што патрабаваў ад яе абавязак, і ніхто не можа патрабаваць ад яе звыш гэтага.

На вечар у іх былі білеты ў кіно. I яны пайшлі туды, у вялізны кінатэатр за Нявой, хоць заўтра яна павінна была ехаць. Увечары. Усе гэтыя дні з іх шчасцем, са святлом, што лілося з ракі ў шырокія вокны Эрмітажа, са штодзённымі залатымі дажджамі, якія наляталі аднекуль, а праз дзесяць хвілін заставаліся ўжо толькі вільгаццю на зеляніне і мармуры Летняга саду, з фасфарычна-блакітнымі вечарамі — усе яны скончыліся.

— Няўжо гэта ўсё? — спытаў ён, калі яны сядзелі ў скверы ля кіно.

— А ў каго зусім не было? Ані дня?

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 77 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название