Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Магчыма, і так. Толькі я не магу зараз думаць пра гэта. Дайце надыхацца вамі.
— Вы не надыхаліся?
— I ніколі не змагу.
— Які вы… Усяго хочаце ад жыцця.
— Анягож не. Або ўсё, або нічога.
— Не кажыце мне больш аб гэтым. Мне добра, мне надзіва лёгка з вамі. I не трэба больш.
Андрэй змрочна крочыў поруч з ёю. Гэтага ад яго нельга было патрабаваць.
На вулках чамусьці амаль не было людзей. I таму ён раз-пораз схіляўся і цалаваў яе скронь. Раз нават спыніўся і доўгім пацалункам прынік да яе вуснаў.
Седзячы ў фортачцы, са здзіўленнем глядзеў на ўсё гэта вельмі пушысты кот.
— Не трэба, — шапнула яна, вызваляючыся.
Кот грэбліва падабраў лапы, але так і не выйшаў на вуліцу, пайшоў у цёплую кватэру — напэўна, дрыхнуць.
— Я памру там з трывогі за вас. Напішыце мне хаця некалькі слоў.
— Добра. Толькi вы не заставайцеся тут надоўга. Вы патрэбны мацi. Цяпер — асаблiва.
Ішлі па плошчы Нагіна.
— Вось гэты дом тады гарэў, - сказаў Грынкевіч…
— Той, што ў паэме?
— Так.
— А я думала, гэта метафара.
— Я ў той час быў няздатны на метафары.
Яна быццам замкнулася ў сабе. Толькі цясней тулілася да яго і нейкім новым, сумным і прасветленым, позіркам абводзіла дамы, руіны кітайгародскай сцяны, далёкія стрэлы кранаў у Зараддзі. Толькі на набярэжнай, пабачыўшы ўбаку купалок «Анны», што невыразна бялеў у цемры, раптам здрыганулася і сказала:
— Не, не магу. Пойдзем туды.
У змроку, каля празрыста бялеючых бязважкіх сцен, яна, прыціскаючыся да яго, казала:
— Мне страшна… Страшна… Трымай мяне мацней, дарагі. Калі ты трымаеш, мяне ніхто не адбярэ. Ты — абарона. Ты — надзейны.
Андрэй гладзіў яе галаву:
— Ну-ну, я з табою. Нікому не аддам. Дам табе палову жыцця. Усё будзе добра. Заваюю цябе. У цябе тады будзе дачка. Такая, як ты. А памром мы праз сто год. У адзін дзень і адну хвіліну.
Потым, заспакоеныя, яны ішлі па мосце над ракой, потым заглыбіліся ў вулачкі Замаскварэчча.
— Я апошнім часам больш успамінаю, чым думаю, — сказала яна. — Пэўна, гэта не на дабро, але я часта ўспамінаю даваеннае Замаскварэчча. Калі цвілі ліпы — цяжка было дыхаць, галава кружылася. У кветніках бэз, а на абочынах наўсцяж вуліц адуванчыкі. Жоўтыя. Пэцкалі нос. Тады ў Замаскварэччы амаль не было транспарту.
Два цені беглі завулкамі, плылі па роўных сценах, кідаліся то ўперад, то назад ад ліхтароў. А ў начным небе над Масквою, злёгку аранжавым ад агнёў, плыла густа-барвяная з белым званіца царквы Клімента.
— Растрэлі, - сказаў Андрэй. — Як вызвалены дух. Увышыню.
— Тут усё маё, роднае, — сказала яна. — Мне так хацелася бачыць гэта сёння. З табою.
Пяшчотна схіліўшыся над ёю, ён шэптам сказаў:.
— Любае Замаскварэчча. Як жа гэта ты стварыла яе такую?
Яны зайшлі ў пад'езд і спыніліся пасярод глыбокай студні двара.
— Ну вось, — сказала яна, — тут жывуць бацькі. Тут я нарадзілася.
— Я ведаю. Гэтай вясной я некалькі разоў быў тут. Хадзіў уначы, каб лепей зразумець вас.
— Я проста баюся ўжо вас, — сур'ёзна сказала яна.
Яны стаялі, бы ў вузкай цясніне. Над імі ўздымаліся асклізлыя ад непагадзі камяніцы і, як водбліск паўночнага сяйва, якое недзе далёка-далёка і не можа прабіцца ў гэты змрок, з'яўляўся і знікаў на самым высокім брандмаўэры зялёны адбітак неонавай рэкламы.
— Гэта самы прыгожы з усiх брыдкiх двароў на свеце.
Быў час. І Андрэй, адчуваючы, што нешта непапраўна зменіцца, можа змяніцца, абняў яе.
— Пакіньце ўсё, — сказаў ён.
— Не турбуйся, любы. Я не змянюся да цябе. Я застануся ўсё той самай.
Дрыжучы ад халоднага адчаю і неўразумення — нашто так, каму гэта патрэбна? — ён абняў яе і стаяў доўга, не ў змозе ні пусціць і ні застацца. Вызваліўшыся, яна пайшла была, але раптам, толькі на хвіліну спыніўшыся, сказала:
— Будзьце разумны. Не ўбівайцеся так.
I знікла.
