Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць), Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч-- . Жанр: Классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Название: Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 321
Читать онлайн

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн

Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) - читать бесплатно онлайн , автор Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…

Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 77 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Так, — сказаў Андрэй.

I тут Толька, быццам атрымаўшы падмацаванне ад адной назвы «Беларусь», зноў рынуў у казацкую атаку:

— Гуманіст! Маленькія людзі! Шынялі! Сорам стагнаць аб шынялях. Ты пра сваю Беларусь успомні! Два мільёны дзвесце тысяч з нечым людзей загінула.

I тут Андрэй упершыню ўзвысіў голас. Крыўда агнём разлілася па шчоках:

— Так. Бухгалтэрыя досыць дакладная. Два мільёны і дзвесце тысяч з нечым. I тое "з нечым" — гэта, прыблізна, насельніцтва майго горада. I сярод гэтых мільёнаў не ўсе былі вялікімі людзьмі. Былі і маленькія, што навучыліся. Быў сярод іх і мой брат. Ён не пісаў апавяданняў, як ты. Ён ніколі не думаў пра палітыку. Пра шынель ён, праўда, таксама не думаў. Але я памятаю, як ён збіраў на матацыкл. Шынель — даведзены да абсурду сімвал… Брат мой збіраў на матацыкл… Нічога больш. Потым, пэўна, узбіўся б і на машыну. Ён любіў. машыны. Цяпер ён ляжыць недзе там… Ён, ці бачыш, гнаў праз зону абстрэлу машыну з цяжка параненымі. Многія з іх выжылі. А ў кабіне знайшлі дзесяць прабоін… I жонка ў яго была недалёкая жанчына: праца, ды кіно, ды зрэдку госці. Прыгонных, як у прадзедаў, у нас не вялося. Заводаў — таксама. I вось гэтай жанчыне соллю пасыпалі ў гестапа раны на спіне. Той соллю, што яна несла партызанам у лес. Яна толькі і здатная была, што насіць соль, бо яна да смерці баялася стрэлаў… Там яна маўчала… Яна вельмі баялася стрэлаў і вельмі любіла кіно…

Вусны яго — ён ніяк не мог авалодаць імі — дрыжалі.

— I гуманізм вось для такіх. Каб і яны, каб усе сталі вялікімі, бо кожны аднолькава дарагі для зямлі і для мяне. Нават той, хто любіць кіно, баіцца стрэлаў і пакуль што не трапляў у гестапа.

Андрэй сеў, адвярнуўшыся да акна. У цішыні, што гнятуча навісла над аўдыторыяй, ён пачуў голас Горавай:

— Хопіць. Даспрачаецеся потым. Дык вось…

I потым ён ужо нічога не чуў, паглыбіўшыся ў свае думкі. Снег валіў за вокнамі. Потым перастаў. Кожная галінка на дрэвах была ўкрыта гурбачкай. Пэўна, калі расстрэльвалі партызан, кроў была вельмі чырвонай на такім снезе. Радзіма, чырвонае на белым, кроў на снезе.

Раптам вельмі захацелася туды. З асаблівай пяшчотай ён пачаў уяўляць лілаватыя зарасці зімніх хмызнякоў на круглых узгорках, пахучую ваду ў палонцы, ваўчыны след па загуменні.

…Ад успамінаў яго адарваў толькі зменены тон Ірыны. Пэўна, адказвала камусьці на нейкае пытанне "аб жыцці". Хлопцы любілі такое.

— Ну, гэта як для каго, — казала яна. — Вось я, напрыклад, чытала нядаўна раман. Ён — амерыканскі мастак. Яна — псіхіятр з Парыжа. Пакахалі. Так, як рэдка бывае. Што рабіць яму без скалістых гор, без узараных прэрый, без мамантавых дрэў? I што рабіць ёй без Парыжа, без клінікі, без справы свайго жыцця? І, як ні стараюцца, каханне гіне, бо кожны не можа дараваць другому нежадання ахвяраваць сабой.

Яна не глядзела на яго, алё Андрэй разумеў. Адзін з усіх. I сэрца яго ўпала.

— Як гэта? — неўразумела абурыўся Баранаўскас.

Ірына ўзняла на яго вочы:

— Так. Уявіце сабе, што… я пакахала. Упершыню. Магло ж здарыцца, што раней не давялося, Але ён далёка адсюль вядзе сваю працу. А я таксама не магу жыць без працы, і яна магчымая толькі тут. Тут саборы і фрэскі, пра якія я пішу. Тут мая работа выкладчыка. Тут мае бібліятэкі і музеі.

— А ён дзе? — не зразумеў Харунжы.

Андрэй, гледзячы на Ірыну, дапамог ёй:

— Скажам, на Чукотцы.

Жэстам падзякаваўшы яму, яна сказала:

— I я не магу ехаць з ім. I крах спасціг маё каханне. Каханне маленькага чалавека.

"Ага, яны зноў гаварылі пра тое ж, — падумаў Андрэй. — Так, пра тое ж і не пра тое ж… Недарэчныя разважанні!"

I менавіта таму ён дачакаўся, пакуль усе пойдуць. Менавіта таму ўпарта сядзеў і слухаў яе бясконцыя размовы з завучам. Менавіта таму падаў ёй зялёную літоўскую хустку і футрачку, а потым выйшаў з ёю на сляпуча белы снег, які яшчэ не паспелі запляміць сятчатымі слядамі галёш.

