Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— А я толькі збіраўся зайсці да вас, — сказаў Андрэй. — Вы трошкі апярэдзілі мяне, Міхал… Добра, будзем гаманіць без святла. Прынамсі, вы хаця дазволіце мне закурыць?
— Валяйце, — сказаў цень.
— Можа, і вы?
— Я не куру.
— Каньяк?
— Пiць яго ў такiм доме? — з пагардай спытаў цень.
Андрэй пачынаў злавацца:
— Гэты дом не горшы за другія.
— Так, — сказаў цень. — Паўсюль аднолькавае дзярмо… Я не прашу ў вас прабачэння за ўварванне… як вы не прасілі ў мяне. Я падняўся сюды, пабачыў запіску. Дзверы не былі замкнёны. I вось я тут…
Па столі пакоя слізганула святло ад аўтамабільных фар. У гэтым святле Андрэй пабачыў высокі, трохі залысы лоб і цёмныя вочы, у якіх зараз акрамя іроніі жыла насцярожанасць.
— Яна пра ўсё расказала мне, — сказаў чалавек.
— Добра зрабіла. Я сам збіраўся зрабіць гэта заўтра.
— Чаму ж вы не зрабiлi гэтага раней?
Успыхнуў чырвоны святляк папяросы ў пальцах Андрэя.
— Не прыміце гэта за прабачэнне, — сказаў ён. — Але каб я з самага пачатку ведаў, што яна замужам, — я неяк адолеў бы сябе. На жаль, потым было позна… Не ведаючы цвёрда яе адносін да мяне, я не мог падвесці яе, сказаўшы аб усім вам… Але заўтра я хацеў высветліць з вамі ўсё… Даю вам у гэтым слова гонару.
— Ваш гонар… — сказаў цень. — Чаму, вы думаеце, я не хачу зараз святла?
— Ну?
— Яна сказала, што я і так бачыў вас. У сорак першым. Што вы падобны на… таго…
— А вы не можаце дараваць яму і зараз?
— Не. Мне проста не хочацца лішні раз глядзець у хлуслівыя вочы чалавека, які прыйшоў у мой дом і…
Андрэй сеў на ложку. Тонка зазвінела панцырная сетка. Потым у пляме святла з'явілася на стале вузкая рука Андрэя з пачкам цыгарэт.
— Курыце, — сказаў Андрэй іранічна. — Гэта не мае. Гэта забыў мой асабісты вораг Стаўроў падчас высвятлення адносін са мною…
— Гэтыя закуру з асалодаю.
— Ну вось, — сказаў Андрэй, — кажу далей. Я ведаю, я нарабіў вам болю і гора і прызнаюся: вы маеце права на жорсткія словы…
Шкадаванне да гэтага ценю ў паўзмроку пакоя было непаддзельна ад сораму за самога сябе. Андрэй ведаў: больш балюча, чым гэта зрабіў ён, нельга было ўразіць другога чалавека. Але ён не шкадаваў аб зробленым.
— Маеце права, — паўтарыў Андрэй. — Але маеце права ў апошнi раз. Цяпер усё ясна мiж намi, i лепей за ўсё абысцiся без залiшняга вiску. Па-мужчынску…Скажу вам шчыра: я кахаю яе. Але я не ведаю, што сказала вам яна.
— Сказала, што, здаецца, неабыякавая да вас, што не ведае, як ёй паводзіць сябе зараз.
— Тады я не ведаю, чаму б вам не саступіць з дарогі? — спытаў Андрэй.
— А вы думалі, што я таксама кахаю яе?
— Думаў.
— Тады ідзіце ад яе. Бо яна яшчэ сказала, што не захоча нанесці мне апошняй крыўды… Такое можа здарыцца з усякім. I таму я дарую ёй.
— А хіба любоў патрабуе даравання? — горка спытаў Андрэй. — Ці не думаеце вы, што з каханнем нешта няладна, калі ёсць патрэба дараваць?.. Я не магу пайсці ад яе, Міхал.
Бягучае святло праплыло па сценах. Андрэй бачыў, як вочы Міхала беглі за ім, акідваючы позіркам больш чым сціплае абсталяванне пакоя…
— А што вы можаце даць ёй? — холадна спытаў муж, калі святло знікла.
— Нічога зараз, — сказаў Андрэй.
— А потым?
— Праз тры месяцы — усё. Але і зараз, і праз тры месяцы, і да канца дзён я дам ёй самае патрэбнае: цеплыню.
— А пакуль што яна хворая.
— Ведаю. І не вам яе лекаваць. Відаць, няма ў вас нечага даравальнага і добрага. Таму яна і пацягнулася да мяне.
Чалавек устаў. Андрэй таксама ўзняўся з ложка.
— Не, — сказаў чалавек, — я ўсё ж не магу пайсці адсюль, не пабачыўшы вас на свае вочы.
— Калi ласка, — сказаў Андрэй, уключаючы святло.
Абодва стаялі твар у твар, насцярожана і варожа аглядаючы адзін аднаго.
— А-а, — сказаў Міхал, — той, што прыходзіў тады!.. Сапраўды… падобны.
У куточку яго вуснаў ляжала грэбліва-з'едлівая складка.
— Я, вiдаць, недаацанiў сiлы першага кахання.
