Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— У мяне ёсць грошы, — сказаў Андрэй, вымаючы з кішэні дзве сотні. — У мяне сёння выпадкова ёсць грошы. I ёсць трывалы намер надзерціся.
— Купала, — сказаў Аленін. — Пушкін. Я заўсёды казаў, што няма на свеце больш белакурых і добрых людзей, чым беларусы. Ім належыць будучыня. Яны… звышчалавекі духа…
— Я не звышчалавек, — сказаў Андрэй. — Я проста мецэнат. Я сердабольны стары кавалер, якому нясцерпна глядзець на пакуты галадаючага чалавецтва. Я дам вам частку сваіх нарабаваных дывідэнтаў… А цяпер давай чайнік.
Спрытна арудуючы адвёрткай, ён пакалупаўся ў вантробах чайніка і сунуў штэпсель у разетку.
— Ну вось, зараз будзем піць чай… калі, вядома, кампанія захоча гэтага… Ну дык што, цягнем запалкі, каму пабегчы? Сібірскі закон?
— Не, — сказаў Аленін, — бадай, давядзецца бегчы мне. Не будзем выпрабоўваць лёс. Не хапала яшчэ, каб мецэнаты бегалі па гарэлку для сваіх кліентаў.
I, звярнуўшыся да Андрэя, Пятроўскі сказаў:
— Вас даўно не было, Андрэй. А мы вельмі чакалі. Не прыміце за камплімент, але вы спадабаліся тут. Мы нават падрыхтавалі вам падарунак. Але вас так доўга не было, што сёння той-сёй прапанаваў здаць яго ў антыкварыят.
— Змоўч, — басам сказаў Яхненка. — Не ў антыкварыят, а ў ламбард. Выкупілі б потым.
— Хлопцы, — сказаў Андрэй, — нашто гэта? У мяне пакуль што ёсць грошы. У мяне ўзялі сцэнарый і п'есу, а грошы, выявілася, мне зараз зусім непатрэбны.
Ён не вельмі весела ўсміхнуўся.
— Цяжка камусь — бярыце. Пад вексель будучай славы кожнага. Выб'ецеся ў людзі — падорыце па эцюду. Я стану ганарыцца знаёмствам з вамі.
— Ты дурань, — сказаў Яхненка, — ты вялікі добры дурань! I ты нічога не разумееш ні ў псіхалогіі, ні ў дзяўчатах, ні ў сябрах… Глянь лепей сюды. Гэта зрабілі для цябе Петрык з Аленіным, сабака ты. Кожны намаляваў каго хацеў. I ніхто не шкадуе, дорачы гэта табе.
Упала завеска з невялікага палатна. Андрэй, гледзячы на яго, з цяжкасцю падавіў уздых. На палатне быў салатна-зялёны, росны, увесь у сонечных зайчыках сад, трава, у якую нехта густа сыпануў залатымі манетамі адуванчыкаў. А на траве сядзелі дзве дзяўчыны. Гэта было нешта накшталт гагенаўскай ідыліі, толькі самая ідылія была мяккая, размытая, паўночная, без уласцівых поўдню грубавата-кафейных і глянцава-зялёных адценняў. Трапяткая, здаецца, ледзь дыхаючая, родная зеляніна першых дзён лета.
Адна дзяўчына сядзела ў траве, матаючы на рагульку воўну. У свежым твары, у кароне залацістых валасоў, у белай, трохі занадта па-маскараднаму простай сукенцы было нешта засцянковае, міла старамоднае.
Другая, у значна больш сучасным уборы, не такая прыгожая, але адухоўленая, сядзела на зэдлічку, гледзячы кудысь паўзверх раскрытай кнігі. Вусны няўлоўна ўсміхаліся, але ў схіленай, быццам пад цяжарам вузла валасоў, галоўцы, у шэрых вачах быў сум.
Ганна і Ірына. Два бакі адвечнага, прага якога заўсёды жыве ў мужчынскім сэрцы. Андрэю на імгненне аж подых перахапіла, так гэта было зроблена, так хацелася павесіць гэта ў сябе. Але амаль адразу ёй сказаў ціха:
— Дзякуй, хлопцы. Гэтага не забуду. Але нашто мне гэта зараз!
— Дурань, — нячутна сказаў Яхненка. — Ты нічога не разумееш. Не крыўдзі іх і нас.
— Добра, — адказаў Андрэй.
Амаль адразу ён адчуў на спіне чыйсьці позірк. Павярнуўся. Ганна стаяла ў дзвярах. Двайнік той, з карціны, але куды больш прыгожая. I, калі яна сустрэла яго позірк, нейкае нязвыклае сяйва з'явілася ў яе вачах.
— Андруша… О то ж бо вельмі даўно хацела вас бачыць… Пакіньце ўжо гэтых бэйбусаў адных, заходзьце на пару хвілін да мяне.
— Дык што, хлопцы, — спытаў Яхненка, — адпусцім яго на пяць хвілін?
— На дзесяць, — сказаў Пятроўскі, - пакуль не прыйдзе Аленін.
…Грынкевіч упершыню быў у гэтым маленькім пакойчыку са шкляным ліхтаром, што выдаваўся ў сад. Амаль чвэрць пакоя займала тахта, потым былі яшчэ кніжныя паліцы, стол і глыбокае мяккае крэсла.
Ганна была ў просценькай блакітнай сукенцы, нейкая хатняя, вельмі змарнелая і ад гэтага яшчэ больш свойская і гожая.
