Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Але ж вам цяжка…
— О то ж, — з сумнаватай усмешкай сказала яна. — А між тым, яно… як у раю ды на краю, то лепей у пекле на сяродцы.
— За што вы мяне так?
— Хіба я ведаю? Але з першым вашым прыходам, як свежым ветрам пранесла па пакоях. Быццам у камяніцу ўнеслі кавалачак зусім іншага жыцця.
— Даруй мне, Ганна, даруй.
— Што ты? — сказала яна прасветлена. — Хіба ты вінен?
Бязважка гладзіла яго валасы.
— Ну вось. Ну вось і супакоіўся. Ты не думай — гэта шчасце. Бо я ўжо зусім перастала спадзявацца, што гэта можа прыйсці. Ідзі зараз. Ідзі да іх. Аленін ужо прыйшоў. Чуеш смех? Я зараз таксама выйду. Толькі пераапрануся. Мне трэба быць прыгожай, каб табе заўсёды хацелася гаварыць са мной.
Р а з д з е л XXV
Бурхлiвая, утрапёная прыйшла ў той год вясна. Усяго за некалькi дзён не па-веснавому цёплае сонца з'ела снег. Бэзавай парай дымелi, прасыхаючы, тратуары. Трава ў парках так буяна лезла з зямлi, што прабiвала бурае, сятчастае мiнулагодняе лiсце. Пасля палiто не спатрэбiлася нават плашчоў, i таму асаблiва лёгка было iсцi па вулiцах, пругка скакаць на панелi, слухаць з адчыненых вокан гукi радыёлы. Нават цвiценне чаромхi не дало вельмi халодных дзён.
Тры падзеі за гэтыя дні паказалі Андрэю, што адбылася нейкая змена ў яго адносінах з Ірынай. Па-першае, Вайвадс страшэнна вылаяў яе Андрэю за тое, што яна так абыякава паставілася да гісторыі з Пружыніным і адразу выправадзіла яго, Яніса, за дзверы, сказаўшы, што яна чакае людзей з візітам.
Андрэй толькі плячыма паціснуў. Выправадзіла, потым заспяшалася ў інстытут — што яму да гэтага?
Але наступнага дня Галіна Іванаўна спыніла яго ў калідоры і з трывогаю спытала:
— Што гэта вы там нарабілі з Горавай, дрэнны вы хлапчына? Прыбегла ўчора ўстрывожаная, з твару змянілася: "Што яны там з ім робяць?" Я адказала, што гэта сам ён з усякім зробіць, што захоча. Што з ёю?
— Перажывае за вучня, — суха сказаў Андрэй. Гэта ўсё былі чужыя словы. А потым яна сказала і сама — на лекцыі, - сказала з дапамогаю ўсё таго ж самага падтэксту. Нешта ў сувязі з каханнем аднаго з мастакоў, якому быццам сказала каханая:
— I я дам табе бязмернае шчасце, а ты мне за гэта бяссмерце.
Усё гэта было не так. Усё гэта не было словамi, якiя прама кажуць аб усiм. Андрэй не паверыў iм i дачакаўся таго, што Вайвадс нахiлiўся аднойчы, у канцы лекцыi, да яго i непахвальна сказаў:
— Яна прасіла цябе затрымацца.
У Андрэя так змяніўся ў паўцемры твар, што Яніс сказаў стрымана:
— Сляпы. Ганну не заўважаеш. А каго заўважаеш?
— Заўважаю ўсё, — шэптам сказаў Андрэй. — Ведаю яе, ведаю ўсё, ведаю ўсю. I ўсё адно…
У той дзень яна, калі Андрэй праводзіў яе дадому, толькі і здолела сказаць:
— Вы ведаеце, што мне сказала ўчора Ганна? Сказала мне, што я дурніца. Што мяне мала забіць за тое, як я трымаюся з вамі.
Андрэй змоўчаў, таму што ў душы згаджаўся са словамі Ганны, і Ірына адчула гэта.
— Крыўдуеце на мяне?
— За што?
— За сябе.
— За сябе — не. Трошкi — за вас.
Ірына зразумела таксама.
— Пачынаеце менш паважаць мяне?
— Так, — сказаў ён, хаця ведаў, што гэта пашкодзіць яму.
Але гэта, відаць, не вельмі пашкодзіла, таму што яна, праводзячы яго да чорнага ходу, каб мінуць вахцёршу, якая вязала панчоху ля дзвярэй, сказала:
— Iскры забыў? Як жа ж гэта ты?
I ён, спыніўшыся ў двары, з адчаем прыціскаючы да сябе яе вузкія плечы, сказаў:
— Не магу забыць. Няма забыцця. Алё ж зразумей і ты мяне. Я несур'ёзны, я спяваю нават там, дзе нельга. Бадай, ты адзіная мяне ведаеш. Але нават ты не думаеш, што я, магчыма, паэт самага цяжкага лёсу. Бо я ўсё жыццё ані на імгненне не хадзіў у аўтарах прыказкі: "На тое права, каб было лева". I мяне не чакае лепшае. Ніколі. Я веру, што паэты чуюць усё нават пасля. Думаеш, лёгка Катулу?
