Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— У Тургенева аб гэтым лепш: "Сучок замыкаў шэсце".
Андрэй пасля гэтага ўсё аддаў бы Ліхачову.
Але адначасова ў сэрцы яго нараджаўся неспакой. Ён не мог забыць другога дня снежня, паўзмроку і яе аблічча ў ім. Холад, нейкі ўнутраны холад пакояў. Ці там ёй было жыць? Яе дом павінен быць светлым, вялікім домам, шырока адкрытым сонцу і вятрам. Каб вакол былі добрыя людзі. Каб з гэтага дома, калі ў ім не працуюць, даляталі спевы, музыка, галасы дарагіх і адданых сяброў.
I нічога гэтага. Глядзяць удваіх у вузкае акно. Яму было шкада гэтага бясконца моцнага-моцнага і бязмерна слабага ў чымсьці чалавека. Ён адчуваў, што сам ён моцны якраз у тым, у чым яна слабая, у сваёй пагардзе да ўсякай сутнасці. Ён таму і кахаў яе, што адчуваў: разам з ёю іх ніхто не мог бы адолець. Адзін у адным яны здабылі б такую неадольную сілу, што іх хапіла б навек.
Аднолькавая сіла шчасця і шкадавання рабіла яго нервовым. Ён і сам ведаў, што мэтанакіраванасці ў ім ані на шэлег, што гэта нікому не можа падабацца. I пакутаваў гэтым.
Магчыма, таму 12 снежня, якраз пасля лекцыі прафесара Кальцова, выбухнуў скандал. Кальцова любілі. Зямляк Андрэя, нізкі, каржакаваты, з чырвоным, як спечаным, тварам і сівымі валасамі, ён чытаў "Псіхалогію творчасці". Праўдзівей, не чытаў, а бязлітасна-лагічным ланцэтам аналізу рассякаў кожную думку, кожны вобраз. I пры гэтым быў вельмі палкі, рагатаў, граміў, саркастычна здзекаваўся, рыкаў, як леў, а ў гневе супраць апанента так наліваўся крывёю, што ставала страшна.
У той дзень ён граміў Аксінню з "Ціхага Дона".
— I вось, калі Грыгорый абліваўся крывёю на фронце, яна здрадзіла яму. Вядома, мужскі юр дае права называць такую жанчыну абаяльнай. Але розум яе рабскі, які слепа ідзе за плоццю. А жанчына — гэта і каханка, і маці, і сяброўка, і Асоба. Сляпую цягу трэба ўтаймоўваць, іначай — сусветны пажар і попел распусты!
I нізкім жорсткім голасам дадаў:
— Нават у каханні сваім спачатку яна толькі саступала, прымервала.: а што дасць гэта каханне. Сцяпан быў, але ён быў быдлам. I яна абрала каханне. Пераканаўшыся, што не губляе, а набывае — пайшла на гэта. Заўсёды каханне таго, які пакахаў спачатку — мацнейшае, а ў таго, хто пакахаў другім — больш эгаістычнае і незалежнае… Бо чалавек, будуючы ідэал свайго кахання, знаходзіць больш або менш падобную да яго і кахае больш за ўсё тое, што стварыў у сваім уяўленні. А той, хто пакахаў другім — кахае больш эканамічна, бо адкрывае паступова і знаходзіць толькі тое, што ёсць… I чым Асоба, што пакахала першай, мацней, тым недасяжней ідэал, створаны ёю.
Пакуль Андрэй раздумваў і ўнутрана не згаджаўся з некаторымі думкамі Кальцова, той перайшоў на праблему гуманізму і рэвалюцыі, на тое, што ў прынцыпе суіснавання чалавек бліжэй за ўсё падышоў да вырашэння гэтай праблемы.
— Мала таго, што мы чырвоныя і белыя, захад і ўсход, але забіваць адзін аднаго мы не намераны. Мы непрыяцелі, але гэта не азначае, што, змагаючыся з ідэяй другога, трэба знішчыць носьбіта той ідэі… А ў змаганні галоўнае — аб'ектыўныя факты! Погляд чалавецтва! А чалавецтва — гэта яго прагрэсіўная частка!
Андрэй пахітаў галавою.
— I найлепшая канстытуцыя Асобы — тая, якая спрыяе поступу грамадства…
"Не так сказаў, - падумаў Андрэй. — Найлепшая канстытуцыя псіхікі — гуманізм. Яму часам зусім не спрыяюць абставіны, якія пазбаўляюць яго магчымасці ўплываць на поступ грамадства. Але што з таго, калі да яго імкнуцца, калі аб'ектыўна менавіта ён рухае чалавецтва наперад. Хіба той самы Грыгорый мог спрыяць поступу грамадства? Але ён чалавек. Таму што адзін ён у цэлым рамане супраць разбою вайны, адзін ён верыць, што кожны рух наперад павінен быць максімальна гуманным. Ужо тады. I не дэкларацыйна, а на самай справе. I таму ён — чалавек-герой, чалавек-пакутнік. Ламалі яго двое жорнаў, біўся ён насмерць з падобнымі сабе. I ўсё ж аддаў сэрца Чалавеку. I менавіта таму мы любім яго. Не як прадстаўніка саслоўя ці нацыі. Як Чалавека, якімі ў вельмі далёкай будучыні павінны зрабіцца ўсе".