— Сядайце, дзікун палескі, - сказала яна. — Скідайце пінжак, тут горача. Адчувайце сябе як дома…
Андрэй сеў. Яна выцягнула з аддзялення сэкрэтэра пузатую бутэльку французскага каньяку.
— "Камю", — сказала яна. — Калі ўжо на маю думку, дык дрэнь страшэнная, але больш нічога няма.
Нейкім прасцецкім жэстам пашкрабла пад патыліцай, дзе, як у дзіцяці, кучаравіліся залатыя валосікі.
— А закусваць?.. Ага, здаецца, нешта ёсць.
I дастала вазачку з засмяглымі палачкамі каўказскай чурхелы, якая залацілася інжырнымі зернейкамі.
— А хлопцы «анчоусы» елі, - падкалоў Андрэй.
— Гэта ім не ў каня пакорм, — сказала Ганна.- I да таго ж яны тут амаль кожны дзень, а ваш голас я пачала забываць.
Яны чокнуліся келіхамі, шкло якіх здавалася вясёлкавым, як мыльная бурбалка.
— За вас.
Ганна, відаць, любіла колер асенніх лісцяў. Гэты пакой таксама быў вытрыманы ў іх адценнях. I абажур клаў на ўсё гэта цьмяны аранжавы адбітак, рабіў яе валасы зусім залатымі, а твар зусім янтарным.
— Вы былі ў вёсцы? — сказала яна. — «Распавядайце».
— Быў, але нічога не бачыў. Падарваўся працуючы.
— Што вы мне прывезлі адтуль у падарунак?
— Прывёз, — сказаў Андрэй. — Але я не думаў заходзіць да вас сёння. З сабою няма.
— Што?
— Дзве сапраўдныя народныя выцінанкі. А для душы слоік бруснічнага варэння.
— З грушамі?
— Угу.
— Гэта праўда? — яна глядзела на яго вельмі сур'ёзна.
— Як бога кохам.
— Вы заўсёды памятаеце аб усіх… Бог ты мой, бруснічнае варэнне! Ненавіджу ўсе гэтыя гарадскія «Ружы» і "Дыні". Каб яны папрахлі дзе былі… Ах, як журавіны растуць! На зялёнай нітачцы, нябачныя ў імхах.
— Не пакутуйце вы так, — сказаў Андрэй. — Кіньце ўсё і з'ездзіце на спатканне з пералескамі.
— Хіба так проста? — сказала яна. — Не, гэта, што вакол, — яно трымае. Яно не выпусціць.
— Што з вамi? — спытаў Андрэй. — Скажыце мне.
Яна агледзела яго нават з памяркоўнай усмешкай.
— А вы і сапраўды на зайздрасць румяны і здаровы правінцыял, які дарваўся нарэшце да горада.
— Што з вамі?
— Нічога. Лепей давайце вып'ем… Ну вось… Што з вамі здарылася?
— Сёння лаялі на савеце.
— Цяжка?
— Цяжка.
— А ў астатнім?
— У астатнiм таксама цяжка, — прызнаўся Андрэй.
Бровы Ганны здрыгануліся:
— Нясцерпна?
— Амаль нясцерпна, Ганна.
Яна склала рукі на каленях. Наступнае, відаць, каштавала ёй цяжкіх намаганняў:
— Вы пыталіся, што са мной… Добра… скажу… — Памаўчала. — Прынцыповая старая дзеўка, здаецца, нарэшце пакахала.
— Дык гэта ж вельмі добра, — сказаў Андрэй.
— Гэта вельмі дрэнна, — сказала яна.
— Чаму?
— Таму, што ён ніколі не пакахае мяне.
— Хацеў бы я пабачыць, які гэта дурань можа не пакахаць вас. Скажыце мне, я з ім тады пагавару.
— Андруша, — сказала яна, — вы такi недалёкi?
Толькі тут у Андрэя міжвольна пачырванеў твар.
— Няўжо?..
— Так, — проста сказала яна. — I я ніколі не сказала б вам гэтага, каб не бачыла, як вам цяжка. Я ведаю, гэта не надае прыгажосці дзяўчыне, такія прызнанні… Але я падумала, — а можа, вам будзе лягчэй… Няма нічога, чаго я не зрабіла б для вас… Калі вас можа трошкі суцешыць гэта — я… мне больш нічога не будзе трэба.
Глыбока расчулены, Андрэй глядзеў на яе схіленую галоўку.
— Вы лепшая дзяўчына на свеце, — сказаў ён са спазмаю ў горле.
— I ўсё ж вы кахаеце не самую лепшую?
— Так. Я кахаю не самую лепшую.
— Ну вось, — сказала яна быццам з палёгкаю, хоць вочы яе блішчалі, - я прызналася, але з гэтага нічога не вынікае, Андруша. Я проста буду, не спадзеючыся залішне, быць недзе поруч. Буду заўсёды дапамагаць вам. Зраблю ўсё, каб вы былі з Ірынай…
— Гэтага не будзе, — сказаў ён. — Яна чужая. А ад вас я ніколі не прыму такой ахвяры.
— Які вы дурны, — нейкім танюткім, птушыным галаском сказала яна. — Што вы разумееце ў ёй? I як вы можаце думаць, што мне гэта будзе цяжка?! Для ўсяго, што цяпер ажыло ўва мне, гэта не ахвяра, гэта… радасць. I вы не пакутуйце маім болем, Андруша, не ўнікайце мяне. Прыходзьце, калі шчаслівы, прыходзьце, каб паскардзіцца. Я буду бязмерна рада.