Гэтыя бязладныя словы былі, у сутнасці, пазбаўлены сэнсу. Але ў тым і быў сэнс, што самотнае дрэва вільготна шумела над галавой, што набліжалася вясна, і сэнс быў проста дадаткам да шолаху траў і святла, нябачных над Масквою зорак.
— Я ведаю, — сказала яна. — Катулу было б лягчэй, каб Лесбія засталася з ім.
— Прынамсі, так здавалася б яму, — сказаў ён.
…А потым пачаліся дні і тыдні падвойнай гульні. Усё ў свеце, здавалася, спявала аб аднаўленні, а яна, купляючы ў антыкварыяце кітайскую "багіню шчаслівага кахання", глядзела на Андрэя адчужана і казала, што ён зноў "гіпнатызуе сябе".
Паўсюль лезла трава, міцэлій прабіваў грыбамі нават бетон на аўтастрадах, — а яна прымаўляла нешта наконт таго, што, не спадзеючыся калісь на цеплыню, так распланавала час, што зараз ёй дыхаць няма калі.
Ён разважаў лагічна: распланаванае можна змяніць. Яго вуснамі казала вясна, яго вуснамі казалі карэнні таполяў, што прабіваліся на святло. Яны выбіваліся з бульвара на вуліцу, вучылі асфальт, пускалі яго дробнымі расколінамі і, нарэшце, высоўвалі да святла дэфармаваныя страшэнным цяжарам парасткі. Але што было да гэтага ёй? Яна "вышэй за ўсё ацэньвала сваю працу" і "кінула б таго, хто забараніў бы ёй яе". Як быццам ён, Андрэй, толькі і марыў аб гэтым.
А ў адзін з першых дзён мая, калі нават Чыстыя Пруды расквітнелі зялёным колерам жыцця, калі нават мёртвыя дошкі рэдкіх драўляных платоў укрыліся пасля дажджу аксамітным налётам і калі ён сказаў ёй: "так альбо не", — яна адказала з ледзянымі вачыма:
— Выявіце раней свой шлях, а потым скажыце мне. А што да блазенства, то яго давядзецца кінуць.
Абражаны да глыбіні душы, ён спытаў, чым ён мог заслужыць такія адносіны з яе боку. I тон, якім яна адказала яму, быў легкаважна-жорсткі:
— А вы ніколі і не глядзелі на мяне як на чалавека. Нават не пыталіся маёй думкі. аб сваіх вершах, глядзелі на іх як на лісты да мяне, а на мяне — як на цацку.
I гэта ў той час, як ён проста не асмельваўся патрабаваць яе ўвагі да сваіх вершаў.
Хіба гэта можна было растлумачыць? I ён сказаў:
— Гэта, апошняе, асабліва справядліва… Бог з вамі, жорстка вы мяне абразілі.
Яму хацелася, каб ёй стала на хвіліну балюча. I таму ён, узяўшы яе за вузкія плечы, сказаў:
— Досыць гуляць у хованкі. Трэба, каб трэці ведаў усё. Застанецеся вы з ім альбо не — хай вырашаюць гэтыя дні. Бо я больш не магу,
Ірына бачыла ў цемры яго вочы і, відаць, зразумела, што ён здатны на ўсё.
— Гэта ўжо не ваш смутак, — назнарок сурова сказала яна.
Замест добрай размовы зноў атрымалася «авантура», як сказала б Ганна. Не разумеючы, за што яго мучаць, ён пайшоў, куды глядзелі вочы, і ўсю ноч праблукаў завулкамі, потым выйшаў у поле і, адмахаўшы чорт ведае колькі кіламетраў, выбраўся на шашу недзе каля Пятрова-Дальняга.
Маладая канюшына ўжо кучаравілася на схібах. Нейкім невыразным прывідам стаяў у вачах пабачаны ноччу Архангельскі палац, заліты блакітным сяйвам месяца. Гудзела ў нагах.
Дадому ён дабраўся толькі ў гадзіну дня. Яніса не было. Будынак быў пусты: людзі выбраліся за горад.
Разумеючы, што Янiс можа парушыць яго сон, Андрэй заторкнуў за нумарок дзвярэй запiску: "Я сплю. Заходзь. Вячэра ў шафе" i, скiнуўшы толькi пiнжак i чаравiкi, звалiўся на ложак.
Спаў ён пасля бяссоннай ночы доўга і прачнуўся, відаць, позна, бо шолах аўтобусных шын па асфальце гучаў ужо зусім па-начному. Але разбудзіў яго не шолах шын, а нешта зусім другое, насцярожанае: прысутнасць другога чалавека ў пакоі. Хутчэй падсвядома ён пабачыў цень гэтага чалавека ў крэсле ля акна. Гэта быў не Яніс, і таму Андрэй працягнуў руку да выключальніка настольнай лямпы.
— Чакайце, — сказаў цень з занадта інтэлігентскім вымаўленнем. — Не запальвайце святда… Не варта.
— Гэта нейкі новы прынцып знаёмства, — сказаў Андрэй. — Што вам патрэбна, мая каліта ці маё жыццё?
— Мне мала патрэбы ў тым і ў другім, — сказаў цень. — Хутчэй мне патрэбна ваша сумленне.
Такія словы меў права сказаць яму толькі адзін чалавек у Маскве. I Андрэй ужо цвёрда ведаў, што гэта Ён, той, хто меў гэта права.