Кожны думаў аб гэтай лекцыі па-свойму. Думаў і тады, калі Кальцоў пайшоў і пачалася лекцыя Горавай. Андрэй нават не памятаў, у сувязі з чым яна перадала змест апавядання нейкага заходняга пісьменніка… Было гэта нешта накшталт гогалеўскай "Шынелі": жыў сабе ў гарадку стары, які ні ад каго не атрымліваў лістоў. Ну і гэтак далей. Шкада было гэтага старога — слёзна.
I тут аўдыторыя завіравала. Першым ускочыў востры Харунжы і пачаў раўці дубовым голасам:
— Трагедыя можа быць толькі з духоўна вялікім чалавекам!
— У акакіяў акакіявічаў гэта горш, — кінуў Андрэй. — Вялікі і сам за сябе пастаіць.
— Пастаяў, па-твойму, Грышка Мелехаў? З гарачкі ўсе несправядлівасць чынілі. А на яе адказвалі таксама несправядлівасцю. Вось і Грышка… Скруціў галаву — вось і ўсё.
Андрэй быў яшчэ спакойны. Толькі ўзбуджанне нарастала недзе ў душы:
— Пабілі, бо ведаў: барацьбу трэба весці па-джэнтльменску, а не хапацца за ўсялякае слабае месца, як хтосьці там — заўважце, не д'ябал, — у "Гаўрыліядзе"… А час быў не той. Кожны, хто не змог быць ні белым, ні чырвоным, быў біты з абодвух бакоў… "Ах, ты майго дарагога госця — на і твайму". — "Дык ты майго найдаражэйшага госця — хай і твайму перападзе". Былі, вядома, і дробныя, тыя хаваліся ад тых і ад другіх. А гэты быў сіла… I час паказаў, што праўда на яго баку… Людзі падумалі, дый сказалі Мішку Кашавому: "Хопіць, Міша. Парубаў, і хопіць. Гэта табе не капуста, а людэі. Ты вунь вінаватых пацяпаў — узяўся за добрых, бо разумеў: пакінеш цяпаць — будзеш непатрэбным. Таму ты, Міша, і прыдумаў тэорыю аб абвастрэнні класавай барацьбы. Дык вось, ідзі ты, Міша, разам са сваёй тэорыяй на пенсію, а мы пачнём крыху думаць, хто цябе хваліў, каму час клубніку разводзіць. Што ты там нахамутаў…"
Харунжы ўспыліў:
— Сам супярэчыш сабе. Пры патуранні тваіх маленькіх вырастаюць гітлеры!
— Яны вырастаюць патураннем дужа сквапных i багатых. I ўцiскаюць малых, Толя.
Толька развёў дрыжачымі рукамі:
— Ну, а каб ты пры Гітлеру жыў? Галовы сякуць вакол, а ты стогнеш аб адзінках, што не атрымліваюць лістоў. Так?
— Не трэба, Толя, — усё яшчэ спакойна сказаў Андрэй. — Я б не стагнаў, я б сам, першы, страціў галаву. Я таксама не з дробных і ведаю, што права здзекавацца з гонару і сумлення чалавека ні ў каго няма. I калі пачынаюць рабіць такое — чалавек, грамадства мае права ўзяцца за зброю і паўстаць супраць гэтага…
Ён памаўчаў.
— Але ты забываеш, што гітлеры сякуць галовы адзінкам, а астатніх прыдушваюць жахам і пагардай. I мне, чалавеку не зусім дробнаму, шкада тых, хто не можа заступіцца за сябе. Я шкадую і тых і другіх. Усе людзі.
— Нявартыя такія людзі шкадавання! — страсна кінуў Толька. — Страшна ім, баяцца яны зброі — ну і д'ябал з імі!
— Навучацца з часам, — сказаў Андрэй. — А ты, Толька, накшталт Авакума. Ніякай памяркоўнасці. Дай табе волю — ты б сам усіх нязгодных у Пустазерск загнаў і спаліў… I ўсё ж я люблю і цябе, Толька… Ты непадкупны. I ты з часам зразумееш.
Харунжы стаяў увесь чырвоны і гнеўны:
— Шкадава-аць, — і раптам выплюнуў: — Ідыёт ты! Князь Мышкін!
Аўдыторыя абурана загудзела. Тыя гады былі ўрадлівыя на нервовых людзей, ніхто асабліва й не здзіўляўся. Палоны, войньі, блакады, лагеры, пажары — усё гэта капілася ў сэрцах і нервах людзей, каб часам выбухнуць.
— Дзякуй, Толенька, — з'едліва сказаў Андрэй. — Дзякуй, родны.
Яго пачалі ўмаўляць, каб ён не крыўдзіўся.
— Крыўдаваць на ўсіх людзей — лепей ужо з каменем на шыі ў вір, — сказаў ён.
I толькі тут ён, забыўшыся на ўсё ў запале спрэчкі, успомніў пра Ірыну і зірнуў на яе. Яе вочы, звернутыя на яго, ззялі нейкім асаблівым, цёплым агнём. Потым яна апусціла павекі.
— Вы не зразумелі яго, Толя, — сказала яна. — Ён укладваў у слова «шкадаваць» зусім другі сэнс. Вы ж ведаеце, слова "любіць" трапіла ў літаратуру памылкова. У кандовых вёсках і дагэтуль "любіць" азначае "любіць па гумнах". А калі чалавек з такой вёскі вельмі кахае жанчыну, ён яе «шкадуе». I чалавека таксама «шкадуе». Нічога ганебнага для жанчыны і чалавека тут няма… Напэўна, і на Беларусі так.