Ён пайшоў з двара і ўпершыню, бадай, за жыццё страціў адчуванне часу. Мокры снег, аранжава-цьмяныя паўколы мезанінных вокан.
Апрытомнеў ён у скверы ля доміка Астроўскага. Сядзеў, сціскаючы скроні, і слухаў цішыню. Было, відаць, велымі позна, таму што сціх нават грукат трамваяў. I толькі непадалёк, у мокрым завулку, мужчынскі голас спяваў, перакручваючы словы:
Эту женщину увижу и немею,
Как безумный, как безумный, день хожу.
Ни кукушкам, ни ромашкам я не верю,
И к гадалкам, понимаешь, не хожу.
Набормочут: — не люби ее такую,
Напророчат: — до рассвета заживет.
Наколдуют, нагадают, накукуют,
А она на нашей улице живет…
Андрэй сядзеў, а над яго галавою гола, трывожна і страшна шумелі мокрыя дрэвы.
Р а з д з е л XXII
Чалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі. Гэта вельмі добра ведаюць гуманісты, фанатыкі і закаханыя. Што тады казаць пра тых, хто і першы, і другі, і трэці. Хвіліны адчаю трываюць у іх нядоўга. Бось, здавалася, стаяў на каленях, а праз хвіліну зноў трэба апускаць забрала і ісці на бой.
Ужо раніцай, седзячы ў вагоне, які імчаў яго да роднага горада, Андрэй ведаў: нельга губляць ніводнай хвіліны. Толькі адно ўратуе яго ад тугі па ёй: праца да апошняга, знясіленне рук, вачэй і галавы, цяжкі — як камень на дно — сон.
Гледзячы ў акно на заснежаныя паўстанкi, ён думаў. Як у кожнага, хто не спяшаецца выпускаць з рук напiсанае, у яго было шмат амаль гатовых рэчаў. Iх трэба было скончыць, скончыць як мага хутчэй, за сорак пяць дзён, скончыць i аддаць у чужыя рукi. "Натхненне не прадаецца…"
Ён можа хадзіць насустрач ветру — ёй нельга. Ён можа глядзець у вочы небяспецы — яна павінна быць за яго спіной. I таму ён мог працаваць за яе не сем год, як той, з Бібліі, а ўсё жыццё, абы не падманулі, абы не падсунулі іншай…
Які шлях быў карацейшы? Раман аб паўстанні Каліноўскага? Раман быў напісаны на дзве трэціх. Адпадае. Доўга чакаць. Гэта потым. "Няхай другім разам", — як сказала адна шляхцянка сваёй паміраючай маці, калі тая папрасіла какавы.
Аповесць? Так, яна амаль скончана.
Ага, вось галоўнае, вось куды трэба ўбіць паўтара месяца! Ёсць п'еса, якую трэба толькі адшліфаваць, і яшчэ падрабязна распрацаваны план кінасцэнарыя. Вельмі падрабязна распрацаваны. Больш паловы сцэн напісаны, і гэта найбліжэйшы шлях да яе. Усяго дзён дваццаць. Глупства! Хіба гэта подзвіг? Калі ўжо гаварыць пра подзвіг адданага каханка, дык вось гэта — подзвіг. Нейкі там даўні нібелунг зашыўся ў авечую шкуру і ішоў да замка каханай за трыдзевяць зямель год. I ўсё скончылася б выдатна, каб яго ля самага замка не з'елі сабакі, што не ўмелі адрозніваць зместу ад формы…
Яму здавалася зараз, што цягнік ідзе вельмі марудна. Трэба было хутчэй, зараз жа, застацца сам-насам з паперай, распачаць самую вялікую бітву жыцця.
Спаць чатыры гадзіны на суткі. Гэтага досыць, калі мэта так блізка. Хіба больш спаў Пётр Першы, або Маленькі кахетынец [Патара Кахі — грузінскі цар Іраклій Другі], або Каліноўскі ў апошнія гады жыцця. Скажам, праўда, яны спалі пяць гадзін, але ж тут не гады, а паўтара месяца. Яна — яго дзяржава. Хопіць чатырох гадзін. А стома — глупства. Існуюць лыжы і кава, на горшы выпадак. I яшчэ ёсць натхненне бітвы і шчасце пераадольвання самага цяжкага. Бо кожны мужчына — трохі ігрок…
І яшчэ жартаваць, жартаваць кожную хвіліну, здзекавацца з сябе, прымаць усё ўсур'ёз і не ўсур'ёз, бо нервы, бо сэрца, бо мозг могуць іначай не вытрымаць. Вайна за прыўкрасную Елену, вялікая траянская вайна… Ахіл з браніраванай пяткай і безабаронным сэрцам…
Працаваць. Інакш звар'яцееш ад тугі.
…Так пачалася вялікая вайна. Андрэй уставаў у шэсць гадзін раніцы, калі ў гарадку гарэлі толькі рэдкія агні і ранішні снег вішчаў пад лыжамі. З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглага берага. Праз дзесяць хвілін ужо не хочацца спаць, знікае некуды свінцовы цяжар стомы. Лыжы бягуць па зарэчных палях, перасякаючы ваўчыныя сляды і хітрыя зайцавы петлі.