— А на мне гэтая хустка. Я не хацела сёння ісці з вамі.

— А што хустка?

— Ды я ў ёй на матрошку падобная.

— Вы ва ўсіх уборах добрая.

Чысты, бязмерна добры стаяў вакол снег. Сляпучы. Нявінны. I нават пахнуў ён вадкім водарам свежаразламанага сланечнікавага сцябла.

— Хачу кудысьці на снег, дзе дрэвы.

— У Сакольнiкi?

— Далёка.

— Ну, тады на выстаўку. Там ёсць цудоўныя далёкія алеі. Па іх зараз ніхто не ходзіць.

— Згода, — кіўнула яна.

Ён махнуў рукою зялёнаму вочку, што бегла вуліцай. У таксі яна маўчала. Потым сказала, маючы на ўвазе Харунжага:

— Як Рэмарк. Толькі сябе шкадуе.

— Так, — сказаў Андрэй. — Гэта не Дастаеўскі: "прыйдзіце, п'яненькія…"

Глянуўшы на яго пушыстымі вачыма, яна сказала:

— Я думала, вы мяккі і добры.

Бачыла яго цёмны профiль. Потым доўгiя вочы, што цяжка зiрнулi на яе. Потым рот, што вымавiў:

— Добрыя i бываюць заўсёды цвёрдымi.

Сам ён у гэты час думаў аб тым, што жыццё — радасць. Як раптоўнае азарэнне, як цёплае залатое святло, пралілася на яго гэта думка. Была яна, тая, што поруч, а паратунку не было, ды ён і не хацеў яго. Ад шчасця, хай нават пакутнага, не ратуецца ніхто.

I таму ён увесь час папраўляў ёй пад хусткаю валасы (ёй бы вельмі пасавала квяцістая, кілімовая хустка). А яна, сама схіляючы да яго галаву, усё патрабавала:

— Не глядзіце на мяне, такую.

Ды хіба ён мог?

На выстаўцы яны селі ў мікрааўтобус і паехалі пад заснежанымі дрэвамі ў зону адпачынку, зусім пустую цяпер. Там была спрадвечная ціша. Павільёны пад дрэвамі былі па вушы захутаны ў снег. Толькі аднойчы праехала маленькая снегаачышчальная машына. I зноў ні душы.

— Сёння раніцай я зусім была вырашыла не бачыць вас… І вось… не магу…

— Вам нельга ад мяне.

— Ну вось бачыце… Я ж з вамі…

У Андрэя ад гэтых слоў радасна падскочыла сэрца. I ён здзiвiўся, бо гэта было як у дзяцiнстве. I менавiта таму ён ведаў: гэта сапраўднае. I менавiта таму баяўся.

А дрэвы былі заснежаныя. I ён моцна патрос за сук клёна, пад якім яны ішлі. Іскрамётны, трохі нават звонкі снег сухім пылам пасыпаўся на іх з галін.

— Слухайце, — сказаў ён. — Спявае. Слухайце, давайце я вам сняжок за каўнер запхну… Або лепей вы мне…

Яна засмяялася і раптам зірнула на яго ногі.

— У туфлях. Ану марш з цаліку на сцежку.

— А вы?

— А я ў боціках. Я пайду тут.

Але ён так жаласна і камічна маліў яе не пакідаць яго, што яна згадзілася.

Крочылі сцежкай у заснежаным свеце. Алеі вялі кудысь. Ад марозцу пабялела пасмачка яе валасоў пад хусткай. Адчуваючы нават праз футру цеплыню і акругласць яе рукі, ён шэптам сказаў:

— Вельмі кахаю вас.

— Вы прыдумалі гэта, — яшчэ цішэй сказала яна.

— Не, — амаль бязгучна запярэчыў ён. — Ведаеце, усё адно вочы мае і мае вершы нікому не патрэбны, калі няма вас.

I гэта было сказана так упэўнена, што яна змоўкла. Потым сказала чамусьці:

— Ведаеце, чаго не хапае на гэтых сініх дрэвах?

— Ведаю. Снегіра. Чырвонай іскры.

— Так.

Ля аднаго з павільёнаў стаялі нейкія захутаныя паўднёвыя дрэвы. Захуталі іх добра — кожная галіна была, як падушка — ды яшчэ абшылі зверху бліскучай, падобнай на скуру, цёмнай цыратай. I абое адначасова падумалі, што гэтыя дрэвы падобныя на марсіянскія кактусы.

— Яны ловяць людзей, — страшным шэптам сказаў Андрэй.

— Не, — сказала яна, — яны да іх абыякавыя.

— Гэта страшней, — згадзіўся ён.

I яна зразумела яго. Павярнулася, жаласна спытала:

— Ну што б вы хацелі, што?

— Выходзьце за мяне замуж.

— Толькі?..

— Так.

— Андруша, — сказала яна пасля паўзы, — учора я чамусьці дала згоду на аперацыю. Мне раптам вельмі захацелася жыць. Не ведаю чаму. У студзені еду ў міжнародны шпіталь, у Вену. Калі не паеду — абяцаюць год жыцця. Таму не трэба пакуль пра гэта.

— Менавіта зараз і трэба, — сказаў ён. — Вы вернецеся адтуль здаровай, і мы будзем мець права адзін на аднаго. Таму — зараз.

— Ды нашто я вам, нашто я вам такая?

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 77 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название