I, стоячы ў дзвярах, сказаў:
— Да спаткання.
— Бывайце, — сказіаў Андрэй. — I, калі гэта можа вас суцешыць, скажу: ніколі яшчэ я не адчуваў сябе такой дрэнню.
— Ат, — сказаў Міхал, — што мне?..
— Баіцеся, — сказаў Андрэй. — Тут зараз усё на сумленні. Перамога будзе за лепшым. Але вы павінны ведаць, я не адыду.
— Я ведаю.
За постаццю госця зачыніліся дзверы. Андрэй падышоў да акна. Лёгкі ветрык варушыў фіранкі, нёс у пакой гукі начнога горада і бензінавы пах, перамешаны з пахам нагрэтага за дзень пылу і амаль няўлоўным водарам, прынесеным аднекуль, дзе камень саступаў дарогу кветкам і траве,
Добра было, што скончылася хлусня, што пачынаўся шчыры двабой: адзін на адзін.
Р а з д з е л XXVI
Прайшоў і амаль увесь май, як праходзіць усё добрае на свеце. Пару разоў Андрэй ездзіў у Мінск.
У яго адносінах з Ірынай нічога не змянілася. Цяпер яна не мучыла яго, але ўсяляк пазбягала. Кожны раз пасля лекцый прыдумвала прычыну, каб пайсці адной, знікнуць, а калі гэта не ўдавалася — пераводзіла размову зусім на другія тэмы.
— Ну што, што з вамі? Хіба вам мала, што я ва ўсім прызналася яму? Куды вы спяшаецеся?
— Да вас.
— Не магу ж я забіць Міхала. Пачакайце, няхай звыкнецца з думкаю, што я не з ім.
— Што ён кажа вам, Ірына?
— Нічога. Маўчыць.
— А я не магу маўчаць.
— Зразумейце, усё яго жыццё ўва мне.
Гэта ставала нясцерпным. Андрэй ужо не мог ні есці, ні спаць. Горш за ўсё, што ён разумеў прычыну гэтага, але не мог не кахаць. Розум не меў ніякага дачынення да ўсяго, што з ім, Андрэем, адбывалася. I ўжо зусім не суцяшалі невясёлыя жарты Яніса, што гісторыя з гэтым каханнем даволі тыповая для дваццатага стагоддзя. Так, вакол сапраўды быў дваццаты век з яго падвышанай уражлівасцю, з яго высакалобасцю і бурхлівай пераацэнкай каштоўнасцей, катэгарычнай жорсткасцю адных і прасветленай цярпімасцю другіх, але ж у астатнім усё было як раней: жанчыны снавалі свае мярэжы, а мужчыны ўсё даравалі ім. Бо кахалі,
Дваццаты век, цень верталёта
Ляціць над гмахамі дамоў.
На ярасна-высокай ноце
Трапеча праца гарадоў.
Бяжыць над залатым бетонам,
Над эстакадамі ў сусвет,
Над трызненнем людзей шалёным
Трывожнае святло ракет.
I горад ад неона сіні,
Дзе век прыстанак свой знайшоў,
Трымае ў вуліцах жанчыну
З дзiцячай, спуджанай душой.
Ў адвечнай празе чалавека
Яе душа, яе рука
Шукае месца ў гэтым веку
I ўсё не можа адшукаць.
То ў шыльдах Суцiна, то ў Хласка,
То ў Бацiчэлi, то ў Манэ,
Ў канкрэтнай музыцы, ў Пiкаса,
Ў хлуснi, ў каханнi i ў вiне,
Ў карэктным мужы i ў кватэры,
Ў калекцыi старых карцiн,
Ва ўсмешлiвых старых хiмерах…
Цi новых? — Знае бог адзiн.
Мана — ад прагi ўстаткавання,
Мана — ад снегу за акном.
Няма святла, няма кахання.
Халодны свет. Халодны дом.
Не ведае, што век дваццаты
Ў святле, што бачыць ясны зрок,
У лiтасцi, ў ламаннi кратаў,
Ў паўстаннi полымя на змрок.
Мне скажуць: моцным без патрэбы
Трымаць над прорваю такiх.
А я ўяўляю зоры ў небе
I вочы, што жывуць без iх.
I нават больш яе кахаю.
Няўтульная душой да дна,
Зусiм малая, трапяткая,
Яна адна ў мяне. Адна.
Так, разважанні не прыносілі заспакаення, і колькі ні называй дваццатага стагоддзя дваццатым — гэта не магло змяніць прыроды кахання. Яно радавала і мучыла, як і на світанку чалавечых дзён.
…У канцы мая вялікая група хлопцаў і дзяўчат разам з Горавай і Галінай Іванаўнай паехала на некалькі дзён у Ленінград. Гэта было нешта накшталт развітальнага падарожжа. У чэрвені большасць з іх павінна была назаўсёды раз'ехацца па сваіх гарадах, пакінуўшы Маскву і адзін аднаго. Таму нават у весялосці прысутнічаў нейкі сум.
I толькі Грынкевіч ехаў на поўнач радасны, бы ў вясельнае падарожжа. Быць з Ірынай у адным вагоне, жыць у адной гасцініцы, цэлы тыдзень быць з ёю… I гэта перад тым, як яна назаўсёды будзе з ім.