Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
А ў куточку, у крэсле, прымасціўся гнуткі і ўвесь нейкі моцны, як стылет, дацэнт Бічыкашвілі. Гэты глядзіць таксама даволі непрыхільна. I чырвоныя вусны жорстка складзены пад вусамі.
— Ну, — парушыў цішыню дырэктар, — раскажы ты нам, Андрэй, як гэта ты дайшоў да жыцця такога?
— Да якога жыцця? — спакойна сказаў Андрэй. — Нічога, здаецца, не адбылося, Сказаў тое, што думаў.
— I не сорамна? — з дакорам спытаў Копцеў.
— Які ў іх у халеры сорам! — пачырванеў Пружынін. — Святога ў іх нічога за душою няма. Лічаць, што мы ўсе дурні.
— Не ўсе, — сказаў Андрэй.
— Вы чулі? — здзіўлена абвёў усіх позіркам Пружынін. — Вось яно. Нігілісты нейкія.
— А я не ведаю, чаго слова "нігіліст" павінна быць лаянкай. Мне здаецца, Тургенеў укладваў у яго другі сэнс. Базараў, між іншым, таксама быў "нігілістам". Ну, скажам, Тургеневу ён быў несімпатычны. Мне, калі шчыра казаць, таксама. Але яго зрабіў час. I аб'ектыўнаму гэтаму часу ў вышэйшай ступені напляваць на вашы і мае сімпатыі і антыпатыі. Гэтым словам можна пахваліць, а можна і аблаяць, гледзячы на тое, хто і супраць каго яго ўжыў. А прафесар Пружынін робіць з яго нейкае пудзіла.
Маркаў скрушліва пахітаў галавою.
— Але мы нігілісты не ў тым сэнсе, — пасля паўзы прадоўжыў Грынкевіч. — Мы верым у свой край, і ў нашу працу, і ў патрэбнасць яе для радзімы. Мы толькі не верым вам, прафесар. Магчыма, вы і добры чалавек, але слухаць такія вашы выказванні нам неяк сорамна. Прабачце на гэтым ужо.
— Вы думаеце, што вы гаворыце? — ціха спытаў дырэктар. — Ёсць людзі разумнейшыя за вас, і яны лічаць, што гэты чалавек меў заслугі. А паэт Грынкевіч дазваляе сабе не быць адной думкі з гэтымі людзьмі.
Андрэй глянуў у яго ненатуральна вялікія вочы:
— Ды i вы ж не адной думкi з iмi.
Дырэктар апусціў вочы.
— Якой я думкі наконт гэтай асобы — гэта мая справа, — буркнуў ён.
— Не, вы глядзіце, — сказаў Пружынін, — глядзіце, якія яны! Раней вы, пэўна, іначай думалі, дыфірамбаў не спявалі толькі таму, што не паспелі, а зараз…
— Я ў тыя часы думаў тое самае. Гэтаму ёсць мноства сведкаў, - спакойна сказаў Андрэй. — Я толькі не ведаў усяго. Але я адчуваў, што нешта няладна.
— Бачыце вы… Касандра-прарочыца, — сказаў Пружынін.
Маркава перасмыкнула ад голасу Пружыніна.
— Паспакайней бы вы, прафесар, — сказаў ён.
— Вы таксама… шаноўны… маглі б сесці поруч з ім.
— Я сядзеў, - сказаў Маркаў, - але, на шчасце, не поруч з гэтым хлопцам. Я сядзеў за тое, што быў супраць Іванова, а потым даведаўся, што Іваноў, здаецца, сядзеў за тры камеры ад мяне.
Копцеў засмяяўся.
Дырэктар закрыў вусны рукою, але вочы яго смяяліся таксама.
— Андрэй, — сказаў Копцеў сваім мяккім, вельмі ласкавым тонам, — вы павінны папрасіць прабачэння ў прафесара, і тады справа не выйдзе з гэтага кабінета.
— Я гатовы, — сказаў Андрэй, — я дапускаю, што мог па-чалавечы пакрыўдзіць прафесара Пружыніна, і гатовы ў гэтым прынесці свае прабачэнні. Але толькі ў тым выпадку, калі прафесар прынясе прабачэнні аўдыторыі.
— Гэтага ніхто не будзе рабіць, — сказаў дырэктар.
— А шкада, — сказаў Маркаў. — Гэта было б па-джэнтльменску. Узаемна. I ні стуку, і ні груку.
— Не, — сказаў дырэктар.
— Тады i я — не, — скалануў галавою Андрэй.
Запанавала маўчанне. Яніс, гаворачы такое ў Горавай, меў рацыю. Ні яны ўсе, ні вучоны савет не ведалі той вясною, а што ім далей рабіць.
— Вы вельмі здольны чалавек, — сказаў Копцеў. — Не псуйце сваіх адносін…
— Я гатовы на горшае. Я помню, і я разумею: самым страшным была не жорсткасць і падазронасць аднаго, а душы, знявечаныя падазронасцю і нявер'ем у свайго суседа. I вось гэтага дараваць нельга.
Бічыкашвілі, які да гэтага сядзеў моўчкі, раптам сказаў з ненатуральным спакоем:
— Гэта нават абразліва. Вы падумалі, як мне, грузіну, слухаць такое?
Андрэй, гледзячы яму ў вочы, сказаў спакойна:
— Вы не маеце рацыі, Георгій Луарсабавіч. Не палічыце за падхалімаж — мне няма ў ім патрэбы, — але я велымі люблю гэтую зямлю і яе людзей. Я ведаю, патрэбна была нечалавечая мужнасць, каб зберагчы мову, і звычаі, і старыя камяні Свеціцхавелі, Сіёні і Джвары. Гэта вялікі народ, і яму ёсць кім ганарыцца і без гэтага чалавека. Славы яго гэта не паменшыць.
Ён нервова закурыў:
— Добра, адзiн з арлоў, як выявiлася, зусiм не арол, але ж нiхто не змяншае гэтым спалучэння "Грузiя i рэвалюцыя"…I вы ўспомнiце яшчэ Паола Яшвiлi, Тыцыяна Табiдзе, Гапрындашвiлi? Тры паэты з залатымi галасамi. Iх мог слухаць свет, а зараз слухае толькi зямля ды нашы сэрцы, якiя ўсё помняць…
Бачыкашвілі не глядзеў у яго бок.
— Прабачце, — глуха сказаў ён. — Я пагарачыўся.
— Калі патрабуюцца яшчэ тлумачэнні, я магу даць іх, — сказаў Андрэй. — Я выхаваны на веры ў тое, што чалавечае жыццё ёсць самае каштоўнае на свеце. I хай прафесар Пружынін ведае: у гэтым мы ворагі. Да канца. I мы паклапоцімся ўжо, каб нават цень гэтай з'явы знік з зямлі, каб яна не паўтаралася нават у фарсе, нават у адзіным слове знявагі аднаго чалавека да другога.
Цяпер на Андрэя не глядзеў ніхто. Панавала ціша.
— Выйдзіце, Андрэй, — сказаў дырэктар.
Андрэй выйшаў. Яму было душна ў будынку, і таму ён вырашыў чакаць у скверы.
Даволі доўгі час ён хадзіў па алеі. Дрэвы ранялі на яго знобкія кроплі. Пад снегам, калі капнуць яго нагою, была ўжо свежая і празрыстая вада. Андрэй ні аб чым не шкадаваў. Ён проста назіраў, як ветрык моршчыць ясныя лужыны, як ён пругка і вільготна шуміць у верхавінах дрэў.
Пачыналася вясна вады.
…Першым выйшаў з будынка Копцеў.
— Нічога не вырашылі, - сказаў ён, гледзячы на Андрэя добрымі жывымі вачыма. — Будзем рабіць выгляд, быццам нічога не адбылося.
I пайшоў да машыны. Андрэй накіраваўся быў да брамы, але яго аклікнулі зноў. Гэта быў Маркаў. Ідучы поруч з Андрэем, ён маўчаў. I толькі ля самых варот, працягнуўшы руку для развітання, сказаў з нязвыклай для яго пяшчотай:
— Эх, Андрэйка, Андрэйка, усё-та вы разумееце. А паэт павінен быць трошкі дурнаватым.
Так, быць дурнаватым было ў тую вясну — і не толькі — сапраўды лепей, але якраз гэтай раскошы Андрэй і не мог дазволіць сабе.
"Хопіць, пабыў ужо, — думаў ён. — I з жанчынамі і з мужыкамі. Трэба, урэшце, зразумець, што адзінае, дзеля чаго пушчаны чалавек на свет, гэта — кеміць".
…Пераходзячы ўжо вуліцу, Андрэй раптоўна ўбачыў Гораву, якая прамавала ў інстытут і чагосьці вельмі спяшалася. Яна прайшла каля яго ў дзесяці кроках і не заўважыла, а ён не пазваў. З гэтым усё было скончана.
Ён ішоў бульварам і думаў, куды яму падзецца зараз. Горад быў мокры, няўтульны, першыя агні глядзелі ў туман аранжавымі вачыма. Вялікі горад, а месца ў ім для яго няма.
З адчаю ён хацеў быў пайсці ў рэстаран, але тут неяк трапіўся на вочы пад'езд Ганнінага дома. I Андрэй махнуў на ўсё рукою і вырашыў закаціцца туды.
…Сустрэла яго тая самая кампанія. Толькі мармурова-бледны Аленін на гэты раз быў цвярозы і, закасаўшы рукавы на руках, мускулістых, хлапечых, ладзіў на падлозе электрычны чайнік.
— Прывітанне забытаму эпігону Хвелькі Тапчэўскага, — змрочна сказаў ён. — Дапамажы…
— Не магу, — сказаў Андрэй. — Канстытуцыя тандэтных рук не дазваляе.
— Лірык, — з пагардаю сказаў Аленін.
— Я не лірык. Я арыстакрат духа. Я спірытуаліст, нігіліст і заўзяты прапагандыст біметалізму. А ты проста няўдалы спадкаемца "Блакітнай ружы". Цябе выгналі за няздольнасць нават з майстэрні гадзіннікаў, і ты тады вырашыў перавярнуць славянскі жывапіс.
— Малаток, — сказаў Яхненка. — Так яму.
— Ганна дзе? — спытаў Андрэй.
— У Ганны вельтшмерц, яна ў сваім пакоі.
— Тады не будзем яе турбаваць. — Андрэй абвёў позіркам кампанію. — Што гэта з вамі? Твары нейкія авальныя і доўгія.
— Калі Аленін наладзіць чайнік, — змрочна сказаў Петрык, — можа, будзем піць чай.
— Не жэрлі сёння? — здагадаўся Андрэй.
— Мы елі анчоусы, — сказаў Аленін. — Сірэч звычайную камсу. На фунт сто галоў.